Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
і незадаволенасці, з чаго вынікалі непарадкі і хваляванні. Таму дзеля кантролю за здароўем і ў мэтах прафілактыкі захворванняў кожны грамадзянін раз на тры месяцы мусіў праходзіць медагляд. У канцы праверачнай сесіі, якая праводзілася на абшарах імперыі ўсеагульна і адначасова, ладзілі афіцыйны фэст, адпаведна — Свята здароўя, вясны, лета, восені і зімы.
У Некрасептуса працы было па горла. Але ўсё роўна ён выкройваў часінку, каб заняцца Ёнатанам. Сільфы прыводзілі хлопца ў клініку, і Некрасептус абглядаў яго пад лінзамі альматаскопа. Корпаўся ў душы і знаходзіў там працэсы і тэндэнцыі, якія штораз толькі мацнелі.
“Неймаверна! — мармытаў Некрасептус сабе пад нос. — Здурнець можна!”
Ёнатану падавалася, што Некрасептус сіліцца раскалоць яго, як нейкі арэх. Доктар круціў Ёнатана і так і сяк, прасіў прыгадаць дзяцінства, падумаць пра стасункі з бацькам, ажывіць у галаве схаваныя фантазіі. Патрабаваў ад Ёнатана хлусіць або наадварот — рэзаць праўду-матку, апісваць прыснёныя сны. Ёнатан паслухмяна падпарадкоўваўся, уперыўшы вочы ў плакат, які вісеў на сцяне.
На плакаце намалявалі ідэальную душу. Яна нагадвала вазу з кветкамі пад промнямі сонца пэндзля Маціса*. Ці ж у самім Ёнатане месціцца такая ваза? Мусіць, не. Бровы Некрасептуса гнеўна ставалі домікам, быццам нехта спрабаваў яго нахабна ашукаць.
— Неймаверна! — чарговы раз мармытаў ён, крэслячы таямнічыя лічбы і літары ў пераплеценым скурай нататніку, які трымаў у сейфе. 3 усяго гэтага Ёнатан зрабіў выснову, што заўтра ён таксама мусіць прайсці балючую працэдуру. Ён усё больш абяссільваў. Баяўся, што неўзабаве цалкам страціць
* Анры Маціс — французскі мастак і скульптар, які лічыцца адным з самых вядомых фавістаў.
цвярозую развагу і ператворыцца ў амёбу, у безпазванковага, у ідэальнае кухараня спадарыні Персікавы Бутон...
— Алё-алё! Прачынайся! — шыкнуў на яго Пазузу. — Ты чаму спіш стоячы? Што з маім інжырам?
Стан дэмана быў не нашмат лепшы. Яго прыкулі да кухоннай сценкі. Той мусіў навязаны выконваць усю ўзваленую на плечы хатняга дэмана працу: гатаваць ваду, ахалоджваць гаспадарскую спачывальню, праганяць камароў, зачароўваць дробны інвентар, каб не знікаў і лёгка знаходзіўся, мясіць хлеб, насычаць бурбалкамі віно, заквашваць ёгурт, засланяць вілу супрацьпылавым німбам, прачышчаць заторы ў каналізацыі, трансліраваць у калідорах вілы прыемную музыку для фону і выконваць яшчэ тысячы нудотных заданняў, кожнае з якіх патрабуе засяроджанасці і высілкаў. Апошнімі днямі стан дэмана значна пагоршыўся праз ліхаманкавую падрыхтоўку да восеньскага фэсту. Ёнатана проста агаломшыла, калі ён убачыў аб’ёмы падрыхтоўчых прац да фэсту, які больш нагадваў вайсковую аперацыю.
Сёння ўвечары на віле чакалі важнага госця з Вавілона. Ён мусіў урачыста адкрыць фэст. Персікавы Бутон ледзь не страціла прытомнасць ад захаплення, калі даведалася, што знакаміты прафесар Ксерксес, дырэктар вавілонскай школы красамоўства і мыслярства, будзе гасцяваць у яе доме.
— Гэта наш шанц, Бульфус. Шанц, пра які мы мроілі! Мы пакажам гэтаму Ксерксесу, які ты выбітны лекар, прадэманструем, як ты ператварыў Ніпур ва ўзорна-паказальны горад. Мы прымем яго, як яго не прымалі нідзе за ўсё жыццё, улагодзім яго ўсімі магчымымі атракцыямі і выканаем усе яго хоцькі і няхоцькі.
Некрасептус скептычна паківаў галавой.
— Але чым мы можам яго ўразіць, Тэльма? Падаецца, кожны лекар з рэгіёна пнецца ўразіць яго з той жа самай мэтай.
— Тут паспадзявайся на мяне. Мы зладзім прафесару такі фэст, які ён не забудзе да самае труны.
Ад моманту, калі гэтыя словы вылецелі з яе рота, ніхто на віле не звёў вачэй. На кухню ўсё прыбывалі неймаверныя кантэйнеры рознай ежы, кожную расколінку на падлозе залізалі і задраілі, сшылі яшчэ адзін камплект элегантнай уніформы для слуг (гэтым разам ужо белую з залацістай палоскай). Перад домам пасадзілі дзясяткі язмінавых кустоў. Пазузу прымусілі за адну ноч запусціць у неба тысячы дадатковых зорак. Але Персікаваму Бутону ўсё было мала. Яна няўтомна шукала ўсё новыя і новыя спосабы, чым яшчэ можа пацешыць і ўразіць госця.
Першым пунктам — святочная вячэра ў доме Некрасептуса. Потым усе выйдуць на гарадскі пляц, дзе ўрачыста адчыняць сам фэст. Ансамбль танцоўшчыц, складзены з наамітак, будзе цешыць вока сваімі скокамі. Далей аркестрык “Калібры” сыграе аптымістычны сэт, на пляцы зладзяць спаборніцтвы па напісанні і выкананні найлепшага хваласпеву ў гонар Мардука. Потым — першынство на званне самай гладкай і ўкормленай дзяўчынкі ў краіне “Міска імперыі”. Але апафеозам фэсту стане пышны конкурс “Вавілонская ежа” на званне ідэальнага торта, у якім возьмуць удзел выключна сяброўкі “Лігі Белых Кветак”.
Натуральна, што выйграе конкурс і ўразіць усіх сваім раскошным тортам не хто іншы, як Персікавы Бутон.
Грандыёзны торцішча, які спяклі зранку для конкурсу, цяпер узвышаўся ў кухні, усё роўна як дагістарычны мастадонт. Пазузу на астачу сваіх чараўніцкіх сіл узбіў тварог, цукар, яйкі і муку да пастамента вышынёй з дарослага чалавека. Такой немажлівай спаруды ў свеце Ёнатана проста не існавала, і ён асцерагаўся, што яна зараз расцячэцца да стану жэлепадобнай кашы. Ён кінуў у бок торта настрашаны позірк, які не схаваўся ад вачэй Пазузу.
— Пракляты торцік! — уздыхнуў дэман. — Горшы нават за зікурат-хмарачос. Каб трымаць крэм гэтага торціка ў пульхным стане, патрабуюцца звышдэманічныя сілы. Калі я нічога
зараз не з’ем, то проста цяпер і тут — з капытоў далоў! I тады ахмістрыня заявіць, маўляў, я сапсаваўся, і адашле мяне на ўтылізацыю, і мне на замену купяць дэмана новай мадэлі.
Ёнатан не ўяўляў, як бы ён жыў без Пазузу. Пасярод начышчанага кругласутачнага пекла белай вілы дэман быў яго адзіным сапраўдным сябрам. Такіх, можа, у Ёнатана ніколі не было і, магчыма, не будзе.
— Трымайся. Я дастану нейкіх харчоў.
Ёнатан стаў паўзком пракрадацца да буфета, на якім стаялі прысмакі, але не паспеў туды дабрацца, як трапіў пад ясныя вочы кухаркі, якая прыпусціла ў бок дэмана. У руках яна трымала вялікі рондаль, больш падобны да таза, у якой млява плюхалася белае возера.
— Дэман, смятана не ўзбіваецца. Давай хутчэй — зрабі мне крэм.
Пазузу ўздыхнуў.
— Жанчыны... Вы мяне з розуму зводзіце.
— Гавары са мной культурна... Інакш паскарджуся ахмістрыні.
— Добра-добра, зараз зраблю.
Пазузу стуліў вочы і засяродзіўся. Белая вадкасць пачала самохаць хвалявацца. Яна плюхалася, віравала, нібыта яе пачаў мяшаць марскі чорт, усё хутчэй і хутчэй, аж пакуль ад празмернага віравання не ператварылася ў белы камяк. Калі праз пару хвілін хваляванне спынілася, з місы лезла пульхная аблачына ўзбітага крэму.
— Можаш! — ухваліла кухарка і пайшла, каб намазаць торт крэмам.
— Ты бачыш, як мяне тут абражаюць і зневажаюць? — заенчыў дэман. — Мяне прымушаюць узбіваць крэм! Мяне, які ўласнаручна крышыў і кроіў харугвы Мардука...
Ёнатан паспрабаваў суцешыць яго, сказаўшы нешта кшталту: “Кожная праца ў нас у пашане”, — хаця ведаў, што гэта сапраўдная лухта. Такая праца, якую яны выконвалі на
белай віле, ні ў якой пашане не была. Праца адно дазваляла выжыць, пакуль яны не прыдумаюць нейкае выйсце. Толькі якое?
Як заўжды ў одуме, заклапочаны, зайшоў на кухню Некрасептус. Праз падрыхтоўку да ўрачыстага адкрыцця ён не пайшоў сёння ў храмавую клініку, адно соўгаўся па віле і замінаў служкам.
— Тэльма, у мяне тут экстранная сітуацыя. Трэба паслаць кагосьці на нашу пошту. Дэман-медыум атрымаў для нас сакрэтную тэлеграму-маланку ад прафесара Ксерксеса.
— Ты здурнеў? Я не магу кінуць свой торт.
— Дык каго пашлём?
Персікавы Бутон прабеглася позіркам па кухні і спынілася на Ёнатане.
— Дашлі хлопца. Ад яго тут карысці як ад казла малака.
— Яго?
Некрасептус завагаўся.
— Я не хачу, каб ён цягаўся па вуліцы.
— Ну дык прымацуй да яго пару сільф. Што ён ужо такога можа нарабіць?
— Што, болып нікога няма?
— Мне зараз усе рабочыя рукі на лік золата.
— Ну, няхай, — выдыхнуў лекар-святар. — Хай ідзе ён.
Свежае вулічная паветра ўдарыла Ёнатану ў твар, і той вокамгненна ўспомніў, хто ён і што мусіць рабіць. Яму трэба вярнуць скрадзеныя лекі, знайсці Элю і вярнуцца дахаты. Але якім чынам? Свет, у якім ён жыў апошнія месяцы, не падпарадкоўваўся звыклай логіцы. Такога, мусіць, не было ні ў сівой мінуўшчыне, ні ў замежнай краіне, ні на іншай планеце. Адзінае, у чым ён быў пэўны, — гэты свет не менш сапраўдны, чым ягоны родны. I калі так, дык дзе ў такім разе схаваўся ягоны свет?
Часу на развагі і роздум не было. Сільфы суправаджалі яго па дарозе ў паштовае аддзяленне, стоячы абапал,
ахутаныя празрыстымі накідкамі і водарам сапсаванага асвяжальніка паветра. Гарачыня ў гэтую гадзіну была як ля печкі, на вуліцы траплялася вельмі мала мінакоў. Ёнатан зайшоў у кантору, пасярод якой разваліўся дэман-медыум. Сільфы засталіся знадворку. Дэман быў старым вялізным сімургам*, на чыім абліччы — якое толькі з нацяжкай можна было назваць тварам — лунаў выраз бязмежнай нудоты. Ёнатан адразу заўважыў, што сімург значна старажытнейшы за Пазузу і нашмат больш жахлівы. Цела — зблытанае-пераблытанае, ажно цяжка вызначыць, дзе тут што. Замест калматага футра плоць абцягвала жаўтаватая, з бляклым перламутравым адлівам луска. Ёнатану дэман нагадаў вялізнага змея падчас сіесты, які акурат пераварвае праглынуты абед, а пазбаўленыя эмоцый вочы звузіліся да амбразур.
— Мяне паслалі з гаспадаркі доктара Некрасептуса, — сказаў ён дэману, адчуваючы, што, нягледзячы на высілкі, так і не змог пазбыцца дрыготкі ў голасе.
— Ар-р-р-х-х... — змораным голасам прахрыпеў дэман і прыўзняў напалову левае павека. Дэман-камунікатар — пасада для дэмана ненавісная. Дэман брыдзіцца паведамленняў, якія чалавецтва перадае праз яго, бо гучаць яны прыземленым балбатаннем і трэскам.
Стары сімург, які заўважна вылучаўся розумам і досведам, відавочна драў нос. Да таго ж Ёнатан спадзяваўся, што пачвару прыкулі да сценкі як след. Бо пачвара не завагаўшыся — толькі дзеля ўласнай забаўкі, каб развеяць нуду, — магла з лёгкасцю адкусіць галаву.
— Мне балюча бачыць цябе ў такім стане.
Ёнатан быў здзіўлены, пачуўшы ўласны голас. Гэта што, яго вусны сапраўды такое прамаўляюць?
Напалову адплюшчанае вока сімурга на хвілінку міргнула — гэта магло быць выразам здзіўлення. Але ж другое