Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
Ёнатан, накульгваючы на хворую нагу, пабег па сходах наўпрост у кухню да дэмана.
— Пазузу, трэба адсюль уцякаць! Нельга губляць ані хвілінкі.
— Ну, нарэшце ў нашага генія завялася мудрая ідэя, — сказаў дэман і яскрава забразгаў сваім ланцугом. — Ура-ўра, нарэшце ўцякаем!
Сапраўды, нават калі б яны распілавалі жалезны ланцуг, то ўцячы б не здолелі. У кухні ж поўна людзей. Кухаркі і служкі занятыя апошняй падрыхтоўкай да афіцыйнага прыёму і вячэры, якую пададуць прафесару Ксерксесу адразу пасля таго, як скончыць свае закускі і аперытывы (у Ёнатана было стойкае адчуванне, што ў прафесара ўлезе яшчэ шмат чаго).
— Перад пачаткам вячэры ў нас будзе дзесяць вольных хвілін, — сказаў Ёнатан. — Слугі збяруцца ў зале паспяваць некалькі святочных песень у гонар Ксерксеса пад дырыжыраваннем спадарыні Персікавы Бутон.
— Ты хочаш сказаць, што святочныя песні вызваляць мяне ад гэтага брыдкага ланцуга?
Ёнатан пачухаў патыліцу.
— Я не разумею, чаму ты нічога не можаш з гэтым парабіць? Чаму б табе не ператварыць ланцуг у вяроўку з сасісак і не з’есці яе?
— Ой, хлопча! Ну навошта ты сыплеш мне соль на раны? Калі мая моц вернецца, то я яшчэ зраблю з гэтага брыдкага дома гаўняшкі грыфонаў. Але пакуль што...
— Пакуль што мусім скарыстацца чарамі, якія дакладна зможам наваражыць.
Ёнатан прыгадаў, як бацька вучыў яго пры дапамозе невялікай адкруткі будаваць складаныя мадэлі караблёў і самалётаў.
— Якім чынам? Зруйнуем сценкі, паклікаўшы на помач фонавую музычку і адпрасаваныя да свінячага віскату прасціны? — маркотна спытаў Пазузу.
— Мне ўсё роўна што! Наша задача — дастаць звязак ключоў, які вісіць на папружцы Персікавага Бутона.
— Звязак чэпіцца да яе, нібыта клеем прылеплены.
— Але хто ў гэтым вінаваты?! Ты зачараваў дом супраць страты дробных рэчаў.
Шырокая ўсмешка расквеціла твар дэмана і агаліла іклы — відовішча так сабе.
— Мой маленькі геній, ты малайчынка!
Пазней Персікавы Бутон так і не змагла патлумачыць падзеі таго вечара. Бутэлька дарагога шыпучага віна знянацку разбілася ў яе руцэ (ахмістрыня гатовая была прысягнуць, што віно стала пеніцца і віраваць само па сябе). Яна спусцілася ў віннае сутарэнне, каб прынесці новую бутэльку. Ашаломлена заўважыла, што сутарэнне поўніцца мухамі (якіх мусілі адпудзіць дэзынсекцыйныя чары). Падчас няроўнага змагання з мухамі яна забылася ключы ў замку (чаго б не здарылася, калі б чары супраць страты дробных рэчаў дзейнічалі). Але яе галава была занятая іншым клопатам, і ахмістрыня паспяшалася падняцца па сходах, бо мусіла дырыжыраваць хорам. Калі ўсе вярнуліся ў кухню пасля дзесяці хвілін імпэтных і натхнёных спеваў, нехта ўзламаў замок ад ланцуга, а дэман знік.
Па шчырасці, Персікавы Бутон не надта замаркоцілася, бо ведала, што зараз ёй купяць новага дэмана больш прасунутай мадэлі. Таму пошукаў ахмістрыня не абвяшчала, яна ж нарэшце мусіць падрыхтавацца да конкурсу “Вавілонская ежа”, які вось-вось адбудзецца на плошчы. Яна з задавальненнем паглядзела на свой крэмавы торт, аграмадны і прыгажэнны. Ёй зараз трэба загадаць самым дужым служкам аднесці яго ў цэнтр горада. Іншыя праблемы пачакаюць да канца святкавання, пасля таго як прыз за самы-самы торт апынецца ў ейных руках.
...Ёнатан, які схаваўся за стосам мяхоў з мукой, чакаючы, пакуль слугі выйдуць спяваць у вялікую залу, цяпер спусціўся ў віннае сутарэнне. Выхапіў ключы, на якія забылася ахмістрыня, і стаў вызваляць нагу Пазузу ад ланцуга.
— Шык-бляск! — вымавіў дэман. — Праўда-праўда, выдатна! Я ўдзячны і шчаслівы. Цяпер у нас толькі адна праблемка. Як пераскочыць шкляную сценку?
У той жа момант позіркі абодвух сяброў застылі на торце.
Ёнатану да галавы прыйшлі ўсе гэтыя недарэчныя кінастужкі, у якіх ён бачыў, як з торта выскоквае хор дзяўчат або банда рабаўнікоў. Пазузу зразумеў сябра ў момант вока. Яны не марнавалі ані хвіліны. Пазузу накінуўся на торт і стаў жэрці яго, прагрызаючы праход. Ён нагадваў шалёнага чарвячка памерам з невялічкі бульдозер. Ёнатан ніколі ў сваім жыцці не бачыў стварэння, якое б ела гэтак хутка: пхаючы ў рот неймаверныя кавалкі салодкага цеста і марцыпанавых аздоб і не жуючы. Пазузу падсцёбваў страшны голад, і дэманская бруха набухала ўвачавідкі, ажно Ёнатан стаў баяцца, што дэман зараз проста лопне.
Пакуль дэман церабіў дарогу ўнутры торта, Ёнатану смальнула думка пра нататнік доктара Некрасептуса. Чары супраць страты дробных прадметаў ва ўсім доме ўжо знятыя. Цалкам верагодна, што Некрасептус не пакінуў нататніка ў сейфе.
— Пачакай мяне, — сказаў Ёнатан Пазузу. — Праз хвілінку вярнуся.
Ён збег па сходах запаснога выхаду і ўбачыў, што меў рацыю. Дом поўніўся прадметамі, якія засталіся без належнага нагляду, усё роўна як забытыя пасярод гульні цацкі. Сакрэтны нататнік, а ў ім — даследаванне доктара Некрасептуса, мірна ляжаў на стале. Ёнатан засунуў яго ў кішэню і паспяшаўся ў кухню.
Тым часам Пазузу метадычна знішчаў усё нутро торта. Цяпер яны маглі там схавацца, абняўшыся, як блізняты ў матчыным улонні. Адтуліну замазалі крэмам і абярэмкамі з белых руж, якімі аздобілі торт. Ад страху яны абліваліся потам. Потым ледзьве не задыхнуліся ад раптоўнага крэмападу.
Седзячы ў салодкім сховішчы, Пазузу адарваў кавалачак фальбоны ад кашулі і пасмактаў.
— Пакаштуй, — прапанаваў ён Ёнатану. — Нішто сабе.
Калі Персікавы Бутон узнаўляла ў памяці падзеі таго вечара, яна ўспомніла, што ўжо тады ёй падалося, быццам з торта чуліся чыесьці галасы.
Яна села ў карэту і абгледзела свой шэдэўр, пастаўлены з усёй асцярогаю побач. I менавіта тады ёй нібы пачулася, як з торта вырываюцца булькатанні перапоўненага страўніка. Неўзабаве ёй падалося, што торт адрыгвае.
“Ат, я выдумляю, бо ўся на нервах перад конкурсам, — падумала ахмістрыня. — Мусіць, у кагосьці са слуг сапсаваўся страўнік”.
— Асцярожна! — сказала яна ім, калі яны спускалі торт і ставілі на доўгі, пакрыты белым сацінам і ўсталяваны на цэнтральным пляцы стэлаж. У імгненне вока яе твор прыцягнуў увагу гаманлівага, святочна ўбранага натоўпу. Усе падышлі бліжэй, каб абгледзець і абнюхаць. Ясная рэч — горы ўзбітага тварагу ўражвалі значна больш за сухія камячкі каштанавага безэ спадарыні Веснавой Фіялкі. Гэты твор кулінарнага мастацтва яўна перасягаў і банальны лімоннік спадарыні Цукровы Амарыліс.
Персікавы Бутон памахала рукой спадарыням суддзям. I прысабачыла на месца крэмавую кветку канваліі, якая адвалілася ад торта праз нейкае раптоўнае дрыгаценне. Што казаць, яе торт увойдзе ў легенды.
— Трымай сябе ў руках! — тым часам прашаптаў Ёнатан Пазузу. Так, з пэўнай затрымкай сябры высветлілі, што ідэя дазволіць дэману бліскавічна струшчыць торт утойвала небяспекі і выклікі. У Пазузу ўсё вуркатала ўнутры — ён скрывіўся. Жывот дэмана хваляваўся, як апанаванае нячысцікам жэле.
— Дыхай глыбей. Табе нельга тут, усярэдзіне, выбухнуць. Трэба чакаць спрыяльнага моманту.
— Але калі ён настане, той добры момант?! — выдыхнуў дэман. — Ці ты плануеш чакаць, пакуль торт парэжуць на кавалачкі і знойдуць унутры нас?
Калі тры шаноўныя спадарыні суддзі элегантным крокам падышлі да яе торта, Персікавы Бутон ведала, што вось ён, яе вялікі момант. Яна азірнулася, шукаючы падтрымкі ў позірку Некрасептуса, які стаяў поруч з прафесарам Ксерксесам і падбадзёрваў яе вокрыкамі.
— Што тут у нас... — вымавіла самая старая суддзя і паклала на адпрасаваны фартух маршчыністыя рукі. — Грандыёзна, грандыёзна! Як ты змагла ўзбіць крэм да такой вышыні, Тэльма?
3 вуснаў Персікавага Бутона зляцеў сціплы смяшок. Калі другая суддзя засунула пульхны пальчык у крэм і з асалодай яго аблізала, то смяшок ахмістрыні ператварыўся ў пераможнае бессаромнае гырканне.
— Але што гэта? — здзівілася трэцяя суддзя, прыціснуўшы акуляры да пераносся. — Вельмі арыгінальна! Я такога яшчэ не бачыла. Ты зрабіла дэкор у выглядзе дэманскага хваста?
Вейкі Персікавага Бутона збянтэжана запырхалі. Ніякага дэкору ў выглядзе дэманскага хваста ў рэцэпце не значылася! Яна ўзяла чыстую сурвэтку і гідліва падняла хвост. I раптоўна высветліла, што той самастойна звіваецца, як падкалодная змяюка.
Ахмістрыня залямантавала.
Крык стаўся знакам. Такое ўражанне, што ўсярэдзіне торта вызвалілася спружына, у якой выраслі ногі, і тая пабегла па пляцы, натыкаючыся на сябровак “Лігі Белых Кветак”, перакульваючы канкурэнтаў і да смерці палохаючы спадарынь суддзяў.
— Зашмат прасеянай мукі, — задумліва прамармытала старая суддзя. — Гэта вызваляе газы.
— Лавіце яго! — крычала Персікавы Бутон.
Аднак служкі і ахоўнікі стаялі ашаломленыя, таму лоўлю ўцёклага твору кандытарскага мастацтва давялося ўзяць на сябе самой творцы. Вынік — самы разбуральны. Грандыёзная канструкцыя разляцелася на шматкі. Крэмава-тварожны дождж накрыў шаноўную публіку з ног да галавы. Дзве намазаныя ў белае постаці, якія выскачылі з торта-шатуна, прыпусцілі ў бок суседняга завулка.
— За імі! — загарлаў доктар Некрасептус, але мінуўся нейкі час, перш чым хоць нехта здолеў ачомацца і расцярэбіць сабе шлях у натоўпе. Пазузу з Ёнатанам скарысталіся перавагай і пабеглі з усёй моцы, ды ўсё ж не надта хутка, трэба заўважыць, з-за расцягнутай нагі Ёнатана і ўзбунтаванага жывата дэмана, які пакідаў пасля сябе белаваты шлейф крэмавых ванітаў. Ёнатан ведаць не ведаў, што адрыжкі ў дэманаў такія невыносна смярдзючыя. Ён не выключаў, што, удыхнуўшы пах лужынак, якія пасля сябе пакідаў Пазузу, пераследнікі страцяць прытомнасць. Праўда, крокі за іх спінамі рабіліся гучнейшымі.
— Хутчэй! — гукаў Ёнатан. — Яны нас даганяюць.
— Бу-у-э-э, — адгукнуўся Пазузу, паліваючы дарогу белым струменем крэмавых ванітаў.
Ёнатан спінай адчуваў, што ім наступаюць на пяткі. У той самы момант сябры ўварваліся на засмечаны падворак, у цэнтры якога палала невялікае вогнішча. Ля яго скуты ланцугом мядзведзь танчыў пад акампанемент скрыпкі, якая ляжала на плячы маладзіцы з зачэсанымі назад чорнымі валасамі і з прымружанымі ад асалоды вачыма. Яе зацягнутае ў зялёную хвалістую спадніцу тулава пластычна рухалася пад гукі мелодыі. Маладзіца прыбрала скрыпку і залямантавала. 3 засені выскачылі мо з тузін цёмных постацяў, затапталі вогнішча нагамі і пакрылі мядзведзя дажджом з іскраў. Яшчэ імгненне — і постаці расталі б, як дым, пакідаючы Ёнатана з Пазузу на з’ядзенне пераследнікам. Але Ёнатан ударыўся ў магутныя грудзі адной з тых постацяў,