Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
папросту юнацкі, таму ўсё роўна строілі кпіны, што ён дагэтуль танклявы і не паламаўся).
Яна абвязала вакол грудзей кавалак тканіны, каб не выпіналі. Увогуле, яна атрымала рэпутацыю сарамлівага юнака, бо купацца ў прысутнасці іншых адмаўлялася. Калі хацела памыцца, то пастаянна сыходзіла падалей уверх па рацэ (на яе шчасце, мыццё ў ледзяных снягах, якое прынята ў егерскіх часцях сучаснага войска, абавязковым штодзённым рытуалам не было).
Нягледзячы на ўсе захады асцярогі, Эля кляла сваю легкадумнасць, праз якую ўкляпалася ў непрыемнасці. Як там Ёнатан? Ці ж той гнюсны доктар па-ранейшаму трымае брата ў клетцы? Калі яна Ёнатана згубіць ці з ім нешта здарыцца, як ёй глядзець у вочы бацькам? Яна мусіць сабрацца з сіламі і трымацца, пакуль менш чым праз паўгода кадэтаў адпусцяць з лагера. Яна шчыравала: мурзала твар, каб ніхто не згледзеў далікатны абрыс яе губ, і нават папрасіла Ратыфа, каб той абцяў яе і так кароткія валасы да фрызуры ў стылі “вавілонскі вожык”, праз якую прасвечваўся чэрап (што, дарэчы, толькі падкрэслівала яе вялікія вочы і жаночыя формы скроневых костак). Аднак Эля пра гэтую акалічнасць не здагадвалася, бо чаго ў лагеры паўстанцаў бракавала, дык гэта люстэрка.
Як ні дзіўна, найвялікшая небяспека ішла ад самога Гілеля. Эля спрабавала ад яго аддаліцца, але той, здавалася, сам шукаў магчымасці пагаварыць з ёй. Яна выклікала ў ім цікаўнасць, што, дарэчы, не схавалася ад іншых ваяроў і толькі дадало ў адрас Элі кпінаў і шпілек. Гілель пад’язджаў да ейнага каня. Глядзеў на Элю, калі яна практыкавалася стральбой з лука, або з уласнай ініцыятывы дзяліўся з ёй тонкасцямі фехтавання. Чым больш Эля знаёмілася з Гілелем, тым болып ён ёй падабаўся. Гілель нагадваў ёй выбітных спартоўцаў з нашага свету, людзей са сталёвай сілай волі і апантаных дасягнуць мэты (хоць Гілель зацята
змагаўся за рэчы значна больш важныя, чым перамога ў марафоне ці трыятлоне).
Усё гэта прыносіла Элі мітрэнгі і разгубленасць. Гілель не быў пыхліўцам, не драў носа, не зацыкліваўся на самім сабе. Ён выявіўся цікаўным і крыху наіўным. Здавалася, прагне пасябраваць не для таго, каб уразіць чымсьці сябра, а таму, што адчувае: ён можа нечаму ў яго павучыцца. Са свайго боку, Гілель не разумеў, чаму Эля пастаянна ад яго хавалася. Мусіць, у сваёй наіўнасці Гілель лічыў, што Элляш Эрэдскі цураецца яго, бо саромеецца.
Адным ранкам — Эля яшчэ не паспела стрэсці з вачэй сон — да падземнай галерэі, у якой спалі маладыя байцы, забег бадзёры і ўзрушаны Гілель. Ён паведаміў, што шукае найлепшых лучнікаў, каб пайсці паляваць на ваўкоў. Усе позіркі, натуральна, скіраваліся да Элі. Яна зразумела, што давядзецца браць удзел у бесчалавечнай акцыі.
Ваўкі ў гарах цягаліся небяспечныя і галодныя. He вагаючыся нападалі на пакінутага без нагляду каня. Мінулай ноччу загрызлі насмерць вартаўніка, які нажлукціўся фінікавага бімбера і крыху адышоўся ад лагера. Гілель вырашыў пакласці канец навале і зграю людажэраў знішчыць.
Эля абрала шэрага коніка-нізкаросліка, маладога і гарачага, свайго порсткага фаварыта, што вылучаўся адвагай, якая межавала з шаленствам. Яна накінула на плячо лук — карацейшы за лукі іншых ваяроў, але надзвычай прабіўны.
I вось яна едзе ў складзе невялікага атраду па стромых сцежках, абапал якіх звініць ад шэрані трава. Вёў паляўнічы атрад сам Гілель, які, здавалася, ведаў тут кожны каменьчык і дрэва. Коні пырхалі парай і дзіўным чынам не слізгалі па скаванай холадам глебе. Эля бачыла, як Гілель нагінаецца і дае нырца паміж вільготных галін спічастага калючага гушчару. Праз імгненне яе конік таксама праскочыў унутр. Яна апынулася пасярод густога лесу, які высіўся на горным схіле. Паляўнічыя сабакі, учуўшы ваўкоў, зарадаваліся
і з галасістым брэхам прыпусцілі ўперад. Скачкі паміж дрэвамі выявіліся небяспечным і цяжкім заняткам, але, убачыўшы шэрыя і белыя хвасты, што матляліся паперадзе, Эля забылася на ўсё. Ёй апанаваў паляўнічы азарт — нязнаны раней стан. Яе ўзрушвала прага пацэліць у мішэнь і знішчыць яе.
— Асцярожна, важак зграі! — даляцеў да яе справа голас Гілеля.
Эля ўбачыла аграмаднага ваўка з магутнымі лапамі, які мільгаў між дрэваў. Яна падсцёбнула коніка ў пагоню. Неўзабаве важак адлучыўся ад зграі і прыпусціў па схіле.
Рэшта коннікаў таксама засталася далёка за яе спінай, і толькі белы конь Гілеля ляцеў праз гушчар недзе паблізу. Воўк зацягваў іх у невялікі каньён, які раптоўна скончыўся апоўзнем базальтавых камянёў — надта слізкімі, каб па іх караскацца ўгору. Эля ведала, што акружаныя з усіх бакоў ваўкі — страшэнна агрэсіўныя, і ёй заняла дых, калі воўк павярнуўся да іх пысай.
Быў гэта зграбны і магутны звер. Яго шэрую галаву атачала грыва, а ў вачах тлелі агеньчыкі амаль што чалавечага розуму. Воўк халодным позіркам ацаніў пераследнікаў. Прыняўшы імгненнае рашэнне, скочыў і ўпіўся ў горла каня Гілеля.
Белы конь у жаху стаў на дыбкі. Чырвоная юшка пацякла з зубоў драпежнага звера. Калі конь уздыбіўся, воўк нават не расціснуў пашчы. Гілель бразнуўся на зямлю дагары нагамі. Эля пачула, як хлапечая галава з прыглушаным шчоўканнем выцялася аб камень.
На імгненне Гілель сеў агаломшаны, але адразу ж упаў. А воўк, усведамляючы змену сіл на полі бою, адпусціў шыю параненага каня і пайшоў на Гілеля з ашчэранымі ікламі.
Эля не вагалася. Падсцёбнула свайго коніка проста на ваўка. Выхапіла з калчана стралу і пусціла яе ў звера.
Страла з млосным гукам пугі працяла ваўчыную спіну. Воўк адскочыў з жудасным ёкатам. За адзін кароткі
момант у яго абліччы нешта кардынальна памянялася. Калі ён ударыўся аб зямлю, лапы працяла дрыготка. Тулава пераўвасобілася ў нешта-нейкае, іншае ды дзіўнае.
Але ў Элі не было часу глядзець на цела ваўка. Яна злезла з каня і падышла праверыць, як там маецца Гілель, які страціў прытомнасць. Яна сцерла з яго лба кроплі крыві і маліла Бога, каб у хлопца зараз не выявілася якіх сур’ёзных ран. Жменькай вады абмыла твар, знайшла мноства драпін і падцёкаў крыві, але, дзякуй богу, не больш за тое. Яна паглядзела на самлелы светлы твар. Яе галава закруцілася ад усхваляванасці і трымцення недзе ў нетрах жывата. Упершыню, як яна прыехала ў горы, Эля ўшчэнт забылася пра Ёнатана, і яе думкі цалкам засяродзіліся на іншым чалавеку. Яна была не ў змозе адмаўляць тое моцнае пачуцце, якое ўспыхвала пры бачанні Гілеля, можа быць, самага фантастычнага і неймавернага чалавека, якога сустракала за ўсё сваё жыццё. Усе беды і небяспекі, якія чакаюць яе, — хай будуць, толькі б яму дазволілі знаходзіцца побач з ёй. I нават калі ўрэшце яе пакараюць смерцю, ёй будзе напляваць, прынамсі, яе жыццё прайшло не марна, бо яна сустрэла яго. Без лішніх разваг Эля адрэзала кудзерку яго валасоў і схавала ў кішэню.
Ён ачомаўся праз колькі хвілін.
— Дзе я?
Эля, успомніўшы што зрабіла, пачырванела, але Гілель быў задураны і нічога не памятаў. Яна распавяла, што адбылося, і тады падала яму руку і дапамагла падняцца на ногі. Яны разам падышлі да ваўчынага трупа, каб глянуць.
— Што гэта? — недаўменна запыталася Эля.
Пасля смерці жывёла ператварылася ў істоту, чыя ніжняя частка — воўк, а верхняя частка, ад пояса і вышэй, — дарослы валасаты мужчына. 3 магутнымі сківіцамі, завостранымі вушамі, белай асадзістай барадой і попельнымі пухнатымі бровамі.
— Ваўкалак, бог гор, — сумна прамовіў Гілель і памацаў гузак, які выскачыў на лбе. — Ох жа як шкада, што мы яго забілі.
— Даруй, — сказала Эля.
— He, гэта не твая віна. У цябе не было выбару. Ён атакаваў нас і са спакойнай душой быў гатовы забіць мяне. Але ён не вінаваты. Мясцовых бажкоў, гэтых вельмі няпростых своеасаблівых істот, Варажбіты так заўзята ўціскалі, праследавалі і шальмавалі, што цягам часу багі прыраслі да накінутай ім маскі, ператварыліся ў азвярэлых прымітываў. Бачыш, вось чаму я ненавіджу лекараў-святароў. Яны руйнуюць усіх не падкантрольных ім асоб з самастойным розумам.
Ён нахіліўся і рукой закрыў застыглыя зялёныя вочы нябожчыка.
— Гэтага ваўкалака не трэба было забіваць, яго належала пераканаць перайсці на наш бок. Нам нельга прапускаць такіх шанцаў. У нашай сітуацыі нам трэба любая падтрымка і падмацаванне.
Эля паглядзела на труп ваўкалака і падумала з сумненнем, якім чынам істота, якая выглядае нагэтулькі зласліва і шалёна, можа ім дапамагчы.
— Калі мы знайшлі яго, то паблізу, зразумела, ёсць іншыя бажкі. Можа, нам не варта чакаць, пакуль мы іх перастрэнем, а пайсці і пашукаць іх?
— Маеш рацыю, — выдыхнуў Гілель. — Праблема палягае ў тым, што яны — палахлівыя бадзягі.
— Ёсць рэгіёны яшчэ больш адасобленыя і дзікія за наш, — сказала Эля. — Ходзяць чуткі пра далёкія правінцыі і памежныя тэрыторыі на чужых землях. Калі мы дашлём туды людзей, яны ж могуць знайсці яшчэ бажкоў, якія могуць далучыцца да нашага паўстання.
Гілель абдумваў яе словы.
— Нейкая рацыя ў тваіх словах ёсць. Ты не толькі выдатны лучнік, Элляш, але таксама хлопец з парадамі, да якіх мне варта прыслухоўвацца. На вялікі жаль, мае людзі цалкам разлічваюць на правадыра, ажно пакідаюць усё стратэгічнае планаванне і мысленне на мяне. Але я не бог і не дэман, а толькі чалавек. Таму мне трэба больш арыгінальных ідэй, якіх у цябе, я думаю, водзіцца касякамі.
— He ведаю, ці заслужыў я ўсе гэтыя ўхвальныя словы, — сказала Эля і пачырванела.
— Ясна, што заслужыў. Буду вельмі ўдзячны, калі ты сёння забярэш свае спальныя скуры і пакінеш пячору навабранцаў. Там табе больш не месца. Хачу, каб ты далучыўся да майго вогнішча. Мусім распрацаваць план вайны, а мне патрабуюцца светлыя галовы. Да таго ж ты выратаваў мне жыццё.
У той самы дзень Эля далучылася да штаба. Напачатку баялася вымавіць слова. Прынялі яе насцярожана. Але неўзабаве адчула: тут ёй самае месца! Гілель, які ставіўся да яе паважліва, што ўсіх здзіўляла — і асабліва яе самую, — здолеў выцягнуць з яе ці не ўвесь схаваны ў ёй патэнцыял.
Яна намагалася супраціўляцца сяброўству, якое пакрысе расло паміж імі. Але чым больш яна знаёмілася з хлопцам, тым больш пераконвалася — паміж імі шмат агульнага. Сяброўства расло і паглыблялася, і можа быць, цалкам замацавалася б, калі б не Эля, якая вечна пазбягала асабістых тэм. Яна ўхілялася ад ягоных пытанняў пра яе мінулае. Адно са здзіўленнем выявіла, наколькі перабольшана роля асабістай гісторыі. Вось жа, калі маеш мэту як найлепш пазнаць чалавека, расповеды пра мінулае выяўляюцца зусім бессэнсоўнымі.