Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
Эля сказала, што яна не разумее, але дэманіца быццам яе не пачула. Яна дастала з рукава сваёй мантыі мяшэчак і высыпала на далонь зіхоткую горку бела-фіялетавага парашку.
— Мы, нааміткі, узвялі рамяство быць жанчынай у ступень мастацтва. Мы ведаем усё, што трэба, каб ператварыцца ў жанчыну. Але мы таксама ведаем, што належыць зрабіць, каб перастаць быць жанчынай. Калі паліжаш гэты парашок, убачыш, як адзнакі тваёй жаноцкасці знікнуць, і ніхто цябе не будзе больш падазраваць.
Эля вагалася толькі імгненне. Яна паглядзела ў вочы колеру дажджавой буры і адчула, што дэманіцы можна давяраць. Ці сапраўды Эля хацела больш не быць жанчынай?
Дні, прабаўленыя ў лагеры паўстанцаў, сталіся, мусіць, найлепшымі ў яе жыцці. Вайна паўстанцаў зрабілася яе вайной, яна шчыра верыла ў іх праўду. Упершыню ў жыцці Эля бачыла сваю патрэбнасць і ведала, што апынулася ў патрэбным месцы. Аднак усё ж яна не мела намераў ператварыцца ў мужчыну. Думка пра гэта Элю брыдзіла. Але што застаецца? Калі яна хоча застацца ля Гілеля, то мусіць маскіравацца. Апрача таго, дзяўчына зразумела, што тут, з паўстанцамі, дзякуючы шпіёнам і інфарматарам у яе ёсць вушы і вочы ў кожным закутку імперыі. Толькі праз паўстанцаў яна зможа знайсці Ёнатана, куды б яго ні закінула. Эля злізала парашок з рукі дэманіцы. Кіслы і востры смак, быццам у парашку былі шкляныя аскепкі, запоўніў яе рот.
Гледзячы на дзявочы твар, Агурміяна пасміхнулася.
— He хвалюйся. Парашок запаволенага дзеяння, але праз пару дзён ты пабачыш вынікі.
Так і было. Цяжка сказаць, ці ж парашок зрабіў уплыў на арганізм, ці абмежаваўся знешнім эфектам — але сапраўды Эля змянілася. Яна бачыла тое самае і па тым, як людзі бачылі яе. 3 цягам часу Эля набывала больш упэўненасці. На руках выраслі далікатныя валосікі, цела перастала акругляцца, і ёй падавалася, што плечы выраслі ўшыркі. Голас стаў ніжэйшы — набыў мілагучныя альтовыя абертоны.
— Віншую, Элляш, нарэшце ў цябе паламаўся голас, — строілі з яе кепікі Ратыф ды іншыя навабранцы.
Адной зорнай ноччу ёй напярэймы выйшаў Эль-Намір.
— Прабач, што падазраваў цябе, — перапрасіў ён. — Ты ж ведаеш, наколькі нам важны Гілель. Без яго шанцаў у паўстання няма.
— Падазраваў у чым?
— Прызнайся сам — сышоўся ты з Гілелем за пяць хвілін. Мяне гэта турбавала. Твая здольнасці і маральныя якасці нашмат перасягалі ўмельствы і матывацыю іншых навабранцаў. Я пачаў падазраваць, што ты варожы агент. Я ж барукаўся
з табой, каб пабачыць, што на табе няма якіх шпіёнскіх прыбораў ці схаванай зброі.
— Усё добра, — адказала Эля. — Я рады, што ты дбаеш пра Гілеля. На тваім месцы я б зрабіў тое самае.
Эль-Намір уздыхнуў.
— Калі нешта здарыцца з Гілелем... От, я лепей памру, чым дазволю гэтаму здарыцца... Ён мусіць сесці на імператарскі трон і стаць каралём-вызваліцелем, інакш у нас няма надзеі.
— Я таксама лічу за лепшае памерці, але не дазволіць, каб нешта здарылася з Гілелем, — адказала Эля.
Але хіба гэтыя словы не былі страшнай хлуснёй і крывадушшам? Тое, што яна працягвала знаходзіцца побач, — ці ж не было гэта платай злом за дабро?
РАЗДЗЕЛ 8
АДВАКАТ
У горы прыйшла зіма. Над уваходам у пячоры звісалі ледзяшы, бы даўгія іклы шаблязубых тыграў. Трэніровак паменшала, і старыя ваяры церабілі свой шлях у снягах, каб адведаць сем’і. У Элі з Гілелем з’явіўся час абгледзець суплёт пралазаў і галерэй, які знаходзіўся пад іх спальнай пячорай. У тоўшчы зямлі, калі паблізу нікога не было, яны забывалі мэту сваёй выправы і дурэлі, як малыя дзеці. Бегалі адно за адным, гулялі ў хованкі, а таксама падпільноўвалі і палохалі адно аднаго. Адзінымі жыхарамі пячор выявіліся кажаны, гіганцкія, як трусікі з крылцамі, якія хаатычна кружлялі вакол паходняў. Аднойчы, калі сябры спусціліся глыбей, чым звычайна, то знайшлі першабытныя косткі, якія яўна не належалі роду чалавечаму. Косткі здзівілі нязвыклай формай і лёгкасцю. Але побач не засталося ніякіх прыкмет жыцця, і яны зрабілі выснову, што першабытная пачвара вымерла і больш ніколі ў тую пячору не вярталася. Пасля цэлага дня, прабаўленага ў гульнях, яны падымаліся наверх для пасяджэння штаба, вымушаныя змагацца з гнятлівым пачуццём, што, нягледзячы на процьму зробленага, паўстанне ў імперыі выглядае так, нібыта мураш намагаецца ссунуць цэлы яблык.
Восьмага лютага, у свой шаснаццаты дзень нараджэння, Эля выйшла на вуліцу да горнага хрыбта і са снегу зладавала сабе торт. Яна цішком заплакала, калі прыгадала дзяцінства, як на Фіялкавай вуліцы святкавалі яе народзіны. Маму ні ў які шпіталь яшчэ не забралі. Свет быў надзейны і цёплы. Як жа яна сумуе па маме, тату і браціку!
Яна ўспомніла дзіўную рану бацькі, якую мелькам пабачыла тады, у лабараторыі. Апошнія месяцы яна нават спрабавала забыць і выштурхнуць з памяці гэтую падзею, бо даць веры, што такое адбылося, насамрэч было цяжка.
Эля ўвесь час пераконвала саму сабе, што ў бальніцы тату вылекуюць. Але ці вылекавалі? У якім ён цяпер стане? Яна сціснула кулакі, і гнеў, які нібыта застаўся ў той зіме, затапіў душу, як бы нагадваючы — яна тут, каб злавіць злачынцаў. Перамешаная са смуткам трывога за Ёнатана ўзмацнілася таксама. Яна паклялася самой сабе, што па вясне зробіць усё магчымае і немагчымае, каб адшукаць яго. Вярнуць брата цэлага і жывога дадому — гэта найлепшы падарунак, які толькі яна магла пажадаць сабе на будучыя народзіны.
Сакавіцкі подых звеставаў раннюю вясну. Снег зрабіўся рыхлы і растаўужо напрадвесні, пакінуўшы месца казытлівай на дотык прасціне з цюльпанаў, званочкаў, півонь, зязюлек. Сакавік прынёс таксама новы клопат. Выведнікі паведамілі пра імперскі батальён, які перайшоў горы Сардавары, і ва ўсіх лагерах паўстанцаў абвясцілі найвышэйшы ўзровень гатоўнасці.
Аднак нечакана камандзір імперскага батальёна падняў на дзіду белы сцяг, і яго завялі ў стаўку Гілеля. Гэта быў хударлявы неахайны барадач, з чорнымі, вузкімі як шчыліны вачыма, чалавек вялікай унутранай вытрымкі і ледзянога спакою. Бронекамізэльку імперскага афіцэра пакрываў падраны і заквэцаны плашч. На грудзях, ашчэрыўшыся, віселі стрэльба, пісталеты, патранташ, мячы і яшчэ цэлы арсенал усяго. Ногі былі абгорнутыя анучамі. Злезшы з каня, на нагах
барадач не ўстаяў. Потым сказаў, што ад абмаражэння згубіў вялікія пальцы ног. Яго клікалі Адрыян leap.
Калі ён назваў сваё імя, па лагеры пракаціўся прыглушаны шэпт.
— Я так і ведаў, ён з нічыйных зямель! — выгукнуў Ратыф. — Толькі б не заразіў сваімі хваробамі.
— Я такіх ужо бачыў, — заўважыў іншы хлопец. — Тое варвары, якія прыходзяць у імперыю. Шукаюць шчасце, славу і чорт ведае што яшчэ. Яны — заўзятыя ваяры.
— He хвалюйцеся наконт яго заразных хвароб, — сказаў Латрасян, афіцэр выведкі. — Я ж вам казаў: за межамі імперыі няма ніякіх адметных зараз. Гэта ўсё прапаганда Варажбітаў. Акрамя таго, у імперскім войску, перш чым далучыць да свайго войска, яны сваіх варвараў вакцынуюць.
Адрыян, нават калі і чуў, на гэтую рэпліку не адгукнуўся. Афіцэры штаба Адрыяна і яго афіцэраў, нягледзячы на асцярогі і падазрэнні, прынялі з усёй належнай пашанай і цырымоніяй, прынятай сярод вайскоўцаў. Адрыян агледзеў карты, што абляпілі сценкі штабной пячоры, і стаў грэць рукі кубкам, які яму падалі.
— Навошта ты папрасіў сустрэцца са мной? — запытаў Гілель. — Ты ж разумееш, што пасля таго, як пабачыў гэтае месца, адсюль ты жывым не выйдзеш.
— У мяне няма намераў вяртацца да імператара, ані жывым, ані мёртвым, — адказаў Адрыян. I распавёў, што яго батальён на пачатку зімы паслалі ў горы злавіць бунтаўнікоў.
Аднак авангард згубіўся ў снягах. Яны блукалі па гарах, здаецца, цэлую вечнасць. Запасы іх усе выйшлі. Снежны апоўзень закрыў ім дарогу ў праходзе Сардаварыйскіх гор, адрэзаўшы атрад ад асноўных сіл імперскага войска ажно да прыходу вясны. Калі выпала яшчэ снегу, а за перавалам ён шчыльнейшы і цяжэйшы, іх стаў усё мацней даймаць голад. Яны былі вымушаныя зарэзаць коней і з’есці. Лекі, якія ім выдалі Варажбіты, скончыліся. Лекі мусілі блакаваць
запаўзанне Цёмных Плям у душы салдат падчас працяглага задання ва ўмовах адсутнасці планавай альматаскапічнай праверкі. Адрыян баяўся, што ўсіх ваяроў ахопіць вар’яцтва і нервовы разлад. Ён сабраў афіцэраў і даў ім сакрэтны загад расстрэльваць тых жаўнераў, якія страцяць розум. На яго вялікае здзіўленне, нічога такога не адбылося. Акрамя звыклых цяжкасцяў пры жыцці ў голадзе і холадзе, ніякай прыгнечанасці, якая магла цалкам паралізаваць чалавека, не назіралася. Адзіная змена, якая адбылася ў салдат — знікла матывацыя. Раней яны былі дарэшты перакананыя ў слушнасці імператара, а цяпер сталі сумнявацца.
— Сам я пачуваўся не горш, чым заўжды, — сказаў Адрыян. — Розніца была, што без лекаў я страціў тую апантаную ўтрапёнасць, якой гарэў раней. Мне больш не хацелася памерці ў імя імператара, а гэта ж лічыцца годным канцом для мужчыны ў маім статусе і ўзросце. Цяпер я не разумею, як я мог быць такім доўбнем!
Адрыян распавёў, што падчас свайго вымушанага гібення сярод ледзяных снягоў яго душу кранула меланхолія. Ён усвядоміў, што рэчы, у якія ён верыў, зрабіліся бессэнсоўнымі, як каляровы туман, які некалі завалок розум. Цяжка губляць ілюзіі, жыццё выглядала без іх пустым і нікчэмным. Аднак цяпер ён адчувае сябе сапраўдным і жывым. Рэшта салдат пачуваецца гэтак сама. Калі снег растаяў, заблукалы батальён аднагалосна прыняў рашэнне далучыцца да войска паўстанцаў.
Прынялі іх з радасцю. Змучаных і галодных ваяроў Адрыяна запрасілі да вогнішчаў. Пастанавілі, што капітан далучыцца да паўстанцаў у якасці афіцэра штаба. Ён ведае пра рухі і перасоўванні імперскага войска, а таксама яго стратэгічныя і тактычныя планы.
— Становішча ў вас дрэнь, — заўважыў ён. — Кіраўніца аб’яднаных штабоў імперскага войска генерал Гала Арытрава патрабуе ад імператара зараз жа зайсці ў горы, каб зачысціць іх ад паўстанцаў. Спецыялісты-збройнікі распрацоўваюць
новы від зброі. Неўзабаве ў імперцаў будуць тэрмабарычныя бомбы, якія могуць зруйнаваць пячоры, а ўсе насельнікі задыхнуцца. Наколькі я ведаю Арытраву, цётка будзе гнуць на свой капыл да канца. Невядома, ёсць у вас тыдзень, месяц ці год, але адцягваць пачатак вайны бясконца — немажліва.
Хоць прынесеныя Адрыянам навіны былі цяжкія для паўстанцаў, здавалася, што іх лёс памяняўся. 3 захопленых увосень навабранцаў да мінулага жыцця не пажадаў вяртацца аніводны. Асабліва ўразіў Элю Ратыф. Яна бачыла, як былы гадзіншчык ляціць на вучэннях у бой, махаючы мячом. Даўгія патлы разбэрсаныя, лямантуе нешта, твар абмазаны маскіровачнай фарбай.