Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
боку, у нас ёсць сэрца. Мы радыя падставіць паўстанцам плячо. Нам весела назіраць, як яны прымушаюць увесь свет танчыць кадрылю вакол іх.
— Калі ты сапраўды хочаш мне дапамагчы, то паглядзі, калі ласка, у нататнік. Што там напісана?
Самі адгарнуў нататнік Некрасептуса і пагартаў яго. Яго сямейнікі селі побач і таксама паспрабавалі прачытаць.
— Ат, я нічога не зразумеў, — сказаў кантрабандыст нарэшце. — Калі нехта і можа тут даць рады, то толькі мой дзядуля.
— Ага, так! — загукалі ўсе. — Спадар Чырбі Бестулі, наш старэйшына.
Дзядуля Чырбі быў такі стары, што яго давялося пераносіць з кібіткі на насілках. Ён усё роўна як палаў знутры, скручаны і зморшчаны, як стары арэх. Але вочы блішчэлі. Як і ўнук, ён насіў стракатую пакамечаную кашулю з фарсіста расшпіленым гузікамі, агаляючы аблыселы верх грудных цягліц старога і хілага чалавека. Аднак ён не адмовіўся ад лямцавага капелюша, сплясканага, але заліхвацкага. Ёнатан ніяк не мог пазбавіцца думкі, што шаноўны дзядуля Чырбі, мусіць, значна маладзейшы за бацьку. Але што гэты дзед можа ведаць? Калі яго пальцы шныпарылі па старонках нататніка, Ёнатан паглядаў на дзядулю Чырбі з недаверам.
— Растопленае масла лотаці, — прабляяў Самін дзядуля.
— Чаго?! — падхапіўся Ёнатан. — Гэта напісана ў маім нататніку?
— He. Гэтым трэба пакарміць мяне, каб мае мазгі пачалі варушыцца.
— Дзеда, — прамовіла Алёксіка, паклаўшы на плячо смуглыя зграбныя пальцы, упрыгожаныя татуіроўкамі з хны. — Ты ж ведаеш, табе масла нельга. Просіш і просіш, але гэтае масла надта канцэнтраванае.
— Пляваць! — сказаў стары Чырбі. — Калі хочаце паслухаць маё меркаванне пра гэтыя крамзолі, не дурыце галавы і нясіце масліца.
— От, каб жа ты еў тое масла для хлопчыка, — выдыхнуў Самі. — A то, напэўна, просіш для сябе.
I ўсё ж, каб дагадзіць Ёнатану, Самі прынёс дзядулі кавалак топленага стымулятару, які пасля цеплавой апрацоўкі зрабіўся жаўтаватага колеру і яго можна было намазваць. Дзядуля лізнуў яго, потым прагна пажаваў сточанай амаль пад корань тоненькай палоскай зубоў. Недавер Ёнатана толькі ўзмацніўся: ці ж дзядулева душа не выбухне ў іх на вачах апошнім урачыстым салютам?
На вялікае шчасце, дзядуля Чырбі быў упарты, як асёл. Развітвацца з жыццём, прынамсі ў бліжэйшы перыяд, ён не збіраўся. 3 праясненымі зрэнкамі стаў гартаць і вывучаць доктарскі нататнік. На твары з’явіўся выраз, падобны да таго, які меў твар сімурга ў першую сустрэчу з Ёнатанам: занепакоенасць, здзіўленне і нават крыху надзеі.
— Што там напісана?
— Аг-м-м. Вельмі цікава. Тут пішуць нешта пра замкнутую камеру ў тваім сэрцы, у якую немагчыма зазірнуць.
— Так, ведаю, — нецярпліва адказаў Ёнатан. — Доктар Некрасептус і прафесар Ксерксес усе вушы пратрубілі гэтым. Але што гэта значыць?
— О-хо-хо... — дзядуля Чырбі завагаўся, ці адказваць. Але ўжо праз імгненне яго асвяціла хітрэцкая ўсмешка фальшывага ідыёта. — А халера яго ведае! Я спаткаў колісь аднаго дэмана, сімурга, які працаваў на пошце. Ён сказаў, што, калі я хачу адказаў на свае пытанні, мне трэба паехаць у Ніневію.
— А, у Ніневію! У вялікую бібліятэку? Цудоўна! Але яму было не варта забіваць табе галаву ідэямі спадарыні архіварыус. Забудзь усё. Усе ведаюць: яна — толькі чутка, бо ніхто яе не бачыў, — запярэчыў Самі.
— Спадарыня архіварыус? — здзівіўся Ёнатан. — Сімург нічога ні пра якую архіварыус не казаў.
— Праўда? — дзядуля Чырбі, выдавала, быў збіты з панталыку і замест стымулятару жаваў ніжнюю губу.
— Мусіць, не трэба было табе казаць... Але я пэўны, што сімург меў на ўвазе спадарыню архіварыус. Гэты хітры дэман напэўна не меў на ўвазе, што ты пойдзеш і прачытаеш нешта ў кніжках.
— Чаму ж не? — Ёнатан, як і яго бацька, верыў у друкаванае слова.
— Ну, чорт яго ведае... — Чырбі яўна шкадаваў, што распусціў язык.
— Што за прафесія такая ўвогуле — архіварыус?
— Гэта спецыялістка па архіве, архівістка. Захоўвае запісы і звесткі пра душы. Наша спадарыня архіварыус існуе ад часоў Стварэння свету і ведае пра кожную душу і яе пераўвасабленні. Кожную іскарку жыцця ад моманту нараджэння да хвіліны распаду на атамы. У час Вялікай вайны паміж Прорвай і Мардукам спадарыня архіварыус не перайшла ні на адзін бок, а трымала нейтралітэт, адно назірала і занатоўвала. Яна гэта ўмее. Потым устала і прамовіла прароцтва: “Прорва абрыне, Гілель загіне” — і ўсё, што там далей па тэксце.
Ёнатан прароцтва не ведаў, таму не ўразіўся.
— Дык яе можна сустрэць у бібліятэцы?
— Відаць, твой найлепшы варыянт. Спадарыня архіварыус шмат бавіцца ў Юдолі зданяў. Там душы матляюцца, чакаючы сваёй чаргі падчас перазменкі паміж жыццямі. Чалавек пранікнуць туды не ў стане. Але час ад часу архіварыус наносіць візіты ў наш свет. Ходзяць чуткі, што апошнія гады яна загадвае бібліятэчным аддзелам у Ніневіі. Яна заўжды цікавілася пасведчаннямі аб нараджэнні і смерці, усёй гэтай цякучкай.
— Думаеш, яна можа прачытаць мой нататнік?
— Хто, спадарыня Бальтазарская? Вядома, зможа. Яна ведае адказы на любое тваё пытанне. На ўсе пытанні ў свеце. У сэнсе, калі зможаш знайсці яе саму.
— А калі не змагу?
— Ну, тады не ведаю, можа, кнігі дапамогуць...
— Калі так, то мне трэба патрапіць у Ніневію.
— Ды лёгка! Адымчым цябе ў Ніневію, нам па дарозе. Наш маршрут акурат ідзе паміж рэчкамі Тыгр і Еўфрат, і вы нас не абцяжарваеце. Нават і без вас мы б абыходзілі імперскіх вартавых бокам. I акрамя таго, я хацеў бы яшчэ раз у жыцці пабачыць велічныя купалы нацыянальнай бібліятэкі. Павер мне, хлопча, гэта відовішча...
I сапраўды — гэта было відовішча. Але не зусім такое, на якое разлічваў Ёнатан. Зрэшты, вялікая бібліятэка Ніневіі аказалася значна далей, чым меркавалася. Яму здавалася, што найвялікшае сховішча ў імперыі (а таксама ва ўсім белым свеце) будзе такой сабе перадавой установай, якая дбае пра сваіх наведнікаў. Са светлым і ўпарадкаваным вестыбюлем, з бясконцымі паліцамі і строгімі радамі кніг, з руплівымі бібліятэкарамі ў тоўстых акулярах, што гойсаюць туды-сюды. Але Ёнатана чакала вялікае расчараванне.
Дзядуля Чырбі меў рацыю толькі ў адным. Бібліятэка ўражвала звонку.
Ніневія, у процівагу шматлікіх местам і мястэчкам, якія яны міналі па дарозе, сапраўды выглядала старадаўнім, запоўненым таямніцамі горадам. Дамы яе былі шэрыя і закураныя, а бібліятэка аказалася ў самым цэнтры, так, нібыта цягам тысячы гадоў вакол яе разрастаўся і ляпіўся горад. Купалы бібліятэкі не ўзносіліся ў неба, але там-сям вытыркаліся з вулак, як паганкі, якія праклюнуліся з адной грыбніцы на гнілым карчы. Калі яны пад’язджалі, Ёнатан уразіўся таямнічай смугой, якая ахутала будынкі бібліятэкі. I раптам выявілася, што тая смуга была не чым іншым, як пасткамі павукоў і старога павуціння, якое абвісала між купаламі. Аднак у першую хвіліну ён настолькі здзівіўся, што прыпісаў увесь завэдзганы выгляд бібліятэкі сляпой мудрасці, якая вызірала праз усе слаі пылу са скруткаў, папірусаў і кніг.
Адчуванне цуду парушыў чых за яго спінай.
— Клянуся пупком Метатрона, гэта ўсё пыл! — сказаў Пазузу. — Я забыў, што я алергік.
— Калі ўспомніць той бруд, у якім ты жыў і з якога мы цябе выцягнулі, калі сустрэлі ўпершыню, то мне чамусьці цяжка ў гэта паверыць.
— Ты чаму не папрасіў, каб нас выгрузілі пасярод пясчанай буры ў Арабійскай пустэльні? He бачу нічога кепскага ў гарачым сухавеі, які прынёс распалены пыл у саляную пустэльню.
— Хопіць, Пазузу! Гэта файная бібліятэка.
— Ну, не ведаю...
— Я спадзяюся, што бібліятэкары апрацуюць наш запыт аператыўна. Мне трэба пачытаць пра лекі, расчытаць, што напісана ў нататніку, і працягнуць пошукі Элі.
— He будзь даўбешкай! Ясна, што аператыўна яны табе HE адкажуць. Гэта ж Нацыянальная бібліятэка ў Ніневіі.
— Нястрашна, — з яўнай радасцю вымавіў Ёнатан, вельмі ўдзячны дэману, што ён вырашыў застацца з ім. — Калі ты са мной, я пару дзянькоў магу і пачакаць.
— Я гатовы чакаць нават тыдзень, — прамовіў дэман, калі яны ўвайшлі ў лабірынт калідораў, уздоўж якіх пятляла чарга, складзеная з наведнікаў, якія прыйшлі заказаць кнігі. У пачатку чаргі яны атрымалі цыдулку, на якой стаяў нумар — 7382.
— Я гатовы чакаць нават месяц, — сказаў Пазузу, калі яны змаглі прасунуцца да залы запісу і запоўнілі сто семдзесят чатыры афіцыйныя бланкі, якія ім выдаў стары і прыязны пацук. Апроч звычайных у такіх выпадках пытанняў, яны мусілі пазначыць свае ўлюбёныя стравы, усе гарады, чые назвы лашчаць ім слых, а ў некаторых бланках былі проста практыкаванні па гематрыі* і крыжаванкі.
* Гематрыя ў іўдзейскай традыцыі — адзін з метадаў аналізу сэнсу слоў і фраз на аснове лікавых значэнняў літар.
Але калі яны зайшлі ў галоўную залу выдачы, Ёнатан скеміў, што няправільна ацаніў іх становішча. Цяпер стала ясна, што ім пэўна давядзецца прабавіць тут ДОЎГІ-ДОЎП час. Шэрая зала, прасторная і нецікавая. Каламутнае святло і вузкія вокны сталі прычынай прыступу раптоўнага суму па Самі і Алёксіцы, ягоных сябрах-кантрабандыстах. Яны рассталіся толькі сёння ўранні з гарачымі абдымкамі (Алёксіка нават абдарыла Ёнатана пухкім пацалункам у вусны і пырснула пасля гэтага мілагучным смехам).
— Вы — наша сям’я, — сказаў Самі, які сядзеў на козлах кібіткі і цешыўся сонцам і ветрыкам. — Вяртайцеся да нас, як толькі абрыдне шукаць наканаванне ці надакучыць ратаваць свет або проста захочацца праветрыць галовы.
Цяпер іх сябры, мусіць, усталявалі свой перасоўны балаган у прадмесцях Ніневіі. Алёксіка грае на скрыпцы, вакол — жанглёры з паходнямі і кінжаламі. Яны прадаюць шакаладныя, звараныя ў лотацевым масле шарыкі.
У процівагу жыццю, поўнаму прыгод кантрабандыстаў, галоўная зала выдачы кніг выглядала прыблізна як падагрэтая трэцім разам манная каша. У цэнтры залы, навісаючы над стальным сталом, сядзеў неймаверных памераў пацук, стары і лысы, і з фантастычнай замаруджанасцю, ад якой хацелася біцца галавой аб сценку, двума кіпцюрамі нешта набіраў на клавіятуры бранябойнага апарата, які выглядаў як дапатопны арыфмометр. Калі яны падышлі бліжэй, то ўбачылі яшчэ пузатае пацучаня, кату па пяту, якое сядзела пад сталом і трымала механізм у працы, націскаючы на педалі.
— Што яны там робяць? — сцішана спытаў Ёнатан у Пазузу (у зале панавала катакомбная ціша, і шэпт, на яго думку, прагучаў рэзкавата). Пацук-бібліятэкар упіўся ў яго дакорлівым позіркам і прымусіў замаўчаць. Тым жа часам яны дастаткова наблізіліся, каб пачуць гутарку, якую пацук вёў з тымі, хто чакае ў чарзе. Вось жа, да стала падышла малая, гадоў сем, дзяўчынка з дзвюма коскамі колеру бананаў