Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
— Я люблю шакаладнае марозіва. I што гэта значыць?
— Калі б ты трошкі пакруціў мазгамі, то скеміў бы, што тут да чаго. Вось, напрыклад, калі ты пішаш у анкеце, што любіш есці паперу? Ясна: у такім выпадку ўваход у бібліятэку табе катэгарычна забаронены.
— У паперы паскудны смак, — тонам кулінарнага знаўцы сказаў Пазузу.
— Дакладна! Менавіта таму моль не прайшла б нашай скрупулёзнай праверкі.
От такі вычарпальны адказ. Але што да анкет, у Ёнатана па-ранейшаму варушыліся сумневы, бо ён на свае вочы бачыў, як адна мілая пацучыха ў прыёмным пакоі дбала, каб пасля іх запаўнення яны траплялі адразу ў здрабняльнік паперы.
Вялікай перавагай працы ў аддзеле статыстыкі было тое, што ад іх нічога не патрабавалі. Большасць часу Ёнатан з Пазузу былі вольныя блукаць у нетрах сутонлівых галерэй і дасхочу зарывацца ў купы і стосы паперы. Але знайсці патрэбнае — гэта было ўсё роўна як шукаць іголку ў стозе сена. Праўда, раз-пораз знаходзілася нешта напаўкаштоўнае. Так, яны дазналіся з агітацыйнай улёткі, якая апынулася на падлозе, што пацукі выклікаліся заняцца адміністраваннем у бібліятэцы, каб аднавіць сваю рэпутацыю пасля таго, як падчас Вялікай Вайны Варажбіты абвінавацілі іх у распаўсюдзе эпідэміі Цёмных Плям. Ёнатан даведаўся з улёткі, што лекары-святары не пярэчылі назапашванню і перадачы ведаў.
Зрэшты, яны верылі ў Слова (Стваральнае слова. Пераможнае слова. Слова-панацэя.). Кожнае напісанае слова — святое. Варажбіты толькі хавалі іх значэнні і сэнсы — інакш пачнуцца клопаты і беды. Каб веды не сталі набыткам шырокага колу людзей, іх запраторылі ў Ніневію, пад руплівую апеку пацукоў.
Баючыся, што паміж купамі назапашанай ва ўсяленскіх маштабах інфармацыі ён дарэшты страціць усе свае арыенціры, Ёнатан запісаў на жмутку паперы свае галоўныя мэты:
1. Знайсці лекі для мамы.
2. Даведацца, што напісана ў нататніку, і зразумець, кім я ёсць.
3. Дазнацца, як трапіць дахаты (а таксама пашукаць дарогу назад у Прорву для Пазузу).
4. Калі застанецца час, можа, у бібліятэцы ёсць якая добрая кніга пра мадэлі караблёў, якія я магу прывезці тату.
Пазузу прабегся вачыма па гэтым нядоўгім спісе і дадаў:
5. Булачкі, шакалад, рэцэпты, кулінарныя кнігі, па магчымасці — сочыва, масла, амлет і стэйк.
Спіс стаў Ёнатану пуцяводнай зоркай. Ён пачаў абглядацца і працаваць згодна з планам. Праз два тыдні пасля прыезду Ёнатан знайшоў цэлую залу, ад якой далікатна тхнула дэзынфекцыяй. На кожным карэньчыку стаяў экслібрыс дробнага бажка на імя Ваал-Маркод, які да свайго выгнання святарамі Мардука быў у ліванскіх гарах апекуном ацалення і лекавання. Высветлілася, што Ваал-Маркод быў таленавітым літаратарам, які мог простымі словамі патлумачыць самыя складаныя дылемы і праліць святло на цёмныя бакі жыцця. Калі Ёнатан прачытаў яго кнігі, то яму сталі зразумелыя два дзіўныя факты. Першы факт — яго мама сур’ёзна пакутавала на хваробу Цёмных Плям. Ён не ведаў другога такога чалавека, чые сімптомы, пра якія папярэджвалі Варажбіты, настолькі выпіналіся і кідаліся ў вочы. Якім чынам мама
Тамі заразілася хваробай з Вавілонскай імперыі? Ёнатан на гэтае пытанне адказу пакуль што не знайшоў.
Другі факт — яшчэ больш дзіўны. Ёнатан стаў падазраваць, што бацька не змог вызначыць правільна маміну хваробу, і пачаў разумець, што бацька, можа, і вынайшаў магутны лекі, але, мусіць, мама мела патрэбу ў іншым прэпараце. Больш за тое, цалкам верагодна, што бацькавы лекі сталі прычынай незваротнай шкоды.
Да яго невялічкага спіса дадаўся яшчэ адзін пункт:
6. Што здарылася з маім татам?
Увесь гэты час Пазузу сядзеў на вершаліне кніжнай гары і займаўся тролінгам, закідваючы Ёнатана здзекамі.
— Нахалеру ты пхаеш нос ва ўсе гэтыя паперы? Замест пошукаў немаведама чаго лепей бы мы пашукалі спадарыню архіварыус.
Ёнатан ужо прысвяціў спадарыні архіварыус процьму часу і доўгіх роздумаў.
— Пры ўсёй маёй павазе да дзядулі Самі, мне цяжка ўявіць, што з вуснаў гэтага жуйкаголіка сышло нешта талковае. Вось, глядзі, сімург не сказаў пра яе ані слова. Калі архіварыус існуе, то чаму ніхто нічога пра яе не ведае?
— А ў гэтым месцы хоць нехта нешта ведае?
— Таму я шукаю адказы там, дзе іх можна знайсці. У кніжках. А ты сядзіш на верхатуры і толькі замінаеш.
Пазузу пакрыўдзіўся і знік. Ён швэндаўся па бібліятэцы дзесяць дзён, і Ёнатан падумаў ужо, што згубіў сябра. Але адным ранкам дэман вярнуўся, падскокваючы, і ў пашчы ў яго была добрая вестка: ён знайшоў офіс уладарыні запісу актаў!
Ёнатан і Пазузу запасліся вадой, скралі два кошыкі з абедамі, якія прынеслі пацукі аддзела статыстыкі, і рушылі ў доўгую дарогу па крывых калідорах міма стромых кніжных скал, з якіх час ад часу сыпаўся дождж са скруткаў. Недзе бліжэй да надвячорка яны дабрылі да купала, пад якім
месціўся офіс спадарыні архіварыус. Трэба было падняцца па стромых сходах пад самае скляпенне.
Пакрытыя павуціннем вузкія форткі не змаглі толкам ні паведаміць пра тое, што робіцца звонку, ні праліць святло на тое, што адбываецца ўсярэдзіне. Калі яны падняліся наверх, задыханыя і спатнелыя, то апынуліся ў пустынным калідоры. Абапал яго цягнуліся два шэрагі дзвярэй з белага непразрыстага шкла. На апошніх дзвярах справа красаваўся надпіс, зроблены дробнымі залатымі літаркамі:
“Захоўвайце цішыню!”
I ніжэй трохі болыпымі, самазадаволенымі літарамі:
“сп-ня Бальтазарская Мельхіёра Гаспараўна архіварыус
па пытаннях рэжыму працы просьба звяртацца ў сакратарыят”.
Дзверы, ясная справа, былі замкнёныя.
— Нявыкрутка! — сказаў Ёнатан.
— Можа, у прыбіральню пайшла?
— Пакуль яна не вернецца, мы адсюль ні кроку.
Наступныя дні яны прабавілі пад дзвярыма, спалі па чарзе.
Ёнатану падавалася, што за шклянымі дзвярыма асцярожна ступае цень, а знутры ўначы нібыта даносіліся гукі нейкага хрыпання і ляпання па клавіятуры. Адзін раз HexTa выскачыў у калідор і бразнуў дзвярыма проста перад іх носам. Здавалася, што цень ведае пра іх існаванне, але імкнецца пазбегнуць сустрэчы з імі. Нарэшце Пазузу гульні ў хованкі абрыдлі. Ён надумаў зладзіць ценю засаду. Дэман стаіўся ў кардоннай скрыні з-пад старых газет і скокнуў
ззаду на цень, калі той адмыкаў ключом замок у дзвярах. Ёнатан убачыў шалёны суплёт рук, ног і хваста. Нарэшце з купы выскачыла хударлявая, сухарлявая жанчынка з сабраным у пучок валасамі, і яе маленькі носік па меры хады з пагардай прабіваў нябачныя дзіркі ў паветры. Жанчынка паправіла ваўняную спадніцу рудога колеру, падцягнула панчохі і распусціла валасы.
— Вы маглі пастукаць.
— Перапрашаю, шаноўная спадарыня, наша віна. Ты выпадкова не спадарыня Мельхіёра Бальтазарская?
— Я?! — у жанчынкі заняло мову. — Вы здурнелі ці што? Я толькі сакратарка. А цяпер дазвольце, калі ласка.
Заскочыўшы ў дзверы, яна паспрабавала іх зачыніць знутры. Аднак Пазузу паспеў уставіць у праём нагу, і яны ўварваліся ўсярэдзіну. Памяшканне выглядала як звычайны прыёмны пакой з дапатопнай друкаркай на стале. У пакоі былі яшчэ адныя дзверы, на якіх была шыльда:
“сп-ня Бальтазарская асабістыя апартаменты”.
Па-за гэтымі дзвярыма, якія таксама былі зробленыя з непразрыстага бялесага шкла, на асветленым тле дрыгацеў туманны абрыс.
Аднак жанчынка перагрупавалася. Закрыла ўласным целам тыя дзверы, не раўнуючы тыгрыца, якая бароніць сваіх тыгранят.
Шыльда на стале паведамляла, што жанчынку клічуць Бэла Глюк і яна сакратарка архіву.
— Спадарыня Глюк, мы б з радасцю даведаліся пра гадзіны працы спадарыні Бальтазарскай, — прамовіў Ёнатан.
— Ты чытаць умееш? Па рэжым працы трэба звяртацца ў сакратарыят!
— 1 дзе той сакратарыят знаходзіцца?
— Нідзе! Яго даўным-даўно зачынілі.
Ёнатан уздыхнуў.
— Ты не разумееш! У нас вельмі тэрміновая справа да спадарыні архіварыус. Пытанне жыцця і смерці.
— Страшэнна хачу вам дапамагчы, хлопцы, але прабачце — сёння прыёму няма.
— А калі будзе?
Спадарыня Глюк уселася за свой стол, уставіла ў друкарку аркуш паперы і пачала нешта друкаваць у кулямётным рытме.
— Як яе ласка. Архіварыус — такая ўся супярэчлівая і раптоўная.
Ёнатан пераглянуўся з Пазузу.
— Але як такое можа быць? Тут усе такія педантычныя і законапаважныя. Як так сталася, што галоўная архівістка робіць тое, што ёй заманецца?
Бэла Глюк імгненна спыніла друкаваць (друкарка па інерцыі самохаць надрукавала яшчэ пару сказаў). Сакратарка дастала аловак з пучка валасоў на патыліцы і стала ім пагражаць, нібыта рапірай.
— Нахаба! У цябе няма разумення, хто такая спадарыня архіварыус. Ты не можаш ані на міліметр спасцігнуць сваім касамозгім розумам глыбінь яе ведаў і назапашаных звестак! Ты яўна перакананы, маўляў, спадарыня Бальтазарская — простая чыноўніца з начосам на хвасце, як усе тыя шэрыя мышкі ў асноўнай зале? Памылка! Недаравальная памылка! Спадарыня архіварыус не проста чарговая выпускніца айчыннага ВНУ. Яна — Тонкі Таленавіты Творца, з вялікай літары Т усе тры словы! Архівартая архіварыус, калі на тое пайшло. Геній ведаў і выведаў. Яна здольная звязаць ніткі і змацаваць ніты ўсіх звестак ад часоў стварэння свету. Сабраць усе драбкі і шматкі і зрабіць праніклівыя высновы. Саткаць цэльнае палатно тэорый, працяць цемру светлавым мячом мудрасці і пераплавіць слюду невуцтва
ў зіхоткі крышталь навукі. I як усе вялікія творцы, так яна — супярэчлівая і раптоўная. А такія зануды, як ты, — не вартыя нават вастрыць ёй алоўкі.
— Мы ўсё ж былі б радыя, калі б сярод пералічаных вамі даброт спадарыні архіварыус было і жаданне прыняць нас.
— Цярпенне — матка мудрасці, — прамовіла Бэла Глюк тонам прарочыцы бед і няшчасцяў і вярнулася да друкаркі.
Той зімой дзень пры дні Ёнатан прыходзіў да офіса Бэлы Глюк. Спрабаваў заспець яе знянацку, у нестандартныя гадзіны. Можа быць, спадарыні архіварыус пры ўсёй яе супярэчлівасці раптам захочацца кампаніі і чалавечага кантакту? Аднак гэтага не здаралася. Ён заўжды патрапляў на сакратарку, якая ў офісе ставіла рэкорды па хуткастрэльным друкаванні або трушчыла хлябцы. Аднойчы ці нават двойчы ён быў упэўнены, што бачыў за зачыненымі дзвярыма абрыс спадарыні архіварыус, якая нібыта мерала памяшканне разважлівым крокам.
Аднак — от хоць ты што — унутраныя дзверы так ні разу і не адчыніліся.
Адзінае, што памянялася ў становішчы Ёнатана, — паціху-патроху, прынамсі так здавалася, сакратарка стала прывыкаць да яго прысутнасці. Аднойчы ён прынёс Бэле любоўную лірыку з часоў кітайскай дынастыі Тан, якую знайшоў на адным калідоры бібліятэкі. Бэла Глюк усцешылася і пачырванела, як радыска. Яна распавяла, што нарадзілася па-за межамі імперыі, у так званых “нічыйных землях Поўначы”. Таму яна лічылася варваркай. Сюды, у імперыю, яна прыехала ў юначым узросце, бо была апантаная навукай і ведамі. Ёнатан распавёў ёй, што шукае лекі ад Цёмных Плям. Бэла яму моцна дапамагла, калі шапнула на вушка месца, дзе знаходзілася горка кніг на адпаведную тэму. У сваіх даследаваннях Ёнатан значна прасунуўся і пры дапамозе Бэлы нават адкрыў маленькую медыцынскую лабараторыю, у якой стаў выпрабоўваць антыдэпрэсантныя