Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
Ніно стала ўсё адмаўляць, перапалохаўшыся, што той падвысіць дазіроўку лекаў.
— Ты маеш рацыю, Нсарадор. Саркітая і яе сын нам не ворагі. Цягам доўгіх гадоў я думала, што ўсе хочуць мяне ашукаць і замахнуцца на маё жыццё. Я памылялася. Я ўпэўненая, што мае блізкія хочуць мне толькі дабра.
Нсарадор дробненька захіхікаў як чалавек, які не паверыў ніводнаму слову. Ніно адчула моцны пах камфорнага алею і сандалавых палачак, які сыходзіў ад службоўца.
— Які прагрэс! Яшчэ трохі, і ты скажаш, што давяраеш нават мне.
— Чаму не? Ты лекуеш мяне ад сур’ёзнай хваробы і захоўваеш маю таямніцу.
— Мая ты брыльянтавая прынцэска! Хутка ты дасягнеш душэўнай дасканаласці сільфы.
Рот Ніно высах нібы падзьмуў сухавей.
— У сэнсе?
— Яшчэ пару сеансаў тэрапіі, і твая душа ператворыцца ў цудоўны празрысты вадаспад вясёлкавых колераў цукеркілізунца. Ты станеш бездакорнай спадкаемніцай прастола.
Ён зацягнуў яе за калону і дастаў з рукава белы флакончык.
— Вось, прынёс табе дванаццатую таблетку.
Ён паклаў таблетку на язык і, як звычайна, прымусіў Ніно яе праглынуць.
Ніно адчула, як таблетка апускаецца ў страўнік. Халодны спакой разліўся па венах, і вось ужо ў храмавай цырымоніі не засталося ніякай журбы і смутку, страху або вусцішу. Проста яшчэ адна руцінная і нудотная цырымонія, якая не мае да яе ніякага дачынення. Усе знаёмыя змалку ліхія думкі і кепскія пачуцці пайшлі з дымам.
Цырымонія скончылася. Натоўп разышоўся, засталася толькі Ніно. Знемаглася. Яна не магла больш зрабіць і кроку. Усё вакол, нават гэтая зала, падалося ёй пазбаўленымі ўсялякага сэнсу. Ніно падумала пра бялявага вершніка, які скача ў цемры. Паспрабавала выцягнуць з відзежа ўпэўненасць і душэўныя сілы. Ці сустрэне яна яго калі-небудзь? Ці ён сапраўды існуе?
Крокі за спінай ажывілі яе, вывелі са здранцвення. Яна рэзка падалася назад і схавалася за статуяй. Галоўны Варажбіт спускаўся па сходах, якія вялі з ягонага кабінета. Ён ішоў паміж калон бадзёрым крокам. Апрануты ў чорны скураны плашч, абуты ў чорныя па калена боты. Выдавала, спяшаецца. Неўпрыкмет Ніно стала сачыць за ім. У падпільноўванні і маскіроўцы Ніно была вялікай майстрыхай, і нават праз год, цягам якога зусім не карысталася сваімі ўмельствамі, усё засталося пры ёй. Даволі хутка яе цела прынаравілася да перабежак паміж ценямі ад калон і хаваннем за статуямі святых. Бажніца Мардука не вельмі
прыстасаваная для шпіёнскіх гульняў — надта гулкае рэха ад крокаў разлятаецца па галерэях. Але, прынамсі, тут было цёмна.
Нсарадор ішоў шырокім крокам, жэстам падняў на ногі двух маладых святароў, якія неслі скрыню з ахвяраваным золатам, але, убачыўшы яго, паваліліся на калені. Ніно хутка абмінула іх, аднак, спускаючыся па сходах, упарола недаравальную памылку — надта наблізілася. Таму ледзь-ледзь не сутыкнулася са спінай Нсарадора. Той чамусьці раптоўна спыніўся пры самым выхадзе з цэнтральнай алтарнай залы, вострым вокам уважліва павёў вакол сябе. Ніно стала клясці ў думках сваю няўклюднасць. На яе шчасце, Нсарадор быў заняты аглядам тэрыторыі перад сабой. Яе цікаўнасць узнялася. Што ён задумаў?
Праз цэнтр залы Нсарадор пакіраваў да алтара. Ніно палічыла за найлепшае туліцца да сценак залы, каб застацца незаўважанай. Але зразумела, што так яе траекторыя падаўжаецца і яна можа страціць Нсарадора з віду. Тады яна зняла сандалі і павесіла на шыю. Надта не думаючы, зрабіла тое, чаго не рабіла ўжо год. Засяродзіла свае сілы на сутонні і выказала жаданне зліцца з ценямі.
Яна ніколі не чаравала без сутонлівага акуляра. Магічныя даведнікі гэта катэгарычна забараняюць, бо акуляр, як шкельца, — не толькі факусіруе душу, але таксама абараняе яе ад уплыву Прорвы. Ніно са здзіўленнем адчула, як яе цела поўніцца нязмушанай моцай і ўпэўненасцю. Напоўненая энергіяй прынцэса на дыбачках перасекла вялікую залу, ступаючы ўслед усяго за некалькі крокаў ад Нсарадора. Вось жа, адбудзецца цуд, калі Галоўны Варажбіт ні разу не паверне галавы назад. I цуд (або, можа, яго спалучэнне з пракаветнай цемрай) адбыўся, заняў яе бок. Ніно без праблем праскочыла ўсю залу. Катастрофа здарылася толькі тады, калі Нсарадор апынуўся за лічаныя метры ад алтара. Ніно наступіла на пабітую плітку, якая адгукнулася праціўным
рыпам. Немагчыма не пачуць. I Нсарадор пачуў. Як у запаволеным кадры, Ніно бачыла, як той паварочвае галаву назад. Ёй не заставалася нічога іншага — цалкам усведамляючы, што не паспее схавацца, — як скокнуць да асновы шкляной калонны справа, у якой быў увязнены дэман.
У той жа момант адбылася цалкам неверагодная для Ніно падзея. Цені двух слупоў з дэманамі спрытна пасунуліся ў яе бок, усё роўна як стрэлкі сонечнага гадзінніка, якія скрыжаваліся дакладна ў месцы, дзе яна стаяла. Калі Нсарадор сфакусіраваў на ёй свой позірк, яна ўжо была схаваная ўнутры глыбокага і густога, як атрамант, ценю.
Ніно спыніла дыханне. Нсарадор падазрона прынюхаўся.
— Паганыя пацукі! — прамармытаў ён. — Трэба іх усіх патруціць.
Ён працягнуў ісці, і Ніно, не надта раздумваючы, скокнула за ім.
Галоўны Варажбіт спусціўся па сакрэтных сходах за алтаром да вільготных падзямелляў. У сутарэнні за Нсарадорам было лягчэй сочыць, але Ніно гэта не супакоіла. Яна пачала здагадвацца, куды той кіруецца, але ад тых здагадак у яе па скуры стаў прабягаць мароз — Нсарадор кіраваўся ў бок басейна з кракадзіламі. Ніно чула пра іх шмат чаго. Гэтаксама як дэманы ў шкляных слупах, кракадзілы былі дзецьмі Прорвы, рэшткамі старажытнай вайны. У час адмысловага свята святары чынілі рытуальнае забойства кракадзіла і пэцкалі ягонай крывёй алтар Мардука. Ніно малой драбніцай не званітавала, калі падумала пра выпушчаныя кішкі паўзуна. Яна ўжо ведала — да басейна рукой падаць, бо адчула агідны смурод гнілля і чагосьці слізка-падводнага. Басейн быў прадаўгаваты, без поручняў. Зялёная вада даходзіла да плітак на падлозе. Кракадзілы ўважліва назіралі за кожным рухам, але выглядалі як абыякавыя бярвёны, чорныя і збуцвелыя. Над вадой вытыркаліся толькі іх вочы і насы. Ніно ніколі яшчэ не бачыла такіх пачвар. Даўжыня некаторых
асобін сягала чатырох ці нават пяці метраў. У адрозненне ад усіх іншых вадаёмаў Вавілоніі, гэты падземны басейн не пакрывалі шкляныя каўпакі ці масіўныя жалезныя краты. Выдавала, што Варажбіты палічылі прысутнасць кракадзілаў дастатковай, каб адпудзіць патэнцыйных падарожнікаў да Прорвы і назад.
Аднак Нсарадора яны не адпудзілі. Ён нагой адшпурнуў у басейн рыбную костку. Адзін з кракадзілаў схапіў яе ў паветры на ляту сківіцамі. Галоўны Варажбіт падняў рукі ўгору.
Ніно ніколі не бачыла самога працэсу замовы. Яе вочы і рот шырока адкрыліся. He можа быць! Мастацтва замовы, чарадзейства пры дапамозе слоў, лічылася страчаным. Усе ж ведаюць, што ў Школе красамоўства і мыслярства не вучаць ім ужо колькі стагоддзяў. Замест гэтага дзетак кормяць непадсяванай лухтой. Адкуль жа Нсарадор набраўся гэтых ведаў? Ніно не сумнявалася — чараўніцтва падзейнічае. Паветра вакол яго рук стала трымцець. Нсарадор памяшаў яго, як мяшаюць празрысты, але наварысты суп. Прастора вакол яго напоўнілася шапоткім жыццём. Ніно падалося, што ў цемры са сценак, з вады, з кракадзілавай скуры і нават з цела самога Нсарадора міргаюць каралі празрыстых слоў і літар, нібыта яны — першапачатковыя атамы ўсяго існага. Літары ўвачавідкі ператварыліся ў мыльныя бурбалкі і ледзь чутна сталі выбухаць. Шызае святло памяняла колер цела Нсарадора спярша ў ружовае, потым у фіялетавае, і нарэшце — у радыкальны пурпур.
Вада ў басейне стала кляхатаць. Па паверхні пайшлі гіганцкія бурбалкі, якія выбухалі, пакідаючы балотны смурод. Ніно адчула, як узніклы раней ад таблеткі спакой выпараецца, а ў яе жылах віруе гнеў. Што задумаў Нсарадор?
Яна разумела, што зараз той заскокне ў Прорву. Але што ён там будзе рабіць? 3 глыбінь душы нянавісць да Нсарадора вярнулася з галавакружнай раптоўнасцю. Нсарадор здольны на найгоршыя паскудствы. Але яна — кронпрынцэса!
Адказная асоба за мір і спакой у імперыі. Яе абавязак спыніць Нсарадора.
Яна ніколі не хадзіла праз ваду. Гэтыя чары патрабуюць дапамогі сутонлівага акуляра выключнай магутнасці. Але Ніно ведала, што можна ўхапіцца за шлейф чараў кагосьці іншага. У гэтага метаду была толькі адна загана: прорва пад вадой — бязмежная, а яе шчупальцы патрапляюць паўсюль. Дык вось калі патрапіш у глыбінныя воды, не называючы мэты свайго падарожжа, то рызыкуеш, што вада выпхне цябе ў першым-лепшым рэзервуары ці адкрытым басейне (гэта менавіта тое, што здарылася з Ёнатанам і Эляй, калі яны трапілі ў імперыю). Каб пачуць, як Нсарадор называе месца свайго прызначэння, Ніно паспрабавала падпаўзці да яго паміж кракадзіламі-бярвёнамі. Нсарадор падняў рукі ў паветры, тузануў за ніткі празрыстых слоў. Нацягнуў іх і звязаў так, нібыта камбінаваў іх нанова. Нейкі плячысты на жывот кракадзіл кінуў на Нсарадора прыцэльны позірк гастранамічнага характару, як бы разважаючы, з якой часткі цела пачаць.
— Да фантана на Опернай плошчы, на рагу Гарадской набярэжнай і Марской алеі, — вымавіў Нсарадор, трасучы просцінамі слоў, якія пакрысе знікалі, завязваючыся ў апошнія вузельчыкі. Потым падаткнуў плашч і даў нырца проста ў кіпячыя бурбалкі. У Ніно часу здзіўляцца, што ўнутры Прорвы ёсць пляцы і вуліцы, не засталося.
Кракадзілпасунуўсябліжэйдадзяўчыны,засяродзіўшыся на ёй свае жоўтыя зрэнкі.
— Да фантана на Опернай плошчы, на рагу Гарадской набярэжнай і Марской алеі!* — крыкнула яна і, пакуль вір не суцішыўся, скокнула ўслед за Нсарадорам.
* Гаворка ідзе пра Тэль-Авіў-Яфа (так-так, менавіта тры часткі), на чыіх стракатых сцягах лунае дэвіз: ‘Торад, які ніколі не спіць”, але ж мусіць быць напісана: “Горад, які нічому не здзіўляецца”. Hi твайму заморскаму выгляду, ні твайму вавілонскаму акцэнту.
Яна апынулася ўнутры круглага, досыць глыбокага фантана. Вада даставала да шыі. Сонца ззяла, птушкі ціўкалі, а вакол фантана гойсалі гіганцкія сталёвыя корабы на колах, якія шумелі і выплёўвалі смярдзючы дым. Агаломшаная Ніно азіралася. Непадалёк ад яе, па той бок дарогі, была светлая палоска пяску, а за ёй — сіняя паверхня вады. Незакратаваная і незаслоненая, без муроў і ахоўнікаў. Пах солі і далёкіх даляў ударыў у нос. Мора! Усхваляваная, Ніно паднялася на ногі і дазволіла блакітнаму ззянню палашчыць вочы. Мужчыны і жанчыны ў дзіўнай вопратцы ўперылі ў яе вочы, як у нейкую дзівачку. Яны мелі рацыю. Пачувалася яна цяпер поўнай дурніцай. Яна вылезла з фантана, абтрэсла ваду і амаль што сутыкнулася з хлопцам, які хутка ехаў на нізкай прастакутнай дошцы з прымацаванымі да яе колцамі.