Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
Эля адчула ў роце камяк.
— Але шаманы настойваюць... — зрэшты сяк-так вымавіла яна.
— Ну і што?! Мяне выгадавалі, запэўніваючы, нібыта мая душа загартаваная святлом. Калі я сапраўды Гілель бэн Шахар, чаму я мушу баяцца сваіх пачуццяў? Калі я здольны
кіраваць цэлай краінай, чаму я не змагу кантраляваць аднаго сябе?
— Гэта розныя рэчы.
— Я жыву паўстаннем, і нічога не прымусіць зменшыць ягоную вартасць для мяне і забыцца на яго. Шчыра? Наша простае жыццё ў гарах і маё сяброўства з табой — мне цалкам гэтага хапае. Ніякая жанчына не будзе такой блізкай, як ты, Элляш.
Элі заказытала ў горле. Яна нагнулася ў тры пагібелі, нібыта паварушыць вуглі, каб твар не выдаў яе. Гілель паклаў ёй далонь на руку, але Эля панічна здрыганулася.
— Што з табой? — здзівіўся Гілель. — Ты чаго калоцішся?
— Ды нічога. Сцюдзёная ночка.
— А мне акурат падавалася, што ўгрэўная. Дык трымай вось, вазьмі ахініся маім плашчом.
Гілель сеў ля вогнішча, скрыжаваўшы рукі, каб сагрэцца. Эля ўдзячна ўхуталася ў плашч. Кінула позірк на сваю нябесную сяброўку, Вялікую Мядзведзіцу. У думках запытала яе, ці ж Мядзведзіца ведае пра яе сакрэт і ці прабачае яна Элі.
...Чым болып Эля адгаворвала Гілеля ехаць у Вавілон, тым больш ён гэтай задумай запаляўся.
— Калі кронпрынцэса кажа сур’ёзна, то будучая сустрэча звышважная і неабходная.
Эля болып-менш супакоілася толькі пасля таго, як Гілель пагадзіўся ўзяць яе разам з сабой. Разам больш упэўненасці — напірала яна, і Гілелю давялося даць дабро. Хлопец папярэдзіў яе, што ім ні ў якім разе нельга распавядаць штабным афіцэрам і шаманам сапраўднай мэты падарожжа, каб не ўсчалі вэрхалу. Легенда такая — яны ідуць на невялічкую выведку.
Яны пераапрануліся ў сялян і ўжо назаўтра рушылі ў дарогу. Эля ведала, што Эль-Намір скрывіцца, але супраць волі Гілеля пайсці не наважыцца. I праўда — стары афіцэр злосна пачухаў патыліцу рэштай пальцаў скалечанай правай рукі.
— Так рызыкаваць — вялікае глупства!
Аднак Гілель не паддаўся.
За гадзіну да іх ад’езду Эль-Намір зайшоў у пячору, у якой Эля пакавала ссабойку ў дарогу.
— Я аддаю яго ў твае рукі, Элляш, — змрочна сказаў ЭльНамір. Шнар на яго твар стаў глыбейшы. — He забывай, што на тваёй адказнасці самы каштоўны дыямент краіны.
— Няхай у мяне адрэжуць правую руку, чым я дазволю, каб з ім нешта здарылася.
— Залатыя словы.
Эль-Намір зняў з сябе кінжал, чый тронак быў аздоблены пярлінамі, а сталёвае лязо, невялікае і крывое, выглядала надзвычай крыважэрна.
Эль-Намір працягнуў кінжал Элі.
— Калі ён пакіне горы, мы не зможам яго абараняць. Калі Гілель апынецца ў небяспецы — не вагайся пусціць кінжал у бой. Можа быць, надарыцца сітуацыя, калі табе давядзецца рабіць рэчы, якія яму не спадабаюцца. Можа быць, давядзецца пазбавіцца яго прывязанасці, абарваць эмоцыі. Але гэта дзеля ягонага ж дабра.
Эля прыняла кінжал, які захоўваў цяпло старога ваякі.
— Абяцаю, вагацца не буду.
— Лепей згубіць любімага чалавека, чым будучыню краіны.
— Згода.
— Добра. Ведаю, на цябе можна абаперціся.
...Сум агарнуў іх душы, калі яны праходзілі гэтыя зямлі. Землі Міжрэчча — самае сэрца імперыі — разлягаліся ва ўсёй сваёй чарназёмнай урадлівасці. Вандроўнікі мінулі зялёныя сады, сланечнікавыя палі і садавінавыя сады. Сустракалі па дарозе механікаў, вязальніц воўны, пекараў-кандытараў, валацуг і пагоншчыкаў караванаў. Імперыя магла быць раем на зямлі. Але ж не стала. Ад варажбіцкіх шпіёнаў і віжаў кішма кішэла на кожнай дарозе. Шпегі шукалі хворых на Цёмныя Плямы, якія ўдаюць здаровых. Кожнаму, хто апусціў рукі,
зажурыўся і заразіўся дэпрэсіяй, пагражаў данос. Мужы данасілі лекарам-святарам на прыступы меланхоліі ў жонак, а жонкі выдавалі мужоў, чые справы праз нядбальства з’ехалі на пусты канец. У вялікіх гарадах бацькі выпраўлялі ў аздараўленчыя лагеры сваіх дзяцей, якія былі недастаткова жыццялюбныя або не надта імкнуліся цікавіцца жыццём калектыву і грамадства (“Гэта для тваёй жа карысці, зайчык!”). Або ссылалі дзяўчат, якія адмаўляліся выходзіць замуж, гэтак выклікаючы на сабе смяротную небяспеку. Усе безупынку ўсміхаліся, цешыліся без дай прычыны і патрэбы, нахвальваючы ўсё навокал.
— Які цудоўны ранак!
— Якая шыкоўная сукенка!
— Я вельмі рада, што ты далучылася да Гільдыі Дворнікаў. Будзеш працаваць на вольным паветры з чыстай галавой!
“Як добра, што я не нарадзілася ў гэтай краіне”, — думала Эля. Самае жудаснае і вусцішнае — ніхто не наважыўся прызнацца, што не ёсць шчаслівым.
Маруднае падарожжа ў кірунку Вавілона пераканала яе ў патрэбе паўстання — яго трэба пачаць нават хутчэй, чым планавалася. Ад выгляду гаротнікаў, якія ўдавалі шчасліўцаў, Элі балела. Гілель таксама зрабіўся змрочны і задумлівы. Удзень ішлі пешкі ці ехалі на вазах, уначы спалі ў яблычных садах або стадолах. Паветра перад Вавілонам усё больш згушчалася. Нешчаслівасць і гаркота рабіліся нясцерпныя, а весялосць — усё болын фальшывая і абрыдлівая.
Па трактах і дарогах брылі ўзброеныя аддзелы генерала Арытравай, ад самога імя якой прадзіраў па скуры мароз. Калі ўзброены вершнік падыходзіў спытаць дазвол ці ліцэнзію гандляра, які іх падвозіў, Гілель з Эляй уціскаліся ў днішча.
Першае ўражанне ад Вавілона нагнала смутак. Па-над дахамі клубілася прамысловая смуга, якая нагадала смог у мегаполісах Элінага сусвету. Са смугі вызіралі вежы. Удзень яны асвятляліся шматкамі цьмяных агнёў, якія праступалі
праз слой пылавой заслоны, а ўначы — жоўтымі, зялёнымі і чырвонымі водбліскамі ад электрасільфіднай чыгункі. Як і іншыя мегаполісы, Вавілон таксама быў шматвокім тытанам, які не заплюшчвае ўсіх вачэй адразу.
Дзеля справядлівасці варта адзначыць — горад уражваў, але Эля адчула ўкол у сэрцы, калі падумала, што ім давядзецца некаторы час тут жыць.
Вавілонскі палац пабудавалі на пагорку, які ўзвышаўся ў цэнтры горада. Смог тут рассеяўся, нібыта палац памясцілі ўсярэдзіну аграмаднай бурбалкі. Над яго вежамі лунала зялёная карункавая тканка, якая безупынку матлялася і спляталася.
— Што гэта? — запытала Эля гандляра, які іх вёз.
— Што, ніколі не чулі пра славутыя вісячыя сады? Адно з сямі цудаў свету. Растуць штохвіліны. Кажуць, патрапіць у іх гушчар — смяротная небяспека. Маўляў, яны могуць завесці цябе на неба, а адтуль ужо не вернуць.
Гандляр адвёз іх да квартала малявальшчыкаў аканіц, а ўжо адтуль яны мусілі церабіць свой шлях сярод натоўпу самі. На завулку, дзе прадаваліся медныя каганцы, яны мусілі сустрэць старую няньку з невялікім сабакам-мастыфам, якія і правядуць іх да прынцэсы.
Ахова Нін-Урмуз была вельмі пільнай, і колькасць ахоўнікаў апошнім часам падвоілася.
Нянька намякнула, што Галоўны Варажбіт заспеў прынцэсу на гарачым учынку. Аднак распавядаць дэталі адмовілася. Зараз прынцэса нізавошта не можа пакінуць палаца. Таму сустрэча мусіць адбыцца ўнутры муроў.
Нін-Урмуз абрала апартаменты, якія прызначаліся для гасцявання важных наведнікаў з рэгіёнаў, так званае Тняздо калібры”. Апартаменты былі гонарам імператара. Іх пабудавалі на вершалінах вісячых садоў у выглядзе сплеценага гнязда. 3 вокнаў “Гнязда” адкрываўся фантастычны краявід, які дарыў адчуванне шалёнай прыгоды.
Аднак уначы, калі вісячыя сады хутка растуць, а камлі і галіны мяняюць свае кірункі, падыход да тых апартаментаў рабіўся небяспечны. Элі ідэя сустрэчы там не спадабалася ад пачатку.
Да таго ж высветлілася, што яе прысутнасць не надта віталася. Старая нянька не надта ўсцешылася навіне, што да сустрэчы далучыцца яшчэ адзін чалавек.
— Прынцэса будзе гаварыць толькі з Гілелем бэн Шахарам. 3 вока на вока.
— Элляш — маё вока, — адказаў Гілель. — Ён адданы мне больш, чым я сам сабе.
Падчас усёй гэта сустрэчы адзінай светлай плямай быў мастыф-падлетак, які лашчыўся да Элі. Калі яны прыйшлі начной гадзінай да месца сустрэчы ў завулак перад палацам, мастыф наваліўся на Элю ўсёй сваёй масай. Паклаў цяжкія аксамітныя лапы на плечы і аблізаў твар.
— Што такое? — спыталася Эля і пачухала яго за вушкам. — Нашага цуцыка-пуцыка апошнім часам не лашчаць, не песцяць?
‘Тняздо калібры” высока над імі гайдалася ў павевах начнога ветрыку. Адтуль лілося цьмянае святло саламандраў, якое нагадвала агні кітайскага ліхтарыка, што павесілі між галін.
Прынцэса парупілася паведаміць пра час змены патрулёў, таму тэрыторыя вакол муроў была чыстая. Нянька прашаптала кветкавую замову, і дзікі вінаград спусціў свае рукіпарасткі, якія падхапілі гасцей і паднялі над палацавымі мурамі. Толькі яны зніклі з вока, як з-за вугла паявіўся вартавы патруль.
Госці апынуліся на вісячых садах. 3 вялікай асцярогаю працерабіліся яны праз суплёт завіслых у паветры сцежак. Абапал сцежак зеўрала бездань. Эля, аблітая халодным потам, старалася туды не глядзець. Чым даўжэй яны ішлі, тым больш ёй здавалася, што рухомыя сцежкі плятуць нейкую змову.
Вяла людзей старая нянька. Нельга сказаць, што яна рабіла тое імкліва і бясстрашна. Эля заўважыла, што на скрыжаваннях па дарозе да “Гнязда” нянька сыпле з флакончыка трохі бліскучага парашку, ад чаго тоўстыя пругкія галіны, што спляліся адна з адной, уздрыгваючы распляталіся ды з рыпам спляталіся ў новых месцах. “А што ж будзе на зваротнай дарозе?” — з жахам падумала Эля.
Па прыходзе да “Гнязда”, калі на найбліжэйшую галіну перакінуўся развадны мост, яна адчула палёгку. Яны зайшлі ў авальны пакой, чыя канфігурацыя нагадвала кроплю, якая вось-вось сарвецца ўніз. Падлогу тут заслалі кілімамі, а інтэр’ер аздобілі ядвабнымі падушкамі і валікамі. У пакоі стаяў выкшталцоны чайны сервіз, на чыіх парцалянавых баках красаваліся зграбныя калібры. На сценках — атрамантавыя малюнкі птушак. Вазы прыціснулі да сценак, каб не хадзілі ходырам ад руху гнязда, якое безупынна вагалася, як садовыя арэлі.
Па-за папяровай шырмай вымалеваўся абрыс, мусіць, прынцэсы. Калі абгаворвалі ўмовы, прыйшлі да згоды, што Гілель не сустрэнецца з ёй твар да твару. Але Эля заўважыла, што ў шырме нехта прасвідраваў невялічкую дзірку, праз якую, напэўна, цікавала прынцэса.
У яе салодкім голасе трапляліся крышталікі сцюжы. Тэмбр не тое каб непрыемны, але гучанне было амаль нечалавечае, як голас юнака з анёльскага хору.
— Калі вы прыйшлі, я адчула палёгку. Прабачце, сёння я нейкая млявая і абыякавая. Галоўны Варажбіт заспеў мяне на гарачым — я за ім шпіёніла. Я выявіла яго цёмныя справункі. Ён стаў злы як чорт. Запраторыў мяне сюды і падвоіў колькасць целаахоўнікаў. Я цяпер не магу выйсці за палацавыя муры. Нсарадор умее казаць замовы — і таму саткаў вакол мяне нешта накшталт нябачнай сценкі, якая без яго дазволу мяне не выпускае.