Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
Заслону хлусні падтрымліваць было няцяжка. Афіцэры настолькі давяралі свайму павадыру, ажно слухалі і падпарадкоўваліся без пярэчанняў і сумненняў. Эля выконвала сваю працу з цяжкім сэрцам. Яе любоў і адданасць Гілелю былі нечым непахісным. Аднак яна ненавідзела стаяць перад афіцэрамі, глядзець ім у вочы і ведаць, што ў гэты самы момант іх павадыр больш цікавіцца тым, што адбываецца ў сэрцы кронпрынцэсы, чым ходам мабілізацыі, клопатамі лагістыкі і тэмпамі ўзбраення.
Калі падзьмулі цёплыя вятры, зялёныя каляплоднікі міндаля зацвярдзелі, абараняючы пацямнелыя косткі, і Эля ўжо сама давала загады і ўзяла кіраванне на сябе. Справы пайшлі весялей. Калі прынцэса казала праўду, падчас летніх святкаванняў мусілі выпусціць на рынак новыя лекі, і ў іх засталося вельмі мала часу. А паўстанне, якое ўжо колькі гадоў варылася на малым агні, мусіла ўскіпець і ператварыцца ў вайну.
Аперацыю на электрастанцыі ў Уры скрупулёзна распрацавалі. Усё было падрыхтавана да вылазкі, і Эля спадзявалася, што гэта яе шанц выцягнуць Гілеля з Вавілона і вярнуць да сваіх. Едучы конна ў горад, яна раз за разам паўтарала важкія аргументы, якія павінны схіліць будучую спрэчку ў яе бок. Але, прыбыўшы на канспіратыўную кватэру, убачыла расчуленага Гілеля з зіхоткімі вачыма.
— Што такое?
Гілель, гэты добры дурань, нічога ад яе не хаваў.
— Учора ўначы я сустракаўся з Ніно.
Эля адчула, як у яе жылах кроў б’ецца таранам.
— Але ж я прасіў! Без мяне не сустракацца з ёй.
— Калі ты пачаў мной камандаваць?
— Яна хоць хавалася за шырмай?
— Так-так, не турбуйся. Праблема не нейкая там шырма! Яна паклікала мяне да сябе, бо хвалявалася. За дзень да таго яна мусіла праглынуць сваю дваццаць другую таблетку. Уяўляеш? Дваццаць дзве атрутныя пігулкі! Цяпер травень. Да Летняга фэсту засталося праглынуць толькі дзве таблеткі — толькі два месяцы! Але ёсць і добрыя навіны — прынцэса мяркуе, што мая прысутнасць у горадзе станоўча на яе ўплывае, нешта ўнутры яе абуджае. Калі я побач, яна адчувае нейкае такое цяпло — нібыта малая мышка бегае ў яе па сэрцы. Можа быць, калі я змагу стаць да яе яшчэ бліжэй, уплыў таблеткі паслабне і, дай бог, нават знікне.
— Гілель, ты проста вар’ят! Табе нельга набліжацца да яе яшчэ нават на сантыметр. Ты хіба не разумееш, што адбываецца? Гэта навала! Гэта праклён тваёй маткі. Ты мусіш пакінуць горад зараз жа! Ты нам трэба ў гарах. Вайны без цябе не пачаць.
— Спакойна, Элляш, вайна пачнецца калі трэба.
— А што наконт аперацыі ў Уры?
— Ты можаш правесці яе самастойна. Ты з намі амаль што два гады і ведаеш усю кухню нашага войска не горш за маё.
— А ты што?
— Я мушу застацца ля прынцэсы. Я ёй патрэбны.
Эля гнеўна паказала яму спіну.
— Ты памыляешся, Гілель. I нават не ўсведамляеш наколькі! Найперш ты патрэбны НАМ.
Эля выйшла з канспіратыўнай кватэры ўзлаваная. Села на каня і выехала з горада. 3 тым жа самым пачуццём роўна праз два тыдні яна вяла атрад сваіх людзей. Яны ішлі праз бязмесячную ноч, калі толькі блякла-блакітны бляск на комінах электрастанцыі служыў шляхаводнай зоркай. Якім жа дурным можа быць нават самы шляхетны мужчына! Хіба ён не разумее, што пачуцці затлумілі галаву і затуманілі вочы? Што гэты выпадак гіблы? Эля, не ў змозе стрымацца, распавяла кепскія навіны Эль-Наміру, які з заматаным тварам
ехаў на кані поплеч. Што да яго і ўсіх астатніх, Гілель быў кіраўніком паўстання. А яна — яго намесніцай. Можа быць, праклён насціг яго, але Элю замова нізавошта не возьме. Эля лепш памрэ, чым здрадзіць агульнай справе. Яна прыкладзе ўсе намаганні, каб вялікае паўстанне ўрэшце пачалося.
Калі атрад наблізіўся да электрастанцыі, яны злезлі з коней і папаўзлі паўзком. Шкляныя муры электрастанцыі пад напружаннем разносілі цьмянае святло па пустэл ьнай даліне, высіліся ў сваёй непрыступнасці, асветленыя пражэктарамі, якія нястомна шнарылі ў пошуку парушальнікаў. Эля глянула на іх з трымценнем. Тут, побач з самавітай дзелавітасцю станцыі, планы паўстанцаў выглядалі мышынай валтузнёй. Ці адолеюць паўстанцы больш магутнага за сябе ворага?
У акцыю ўключыліся два ўцёклыя дэманы, Асгод і Ламатшу. Эля песціла надзею, што пасля таго, як іх здароўе паправілі шаманы, нячысцікі прадэманструюць звышумельствы і стануць суперзброяй. Але ж надзеі напоўніцу не спраўдзіліся. Дэманы былі стварэннямі кемнымі і хутка вучыліся — гэта так. Напрыклад, Асгод, лятучы дэман, адгадаваў вышчыпаныя раней пёркі на крылах і мог уздымацца па-над зямлёю. Падобны да бруднай нутрыі дэман (цяпер у гігіенічнай версіі) мог лапамі капаць і грызці. Эля дала яму знак, і Асгод злавіў кіпцюрамі патыліцу Ламатшу, перанёс яго за сляпую зону, якая асвятлялася пражэктарамі, і адпусціў яго на зямлю па іншы бок мура.
У мітуслівых промнях святла Асгод выглядаў бы нейкая начная птушка, якая ўпалявала труса. Ламатшу спрытна папоўз. I прыляпіў да мура ў стратэгічных месцах выбуховыя прылады, якімі яго аснасціў Эль-Намір. Калі падрыўнік даў знак, усе накрылі далонямі патыліцы. Магутны выбух парушыў спакой у даліне і зрабіў у муры шырокі пралом. Натрэніраваныя ваяры хлынулі ўсярэдзіну (Эля заўважыла Ратыфа — з заматаным тварам ён размахваў аўтаматам). Там ваяры сутыкнуліся з батальёнам сільфаў, якія прыляцелі
сюды на сігнал трывогі. Сільфаў нельга забіць кулямі або стрэламі, бо яны — нятленныя і элемент прыроды. Аднак іх можна нейтралізаваць на кароткі час, атруціўшы газам. Паўстанцы, аснашчаныя процівагазамі, раскідвалі газавыя бомбы ва ўсе бакі. Эля бачыла, як празрыстыя зіхоткія целы сільфаў напаўняюцца каламутнымі выпарэннямі, трацяць бляск і, паволі ўздрыгваючы, валяцца долу. Пройдзе нейкі час, перш чым яны вярнуцца да памяці, а іх целы ачысцяцца. Тым жа часам паўстанцы прасунуцца да важных будынкаў электрастанцыі.
Пакуль паўстанцы стралялі і ўзрывалі ўсё, што стаялі перад імі, Эля засяродзілася на сваім заданні. Каб учыніць станцыі найвялікшую шкоду, яна мусіла ўскараскацца на цэнтральны комін і закінуць бомбу ў яго сярэдзіну, наўпрост у цэнтральны механізм.
Пад прыкрыццём сваіх салдат яна прыпусціла ў бок коміна. Стала караскацца па жалезных драбінах. Чым вышэй яна падымалася, тым болып ёй здавалася, што драбіны — тонкія, бо ходзяць ходырам на ветры. Але страх вышыні і начная прахалода не астудзілі гарачай крыві. Гілель мог бы ёй ганарыцца. Выконвала яна сваю ролю бездакорна. На момант у ейнай галаве бліснула думка: можа, яна сапраўды можа камандаваць паўстаннем? Але яна гэтага не хацела. He ў галактыцы, дзе ёсць Гілель. Ёй больш да душы, каб той быў побач, ясны і спагадлівы, як ранішняя зорка.
Плынь эмоцый перапынілася, бо, ускараскаўшыся на апошнюю прыступку драбін, Эля ўбачыла, што наверсе яна не адна. Высачэзная сільфа, што паспела ўцячы ад вэрхалу ўнізе, чакала яе на верхатуры. Калі сільфа здолее атуліць Элю сваімі халоднымі крыламі, то дзявочае полымя жыцця зледзянее. Эля балансавала бы эквілібрыстка — то набліжалася да сільфы, нібыта дражніла, то адскоквала. Сільфа зразумела, што злавіць Элю не ўдасца, дастала лук і стрэліла халоднай, як лёд, стралой.
Эля ўхіліцца ад стрэлу не здолела. Страла працяла сцягно і падзейнічала як снатворнае. Калі сільфаўская атрута дойдзе да сэрца, Эля памрэ. Цяпер час, кожная хвілінка, працуе супраць яе. Эліна рука шнарыла па папрузе ў пошуку газавай гранаты. Са скрухай заўважыла, што выкарыстала раней усе. У яе засталася адна міна-бомбачка, якую старанна распрацаваў Эль-Намір. Аднак сільфа, нібыта разгадаўшы Эліны намеры, засланіла дарогу да цэнтра коміна. Дык што ж рабіць цяпер? Адмяняць заданне і як мага хутчэй вяртацца ўніз, каб дастаць з цела атрутную стралу?
He, яна не адступіць. Дзяўчына ўключыла ў міне таймер.
Выбар зроблены. Яна мерылася пабегчы наўпрост праз празрыстае цела сільфы, кінуцца самой на скрут галавы ў комін разам з мінай. Хацелася, каб Гілель па ёй хоць трошкі сумаваў. Ой хацелася! Ці будзе ён распавядаць Ніно пра свайго адважнага сябра Элляша? Ці ўвогуле прыгадае яе цяпер, калі па вушы заняты сваёй прынцэскай? Эля пачала рух у бок сільфы, якая ляцела па агрэсіўнай траекторыі сутыкнення, усё роўна як гіганцкая медуза, і ад прыліву раз’юшанасці зіхцела і міргала, як сапсаваны святлафор. Але ў процівагу гняўліваму полымю сільфы ў сэрцы Элі запалаў агеньчык спартыўнай злосці. He, яна не здасць без бою дарагога ёй чалавека. Раптам у яе галаве ўспыхнула іншая ідэя.
Эля засяродзілася. Яна мусіць пакласціся на свае адчуванні і дачакацца апошняй хвіліны.
Яна працягвала бегчы, набіраючы хуткасць, і ўжо адчувала прахалодную пару, якая ахутала сільфу, а таксама саладжавы пах асвяжальніка паветра. Цяпер іх падзялялі крок-другі. Але ў момант, калі крылатая сільфа разгарнула славутыя смертаносныя абдымкі, Эля прапала. Збітая з панталыку сільфа абняла голае паветра. Потым агледзелася, шукаючы сваю зніклую ахвяру. Анікога! Эля была ў адначассе блізка і далёка, бо зрабіла невялічкі метахронны скачок у часе.
Тры секунды пасля гэтага Эля з’явілася зноўку (яна засталася роўна ў тым самым месцы, на якім стаяла, — але сільфы там ужо не было) і цяпер прыпусціла ў бок коміна. Дзяўчына шпурнула ў яго сярэдзіну бомбу з гадзіннікавым механізмам. Азвярэлая сільфа нарэшце зразумела, што адбылося. Яна скокнула ўслед за бомбай і дала нырца ў студню коміна з раз’юшаным верашчаннем. Элі гэтага відовішча бачыць не захацелася. Яна дабегла да беражка коміна і з распрастанымі ў бакі рукамі скокнула ў начное паветра.
Ляцела яна каменем уніз, развітваючыся з усім, што было ёй родным і дарагім. У галаве мільгалі твары Ёнатана, Гілеля, мамы з татам. Як жа ёй хацелася пражыць даўгое жыццё! Каб заставалася вольная часіна на абдымкі і буські з роднымі! Зямля набліжалася з галавакружнай хуткасцю, увушшу звінела ад свісту паветра. Сутыкненне было няўхільнае. Эля з сілаю заплюшчыла вочы і расплюшчыла зноў толькі тады, калі адчула, што нешта цэпкае схапіла яе за шыварат.
— Дзякуй богу, Асгод. Я думала, ты ніколі не прыляціш.
Кіпцюры Асгода ўпіліся ёй у кашулю. Ён трымаў Элю і з усяе змогі махаў крыламі, намагаючыся не заваліцца зусім. Зрэшты, дэман здолеў пайсці на ўздым. Захраслая паміж небам і зямлёю Эля пачула за спінай магутны гук — вялікі комін электрастанцыі выбухнуў фантанам іскраў. Ёсць! Яна зрабіла гэта! Выканала баявое заданне. Унутры Эля адчула не менш магутны выбух гонару, які затапіў cappa, асвятліў усё сонечным бляскам. Ёй усё па зубах. Яна, Эля Маргуліс, можа кіраваць паўстаннем! Яна можа перамагчы кожнага, хто заступіць ёй дарогу. Яна адкіне любую перашкоду. Нават кронпрынцэса ёй не роўня. Эля палашчыла свой кампактны, падораны Эль-Намірам кінжал, што пад ботам прыціскаўся да калена. Дзяўчына ведала: калі спатрэбіцца, то вагацца не стане.