Скрадальнік лекаў  Гагар Янай

Скрадальнік лекаў

Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
75.5 МБ
РАЗДЗЕЛ 13
ТАНЦМАЙСТАР ЦЕНЯЎ
Спыненне падачы току ўзбаламуціла Вавілон. Муры ўздоўж пяці вавілонскіх рэк пазбавіліся звінячага напружання і ператварыліся ў звычайнае шкло. Праз гэтую акалічнасць вавілонскія паліцыянты гойсалі як падсмаленыя. Патрульныя на паветраных шарах паляцелі нізютка, некалькі метраў над вулкамі, а паліцыянты праз гукаўзмацняльнікі заклікалі жыхароў захоўваць парадак і спакой. Электрасільфідныя цягнікі без адзнак жыцця марнелі пад дратамі. Камунальныя сеткі знямелі. Альматаскопы таксама. Людзі, якім прыспеўчас прайсці медыцынскую праверку, устурбаваныя, бадзяліся па вулках. Лекары-святары ў жаху забарыкадаваліся ў Галоўнай бажніцы.
Ніно гэты вэрхал грэў душу. Асабліва весяліла заява Варажбітаў, што ўсё пад кантролем (хоць з’яўленне падобнай заявы сведчыла пра адваротнае). Выдавала, шкоду электрастанцыі ўчынілі сур’ёзную. Полчышчы тэхнікаў і сільфаў былі выкліканыя сюды з усіх куткоў імперыі. Ніно ўсё яшчэ песціла надзею, што гэтакі вэрхал і разбурэнні сапсуюць Нсарадору Летні фэст.
Прынцэса сядзела ў паланкіне. Нсарадор даў ёй адмысловы пропуск на паездку з палаца да яго кабінета ў Галоўнай бажніцы, дзе яна мусіла атрымаць чарговую таблетку, дваццаць трэцюю.
Праглынутая толькі што таблетка разлілася па яе страўніку сцюдзёнай калюгай. Насільшчыкі паланкіна церабілі шлях назад у палац сярод узрушанага натоўпу, які запоўніў брудныя вулкі.
Тым часам Ніно намагалася засяродзіць думкі на Гілелю.
Гілель. Самотная свечка, якая асвятляе заімглёную ледзяную пячору. Як жа цудоўна, што яна паклікала Гілеля з гор! Без яго апошняя іскарка надзеі згасла б. Часы, калі яна бачыла ў ім непрыяцеля, падаваліся далёкімі і няіснымі. Ён не можа быць ворагам, бо ён таксама прысягнуўся прысвяціць жыццё краіне. Яна не ведала, ці ж Гілель — той самы бялявы вершнік, якога бачыла ў снах? Прынамсі, ён выявіўся адзіным, хто здолеў разбудзіць у яе сэрцы хоць каліва цеплыні. Калі б не таблеткі, яна б, зразумела, у яго закахалася. Зараз жа ёй цяжка акрэсліць, што такое каханне. Але нештанейкае ў гэтым усё ж было. Адзнака жывога жыцця. Ці сустрэне яна Гілеля зноў, ці ўзмацняцца яе пачуцці да яго і ці расколюць яны той панцыр, які злыя сілы начапілі на яе плечы сілком? Калі так, то ўсё належыць рабіць хутчэй. Датуль як Нсарадор скорміць апошнюю таблетку і яе душа канчаткова распусціцца ў небыцці.
Паланкін, скалануўшыся, спыніўся ля птушынага рынку. Нешта здарылася. Напярэймы яе целаахоўнікам выйшаў узрушаны натоўп. Ніно адшмаргнула фіранку і ўбачыла, як наўкола лётаюць пёркі. Камандзір вартавых падбег да паланкіна. Абмяняўся з целаахоўнікамі хапатлівым салютаваннем і папрасіў неадкладнай дапамогі. Вартавыя былі ў самым разгары пагоні за дэманам, які ў злачынных інтарэсах скарыстаўся паломкай на электрастанцыі.
Па цэнтры завулка з курынымі і свінымі гандлёвымі навесамі цёк ручай, у які злівалі кроў зарэзаных жывёл. Ручай быў пакрыты шкляным каўпаком, які цяпер маглі прабіць дэманы ды іншыя шкоднікі. Дык вось, той дэман убачыў у вадзе рыбку і паспрабаваў разбіць шкло, каб даць у ручай
нырца. Ён біў і біў тое шкло. А потым у дадатак стаў прычынай неймавернага гармідару, бо ненарокам яшчэ вызваліў з загона парасят-верашчунят.
Цяпер ён шчыраваў, каб патрапіць у ручай праз адзін з жалабоў-крывясцёкаў, але захрас там праз свае раздзьмутыя габарыты. Камандзір вартавой роты амаль што злавіў яго. Але, калі да дэмана ўжо было рукой падаць, той напяўся і выпусціў жудасны смурод, ад якога камандзір страціў прытомнасць. Сяк-так дэман здолеў прапхнуцца праз трубу і даў нырца ў плыткі ручай. Салдаты бачылі, як дэман, пазмяінаму звіваючыся, шпарка плыве пад шклом. Ён паляваў на рыбку. Вартавыя беглі поруч, па беразе, але ўрэшце згубілі яго сляды.
Целаахоўнікі Ніно, знядужаныя цяганнем паланкіна, ахвотна адгукнуліся на просьбу камандзіра вартавых далучыцца да пагоні.
— Пакуль не вернемся, нікуды не хадзі! — папярэдзілі яе целаахоўнікі і пакінулі паланкін пасярод завулка. Некалішняя Ніно не магла б і марыць пра лепшае — не марнуючы часу, яна б растала сярод праходаў рынку, як цукар у вадзе. Але цяперашняя Ніно ўжо прыдбала агульную млявасць і абыякавасць да існага. Яе цела бы ператварылася ў жэле. Свядомасць заімглілася, пачуцці прытупіліся. Яна проста загадала самой сабе падняць азадак з сядзення і паставіць сандаль з вышыўкай на рынкавы брук. Адразу яе твар абдало кроплямі чорнай гразюкі з-пад нечых ног.
— Ты што творыш? — пачуўся спалоханы голас Мімозы з паланкіна.
— А, што?.. Ды нічога такога.
— У мяне ў кошыку ёсць пахлава з фісташкамі. Можа, хочаш пакаш...
Але ў той жа момант паланкін абступіў гаманлівы натоўп прадаўцоў кураціны. Яны махалі кулакамі ў бок салдат, якія, шукаючы дэмана, перакульвалі і трыбушылі клеткі.
Ніно... пайшла. Пакрочыла між клеткамі, як лунацічка, нібыта недачула гуканняў Мімозы.
Таблетка затуманіла Ніно памяць, і таму цяпер яна заблукала, хоць раней ведала гэтую частку горада. Прынцэса лбом выцялася аб клетку з індыком, якая вісела на адным са скляпенняў. Разгневаны птах абсыпаў яе ўколамі дзюбы, а таксама пер’ем і памётам. Пасля таго як Ніно адбілася ад індыка і адкашлялася, яна ўжо забылася, у якім кірунку знаходзіцца паланкін. Але не спынілася. Апынуўшыся на маленькай плошчы, зразумела, што натоўп, які яе акружаў, рухаецца самохаць, без усякай сувязі з непарадкамі.
Калісьці плошча насіла імя другараднай багіні НінГільбу, апякункі сыроў і сыраробаў. У цэнтры плошчы паранейшаму высілася статуя багіні, заплямленая галубіным памётам. Багіня прыціскала да вялікіх грудзей маслабойку.
Сёння статуя служыла фонам для незвычайнага відовішча. Першае, што кінулася Ніно ў вочы, — задыханы дэман, чорны, з замазанай шорсткай. Дэман, гатуючы і імпэтна выдзімаючы ватныя аблачынкі з ружовага цукру, схіліўся над вялікім сталёвым бакам, пад якім палаў агонь. Час ад часу дэман пхаў далонь у бак і прагна глытаў кавалкі распушанага цукру. Гэтае дзеянне пакідала на твары ліпкія сляды, якія толькі дадавалі мазкоў да агульнай карціны пачварнай мурзатасці.
Салодкую вату (прыпраўленую ладнай колькасцю чорных валасінак дэмана) кухар падаваў тым, хто нецярпліва чакаў у чарзе, якая даўжэла штохвіліны. Кожны з прысутных пхаў у лапу дэману паўдынара золатам (ну і цэны там у іх!). Але той даваў пачастунак адно пасля таго, як юнак, які стаяў над ім, на пастаменце разам з багіняй, якая трымала перад сабой маслабойку, праводзіў нейкі сеанс тэрапіі, сэнс і сілу якой Ніно ніяк не магла спасцігнуць.
Ніно спатрэбілася некалькі хвілін, каб зразумець, што гвозд праграмы — не ўвішны дэман, а ціхмяны юнак.
Сярод прысутных пракаціўся ўзрушаны шэпт:
— Танцмайстар ценяў!
Па спіне Ніно нечакана прабеглі мурашкі. Усе заварожана паглядалі на юнака, намагаючыся пралезці наперад, каб да яго дакрануцца. Ніно ўнутрана з гэтым настроем натоўпу пагаджалася. Дастаткова было аднаго позірку на юнака, каб у яе нарадзіліся ўспаміны пра далёкі сонечны дзень. Юнак выглядаў знаёмым. Але адкуль? Дзе яна яго бачыла? Ніно напружыла памяць. Юнак быў худы, але сімпатычны і прывабны. Твар — сур’ёзны, разумны. Такому хацелася давяраць. Просты, як страла, нос дадаваў рухам імклівасці. Светлыя кучаравыя валасы зблыталіся і тапырыліся ва ўсе бакі, бы нехлямяжая буслянка. Ягоная юная мускулатура пачала ўжо налівацца самавітай сілай, а плечы пайшлі ў рост. Да гэтых змен юнак і сам відавочна яшчэ не прывык, таму пакуль што быў трохі нязграбны, а ягоныя рукі часам боўталіся, як прышытыя. Ягоны валляк сарамліва выпінаўся, а на твары віднеліся мяккія, ні разу не голеныя шчацінкі. А што, калі ён...
— Можна дапамагчы? — запытаў юнак.
Голас абудзіў Ніно ад думак і разагнаў туман у галаве. Дык, можа, гэта той светлавалосы вершнік, якога яна бачыла ў сне? Можа, яна памылілася, прыняўшы таго вершніка за Гілеля бэн Шахара, а насамрэч увесь гэты час коннік быў гэтым невядомым юнаком?
Ніно ахапіла паніка, і бліскавіца страху смальнула з cappa да вен, усё роўна як паведамленне паміж двума дэманамікамунікатарамі. Юнак усё глядзеў і глядзеў у яе збянтэжаныя вочы.
Тым жа часам натоўп адпіхнуў Ніно, і яна страціла сваю чаргу. Яна не супраціўлялася, нават калі натоўп адцясніў яе на ўскраек плошчы.
— Хто гэта? — запыталася яна кандытарку, якую таксама адапхнулі разам з неразвітой шасцігадовай дзяўчынкай
з вялікімі нездаровымі вачыма, якая выглядала як чатырохгадовая.
— Ты хіба не чула пра яго?! Увесь горад кажа пра Танцмайстра ценяў.
— Але хто ён такі?
— Ён прыйшоў, каб нас ацаліць. У яго цуда-лекі супраць Цёмных Плям. Дакранаецца да чалавека, і — паф! Чары-мары. Без усякіх медаглядаў і курсу антыбіётыкаў. Хадзі, Каманадра, цукерка, хутчэй! — падхапіла яна дачку. — Калі не будзем працаваць локцямі, то сёння да Танцмайстра не трапім.
Ніно збянтэжылася яшчэ больш. Нават з аднаго позірку на юнака яна адчула, што паміж імі ўсталявалася непарыўная сувязь. Усё, ува што яна верыла да апошняга года, захісталася і вось-вось мусіла абрынуцца. Можа быць, яна не можа да канца закахацца ў Гілеля не праз таблеткі, а праз тое, што Гілель — не той, каго яна прагне сэрцам?
Кандытарка і яе дачушка нарэшце дапялі да статуі багіні. Матка парылася ў кашы і ўручыла дэману колькі загорнутых у паперку пірожных з салодкай рысавай куцці.
Ніно звярнула ўвагу, што, апрача фіксаванай аплаты ў паўдынара, натоўп абдорваў юнака і яго дэмана-імпрэсарыа прэзентамі і прэзенцікамі. Ля іх ног назапашваліся жмуты кветак, яйкі ўкрутую, спелыя манга, сямейныя партрэты, запаленыя свечкі і ўсякія цацкі-пецкі. Дэман рабіў ласку — прымаў даніну жанчыны з узнёслым выразам тварам. Кандытарка падняла на руках дачушку тварам да юнака.
— Прашу цябе, шаноўны спадару, блаславі маю маленькую Каманадру. Дакраніся да яе дабрадайнай рукой і зрабі так, каб яна не сталася ахвярай Цёмнай Эпідэміі.
Ніно была цяпер досыць блізка да юнака, каб пабачыць, што ён робіць. Пачуўшы просьбу ўсхваляванай жанчыны, ён пачырванеў да кончыкаў вушэй, аднак упэўненасці не страціў. Юнак працягнуў руку, каб узяць Каманадру, і дзяўчынка даверліва да яго памкнулася.
— Святло — да багоў, гразь — да Прорвы, цень — да ценяў, — ціхмана прамовіў юнак.