• Газеты, часопісы і г.д.
  • Скрадальнік лекаў  Гагар Янай

    Скрадальнік лекаў

    Гагар Янай

    Выдавец: Логвінаў
    Памер: 408с.
    Мінск 2024
    75.5 МБ
    — Што такое?
    Ёнатан падазраваў, што Ніно ў адказ падзякуе, але такой расчуленай рэакцыі не чакаў.
    Ніно плюнула на камень і стала выціраць яго крысом ядвабнага плашча. На здзіўленне Ёнатана, камень пачаў вібрыраваць і зіхацець прывідным бляскам так, нібыта па яго жылах пабегла кроў. Ніно з хваляваннем і пашанай трымала акамянеласць у руцэ.
    — Чорны бурштын кашалотаў. Хто б мог падумаць! I дзе!
    — Чорны бурштын?
    Ёнатан быў збіты з панталыку.
    — Дзе ты яго ўзяў?
    — Я... яго... э-э-э... пазычыў.
    — Ведаеш, што гэта такое? Гэты камень — ці не самы магутны сутонлівы акуляр, які толькі магчыма ўявіць. Дакладна, сярод наймацнейшых. Калі не наймацнейшы.
    — Я думаў, гэта звычайны камень.
    — Ён НЕзвычайны! Чорны бурштын вылучаецца з мазгоў старых і мудрых кашалотаў пасля іх смерці. Гэтыя кашалоты маюць гіганцкі розум, яны могуць даваць нырца вельмі глыбока ў мора, на глыбіню тысячу метраў. Кавалак, які ты трымаеш у руках, сплясканы і старажытны. Ён паходзіць з галавы кашалота, які быў стары, як прабацька Мафусаіл. Той кашалот быў такі разумны, ажно мог разлічваць зорныя арбіты і ведаць адметныя рысы кожнага немаўляці, якое мела нарадзіцца на зямлі праз сто гадоў пасля яго смерці. Гэты акуляр такі моцны, што не трэба асаблівых ведаў ці быць чараўніком, каб ім кіраваць. Калі падчас скокаў у ваду схопіш яго ў кулак і засяродзішся на ім, то зможаш хутка і лёгка патрапіць у свой свет.
    — Але дзе мне зараз ваду знайсці?
    — Ат, не пераймайся! — сказаў Пазузу. — Наколькі я ведаю, нас запрашаюць на вячэру ў басейне. У басейн з крака дзіламі!
    ...Хоць на кароткі час Пазузу з Ёнатанам акрыялі — з’явіўся шанц выратавацца, — аднак высветлілася: каб атрымаць права патрапіць у басейн з кракадзіламі жывымі, ім давядзецца як след папрацаваць. Кат звязаў ім рукі, накінуў скураныя мяхі на галовы і пацягнуў іх на плячах. Ён усё спускаўся і спускаўся па сходах долу, якія, здавалася, ніколі не скончацца. ІДягнучы, распавядаў з сяброўскімі інтанацыямі, што да басейна з кракадзіламі вядзе жывы лабірынт. Сілы Прорвы, каб суцешыць вечны голад, патрабуюць ахвяр (таму трэба двойчы — ці лепей тройчы — падумаць, перш чым скрасці ў Вавілоніі яблык або нахаміць паліцыянту). Аднак Прорве, сказаў кат, адной крыві малавата. Каб наталіць смагу, ёй патрабуецца першасная, старажытная стыхія: страх. Таму цырымонія пакарання смерцю распрацоўвалася не толькі з мэтаю здабыць кроў з вен прысуджаных да смерці, але яшчэ і каб выціснуць з іх жыл увесь да апошняй кропелькі жывёльны, злавесны, неўтаймаваны жах, які ператварае чалавечую душу ў жаданы ласунак для жыхароў глыбінь.
    — Ат, набалбатаў я дастаткова, — весела кіўнуў кат. — Удачы вам і мірнага неба над галавой!
    Ён скінуў сяброў з плеч на зямлю. Мяхоў з галавы не зняў. Пакінуў іх круціцца і пхаць адзін аднаго. Рэха яго крокаў аддалялася, а потым за ім з лёсавызначальным грукатам зачыніліся нейкія дзверы.
    Ёнатан доўга ляжаў, ахінуты цемрай. У задушлівым меху ён адчуў пот і пару ад свайго дыхання. Намагаўся асцярожна паварушыцца, каб спраўдзіць, ці не зламаліся ў яго целе якія косткі.
    — А што табе, уласна, тут не падабаецца? — загукаў ён у бок, дзе, меркавана, ляжаў Пазузу.
    — Надта тут ціха, — пачуўся здушаны голас Пазузу з меха.
    — Цішыня ў нашым свеце — гэта раскоша.
    — Тут НАДТА ціха. Я чую, як у цябе буркоча жывот.
    — А я чую, як у цябе.
    У той самы момант зямля пад імі задрыжала. Спярша — лёгкая дрыготка, не мацнейшая за вуркатанне дэманскага страўніка. Але потым стала гучнець і мацнець. Пакрысе ператварылася ў сцішаны рытмічны гул, які набліжаўся да іх павольна, але няўмольна.
    — Ты гэта чуеш? — кінуў Ёнатан у бок Пазузу.
    Чую.
    — Гэта падобна да... да...
    — ...да гукаў жавання, да рыпення сківіц.
    — He падабаюцца мне гэтыя жаванні. Мне зусім не хочацца, каб зараз сюды прыперлася нейкая самаходная жавальня і знайшла нас у паставе перакуленай чарапахі.
    — Той рэдкі выпадак, калі я цалкам з табой згодны.
    — Колькі, ты думаеш, у нас засталося часу?
    — Мала! — адказаў Пазузу, і абодва залямантавалі, калі сцішаны гул раптам узмацніўся, як гук цягніка, які вылецеў толькі што з тунэля.
    — Хутчэй! — крыкнуў Ёнатан. — Залезь мне за спіну і развяжы вяроўкі.
    — Але ты дзе?
    Пытанне завісла ў паветры, бо сам дэман у гэтую хвіліну завіс над тулавам Ёнатанам і ледзьве яго не задушыў.
    — Адсунься назад! — замычэў Ёнатан. — Працягні мне свой хвост.
    Пры дапамозе спічастага кончыка хваста ён пачаў пілаваць вяроўкі, якія звязвалі запясці.
    — Асцярожна, прашу. Мой хвост — не напільнік.
    Але на далікатнасці часу не заставалася. Пасля хвіліны высілкаў і намаганняў, якая падалася вечнасцю, Ёнатан разрэзаў вяроўкі. Ён сцягнуў мех з галавы і вызваліў таксама
    Пазузу. Абодва ўскочылі на ногі і ўбачылі, што знаходзяцца ў нізенькім, выкапаным у зямлі тунэлі. У наступнае імгненне, убачыўшы, штб на іх насоўваецца, яны здрыгануліся ў жаху. Ёнатан спачатку нават не паверыў вачам.
    — Што-о гэ-э-та? — крыкнуў ён Пазузу.
    — Што-што... Зубы велічынёй з дом, якія хочуць адхапіць ад нас кавалачак.
    Дэман меў рацыю. Па калідоры, нязграбна валюхаючыся, на іх сунуліся аграмадныя сківіцы, якія прагавіта адкрываліся і закрываліся. Да іх заставалася метраў шэсць. Ёнатан бачыў жоўтыя іклы, з якіх капала сліна, гнілыя карэнныя зубы памерам з пісьмовы стол.
    Зубкі нічога не цураліся — мімаходзь жавалі каменне і перамолвалі яго ў пыл. Глянуўшы на сценкі калідора, Ёнатан заўважыў выразныя драпіны ад укусаў. Выявілася, тунэль быў не справай рук чалавека, а зубоў кракадзіла. Цяпер жа навала сківіц мэтанакіравана сунулася ў бок Ёнатана і Пазузу.
    — Дзёру! — гукнуў Ёнатан Пазузу.
    Паўтараць дэману не спатрэбілася. Яны пабеглі. Збочвалі ўлабірынце, шукалі дзверы выхаду. Праўда, ніякіх дзвярэй не знайшлося. На кожным скрыжаванні сляды ад кракадзілавых зубоў крэслілі ім далейшы маршрут, паказвалі, куды бегчы далей. Сябры імчалі наперад.
    Але так далёка не ўцячэш. А што, калі яны сутыкнуцца з перашкодай, якая перагародзіць ім дарогу?
    Божа, ну навошта Ёнатан падумаў гэтую думку?! Пасля чарговага павароту за некалькі дзясяткаў метраў перад імі вымалеваўся тупік. Сябры з жахам набліжаліся да сценкі.
    “Але гэтага не можа быць! — падумаў Ёнатан. — He можа быць, што мы закончым наша жыццё проста ў падземных вантробах, у нейкім недарэчным тунэлі!”
    Тут ён заўважыў, што каменная пячора ператварылася ў нешта вільготнае і жывое, падобнае да ружаватай скуры.
    — Мы праваліліся ў кішкі нейкай істоты, — сказаў Пазузу.
    Са сценак вакол іх звісала мноства скураных вырастаў, якія торгаліся, як пры глытальных руках. З’явілася адтуліна і пачала пакрысе іх усмоктваць.
    Фу-у!
    Дыспазіцыя такая: яны захраслі між адтулінай, якая энергічна ўсмоктвае іх у сябе, і кракадзілавымі сківіцамі, якія падбіраюцца да іх ног са страўнікавымі ўсхліпамі. Ёнатан ліхаманкава намагаўся нешта вымудраваць.
    — За гэтай дзіркай мусіць знаходзіцца страўнік, а там шмат месца, — хутка прагаварыў ён.
    Стаадсоткавай упэўненасці, што за адтулінай ёсць страўнік, не было, але належала хоць неяк падбадзёрыць Пазузу, ды і сябе таксама. Пакуль яны перакідваліся словамі, адтуліна пашырылася да такіх памераў, што ў яе можна было запаўзці.
    — Хутка! — сказаў Ёнатан. — Скоч унутр, пакуль яна не захліпнулася.
    Пазузу кінуўся ў адтуліну, Ёнатан скокнуў за ім у самы апошні момант, бо сківіцы кракадзіла ўжо садралі з яго правай нагі чобат.
    Перапаўзанне праз адтуліну брыдзіла неймаверна. Сценкі яе выявіліся цёплымі і вільготнымі. Яны змазвалі Ёнатана слінай і з моташнай настойлівасцю ліплі з усіх бакоў, нібыта намагаліся прапхнуць іх унутр сябе. Ёнатан рукой адкідаў столкі скуры, церабіў сабе шлях і ледзьве не задыхнуўся. У канцы тунэля ўбачыў нешта кшталту шырокай залы, чые чырванаватыя сценкі пульсавалі. Ён прымусіў сябе паўзці далей, пакуль не трапіў на канец дзіркі — і з палёгкай выслізнуў вонкі. Закашляўся і выцер твар. У самы апошні момант паспеў ухапіцца за хвост Пазузу, які не даў яму саслізнуць у азярыну зеленаватай кіслай вадкасці, якая вуркатала, а з паверхні яе падымалася пара.
    — Страўнікавыя сокі! — сказаў Ёнатан.
    Пазузу стаяў на плоскім камені пасярод зеленаватага возера, уздымаючыся на дыбачках, каб страўнікавыя сокі не хлынулі на яго.
    — Куды зараз? — спытаўся.
    — Мусіць быць выхад.
    Сапраўды выхад быў. 3 возера вытыркаўся шэраг гладкіх камянёў. Яны нагадвалі сцежку-масток з каменьчыкаў, калі пераходзіш ручаіну. Пазузу пакінуў іх камень і скокнуў на суседні.
    — Давай, варушыся, — загадаў ён Ёнатану. — Скачы за мной, пакуль гэты камень не схаваўся ў бяздонні.
    Гэтак яны скакалі з каменя на камень, а страўнікавыя сокі следам метадычна залівалі тыя камяні, на якіх сябры стаялі колькі секунд назад. Неўзабаве яны апынуліся на сярэдзіне возера. Ёнатан гатовы быў прысягнуць, што чырванаватая столь, чые скляпенні вымалёўваліся ў вышыні ў форме рабрын, пульсуе над галовамі, як жывот.
    — Ну, не разумею я... Анатомія гэтай глыткі досыць дзіўная. Як мы патрапілі наўпрост у страўнік, цалкам абмінуўшы горла?
    — Ну вось навошта гэта ўспамінаць? — выдыхнуў Пазузу. — Што, ніколі не чуў пра ўрокі? Нас сурочылі!
    I сапраўды. Ёнатан заўважыў, што сцежка з камянёў вядзе іх да месца, дзе столь залы змыкалася за быццам бы калонай. Гукі страўнікавых сокаў, якія падалі недзе там з вялікай вышыні, падказалі, што блізка ёсць вадаспад. Усё разам гэта нагадвала паднябенны язычок, абапал якога з горла звісаюць гланды.
    — He хадзі туды! — сказаў Ёнатан Пазузу. — Нешта там не так.
    — Дык куды мне ісці?
    — У мяне адчуванне, што гэта нейкая хітрасць ці пастка.
    — У мяне адчуванне, што ты маеш рацыю.
    Але і назад яны павярнуць не маглі, паколькі камяні за спінай ужо заліла зялёная вадкасць. Зараз у іх засталося
    да вадаспада толькі тры камяні. Але Ёнатан па-ранейшаму быў азадачаны нелагічнай пабудовай месца, у якім яны зараз знаходзіліся. Такі звер, у жывот якога іх закінула, проста немажлівы!
    — Маю ідэю, — сказаў ён Пазузу. — Але спярша трэба яе трохі распрацаваць.
    — Ды не праблема, дружа. У нас вагон часу — распрацоўвай колькі табе трэба.
    Засталося два камяні.
    — Кат сказаў, што Прорва ўсмоктвае наш страх. Калі так, яна таксама ведае, чым можа нас напалохаць.