Скрадальнік лекаў  Гагар Янай

Скрадальнік лекаў

Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
75.5 МБ
Адначасова ён адчуў, як ад яго цела адасабляецца He­rnia туманнае. Калі павярнуў галаву, зразумеў — ягоны цень, адлучыўшыся ад цела, круціцца-віруе ўнутры променя кінапраектара.
Цень нагадваў яго самога, але, нягледзячы на празрыстасць, быў важкі, як бы зроблены са згарэлай і спрасаванай плоці. Праз кароткі час цень адарваўся ад апошняй ніткі, што трымала яго, і ўжо без чужой ласкі затанцаваў на самым пачатку светлавога променя. Хуткасць рухаў расла, цень ляцеў стрымгалоў, пакуль нарэшце яго не засмактала ў кінапраектар.
Рот Ёнатана ад здзіўлення шырока адкрыўся. Балюча дык не было. Ад відовішча яго напоўніла пачуццём неймавернай лёгкасці. Так адчуваеш, калі здолеў нарэшце развязаць складаную задачку па матэматыцы.
— Што ты зрабіла з маім ценем?
Жанчына палашчыла юнаку руку і ўсміхнулася вачыма. Ён адчуў моцную палёгку, нібыта з яго выйшаў увесь назапашаны смутак, вусціш і журба. Унутры жыла ружовая аблачынка. На месцы ў прасторы, дзе быў цень, вымалёўваўся толькі выцвілы абрыс. Абрыс нагадваў след, які пакідае вада на месцы высахлай калюгі.
Так Ёнатан стаўся Танцмайстрам ценяў.
РАЗДЗЕЛ 14
ЖЫВЫ ЛАБІРЫНТ
Цяжкія жалезныя дзверы камеры зарыпаўшы адчыніліся. Няўжо па іх прыйшоў кат? Напляваўшы на ўласны гонар, Ёнатан з Пазузу ў страху скурчыліся ў куце.
У камеру завітаў фігурысты чалавек у чорным ядвабным плашчы, трымаючы ў руках ліхтар з саламандрамі.
— Да пабачэння, браце! — прамовіў Пазузу.
Але калі чалавек зняў капюшон з галавы, то долу апаў аксамітны вадаспад каштанавых кудзераў. Пара міндалепадобных вачэй зеленавата-цытрынавага колеру зіхацела ў святле ліхтара. Юначка, якую Ёнатан бачыў на плошчы! У галаве смальнула гідкая думка: “А можа, яна — іх кат?”
Але па позірку дзявочых вачэй зразумеў, што памыліўся. Ён выдыхнуў. Дзявочая прыгажосць асвятляла камеру лепш за святло ліхтара.
Зблізку Ёнатан разгледзеў, што дзяўчына мае далікатную і паўпразрыстую скуру колеру карычневых крышталікаў трысняговага цукру. Зрэнкі вачэй былі ўсеяныя дробнымі рабацінкамі, бы птушынае вока.
Нашто маніць сабе? У непрагляднай цемры, якая атачала іх з Пазузу, дзявочы вобраз з’яўляўся Ёнатану не раз. Калі б гэта не было гульнёй яго кволага розуму, ён бы зараз
падумаў пра ўвасабленне сваёй мроі. Ёнатан не мог адвесці вачэй ад дзяўчыны, у яго заняло мову. Нягледзячы на дзівосную далікатнасць, яе атачала нешта цвёрдае, як шкло. Гэтая цвёрдасць струменілася ў яе позірку, у рухах, у серабрыстым голасе, што вабіў і палохаў адначасова. Аднак, выдавала, дзяўчына — самая сапраўдная, паколькі ад смуроду, які ішоў ад Пазузу, яна зморшчыла носік.
— Прабач за няветлівасць, — сказала яна. Яе голас прагучаў гэтак прыемна, як словаспалучэнне “першы дзень канікул”. — Праз усе тыя падзеі на плошчы я не паспела сказаць свайго імені. Я прынцэса Нін-Урмуз.
— Якое прыгожае імя...
— Але заві мяне проста Ніно.
— Ну культурная, здурнець можна! — прабурчаў Пазузу са свайго кута. — Прыперлася сюды, толькі каб прабачацца.
— Я прыйшла сюды не прабачацца.
Прынцэса ўсміхнулася сумнай усмешкай.
— Я прыйшла сюды каб... каб... Я сама не ведаю навошта.
— Малайчына! A то мы тут ужо пачалі нудзіцца. Дык, можа, застанешся з намі, прынцэса? У нас шмат часу, перш чым нашу вечарынку не разгоніць кат. Толькі не палохайся, калі ён зойдзе сюды. Ён крыху не такі ветлівы, як ты.
— Ты чаго такі гадкі? — прасычэў Ёнатан. — Ты што, не бачыш — яна за нас!
Збянтэжаная Ніно прамармытала:
— У мяне няма ключа ад вашай камеры. Зладзіць вам уцёкі таксама не магу. Каб сюды зайсці, я падкупіла вашых наглядчыкаў, але яны чакаюць мяне ў калідоры.
— Аблом, канечне, але не канец свету. У якасці кампенсацыі ты хоць прынесла нам дошку для нардаў?
— Пазузу, сціхні ты!
Ніно зніякавела і, падавалася, засмуцілася.
— Што ты рабіў людзям на плошчы? — запытала яна Ёнатана.
— Сам не ведаю.
— Яны выглядалі такімі шчаслівымі!
— Бачыў. Пасля ўсяго мне таксама робіцца добра. Так, нібыта яны пасяліліся ўва мне. Нібыта я поўны жыцця. Але што дакладна адбываецца, я не ведаю. Часам мяне яно палохае.
— Я таксама хачу палёгкі, — уздыхнула Ніно.
Ёнатан адчуў, што яго сэрца шырыцца і поўніцца тым смуткам, які струменіўся з лагоднага твару прынцэсы. Яны толькі сустрэліся, ды яму падалося, што ведае Ніно змалку. I хоць пакараць смерцю меліся яго, яму захацелася супакоіць яе, прытуліць да сябе і суцешыць.
— Што з табой? — запытаў.
— Доўгая гісторыя.
— Буду рады паслухаць.
Паколькі часу хапала, Ніно распавяла Ёнатану сваю гісторыю, якая пачалася ад дня, калі яе выклікалі ў Галоўную бажніцу, дзе прынцэса атрымала з рук Нсарадора першую таблетку. Ёнатан слухаў са здзіўленнем.
— Як выглядала таблетка?
— Яны былі ўнутры белага флакончыка з дзіўнага матэрыялу. Я такога ніколі раней не бачыла.
— На ім было нешта напісана?
— Слова на мове, якой няма ў імперыі. Але пазней я змагла прачытаць яго, бо выпадкова патрапіла ў свет, адкуль таблеткі прывезлі.
— Можаш прыгадаць?
Ніно зморшчыла лоб.
— Нешта там пара... парафін... парамол... ацэцэ... Можа быць, парацэтамол?
Ёнатан аж падскочыў.
— Ніякі гэта не парацэтамол! Гэтыя таблеткі скралі ў майго бацькі!
Ён хацеў закрычаць, скокнуць, замалаціць у жалезныя дзверы кулакамі. Нарэшце ён схапіў злодзея! Іронія
лёсу — менавіта цяперака, калі, відаць, запозна, ён разгадаў загадку.
— Навошта яны давалі табе лекі? — стаў дапытваць Ніно. — Што хочуць зрабіць з табой?
— Праз тры дні пачнецца Летні фэст на Пляцы Вярхоўнага Бога. Проста цяпер там будуюць аграмадную сцэну, на якую мяне ўрачыста пакліча Нсарадор, і я мушу падняцца. На сцэну таксама прыцягнуць альматаскоп. Яго падключаць да вялізных усталяваных на пляцы экранаў. Сёння раніцай Нсарадор выхваляўся сваімі планамі. Ён пасадзіць мяне пад альматаскоп і стане праектаваць карцінкі маёй душы на экраны, каб кожны вавілонец убачыў яе.
Ёнатан прыгадаў медагляды ў доктара Некрасептуса і здрыгануўся.
— Паскудства!
— Мяне зняважаць і вываляць у брудзе. Праз тры дні ў Вавілоніі не застанецца ніводнага мужчыны, жанчыны або дзіцяці, якія не будуць ведаць усіх патаемных куточкаў маёй душы. Mae таямніцы выставяць на агляд, самыя інтымныя перажыванні ператворацца ў грамадскі набытак. I ўсё дзеля чаго? Каб разрэкламаваць жыхарам імперыі новыя лекі, астрофікс.
— Нсарадора няма як спыніць?
— Калі б мая душа адхіліся ад бездакорна накрэсленага мне маршруту, калі б нешта ўва мне выбухнула і разладзіла створанае штучна суладдзе ўнутры, то тады я б, мусіць, згубіла каштоўнасць медыцынскага феномена. Але я цяпер надта млявая і кволая, каб са мной адбылося нешта нечаканае.
— Адкуль ведаеш?
Ніно апусціла вейкі.
— Я не ведаю... Шчыра? Я прыйшла сюды, бо маю надзею, што нешта са мной усё ж адбудзецца.
— То-бок... хочаш сказаць... Нешта, звязанае са мной?
— Так, звязанае з табой.
— Якім чынам?
— Калі я ўбачыла цябе на пляцы, то адчула... He ведаю, як гэта сказаць. Адчула, што, калі ты паглядзіш мне ў вочы і вымавіш маё імя, гэта напоўніць мяне радасцю.
Ёнатан пачырванеў. А цемры ў камеры ён бязгучна сказаў дзякуй. Гады два назад ён са страху, мусіць, увогуле забіўся б у куток, і ніякай надзеі на працяг размовы не засталося б. Але сёння ён адчуваў нязведаную раней упэўненасць, якая дзівіла нават яго.
— Я ўсё яшчэ магу гэта зрабіць, — сказаў ён.
— Запозна. Астрофікс ужо пусціў у маім целе свае атрутныя шчупальцы. Ён бегае па маіх венах, сцюжыць кроў, як лімфа яшчаркі.
Ёнатан адчуў, што ён павінен, проста мусіць дапамагчы Ніно, якая з кожнай хвілінай рабілася яму даражэйшай.
— Мая мама таксама змагалася з лекамі, якія ёй давалі. У яе быў свой хітрык. Аднойчы яна пра яго расказала і ўзяла з мяне слова маўчаць. Яна думала, я надта малы, каб усё разумець. Яна казала, што ў яе крыві ёсць своеасаблівыя антыцелы, якая выпрацаваў арганізм.
Кволая іскарка надзеі аквеціла твар Ніно.
— Можа, твая мама зможа дапамагчы мне?
— Хочацца верыць. Але яна надта ўжо адсюль далёка. Яна нават не тут, а ў паралельным сусвеце.
Ёнатан распавёў Ніно ўсю гісторыю ад пачатку. Прынцэса вытарашчыла вочы ад здзіўлення, і ў такім выглядзе яе вочы нагадвалі донцы дзвюх шклянак гарбаты з мёдам і мятай.
— Дык ты прыйшоў з таго, іншага сусвету! Ты, дарэчы, можаш туды вярнуцца. Ясна, калі ў цябе будзе пад рукой сутонлівы акуляр адпаведнай магутнасці і вольны доступ да рэзервуара з вадой.
Ёнатан не паспеў запытаць яе, навошта тут да купы яшчэ вада і што такое ўвогуле сутонлівы акуляр, як знадворку
пачуліся цяжкія крокі і скрыгатанне нямазаных даспехаў на масіўным целе. Крокі сціхлі проста насупраць дзвярэй іхняй камеры. Нехта выцяў па дзвярах ломам. Рэха, раздзіраючы вушы, як гук звона, разнеслася па камеры.
— Па нас прыйшлі! — загаласіў Пазузу, страціўшы ўсе рэшткі сваёй дасціпнасці.
— О, як жа я хачу вам дапамагчы! — вымавіла прынцэса.
Ёнатан зразумеў — самы час ім развітацца. Сэрца зайшлося болем. Першы раз ён спаткаў дзяўчыну, якая спадабалася яму нагэтулькі, што ён быў гатовы прабыць з ёй рэшту жыцця. I такая нявыкрутка — таго жыцця акурат пазбаўляюць.
Кат цярпеннем не вылучаўся:
— Хутчэй давайце! — загыркаў ён. — Мне што тут, начаваць з вамі?!
— Яшчэ хвілінку, — крыкнула Ніно.
— Ты мусіш адтуль выйсці, Ваша Высокасць. Тваіх сяброў зараз пададуць на абед чорным кракадзілам. Mae звяркі так выгаладаліся, што ім духі падцягнула.
На абед да кракадзілаў! Свае апошнія хвіліны Ёнатан уяўляў трохі весялейшымі. Прынцэса таксама пабляднела — карычневы цукар яе скуры ператварыўся ў белы рафінад. Ёнатану захацелася сагрэць дзяўчыну, рассмяшыць, першы і апошні раз абняць. Захацелася пакінуць па сабе памяць, чымсьці яе абдарыць. Нейкай дробяззю. Як на злосць, падарункаў — пустыя жмені. Залаты пярсцёнак ды іншыя прэзенты, якія яны атрымлівалі на пляцы ад людзей, прысабечылі турэмныя наглядчыкі. Губны гармонік расціснулі падчас затрымання.
Ёнатан роспачна парыўся ў кішэнях. Адзіная рэч, якая засталася, — чорны запылены камень, які хлопец сцягнуў з офіса спадарыні архіварыус. He зусім шыкоўны падарунак дзяўчыне, але выбару не засталося. Ёнатан дастаў камень з кішэні і працягнуў яго Ніно.
— Вазьмі.
Яе рот шырока адкрыўся. Яна з найвялікшым трымценнем узяла камень, абгледзела яго як след. I з гукам “а-а!” стала агаломшана хапаць паветра ротам.