Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
Ніно ўбачыла, як цень дзяўчынкі падняўся, набрыняў цемрай, акругліўся, адасобіўся ад цела і паплыў у паветры ў выглядзе цьмянай прывіднай сутнасці. Тонкая нітка цемры на манер пупавіны звязвала дзяўчынку з яе блізняткамценем. Празрыстая сутнасць выглядала змрочнай і прыгнечанай, нібыта ў яе залілі ўсю атруту і боль, якія месцілася ў дзіцячай душы. Ніно бачыла, як унутры ценю плакала, злавалася, самотнічала, сумавала і смуткавала сама Каманадра. Юнак працягваў трымаць руку дзяўчынку ў сваёй.
Паціху-патроху блізнятка-цень аддаляўся. Пупавіна рабілася танчэйшая, пакуль не стала таўшчынёй у некалькі атамаў. Потым цень працягваў трымацца поруч выключна дзякуючы нейкаму магнетычнаму прыцягненню. Абрыс ценю лунаў у паветры, загадкавы, як німб вакол месяца пры дзённым святле. Юнак дастаў з кішэні просты губны гармонік і стаў іграць. Ніно ўбачыла, што змрочны блізнятка стаў імкліва танчыць, круціцца вакол уласнай восі, як вадзяны віхурчык цемры. Дзяўчынка паглядзела на сваю сястрычкутанцоўшчыцу, і гэтая карціна яе развесяліла. Яе па-старэчы сур’ёзны твар раптам расквеціўся шырокай усмешкай і ў імгненне вока вярнуў дзяцінства. Тыя, хто назіраў, незвычайна ўразіліся.
— Танцмайстар ценяў! Танцмайстар ценяў! — рытмічна загукалі яны і запляскалі ў ладкі.
Блізнятка-цень працягваў свой лёгкі танец, размахваючы вакол сябе лапкамі зіхоткай імглы так, нібыта скідваў з сябе шматлікія шалі і шалікі. Пакрысе распранаўся і слабеў, слой за слоем, малекула за малекулай. Урэшце яго сагнаў у неба прэч залётны вецер. Цень, бляклы і размыты, знік бясследна па-над дахамі дамоў.
Людзі наўкола выбухнулі плясканнем у ладкі. Аднак Ніно, якая мела востры зрок, бачыла, што празрыстая сутнасць
не знікла дарэшты. Усё роўна як на вітражы ў кафедры, на якім празрыстая, як крылцы страказы, душа спускаецца на дом у абліччы Адмуэля, гэтаксама спусціўся і вярнуўся празрысты цень дзяўчынкі, пакуль не знайшоў юнака і не ўсмактаўся ў ягонае цела кроплямі нябачнага дажджу. Юнак здрыгануўся, праз яго змярцвелае цела прабегла маланка, якая вярнула яго да памяці.
Ніно стала цікава, ці зразумеў хлопец сам, што тут адбылося. Аднак пакуль што ўвага натоўпу была прыкутая да Каманадры. Калі прывідны блізнятка-цень цалкам знік, дзяўчынка пырснула шчырым смехам, нібыта з яе сэрца ўпаў камень.
— Што ён зрабіў ёй? — запыталася агаломшаная Ніно маму Каманадры.
— Ацаліў яе! Хіба ты не сачыла?
Ніно завагалася. Убачанае — добра ці кепска? Калі добра, то для каго? Дзяўчынка выглядала шчаслівай і здаровенькай. Калі дэман працягнуў ёй ружовую аблачыну цукровай ваты на палачцы, яе смех зрабіўся толькі гучнейшы. Дзяўчынка з маці вярнуліся да натоўпу.
Ніно ўбачыла, што дзяўчынка блішчыць, як сонейка. На месцы, дзе быў яе цень, застаўся толькі бялёсы абрыс, які пакідае вада, што пакрысе высыхае.
— Варажбіты ведаюць пра гэта? — запыталася Ніно.
— Вой, не прыгадвай тут гэтую поскудзь! Ясна, Танцмайстра ценяў яны ненавідзяць, бо той адбірае ў іх заробак. Ён выганяе цені без усякага болю. I без усіх гэтых выкрунтасаў з пакланеннем Мардуку, медаглядаў і аздараўленчых лагераў.
Людзі вакол расчуліліся не менш за матку Каманадры. Яны палка пляскалі ў ладкі і пхаліся наперад у бок дэмана, што стаяў ля бака салодкай ваты.
— Мне таксама, мне таксама! — крычалі яны. Дэман увіхаўся з шалёным спрытам, заціскаючы манеты сваім пругкім хвастом і шпурляючы іх у цыліндр за спінай.
Светлавалосы юнак, які ўзвышаўся над натоўпам, здаваўся збянтэжаным.
Я ж казаў табе, не заломвай такі дурны кошт за свае прысмакі! — сказаў ён гучным шэптам.
— Дык з чаго будзем жыць? 3 твайго таленту?
— Так, праз яго яны сюды прыйшлі.
— Але ты адмаўляешся браць за свае цуды нават дробную манету. Я табе ўжо казаў: сто залатых дынараў на чалавека. Такая цана.
Я не магу браць з іх грошай. А што, калі ў іх пустыя жмені?
— На наша шчасце, магу я! Таму займайся сваёй праведнай працай, а мне пакінь клопат пра хлеб надзённы.
Юнак скрывіўся, нібы праглынуў нешта агіднае. Ніно адчула прыліў салідарнасці.
— Прывітанне, як цябе клічуць? — крыкнула яна знізу.
Ягоныя вочы выхапілі яе сярод натоўпу. Выдавала, ён рады быў бачыць яе другі раз.
— Мяне — Ёнатанам. А цябе?
Ніно адкрыла рот, каб адказаць яму, але ў той момант над дахамі пачуўся магутны выбух. Усе паваліліся на зямлю, закрыўшы патыліцы рукамі.
Ніхто з прысутных на плошчы не звярнуў увагі, што ўвесь час за імі цікавала пара вачэй. Срэбнавалосы чалавек атлетычнага складу таіўся на даху аднаго з дамоў, хаваючыся за комінам. Чалавек уважліва сачыў за ўсім, што адбывалася на плошчы, і ён быў адзіны, хто заўважыў, як паліцэйскі паветраны шар згледзеў збор народу і пачаў да яго асцярожна падбірацца. Шар пераляцеў дахі, вылузнуўшы на небе, усё роўна як месяцовы дыск. Аднак у тую ж хвіліну чалавек дастаў стралу з калчана. Запаліў на дзюбцы стралы агонь і стрэліў наўпрост у сярэдзіну шара. Вялізны шар выбухнуў залпам гучнага феерверку і бразнуўся долу, падняўшы густы дым.
Аднак лучнік спазніўся. Паліцыянты з паветранага шара паспелі данесці пра натоўп на плошчы да ведама калег. Вакол усчаўся лямант, на плошчу ўвалілася рота жаўнераў, сярод якіх былі целаахоўнікі Ніно. Калі салдаты пачалі церабіць шлях у бок статуі з маслабойкай, стварыўся жудасны вэрхал.
— Так-так-так, сыходзім на піку кар’еры, — сказаў дэман і схапіў цыліндр з манетамі. — Хадзем, юнача, у мяне з’явілася стойкае адчуванне, што тыя людзі ва ўніформе не члены твайго фан-клуба.
Але было ўжо позна. Камандзір роты, які ехаў вярхом на пыхлівым і нізкарослым коніку, выпрастаўся ў страмёнах.
— Вось ён, той смярдзючы дэман! — загукаў ён сіпатым голасам і паказаў лязом мяча на Пазузу. — Лавіце злодзея!
Пад усімі слаямі поўсці дэман пабляднеў. Коннікі і пехацінцы шчыльна атачылі яго разам з напаўразваленай статуяй багіні, унутры якой спрабаваў схавацца юнак.
— Якія людзі — і без аховы! Тут яшчэ і Танцмайстар. Далібог, дзень удаўся. Турэмны кат на радасцях завяжа на шыбеніцы святочны банцік.
— Я нічога забароненага не рабіў, — намагаўся абараніцца юнак. — Я толькі дапамагаў людзям, клянуся мамай і таткам.
— Дапамагаў? Грамадзянам імперыі могуць дапамагаць толькі Мардук і яго служкі-святары.
— Пакіньце яго! — закрычала Ніно. — Ён нічога не зрабіў.
Але адзіным вынікам ляманту Ніно было тое, што начальнік варты нарэшце заўважыў таксама яе.
— А што ты тут робіш? — ён схапіў яе за руку моцна, але асцярожна. — Мне здавалася, мы прасілі цябе не вылазіць з паланкіна.
Начальнік варты пацягнуў Ніно ў бок завулкаў. Калі яна павярнула галаву і кінула апошні позірк, дык убачыла імперскіх салдат, якія звязвалі юнака разам з дэманам і для пачатку давалі ім па пары моцных кухталёў.
Чалавек у цёмным плашчы працягваў назіраць за падзеямі. Ён дачакаўся, пакуль плошча апусцела і зноў ператварылася ў каменную брудную пляцоўку, на якой валяўся перакулены зацукраны бак, што належаў дэману, а таксама некалькі згубленых у паніцы ботаў. Толькі тады чалавек пакінуў сваю хованку і сышоў па дахах.
— Каб ты не паляваў тады на тую дурную рыбіну, то яны б нізавошта нас не знайшлі! — выгукнуў Ёнатан змрочным голасам, можа быць, у соты раз. — Ты здолеў раз’юшыць кожнага салдата ў гэтым горадзе.
Тоўстыя муры іх турэмнай камеры праглынулі голас Ёнатана — зрабілі словы кволымі і ціхімі. Хлопец сядзеў на гнілой саломе і пазіраў на Пазузу, які ляжаў з шырока раскрытым ротам. Дэман чакаў, што павук, які спускаўся са столі, упадзе яму ў пашчу. Камеру ахутала цемра — хоць на воўка лезь. Без акон. А вартавыя не пакінулі ім нават свечкі. Толькі дзякуючы блякламу бляску дзікай саламандры, якая жыла на столі, Ёнатан неяк згледзеў дэмана, што разваліўся на баку. He выглядала, што дэману сорамна.
— Што ж, нас напаткала страта працаздольнасці.
— Страта працаздольнасці?! Нас збіраюцца павесіць!
Яны сядзелі ў крыле асуджаных да смерці. Час ад часу чулі лямант кагосьці са сваіх гаротных суседзяў, якога кудысьці — а куды, усім было болып-менш ясна — цягнулі.
Колькі часу яны тут? Цяжка сказаць. У адсутнасці змены дня і ночы суткі палічыць не ўдавалася. Пазузу прапанаваў лічыць колькасць праведзеных тут дзён паводле рабрын, якія агаляліся ў яго на жываце. Але Ёнатан палічыў за лепшае лічыць мінулыя дні пры дапамозе сабраных саломінак ад ежы да ежы. Хоць ежу ім таксама прыносілі не досыць рэгулярна. Яе было так мала, што пачуццё голаду не міналася. У Ёнатана назапасілася ўжо дваццаць сем саломінак. Дваццаць сем дзён у турме!
— Ведаеш, сёння мой дзень нараджэння. Мне стукнула чатырнаццаць.
— Што ты кажаш!
Ёнатан адчуў у роце горкі смак пылу. Сёння хлопцу, які прыбыў у імперыю два гады таму, дзень народзінаў падаваўся нейкім далёкім дзіўным дзівам. Ёнатан імкліва пасталеў і заўчасна ператварыўся ў мужчыну. Мужчыну, можа, далікатнага, да канца не ўпэўненага ў сабе, але ўсё ж у мужчыну. Гэх, шкада, у яго ўжо не будзе магчымасці стаць сапраўдным мужчынам.
— Ты яўна забыў пра мае народзіны, — сказаў ён Пазузу.
Дэман прысеў і на сабачы манер пачухаў поўсць.
— Нічога я не забыўся, дарагі ты мой чалавек! Думаю пра цябе дзень і ноч. Нават падрыхтаваў табе супер-пупер сюрпрыз. Верх усіх вярхоў.
— Вяроўку з мылам?
— Жарты набок! Штосьці годнае і неверагоднае.
Дэман пакорпаўся ў расколіне сцяны і сапраўды дастаў невялікі загорнуты ў сурвэтку пакунак. Калі Ёнатан разгарнуў яго, то знайшоў унутры тлустага бляклага чарвяка, які падняў угору сваю пярэднюю частку, бы ва ўмольным жэсце.
— Смачна есці! Я прыхаваў яго адмыслова для цябе. Бачыш, не еў, трымаўся — хаця з радасцю адгрыз бы пару колцаў.
Ёнатан расчуліўся. Ён адчуў, як у горле збіраецца цёплы камяк. Цэлы непакусаны чарвяк — якая ахвярнасць з боку дэмана!
— Пазузу, ты сапраўдны сябар! Мы, можа, хутка памром, але я хачу, каб ты ведаў гэта.
— У мяне таксама ніколі не было такога сябра, як ты. Хоць ты і чалавек.
— Перш чым мы загінем, давай заключым паміж намі вечны саюз, пабратаемся.
— У сэнсе? Пракалупаць палец, перамяшаць кроў і да таго падобныя маніпуляцыі?
Пазузу ўжо ведаў усе гісторыі пра індыянаў, дэтэктываў і супергерояў, якія распавёў яму Ёнатан за гэтыя два гады знаёмства.
— Ну, кшталту таго.