Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
— Ты дачка імператара, — сказаў Гілель. — Чаму не звяртаешся да бацькі па дапамогу?
— Як ты ведаеш, ад часоў Адмуэля і Ашпербошэта імператарская дынастыя і Варажбіты належаць да адной сям’і. Бацька стаіць на баку Нсарадора. Я ніякім чынам не магу настроіць бацьку супраць Галоўнага Варажбіта.
— I таму ты звярнулася да мяне?
— Я заўжды думала, што ты найвялікшы вораг маёй улады і хочаш забраць маю файную будучыню імператаркі. Але тое, што я высветліла, прымусіла мяне памяняць думку на процілеглую. Цяпер я лічу, што ты адзіны, каму я магу распавесці ўсю праўду, не асцерагаючыся, што ты замешаны ў змову. Калі нехта і можа прадухіліць яе, дык гэта ты. Акрамя таго...
Яна завагалася.
— Акрамя таго?...
— Мне падаецца, я цябе ўжо недзе бачыла. То-бок не наяве. У мяне адчуванне, што твой нутраны свет мне вядомы. Твая прысутнасць праганяе ад мяне цемру. Добры знак, хіба не?
“Кепскі знак!” — падумала Эля і ўнутрана напялася. Але Гілель па-чалавечы адгукнуўся на словы прынцэсы.
— Я прыйшоў выслухаць цябе. Працягвай.
...Ніно зайшла ў будынак кампаніі “Гіпакрыком”, дзе ўпэўнілася, што даберман не збрахаў Яна надзела белы халат і ўзброілася бэйджам, і ніхто не звярнуў на яе ўвагі. Вестыбюль быў аграмадны і прасторны, абкружаны шклянымі сценкамі колеру марской хвалі. У самым канцы вестыбюля сядзеў ахоўнік. Калі яна наблізілася, то ўбачыла, што той глядзіць на маніторы, якія распалажыліся перад ім паўколам і на якіх скачуць рухомыя карцінкі. Ніно адразу сцяміла, што тут паказваюцца пакоі будынка, і ўразілася гэтай талковай ідэі і моцы чараўніцтва, якая гэта ажыццяўляе. Яна стала шукаць дарогу ўніз, да падземнага крыла, пра якое казаў даберман. Але калі яна кінула позірк на адзін з манітораў, убачыла чалавека ў чорным плашчы. Ім мог быць толькі
Нсарадор. Мужчына ішоў па залітым сонцу калідоры — гэтая акалічнасць сведчыла, што знаходзіўся ён высока над зямлёю. Яна памяняла першапачатковы план і вырашыла адкласці пошукі падземнага крыла і спярша даведацца: куды гэтак спяшаецца яе Галоўны Варажбіт?
Яна пайшла да месца, у якім, меркавала, знаходзіўся Нсарадор. У паветра яе падняў зграбны шкляны куб. Практыкаванні ў чараўніцтве, якія абвастрылі яе пачуцці, цяпер ёй моцна дапамагалі. Падчас пошукаў дарогі яна пакладалася на адценні святла і ценю, пахаў і згукаў. Праз нядоўгі час яна здолела трапіць на патрэбны калідор і ўбачыла, што ён вядзе ў пакой, дзе за зачыненымі дзвярыма чуліся галасы. Яна не змагла прыціснуць вуха да дзвярэй, бо па калідоры хадзілі людзі, але, на яе шчасце, пабачыла, што на фасадзе будынка былі ўсталяваныя рыштаванні. Карыстаючыся імі, яна вылезла праз акно і стала асцярожна ступаць па падаконні. Цераз шыбу заўважыла невялічкую, але раскошную канферэнц-залу, цалкам вытрыманую ў белых колерах. На падлозе ляжалі беласнежныя дываны, стаяў белы авальны стол для пасяджэнняў і вакол яго — з тузін скураных фатэляў. Але ля стала сядзелі толькі чатыры чалавекі. Адзін з іх быў Нсарадор, рэшта — мясцовыя.
Ніно хоць і не вельмі добра ведала пра тонкасці гэтага свету, аднак заўважыла — уся тройца выпраменьвала ўпэўненасць, самавітасць і моц. Асабліва гэтым вылучаўся мужчына пасярод, фігурысты і загарэлы, як атлет, з прыпарушанай сівізной фрызурай. Меў ён валявое падбароддзе, акуляры з тонкімі залатымі дужкамі і ядвабны гальштук блакітнага колеру. Абапал яго сядзелі нізенькі мужчынка, рухомы, як мангуст, і дагледжаны, як кот, а таксама прыгожая жанчына — рудая, з гладкім тварам, гледзячы на які, нічога канкрэтнага сказаць было немагчыма. Каля тройцы прымайстраваўся Нсарадор, які лашчыў сваю чорную бародку і выглядаў худзюшчым і побач з густоўнай
тройцай — крыху неахайным. Але, да яго гонару, перад дэманстрацыяй моцы і ўлады гэтай тройцы галавы не схіляў.
Шэравалосы павадыр мясцовых стаў дапікаць Нсарадора:
Я не разумею, з якой ласкі ты прыйшоў да нас скардзіцца? “Левіятан падняў галаву і нахабнічае”, ой-ой-ой! Але хто ў гэтым вінаваты?
— Тысяча прабачэнняў, Гаўрыель, але я думаў, мы ў адной лодцы.
Гаўрыель падняўся з месца і стаў мераць белы дыван нервовым крокам.
— Наш саюз колісь выглядаў вельмі каштоўным і карысным, спадар Нсарадор. Мы шукалі новыя рынкі збыту для нашай фармакалагічнай прадукцыі, а вы хацелі лекаў супраць Цёмных Плям. Можна сказаць, нашыя два светы цудоўна дапаўнялі адзін аднаго. Прапанова і попыт! Тады высветлілася, што фундаментальныя эканамічныя законы працуюць у міжсветавай эканоміцы гэтаксама эфектыўна. Больш за сорак гадоў мы пастаўлялі ў твой свет разнастайныя лекі. Mae папярэднікі былі задаволеныя. Але апошнім часам ты стаў перашкодай. 3 сябра Вярхоўнага Кансіліуму Варажбітаў, маладога і руплівага, ты ператварыўся ў капрызнага прэтэндэнта на прастол. Межаў твайму апетыту няма, і таму ты пачаў рабіць памылкі.
— Mae памылкі не большыя за твае, Гаўрыель. Ты таксама пачаў падлабуньвацца перад сваімі акцыянерамі. He будзем адмаўляць, твая фірма — адна з самых моцных на рынку, а ты атрымліваеш заробак, які прымушае самых паспяховых канкурэнтаў з зайздрасці пускаць сліну...
Шэравалосы чалавек спыніўся на паўдарогі. Ён кінуў позірк на графік прыбыткаў, які вісеў на сценцы. Ніно ўбачыла, што чырвоная лінія без усякіх ваганняў і затрымак лезла ўгору.
— Я добры менеджар, і саромецца мне няма чаго. А вось ты, Нсарадор, — абы-што! Хаця, вядома, у невукі і дурні цябе
не запішаш. Наадварот, ты разумны і таленавіты. Але добры менеджар працуе, зыходзячы з меркаванняў практычнасці і чыстага прыбытку, а табой кіруюць — як бы гэта сказаць?.. — іншыя меркаванні. Ты дзейнічаеш, выходзячы з надта асабістых зацікаўленасцей. Вядзеш вайну, якую ты занадта прыняў да галавы і сэрца. Ты такі ўпэўнены ў сваёй рацыі, што, каб даказаць справядлівасць сваіх дамаганняў, гатовы зруйнаваць уласны вавілонскі сусвет. I дзе тады будуць нашыя рынкі збыту?
— Ніхто не павінны браць адказнасці за чужы сусвет, Гаўрыель.
— Напэўна так.
Фігурысты мужчына неўпрыкмет спыніўся ля нейкай штукі, якая стаяла тарчма на кутнім стале, і пачаў задумліва барабаніць па стальніцы. Спярша Ніно падумала, што гэта нейкая дэкаратыўная статуя. Але гэта была не статуя, і нічога дэкаратыўнага ў ёй не было. Гэта быў адзіны прадмет, які разбураў элегантныя лініі беласнежнай канферэнц-залы. Пабіты іржою кавалак пакарабачанай і скручанай сталі. I гэты кавалак — ад таго, што яго скруціла ў барані рог, — здавалася, енчыў. Вочы ўсіх прысутных упіліся ў яго, нібы гэта быў які магніт. Але нібыта ў прысутнасці ляжачага на Божай пасцелі, ніхто не сказаў пра кавалак ні слова.
— Калі я ўступіў на пасаду генеральнага дырэктара, — пачаў Гаўрыель, — ты прыйшоў сюды і зрабіў геніяльную прапанову вызваліць вашую пачвару ад пут. Ты тады сказаў нам, што Прорва пануе над Цёмнымі Плямамі, гэтаксама як Месяц кіруе прылівамі і адлівамі. Маўляў, чым болып яму даць свабоды, тым болып будзе Цёмных Плям, што азначае яшчэ больш моцы для вас, больш прададзеных лекаў для нас, больш прыбыткаў для нас усіх.
— Ты сам кажаш, што гэта быў узаемавыгадны манеўр.
Гаўрыель зноў скіраваў сваю ўвагу на сталёвы прадмет. Твар мужчыны скрывіўся пакутай і раскаяннем.
— He тады, калі ўсё выходзіць з-пад кантролю.
— Я не вінаваты, што ў гэтае раўненне ўлез Левіятан.
— Дык чыя гэта віна, мая?
Нсарадор абмінуў пытанне ўвагай. Устаў з фатэля і паказаў на кавалак пакарабачанай сталі.
— Роўна трынаццаць гадоў таму, калі вы ладзілі свае ядзерныя эксперыменты ў Паўночным моры, ЁН акурат упершыню тут і з’явіўся.
— Але нікім яшчэ не даказана, што ЁН з’явіўся ў выніку нашых эксперыментаў!
Ніно зразумела, што кавалак сталі — ключ да разумення гутаркі. Тады яна засяродзіла на аўры прадмета ўсе свае эмоцыі і зрок. Хутка прыйшла да высновы, што гэты сталёвы агрызак быў часткай нейкага плывучага сродку, які пацярпеў у жудаснай аварыі.
— Дык як Левіятан з’явіўся? — спытаў Нсарадор. — Проста так, сам па сабе?
— Вы далі сваёй бабульцы Прорве надта шмат волі. I яна неяк змагла яго стварыць.
Тут Нсарадора прарвала.
— А чаго баішся ты, гендырэктар? Што Рагаў, Марскі Уладар, апануе Вавілоніяй і табе не застанецца каму прадаваць свае таблеткі і пігулкі?
— Гэтая думка сапраўды наведвала маю галаву.
— Дык маю для цябе заспакаяльныя весткі — на сённяшні дзень мы моцна трымаем імперыю ў сваіх руках. Але будзем трымаць значна мацней, калі ваш астрофікс будзе нарэшце гатовы.
Твар гендырэктара запунсавеў пад усімі слаямі адмысловага трапічнага загару. Ён быў вымушаны працерці запацелыя акуляры. Тым часам на шкло стальніцы ўзлакацілася рудавалосая жанчына.
— Калі мы не паспяваем зрабіць намечанага, Нсарадор, то толькі праз цябе. Чаму ты нам хлусіў? Навошта трэба было скрадваць эксперыментальную партыю прэпарату?
— Перапрашаю, Capa, тысяча прабачэнняў! Колькі мне трэба каяцца? Вы ж не хацелі даць нам эксперыментальнай серыі. He давяралі нам. Баяліся, што мы скапіруем і створым аналаг. Але тады была надзвычайная сітуацыя. Дзяўчынка пачала ператварацца ў жанчыну, і яе свядомасць стала развівацца з жахлівай хуткасцю. Я баяўся, што калі ў час яе не спыніць, дык мы не зможам яе кантраляваць.
— I што ты ад гэтага атрымаў? Я нават здзіўленая, што яна яшчэ жывая.
Калі Ніно зразумела, што яны гавораць пра яе, то ледзьве не страціла раўнавагі. Дзяўчына глянула долу. Нарэшце да яе дайшло, што яна завісла сярод хісткіх масткоў на вышыні пяці паверхаў.
— Я мусіў дастаць лекі, ты ж ведаеш, заявіў Нсарадор.
Водгуку гэтая заява ў рудавалоскі не атрымала.
— Твой злодзей нават меў нахабства параніць нашага найкаштоўнейшага доктара Маргуліса. У выніку праект затрымліваецца.
— Калі б ён па добрай волі здаў лекі, дык не пацярпеў бы.
Ніно неяк справілася з млосцю і страхам вышыні, бо ў канферэнц-зале адбывалася самае цікавае. Гендырэктар Гаўрыель націснуў на кнопку ў сценцы, і над белым сталом з’явілася мудрагелістая галаграма вялікай малекулы. Яе атамы круціліся і рухаліся па ўсіх магчымых кірунках адначасова.
— Астрофікс — шэдэўр нашых навукоўцаў, — сказаў мяккім, поўным гонару голасам гендырэктар. — Астрофікс — шкляны бранябойны мур, які блакуе падсвядомасць. Калі асвечаны розум не хоча прызнаваць існавання падсвядомасці і не жадае ўпускаць яе да сябе. Без сумнення, адно з найвялікшых дасягненняў чалавецтва.