Скрадальнік лекаў  Гагар Янай

Скрадальнік лекаў

Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
75.5 МБ
— Алё, ты што, сляпая? — абурана крыкнуў ёй хлопчык, і Ніно адзначыла, што істоты ў гэтым свеце не вылучаюцца добрымі манерамі. Мінула некалькі імгненняў, перш чым Ніно асэнсавала тое, што адбылося толькі што: яна зразумела мову хлопчыка! Але чаму?
I хоць людзі вакол не размаўлялі на мове імперыі, Ніно адчула, што дыяпазон яе думак праз хуткі час зможа прыстасавацца і падладзіцца пад іх маўленне.
Заняткі чарадзействам ператварылі Ніно ў памяркоўную і адкрытую да свету. Яна была гатовая скарыстаць любую перавагу, нават тую, чыйго значэння яна не разумела да канца. Ніно выціснула валасы і вопратку і паспрабавала свае сілы ў новай мове:
— Прашу прабачэння, — звярнулася яна да маладога акулярыка, якому ў падбароддзе ўпілася сталёвае колца з шарыкамі на канцах ды які вёў сабачаня ў аброжку. — Я што, патрапіла ў Прорву?
— Прорву? — хлопец здзівіўся. — Цікавая канцэпцыя нашага горада. Але я толькі ведаю, што тут Оперная вежа.
На шчасце, да Ніно падышоў стары, які трымаў мяцёлку і шуфлік і пхаў перад сабой тачку са смеццевым бакам.
— Нешта здарылася, што ўсе сёння выскокваюць з вады? У вас што, кандзішн у офісе накрыўся?
Ніно была не ў курсе, што такое “кандзішн”, чаму ён “накрыўся” і з якое прычыны ён зрабіў гэта ў нейкім “офісе”, але сцяміла, што стары нешта-нейкае бачыў.
— А хто яшчэ вылазіў з фантана?
Стары паказаў у адваротны ад мора бок. Ніно ўбачыла спіну Нсарадора. Ён аддаляўся, падымаючыся па шумнай вуліцы. Вада яшчэ сцякала па скураной вопратцы, быццам з качынага апярэння. Нсарадор, як заўсёды, выглядаў эфектна.
Ніно з палёгкай выдыхнула. Ну, прынамсі, яна не адпусціла здабычы! Каб Галоўны Варажбіт не знік у натоўпе, яна пагналася ўслед за ім. Шкада, праўда, што яна ўсё далей і далей адбягаецца ад мора, але Ніно паабяцала самой сабе, што пры першай магчымасці вернецца, каб на яго паглядзець. Крочачы па вуліцы, Ніно адзначыла, што будынкі ў гэтым свеце брыдкія і закураныя.
У сярэдзіне дарогі ехала процьма шумных сталёвых карабоў, якім яна была вымушаная час ад часу саступаць дарогу, рызыкуючы жыццём. Унутры іх сядзелі людзі, які адчайна трубілі ў трубкі і слалі ёй праклёны.
Ніно ніяк не магла прывыкнуць да руху (але агнёвыя саламандры зялёнага, жоўтага і чырвонага колеру служылі ёй арыенцірам). Неўзабаве Нсарадор збочыў направа, у ціхі завулак. Па ім пахаджвалі толькі пешаходы і тлустыя галубы, што фанабэрліва валюхаліся і пыхліва задзіралі галовы. Галоўны Варажбіт падняўся на тры прыступкі і ўвайшоў у дагледжаны, як след атынкаваны будынак са светлымі сасновымі дзвярыма. 3 шыльды Ніно зразумела, што гэта рэстаран. Нізкія вокны будынка былі адчыненыя наросхрыст. Праз іх даляталі гукі прыглушанай гутаркі і бразганне сталовых прыбораў.
Пры стале ля акна мужчына ў клятчастым пінжаку павярнуўся да Галоўнага Варажбіта. Бліскучы чырванаваты твар мужчыны быў парэзаны зморшчынамі і нагадваў абшарпаную вадой і вятрамі скалу. Было відаць, што чалавек распешчаны, але валявы. Чалавек, які палюе за вострымі эмоцыямі, але цураецца найноўшых цацак-пецак. Галоўны Варажбіт сеў насупраць яго, і Ніно не знайшла нічога лепшага, як схавацца пад акном, за маленькім прылаўкам з варанай кукурузай і рознай выпечкай.
— Навошта ты хацеў сустрэцца са мной? — запытаў Нсарадор.
— О, з карабля на баль! Можа, спярша пакаштуеш марскога карася ў сметанковым соусе з чорным перцам? Яны робяць яго тут вельмі смачным. А ў якасці гарніру падаюць паленту* ў шалфейным масле.
— He дуры ты мне галавы, Мармельштэйн, няма часу!
— Ой, Нсарадор, я ўжо і забыўся, які ты прыемны суразмоўца.
Маладая кельнерка наблізілася да іх, і Мармельштэйн заказаў бутэльку белага віна. Ён намазаў сабе масла на хлеб, пакуль Нсарадор разгладжваў нябачныя столкі на абрусе і вытарашчваўся на свайго суразмоўцу, нібы той — нейкі від моху.
— Мой кліент расчараваны, — з поўным ротам сказаў Мармельштэйн. — У нас была дамова, але вы яе не выконваеце.
— Твой кліент — ненажэра! Яго апетытам няма межаў. Мы мелі з яго сям’ёй справу цягам тысячы гадоў. Але ад моманту, як запанаваў ён, усё пайшло то бокам то скокам.
— А што мы такога папрасілі? Каб жыць, нам таксама трэба нейкія мінімальныя ўмовы. Чаму мы не можам атрымаць свабоду руху? Чаму майму кліенту не можна разлічваць на
* Італьянская страва з кукурузнай мукі, кшталту мамалыгі.
адпаведнае харчаванне, прастору для жыццёвай дзейнасці, грамадскую легітымізацыю?
— Твой кліент штогод атрымлівае тысячы ахвяр.
— 3 вашых аздараўленчых лагераў? Ты здзекуешся! Там жа сабраныя вартыя жалю душы. Усё гэта нагадвае жаванне сухой скарынкі і абсмоктванне костак.
Каб падкрэсліць сказанае, Мармельштэйн начапіў на відэлец сакавіты шматок рыбкі з соусам.
— Хто не ступае наперад, той адлятае назад. Тэрмін нашага кантракта заканчваецца. Калі мы не будзем задаволеныя, то падпішам яго нанова, але ўжо з вашым падполлем.
— 3 паўстанцамі? Хо-хо! — Нсарадор стаў гуляцца з нажом. — Баюся-баюся... Гэта з бяззбройнымі сялянамі-невукамі? Іх павадыр — хадзячы анекдот. Ён не здольны кіраваць нават зграяй бабуінаў.
Мармелынтэйн з усёй скрупулёзнасцю абнюхаў келіх віна.
— А мне, калі я сустрэўся з ім, ён падаўся культурным гіцлем.
— Ты з ім сустракаўся?
— А што такое? Хіба нельга?
— Ну, і знайшлі пра што пагутарыць?
— Я люблю ЎСЯКІХ гіцляў, Нсарадор. I цябе таксама. Я заўжды паважаў тваю імклівасць, тое, як ты дасягаў усяго, чаго хацеў, робячы тое цішком-нішком. У большасці людзей тваёй пароды не стае тармазоў, яны ганарлівыя і грубыя, як бегемоты. Але ты ніколі не выстаўляўся і не прагнуў таннага прызнання. Толькі сапраўднай улады. Чыстай, без дамешкаў. Можа быць, ты — самы адораны чалавек, якога я толькі сустракаў у жыцці. Гілель побач з табой — смаркач. Але цалкам верагодна, што лёс вашай імперыі аддадзены ў рукі гэтага смаркача.
Нсарадор закіпеў.
— Што ты вярзеш? Паўстанцам канец! Іх войска — нікчэмнае. У баі яно не адужае нават адной дывізіі генерала Арытравай.
— А ваш Мардук за апошнія тысячу гадоў не паказвае прыкмет жыцця.
Сваім вострым вокам Ніно ўбачыла, як знаёмы профіль Нсарадора завастрыўся. Упершыню падчас гутаркі яго глыбокі, здольны глядзець далей за хвілінныя амбіцыі розум раптоўна прачнуўся, страпянуўся наструненым драпежнікам.
— Нашыя святары трымаюць з ім кантакт, — сказаў Нсарадор мяккім, амаль абыякавым голасам.
Мармельштэйн быў надта заняты зазіраннем у келіх, каб заўважыць змену, якія адбылася з Нсарадорам.
— Гэта ВЫ сабе так думаеце. Але калі апошні раз ён рабіў цуд? Калі апошні раз прадзіравіў якога-небудзь ворага сваёй знакамітай дзідай?
— Мардук пратне вас да таго, як вы сцяміце, хто гэта зрабіў.
— Ты хочаш сказаць: тады, калі вы яго нарэшце знойдзеце.
Твар Нсарадора згарчэў і зазіхацеў, як смала.
— Ну як вы зможаце нас перамагчы? Пры ўсёй маёй павазе да твайго кліента, у вас жа ніводнага саюзніка. Ані ў тваім, ані ў нашым свеце. Вы вязні глыбінь, а ўсе праходы адтуль — закалочаныя. Ці вы маеце намер даслаць войска? Але да таго вы павінны разбудзіць двух ваявод, якія даюць храпака ўнутры шкляных слупоў нашай Галоўнай бажніцы.
Мармельштэйн перастаў жаваць і адклаў відэлец.
— Нсарадор, ты робіш памылку, калі пагарджаеш намі. Чакай-чакай, ты яшчэ ўбачыш, на што мы здольныя!
Галоўны Варажбіт ускочыў з крэсла і адкінуў яго ад сябе. He трэба было быць з ім знаёмай асабіста, каб сказаць, што ў ягоных вачах заскакалі шалёныя чорцікі.
— Ты, бачу, не толькі пагарджаеш, але і пагражаеш!
— Зусім не. Я прапаную.
Нсарадор злёгку палашчыў плашч, пад якім у яго хаваўся кінжал. I Ніно ведала, што той пасміхаецца сваёй думцы,
як зараз можа паказаць гэтаму Мармельштэйну, штб насамрэч думае пра такога кшталту прапанову. Нсарадор хціва аблізаў губы, але здолеў узяць сябе ў рукі — недыпламатычныя метады не ўжыў. Без далейшых папярэджанняў паказаў спіну і вылецеў з рэстарана.
Калі ён мінаў побач, Ніно паспела прысесці ў самы апошні момант. Спатрэбіліся гады трэніровак.
Ніно церабілася па вуліцы сярод натоўпу. Нсарадор у сваіх высокіх ботах ляцеў пругкім крокам. Ён спусціўся да вялікай дарогі, на якой усё кішма кішэла сталёвымі карабамі. Падняў левую руку і тут жа, на вачах у Ніно, учыніў неймавернае чарадзейства. Адна з гэтых трун на колцах, над дахам якой красавалася шыльдачка з надпісам “таксі”, віскнуўшы, спынілася. А потым Нсарадора заглынула ўнутр гэтай самай “таксі”, а сталёвы кораб зноў уліўся ў агульны струмень руху.
Ніно пабегла ўслед. Ёй нельга яго губляць! Яна падняла руку, каб зымітаваць чужое чарадзейства, і ўсёй сваёй сутнасцю засяродзілася на ім. Чарадзейнай сілы ў яе выявілася болып, чым яна думала раней, бо не мінула і секунды, як ля яе рукі спынілася такая самая “таксі”. Усцешаная ўласнай перамогай Ніно палезла ў салон.
— Едзь за вунь той машынай! — загадала яна кіроўцу. Той з недаверам паглядзеў на яе і яе мокрую вопратку.
— Гуляем у казакі-разбойнікі, так?
— У той “таксі” сядзіць візір майго бацькі. А мне трэба высветліць, які ўдар у адказ ён плануе нанесці нашай імперыі.
— О, бачу там едзе сам Дарт Вэйдэр. Як будзеш мне плаціць?
Ага, праблемка... Ніно, вядома, не хадзіла па вуліцах з мяшэчкам дынараў. Яна зняла з пальца пярсцёнак і працягнула яго кіроўцу.
— Вазьмі, пагоншчык, гэта чыстае золата. Ён мне не вельмі падабаецца, бо надта прыціскае мае пальчыкі да зямлі.
КНІГА ПЕРШАЯ • СКРАДАЛЬНІК ЛЕКАЎ
— He дуры мне галавы! — адказаў пагоншчык таксі (так, ветлівасць у гэтым сусвеце была дэфіцытам).
— Калі пярсцёнак табе не спадабаўся, пагоншчык, бяры яшчэ і гэта, — з запясця Ніно зняла бранзалет з цудоўнымі апаламі. — Спадзяюся, гэтага хопіць.
Кіроўца ўздыхнуў:
— Мой гуманізм мяне загубіць.
Ніно расплылася ва ўсмешцы, бо кіроўца выехаў на дарогу, дзе з галавакружнай хуткасцю стаў пятляць паміж іншымі машынамі.
— Усё жыццё я хацеў пагоні, — прызнаўся ён, то дадаючы газу, то вішчучы тармазамі.
Яны імчалі ўслед за машынай Нсарадора. Падняліся на эстакаду і спусціліся з блытанага скрыжавання над галоўнай шматпалоснай дарогай. Праз паўгадзіны шалёнай язды Ніно заўважыла, што гарадскі краявід мяняецца. Хмарачосы зніклі. Вуліцы, пранізаныя вяроўкамі з памытай вопраткай і аблепленыя галантарэйнымі крамкамі, звузіліся, зрабіліся шэрымі і нуднымі. Праз кароткі час дамоў зрабілася яшчэ менш. У прасветах праміналі цытрусавыя плантацыі, кавалкі неба, пустынныя пляцоўкі і зялёныя нівы.