Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
у мёдзе. Мыскамі ботаў яна стала перад праведзенай на падлозе крэйдай лініяй, уздоўж якой бег надпіс:
“Чакай сваёй чаргі!”
— Дзядзечка бібліятэкар, мне трэба, калі ласка, заказаць кнігу па тэме шкоднага пустазелля вадзянога гіяцынта і спосабах яго апылення. Трэба для маіх заняткаў па батаніцы ва ўніверсітэце.
Бібліятэкар зняў акуляры з носа, патузаў лапай вусікі (і без таго затузаныя) і паглядзеў на дзяўчынку зверху ўніз.
— Дзіка выбачаюся, Дафнушка, ты спазнілася. Такую заявачку павінна была падаць твая мамуня, калі была ў тваім узросце. He думаю, што мы паспеем знайсці гэтую кніжку да таго, як пачнецца твая вучобка ва ўніверсітэціку.
— Вельмі прашу, дзядзечка бібліятэкар! Я так хачу быць даследчыцай раслін, калі вырасту, і гэта адзіны асобнік, які існуе ў свеце.
Пацук выдыхнуў і палашчыў аблезлае футра на сваім брушку.
— А-я-яй, у што я ператварыўся! У паношаную сентыментальную шубку. Старэю. He магу бачыць слёз малой дзяўчынкі. Добра, напішу табе заказ на кнігу.
Ён начапіў акуляры і пачаў ляпаць па клавіятуры. Набор набраных на клавіятуры літар здаваўся Ёнатану хаатычным і выпадковым. Вантробы машыны скрыпелі і дрыгацелі (маленькі пацучок знізу дыхаў як падчас прыступу астмы), аж пакуль са сталёвым рыпам машына нарэшце не выплюнула прадзіраўленую ў шматлікіх месцах папяровую стужку. Галоўны бібліятэкар адарваў тую перфастужку і паклаў яе ў лапы напаўсляпога дзядка ў форме хлопчыка на пабягушках. Дзядок, кульгаючы і валюхаючыся, пасунуўся ў бок да адной з шэрых дзвярэй, якія знаходзіліся ў процілеглых сценах залы. Калі дзверы адчыніліся, то з праёма дыхнула вільготная хваля цвілі і паху грыбніцы. Ёнатан паспеў убачыць высачэзныя стосы патрапаных папер і рукапісаў,
якія грувасціліся, мусіць, да самае столі, але адсюль проста губляліся ў паўзмроку. Яго патыліцу працяла дрыготка. Калі стосы кніг абрынуцца, то бібліятэкарам пагражае смяротная небяспека. I якім чынам, халера іх не возьме, тыя бібліятэкары здольныя нешта знайсці сярод гэтакага вэрхалу?
Сам жа бібліятэкар відовішчам уражаны не быў.
— Да пабачэння, цукерачка, — сказаў пацук малой Дафначцы. — Твой заказік ужо апрацоўваюць. Прыходзь да нас калі-нікалі ў госцікі, будзем радыя. А таксама прыводзь сваіх дзетак, калі яны ў цябе народзяцца. Наступны!
За Дафнай стаяў самавіты стары, узорна паголены, з чорным цыліндрам на галаве.
— Добрыя навіны, спадар Тыкольбар. Згодна з правіламі Нацыянальнай бібліятэкі, якія забараняюць нам выносіць за сцены гэтай установы арыгінал кнігі — а гэта значыць, кожны асобнік у бібліятэцы, — капіраванне заказанай вамі кнігі амаль што завершанае. У хуткім часе вы зможаце атрымаць свой асобнік “Прыгоды Гільгаўроша і Уладарыні паўлінаў”! — пачуў ён ад пацука.
Па дагледжаных шчоках старога пацяклі слёзы шчасця. Ён выцер іх насоўкай.
— Неймаверна! Нарэшце. Столькі гадоў чакання. Я быў малым падшыванцам. I мой татка, які распавядаў мне гісторыі перад сном, забыў, ці дараваў Гільгаўрош Уладарыні, якая скарміла святому паўліну атрутныя залацінкі.
У сценцы адчыніліся шэрыя дзверы, і Ёнатан убачыў пацука-пісарчука, такога ж старога мухамора, як і ўсе астатнія (увогуле, выглядала на тое, што ў пашане тут былі толькі старыя, а маладым сюды дарогі не было). Пацук сядзеў за перапісваннем рукапісу рыпучай самапіскай. Яго нос амаль што датыкаўся да паперы, а язык ад напружання высалапіўся і аблізваў вусны.
— Засталося пару слоў! — урачыста вымавіў бібліятэкар. Потым ён падняў руку, даючы разгарачанай добрай весткай публіцы сціхнуць. Пісар-пацук язычком аблізаў дзюбку самапіскі, выдыхнуў і з пачуццём выкананага доўгу ганарліва паставіў апошнюю кропку. Калі вялікая місія была завершаная, то ён паваліўся знясілены на спіну, лапкі заторгаліся ў паветры. Стары асістэнт бібліятэкара дакульгаў да пацука, абапіраючыся на палку, пераступіў цераз яго і прынёс бібліятэкару завершаную кнігу.
— Спадар Тыкольбар, Нацыянальная бібліятэка Вавілонскай імперыі ў горадзе Ніневіі мае гонар выдаць вам афіцыйную копію... Хвілінку! Пачакайце. Што тут адбываецца? Што гэта?!
Пацук-бібліятэкар наблізіў акуляры да вачэй і злосна ашчэрыў зубкі.
— Тут — ПАМЫЛКА! У імя залатой самапіскі спадарыні Бальтазарскай, апякункі ўсіх пісарчукоў! Уляпілі мы памылку. Людзі добрыя! Тут замест “паўлін” напісана “паулін”.
У зале пачалася мітусня. Пісарчук румзаў, спадар Тыкольбар умольваў захаваць пісарчуку жыццё.
— Прашу вас, спадар бібліятэкар. Гэта цьфу і расцерці, а не памылка. Усе ведаюць, што паўлін пішацца праз “ў”. Я нават сам пастаўлю птушачку над “у”.
— “Цьфу і расцерці” кажаце, шаноўны спадар? Але чалавек вашага статусу і ўзросту павінны ўжо ведаць, што Нацыянальная бібліятэка Вавілоніі не нейкая там канторка, якая будзе распаўсюджваць бракаваны прадукт. Такія ляпсусы не адпавядаюць нашым высокім стандартам. Мы напісалі на нашых штандарах пашырэнне асветы, а не распаўсюд невуцтва і цемрашальства!
— Але, даражэнькі спадарчык бібліятэкар! Дваццаць чатыры гады ў вас сышло на тое, каб знайсці кніжку. I яшчэ трыццаць шэсць гадоў, каб перапісаць яе. Калі вы перапішыце кнігу яшчэ раз, то я пачытаю яе толькі ў труне.
— Мне шкада, спадар Тыкольбар. Вы тут маеце справу з прафесіяналамі. Мы не аматары-друкары, якія завальваюць рынак камерцыйным чытвом... НА МАКУЛАТУРУ!!!
Пацук-бібліятэкар падняў лапку, і маленькі аддзел жаўнераў у іржавых даспехах, які стаяў у куце залі, зладжана ўскочыў, выхапіў перапісаную кнігу з рук бібліятэкара і шпурнуў яе ў аграмадны здрабняльнік паперы. Шаноўны спадар паглядаў на сваю “Уладарыню паўлінаў”, якая ператваралася ў храбусткую папяровую локшыну, а з вачэй у яго каціліся буйныя фасоліны — гэтым разам слёзы журбы і жалобы. Самлелага пісарчука выносілі з залы на насілках.
— Наступны!
Наступным быў Ёнатан. Аднак праз апошнія тут падзеі ён разгубіўся так, што адкрываў рот, як рыба, амаль не прамаўляючы слоў.
— Так-так, малады чалавек. Што мы хочам пачытаць сёння?
— Мне трэба... агм-м-м. Я б хацеў ведаць...
— Прашу паспяшацца. Вы тут усіх затрымліваеце.
“Пляваць, — падумаў Ёнатан, — які сэнс нешта заказваць? Я ж усё роўна тут нічога не атрымаю. Нам хочацца паказаць спіну і даць з гэтай гнілой канторы драла”. Але тут ён прыгадаў бясстрашны позірк Алёксікі. Ці спалохалася б яна такога абыякавага пацука?
— Спадар бібліятэкар... Мне падаецца... 3 вашага дазволу, малюпасенькая заўвага. Мушу заўважыць, ваша сістэма — трошкі-крышку не зусім эфектыўная.
— He эфектыўная?! У якім сэнсе не эфектыўная? — поўсць стала ў пацука дыбарам, а ён надзьмуўся, як жаба. — Эфектыўнасць — наш брэнд.
— У сэнсе, можа, вядома, эфектыўная, але трошкі цяжка дастаць кніжкі...
— Але ў гэтым цымус, юнача, увесь сэнс! Уяві, які б вэрхал пачаўся, калі б мы прыносілі кнігі хутка і проста. Мы самая
вялікая скарбніца ведаў і звестак у свеце! Мы ганарымся, што ў нас захоўваюцца найвялікшыя таямніцы чалавецтва. Калі б мы прыносілі кнігі на тры-пятнаццаць, людзі прыходзілі б да нас тысячамі і чарга расцягнулася б адсюль і да Вавілона. Ось тады б мы не змаглі выконваць нашы абавязкі.
— Спадар пацук-бібліятэкар, пры ўсё маёй павазе, ваша крэда гучыць нелагічна.
— Што ты ведаеш пра лагічныя крэды, нахаба? Я магу табе выдаць пару цудоўных кніжак па філасофіі і логіцы (праўда, атрымаеш ты іх не так хутка). I, руку на сэрца, выглядаеш ты маладым і здаровым. У цябе ёсць усе шанцы дажыць да атрымання заказу. Маю надзею, ты яго атрымаеш датуль, як патрапіш на могілкі.
“Ты што, здурнеў? Мне нельга затрымлівацца. Ёсць столькі ўсякіх рэчаў, якія мне трэба высветліць!” — хацеў сказаць яму Ёнатан, аднак ведаў, што пацук не стане яго слухаць. Бібліятэкар важна натапырыў вусікі і стаў зазіраць Ёнатану праз плячо.
— Вось жа, юнача, калі ты не ў стане вырашыць, бывай здаровенькі. Наступны!..
Акурат у гэты самы момант з носа ў Пазузу вылецела грымотнае “апчхі”. Падчас усёй гутаркі той стаяў з Ёнатанам поплеч і намагаўся не чхаць, але больш стрымлівацца не змог. 3 ягоных ноздраў вырваўся магутны струмень паветра (Ёнатан спадзяваўся, што без дамешкаў дэманскіх смаркачоў) і сцёр пыл з невялічкай тэчкі, якая стаяла на стале бібліятэкара. Ёнатан паглядзеў на шыльду з шырока расплюшчанымі вачыма:
“Патрабуюцца юнакі і дзяўчаты для працы ў бібліятэцы. Звяртацца з 15.30 да 16.00 ва ўсе дні, апроч выхадных, панядзелка, аўторка і чацвярга”.
Нарэшце шчасце падваліла! Засталася чвэрць да чацвёртай, і да таго ж сёння — серада!
— Спадар бібліятэкар! — усхвалявана прамовіў Ёнатан. — Мы з маім дэманам прыйшлі сюды не для таго, каб заказаць кніжку. Насамрэч мы прыйшлі ўладкавацца ў бібліятэку на працу.
Пацук падазрона зіркнуў на шыльду.
— Box, юнача, гэта старая шыльда. Яна тут вісіць ад часоў майго прадзеда.
— Але як жа вяршэнства закону? Вы шыльды не знялі, а яна самым катэгарычным чынам заяўляе: “Патрабуюцца юнакі і дзяўчаты для працы...”
— Гм-м-м, — пацук зняў акуляры і другі раз абгледзеў шыльду.
Пазузу падаўся наперад і сцёр з шыльды рэшту пылу. Пад яго пальцамі выскачыла новая порцыя інфармацыі:
“Хто рана ўстаў, таго і праца!”
— Выдае на тое, што мы ўсталі раней за ўсіх, — заўважыў Ёнатан.
— He можа быць!
Перад намі нехта прыходзіў?
Пацук закашляўся.
— Аг-х-х... У апошнія гады? Ды не асабліва.
— Значыцца, праца наша!
Тую зіму Ёнатан з Пазузу прабавілі безвылазна ў памяшканні, занураныя ў запыленым лабірынце кніг бібліятэкі Ніневіі.
Пацук-бібліятэкар, якому давялося змірыцца з прыёмам Ёнатана і Пазузу на працу, даў ім бэйджы з імёнамі і прымацаваў іх да аддзела бібліятэчнай статыстыкі.
Крыло статыстыкі знаходзілася ў неацепленых нетрах бібліятэкі, і да яго можна было прабрацца толькі пасля небяспечнага блукання між трухлявымі сценкамі, караскання на горы кніг і ўвільвання ад гіганцкіх павукоў (якіх пацукібібліятэкары папросту глыталі). У аддзеле статыстыкі
сядзелі дзясяткі пацукоў, працятых дрыготкай, захутаных па вушы ў шалі і шалікі, занятыя пошукамі анкет і бланкаў — такіх, якія Ёнатан запаўняў пры ўваходзе ў бібліятэку. Ёнатан пацікавіўся, у чым сэнс іх працы. Навошта, скажам, пры ўваходзе ў бібліятэку пазначаць свае ўлюбёныя прысмакі?
— Але гэта элементарна! — адгукнуўся адзін з пацукоў аддзела статыстыкі. — Што ты любіш есці — гэта сакрэтныя асабістыя звесткі.