Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
— Гэта такі кайф! Значна лепш за рамонт гадзіннікаў, — апраўдваўся ён. — Хочаш, разок пабарукаемся, зладзім метахронны бой?
Гэтаму віду адзінаборства яны навучыліся ўзімку ад спадара Гова-Чанга, адмыслоўца з аддаленай правінцыі Фергана, які прыбыў з абледзянел ых вяршынь на паўночна-ўсходніх межах. Спадар Гова-Чанг быў невысокім чалавечкам, падобным да статуэткі. Меў белыя аграмадныя бровы, якія крыламі луналі над вачыма, а таксама ніцыя вусы, што звісалі абапал верхняй губы, як два абсыпаныя снегам ледзяшы. Гова-Чонг навучыў іх асабліваму віду медытацыі. Калі глыбока занурваешся ў сябе, то можна перасоўвацца ў часе на некалькі секунд назад ці ўперад.
— Чаму б і не? — выгукнула Эля, якая за гэты час няблага засвоіла метахронны бой. Пакуль Ратыф уладкоўваў сваё дыханне, заглыбляўся ў медытацыю і разбягаўся, Эля порстка скокнула ў будучыню, скінула камень спарынг-партнёру пад ногі. Потым вярнулася ў сучаснасць і ўбачыла, як Ратыф сутыкнуўся з каменем і паваліўся на азадак.
— Чаго? Што такое? Адкуль тут камень?
— Дзіўныя рэчы здараюцца, калі пакідаеш майстэрню гадзіннікавага майстра, — патроліла яго Эля. Як бы
там ні было, але Ратыф адмаўляўся вяртацца ў родны горад, пакуль паўстанцы не вызваляць яго межы ад улады Варажбітаў.
Дэманы, якіх падабралі выведнікі, цалкам акрыялі, і першым — Ансатаргалу, дэман-парадыст. Высветлілася, ён умее размаўляць на трохстах мовах, сярод якіх ільвіная і мова коней, а таксама здольны бачыць усякія кампактныя скарбы, схаваныя неглыбока пад зямлёй. Апроч таго, дэман мог мяняць колер бялка ў вараных яйках, таму меў вялікую папулярнасць сярод ваяроў, якія ішлі ў заклад, ці знойдуць пад шкарлупіннем фіялетавы, чырвоны ці залацісты бялок. Але Гілель выказаў сумненне, ці ж гэтакі набор умельства прывядзе іх да вайсковай перамогі. Потым ветліва, але настойліва папрасіў Ансатаргалу ўзяцца за, можа быць, менш прыемны абавязак — паслужыць на пасадзе лагернага дэмана-камунікатара. Ансатаргалу пагадзіўся пры ўмове, што не будзе перадаваць недарэчныя або любоўныя паведамленні. Ад першай хвіліны Эля не спускала вока з дэмана, бо яе непакоілі няўцямныя падазрэнні. Яна распавяла пра свае ваганні Эль-Наміру.
— Дэманы заўжды выклікаюць недавер, — адказаў той.
Выдавала, афіцэр меў рацыю. Прамых прычын падазраваць не знайшлося, бо ўжо ў першыя дні на сваёй пасадзе Ансатаргалу здолеў перахапіць далёкую і невыразную трансляцыю, якая ішла з Уральскіх гор. Паведамленне абнадзейвала. Цалкам верагодна, што ў тых гарах хаваецца вялікая арганізаваная група дэманаў-уцекачоў, якія прагнуць прыспешыць падзенне імперыі. Сярод афіцэраў узнялося хваляванне. Каб жа яны змаглі мабілізаваць тыхуральскіх дэманаў! У нашых сіл тады будзе істотная перавага.
Колькі дзён пасля гэтага Ансатаргалу сказаў пра паведамленне з невядомай крыніцы: “Хачу сустрэцца кропка моцны саюзнік кропка табе варта прыйсці возера мару кропка такі і такі дзень на змярканні кропка”.
— Як такое можа быць, каб мы не ведалі, хто нам гэтае паведамленне даслаў? — запытала Эля, нервова мераючы крокам пячору дэманаў. Але Ансатаргалу толькі пашчоўкаў трыма сваімі папугайскімі дзюбамі і з павагай павадзіў галавой з боку ў бок, нібыта здымаў з сябе ўсякую адказнасць.
— He хадзі, Гілель. Гэта можа быць пастка.
— Якая такая пастка?! Калі месца сустрэчы знаходзіцца на нашай падкантрольнай тэрыторыі?!
— Усё можа быць.
— Калі гэта сапраўды моцны сябра, такую сустрэчу мне прапускаць нельга. Абяцаю табе, Элляш, усе захады засцярогі мы зробім.
Нягледзячы на заспакаенні Гілеля, Эля паехала разам з ім да месца сустрэчы, возера Мару, з цяжкім сэрцам. Мару разляглося сярод гор. Яно застыгла нейкім прыспаным вокам якога-небудзь сплюха, які з неахвотай глядзіць у неба. Чорныя і глыбокія воды злавесна і мудрагеліста адлюстроўвалі вершаліны прыбярэжных дрэў.
Схілы вакол возера выявіліся скалістыя і голыя — відовішча так сабе, але месца бяспечнае — тут немагчыма зладзіць засады. Лагер паставілі на беразе возера, бо сустрэча мусіла адбыцца ўначы. Эля з Гілелем блукалі ўздоўж берага па чорным пяску.
— He трэба было сюды прыходзіць! — паўтарала Эля. — Дурнота! Хто прыйдзе сюды позняй ноччу?
Гілель кінуў у ваду каменьчык-скакунок.
— Калі мысліць лагічна, то маеш рацыю. Але ў мяне інтуіцыя — сёння здарыцца нешта важнае, а інтуіцыя мяне падводзіць рэдка.
Камень падскокнуў толькі двойчы і пайшоў на дно, не пакінуўшы на вадзе колаў. Ужо згусцілася цемра, і ваяры запалілі паходні. Эля пазірала на кропкі святла, якія рухаліся ўздоўж азёрнага берага. Душу крануў сум. Гілель паклаў ёй руку на плячо.
— Элляш, табе не холадна? Вось, вазьмі маю накідку.
— He, я ў парадку.
— Але я бачу, ты калоцішся.
— Гэта ўсё мае думкі.
— Сумуеш па доме?
— Можа быць.
— Ведаеш, мы знаёмыя з гэтага лета, але ты ніколі не распавядаў, дзе нарадзіўся.
Эля падняла вочы на зоркі і пашукала стары добры Вялікі Воз.
— Ля майго дома рос персідскі бэз, на якім я пабудаваў нешта кшталту сховішча, у якім хаваўся, калі хацелася марыць і мроіць, што нікога, акрамя мяне, не існуе ў цэлым белым свеце. Але важнай часткай гэтага рытуалу было тое месца, калі я спускаўся праз некаторы час з бэзу, а на зямлі чакалі людзі, якія мяне любілі і паважалі.
— Зайздрошчу, — сказаў Гілель. — У мяне, напэўна, ніколі не было сваёй цацкі ці такой хованкі. Шаманы забралі мяне з бацькоўскай хаты дванаццаць гадоў назад. Мне было дзесяць. Мабыць, у мяне мусілі застацца прыгоды з таго часу, але мне іх усе пасціралі, каб я змог быць паўнавартасным Гілелем бэн Шахарам, сынам новага дня без усякіх успамінаў з мінулае ночы.
— Дык ты ведаеш, хто твае мама і тата?
— Мне забаронена ведаць. Бо шаманы вераць, што людскія сувязі могуць, барані божа, мяне аслабіць і ператварыць у лёгкую мішэнь для нашых ворагаў. Адзінае, што мне вядома, я — гібрыд. То-бок у маёй крыві цячэ два гатункі чараўніцтва. Мой бацька — прадстаўнік Гільдыі Варажбітаў, ад яго я атрымаў у спадчыну здольнасць карыстацца замовамі і заклёнамі. Мая маці мае дачыненне да Прорвы — дэман ці жанчына-чарадзейка. Таму маю адметны слых да чараў падземных сіл.
— Ты сапраўды перакананы, што, калі б ты памятаў Hernia са свайго дзяцінства, гэта б усё змяніла?
— Час ад часу, перад сном, перад маімі вачыма праходзяць вобразы і карціны. Я бачу ігрушу, якая тут, у гарах, не расце. Я гляджу на дрэва знізу ўгору, нібыта я — кату па пяту. Я сяджу на лужку, і сонца падаецца мне аграмадным шарам, недзе высока-высока. Іншым разам, уначы, мне мроіцца нейкая жанчына, недзе быццам з краёчку карціны, якая восьвось падыдзе, разрэжа грушу сваім складанчыкам і працягне мне сакавітую белую палову. Мне, вядома, хочацца верыць, што гэта карцінкі з майго дзяцінства, якія выслізнулі з-пад увагі шаманаў, а жанчына — мая мама. Ну тая, ведаеш, якая так не хацела адпускаць і потым нібыта пракляла. Аднак цалкам верагодна, што гэтыя вобразы — пустышка, прыдумка, гульні майго розуму. Хай там што, гэта ўсё другараднае. Адно ведаю, я — Гілель бэн Шахар, і мне трэба весці людзей да перамогі.
— Для мяне ты болыны за правадыра, — сказала Эля. — Для мяне ты яшчэ і ты сам.
— Дзякуй, Элляш. Прыемна чуць. Хоць у гэтым ніякага сэнсу няма. Ніводзін чалавек ніколі не цікавіўся, што было са мной даўней. Я існую толькі дзякуючы таму, што я Гілель.
Іх гутарка пакрысе згасала, гэтаксама як усе іншыя гутаркі ў лагеры. Усе наструнілі вушы, услухоўваючыся ў цішу, намагаючыся злавіць верагодны пошчак капыт. Але з наваколля не даносілася ані шолаху, апрача вухання савы. Месяц не з’явіўся, паходні згаслі, а попел ветрыкам адносіла на паверхню возера. Гілель пацепнуў плячыма.
— Напэўна, маеш рацыю. Ніхто сюды не прыйдзе.
У момант, калі гэтыя словы выляталі ў яго з рота, возера раптоўна захвалявалася. На паверхні вылупіліся бурбалкі. Крыніца бурлення знаходзілася проста насупраць іх, лічаныя метры ад берага. Аграмадныя белыя бурбалкі ўсё шпарчэй і мацней вырываліся з вады. Ваяры выхапілі зброю
і скіравалі на ледзяную ваду, якая, здавалася, закіпела. Аднак Гілель крыкнуў: “He страляць!”
Эль-Намір, як заўжды наструнены, выразаў нажом нейкае палена і краем вока сачыў да Гілелем і Элляшам, якія пахаджвалі па беразе возера. Калі вада пачала бурапеніць, то, напяўшыся, Эль-Намір выскачыў з-за скалы, пад якой сядзеў. Яго першым памкненнем было бегчы да Гілеля, паваліць яго на зямлю і засланіць целам. Але Гілель на мігах паказаў маўляў, стой, не рухайся. Відовішча, якое паўстала перад яго вачыма, уражвала і дзівіла ды суправаджалася зімовым пахам слоты, грымот і ўласцівым чараўніцтву наэлектрызаваным паветрам.
3 цёмных вод возера вылупілася істота, якая хісталася на тоненькіх ножках. Істота выглядала не менш уражанай за сваіх гледачоў, і Эль-Намір заўважыў, што небяспекі ў ім не больш, чым у аднадзённым цялятку (што па-ранейшаму не выключала небяспекі атручэння, ашуканства, выкрадання, зачаравання і здрады).
I вось ён перад намі, як пыл пад нагамі! Чужаніца працягнуў руку і паправіў навязаную на яго шыі вяроўку. Тую вяроўку вырабілі з шаўковай тканіны, і выглядала яна як нейкі такі модны аксесуар ці што... (Эль-Намір паднёс руку да горла і захрыпеў, падумаўшы, як такую вяроўчыну можна накінуць на ягонае горла шыбеніка.)
На чалавеку была брыдкая шэрая ці то куртка, ці то што, з якой капала вада. Пашыта вопратка была безгустоўна, але з дарагой тканіны, ды яшчэ такім чынам, што істотна скоўвала ўсе рухі чужаніцы (што ён будзе рабіць, калі трэба выцягнуць меч?). Куртку аснасцілі падушачкамі, які мусілі надаць плячам мужчынскага форсу, але на фоне ўсеагульнай скручанасці і нязграбнасці выглядалі недарэчна (ды які месапатамскі мужчына нацягне на плечы падушачкі, замест таго каб надзець тое, што дазволіць яму біцца?). Ратыф, які стаяў поплеч з Эль-Намірам, уперыў вочы ў залаты наручны
гадзіннік, сплюнуў і загергетаў нешта няўцямнае, убачыўшы таксама мокрую залатую самапіску, якая вытыркалася ў чужаніцы з кішэні курткі. У руках чалавек трымаў квадратны воданепранікальны кейс, які ён прытуліў да грудзей, як бацька сына. He мінула і секунды, перш чым стала ясна, што гэты чалавек сам не тутэйшы, уцякач ці прыхадзень. Тым часам госць прыляпіў да чэрапа свае рэдкія мокрыя валаскі і пайшоў у бок берага.