Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
* Гэтая Эля — тая яшчэ штучка! Годная дачка сваёй мамы-асірыялагіні.
Эля падсунула маладому гадзіннікаваму майстру элінізаваную форму іўрыцкага імені прарока Іллі (Эліягу) — Элляш (Эліяс). Дарэчы, у Беларусі Іллю ў некаторых мясцовасцях называюць Галляшам.
Мужчына абвясціў:
— Слухайма, што скажа Гілель бэн Шахар!
На вясковым пляцы запанавала ціша. Светлавалосы хлопец ускараскаўся на беражок студні. На яго скіраваліся вочы ўсіх прысутных.
— Я прашу ў вас, палонныя, прабачэння за тое, што мы вас скралі. Але выбару ў нас не было. Вы не прыйшлі б сюды з добрай ахвоты, бо верыце ў хлусню, якую ўлілі вам у вушы Варажбіты. Улада Гільдыі Варажбітаў апошнія сотні гадоў адно мацнела і цэментавалася, пакуль уся краіна не ператварылася ў нясцерпную дэспатыю. Варажбіты вызначаюць, дзе мы будзем працаваць, кім мы станем, з кім ажэнімся і нават што мы павінны адчуваць. Усё ў імя нашых душ, якія, як ім здаецца, яны ведаюць лепш за нас. Варажбіты выкарыстоўваюць Прорву, каб нас запалохаць. Каб працягваць сваю ўладу над намі да бясконцасці, пагражаюць нам Цёмнымі Плямамі.
— Дык што ты хочаш сказаць, Цёмныя Плямы — не шкодныя?! — папытаўся нехта.
— Яны шкодзяць — і яшчэ як, — ператвараюць душу ў скалечаную і спаралізаваную. Але ў смутку і прыгнечанасці небяспекі няма. Наадварот! Калі мы не будзем адчуваць змрочных граняў нашай душы, то страцім чалавечнасць. Роспач і расчараванне — гэта частка нашай людской сутнасці. Найвялікшая хлусня — гэта казаць, што калі вы будзеце змагацца з Цёмнымі Плямамі, то страціце шанц на вечнае жыццё. Клянуся вам, усё гэта — абсалютная лухта і хлусня.
Сярод палонных іірабег шэпт.
— Скуль ведаеш?
— Так кажуць нашы шаманы. Няма ніякай сувязі паміж Цёмнымі Плямамі і шанцам пераўвасобіцца ў новае цела. Наадварот, людзі, загартаваныя дэпрэсіяй і журбой, выгадуюць мацнейшыя гнуткія душы, што нагадваюць сталь і не руйнуюцца пры пераходзе з жыцця ў жыццё.
— Дык ты хочаш сказаць, што Прорва — добрая?
— He. Прорва — HE добрая. Але таксама HE кепская. Яна валодае магутнай не падкантрольнай нам сілай. Мы можам навучыцца жыць з ёй мірна поплеч, без войнаў і канфліктаў.
— “Прорва абрыне, Гілель загіне”! Так сказала спадарыня архіварыус! Ты скінеш Варажбітаў, але адкрыецца Прорва, якая знішчыць нас усіх.
Гілель не надта разгубіўся. Па ім было відаць, што чуе гэтае абвінавачанне не ў першы раз.
— Прароцтва — рэч харошая і старадаўняя. Але я веру ў тое, што бачаць мае вочы, і тое, што кажа рабіць маё cappa. А што я мушу рабіць зараз? Дбаць, каб прыйшла лепшая ўлада!
— А што з Левіятанам? Ён таксама не добры і не кепскі? Толькі выскачыць з прорвы і знішчыць нас усіх!
Гілель ашчэрыўся.
— Ну і дзе той Левіятан, якога ты так баішся? Пакуль што ніякага Левіятана няма. Ёсць толькі мізэрнае заняволенае жыццё, якое робіцца штохвіліны ўсё горшым і горшым.
— Мне акурат падабаецца мая маленькая заняволеная жытка, — прамармытаў Ратыф сабе пад нос. Але гэтая рэмарка не выслізнула ад чуйнага Гілеля.
— У вас будзе магчымасць вярнуцца да вашага звыклага жыцця праз паўгода. Але да таго мы возьмем вас у свае горныя лагеры і пачнём трэніраваць. Упершыню вы апыняцеся па-за межамі гільдый, якія вам прызначылі пры нараджэнні, а таксама пажывяце без жонак і нявест, якіх вам сасваталі Варажбіты, а таксама без татальнага кантролю за эмоцыямі. Праз паўгода кожны, хто захоча вярнуцца назад у свой горад да сям’і, атрымае палясоўшчыка, які правядзе яго назад дадому. Нікога гвалтам тут трымаць не будуць. Абяцаю. Але веру, што, калі ўплыў папярэдняга жыцця развеецца, вы палічыце за лепшае застацца з намі. Каб ваяваць за свабоду і чалавечнасць!
Ён пакрысе спусціўся з беражка студні і пайшоў між палоннымі, пытаючы іх імёны і адкуль хто прыехаў, выслухоўваў жарты і сам сыпаў досціпамі. А таксама казаў словы падтрымкі. Ён уздзейнічаў на палонных як наркотык. У яго прысутнасці яны рабіліся падобныя да сланечнікаў, што круцяць галовамі ўслед за сонцам. Калі Гілель падышоў да Элі, ён упіў у яе доўгі позірк і паклаў руку на плячо. Яе сэрца забілася мацней, і яна мусіла сабрацца з усімі сіламі, каб не пачырванець. Яна адчула, што яго позірк можа пратачыцца да самых глыбінь схаванай на дне яе душы праўды, цудоўнай праўды, якую абмінулі ўвагай усе астатнія.
— Як завуць? — запытаў Гілель.
— Элляш Эрэдскі.
— Ты мне падабаешся, Элляш. Ёсць у табе нешта адметнае.
Элі спатрэбілася некалькі хвілін, каб суцешыць шалёны пульс, які пачаў скаланаць яе цела. Вочы неадчэпна, адмаўляючыся расстацца з яго вобразам, беглі за Гілелем, які ўжо аддаляўся.
— Ёсць у ім нешта такое... — прабурчаў Ратыф. — Асцерагайся яго. Кажуць, ён гэтым сваім позіркам людзей... таго... гіпнатызуе.
— Мы сапраўды будзем жыць з ім у адным лагеры?
— Так ён сказаў.
— А табе не здаецца, што ўсё будзе цудоўна? У сэнсе, я меў на ўвазе, на некаторы час.
— Гм-м-м... Будзе некалькі сур’ёзных праблемак. Напрыклад, жанчыны.
— Што з імі не так?
— Ну, асабіста я не вялікі прыхільнік тыднёвай шчэці і паху поту. Я б лепей палюбаваўся якім-небудзь сімпатычным пупком.
— У нашым лагеры што, не будзе жанчын?
— Ты хіба не заўважыў, як выгналі маладзіц з вёскі? У месце, дзе знаходзіцца Гілель, жанчынам месца няма.
Эля адчула, што пазл не складваецца.
— А якая ў яго праблема з жанчынамі?
— 3 якой глухмені ты прыехаў? Добра. Да твайго ведама, ёсць чутка, нават павер’е, маўляў, Гілеля выб’е з сядла не вораг, а менавіта адрынутае каханне. Кажуць, што калі шаманы згледзелі ў ім яго дыяментавую душу і прыйшлі, каб яго забраць, то маці Гілеля пракляла шаманаў. Ён быў яе адзіным сынам, адзіным яе набыткам. Яна ў злосці сказала шаманам, што прыйдзе дзень, калі нейкая жанчына знішчыць іх і збэсціць усе іх планы, гэтаксама як шаманы знішчылі маці. Гілель закахаецца і тады згубіць той запал, які патрэбны, каб захапіць імперыю. Ніхто табе не скажа, гэта праўда альбо не і ці ў яго маці ўвогуле былі чарадзейныя сілы (шаманы, ясная рэч, як вады ў рот набралі). Але асабістая варта Гілеля шчыруе. Карае смерцю кожную жанчыну, якая зробіць яму вочкі. Як на мяне, дык гэта не жыццё, а абы-што. Я б з ім нізавошта не хацеў памяняцца месцамі, чур мяне! Які сэнс быць Гілелем Прыгожым, калі ў цябе не будзе поспеху ў дзяўчат?
— Ты кажаш, што яны караюць смерцю кожную жанчыну, якая заглядзелася на яго?
— Элляш, калі б ты быў дзяўчынай, і Гілель падышоў бы да цябе, як ён падыходзіў зараз, і сказаў табе пару ласкавых слоў ці адно адкрыў бы раток, каб сказаць, то — трах-бах, і галованька твая з плеч!
— Прама вось так адсякаюць галаву?!
Ратыф сяброўскім жэстам паклаў далонь на Эліна плячо.
— Табе няма чаго баяцца, дружа! Так, ты трохі далікатны нейкі, але ж не баба. I яшчэ дакажаш нам усім, што мужчына хоць куды.
Горны лагер месціўся на сто пяцьдзясят метраў ніжэй за ўзровень снягоў, у месцы, дзе бурлівая і напорыстая моц карлікавых дубоў і калючага татарніку ўпарта чапляецца за горны грунт. Але ж ночы надыходзілі сцюдзёныя. Эля прызнала выгоды выдадзенай ёй футравай камізэлькі і валёнкаў.
Яна ніколі не была дамаседкай, але цяпер адчувала, што змагаецца за сябе. На шчасце, у яе была аддушына — кампанія “адрынутых”, якая складалася з гадзіншчыка, некалькіх пісарчукоў, звольненага інжынера электрасільфідных трас, адмыслоўца-тэхніка па альматаскопах, цыніка, які пляваўся кіслай слінай, і яшчэ ўсякіх розных палонных, якія ўпершыню ў жыцці падышлі да турніка.
Эля ўжо навучылася ездзіць конна, плаваць, дужацца, страляць з лука. Больш за тое, у яе была важкая прычына знаходзіцца ў авангардзе. Страх, што выкрыюць яе пол, — вось што рухала ёй і не дазваляла задавольвацца на кожным этапе другім месцам. Эля бегала хутчэй. Вылучалася большай цягавітасцю, чым задыханыя мужчыны ў разрэджаным паветры. Яна на злом галавы кідалася з мячом у двубой з мужчынам, чыя вага пераважвала ейную ўдвая. Зазвычай Эля кампенсавала недахоп вагі і габарытаў большай гнуткасцю, рухавасцю і лютай упартасцю. Але сапраўднымі яе перавагамі лічыліся конная язда і стральба з лука. Яе лёгкае, жылістае цела як найлепш пасавала да спін занорыстых горскіх коней. Потым Эля эксперыментальным шляхам выявіла, што імі магчыма кіраваць пры дапамозе сцябання пяткамі. А вызваленыя рукі зоймуцца ўлюбёнай цацкай паўстанцаў — кароткім лукам, ціхай і смертаноснай зброяй. У хуткім часе Эля выславілася найлепшым снайперам роты навабранцаў і, чаго хаваць, зрабілася лепшай за шмат каго з дасведчаных ваяроў. Аднак гэтым яна не задаволілася і прысвяціла ўсю сваю ўвагу прадмету, якія выкладаў ЭльНамір, аўтарытэтны афіцэр з капой рудых валасоў, адмысловец па выбуховых рэчывах. Эль-Намір расказваў, як выбухаюць разнастайныя прыстасаванні, зробленыя з дэманскага парашку — рэчыва з моцным пахам, такі сабе эластычны жэлацін, якому можна надаць форму, як гліне ці пластыліну.
Эля дазналася, што гарачая фаза паўстання яшчэ не пачалася, але паўстанцы не гультайнічаюць, бо занятыя
партызанскімі падрывамі ў тыле варожага войска. Выбуховыя прыстасаванні з дэманскага парашку адпраўляюць у неба бажніцы, вайсковыя вучэльні, склады з медыкаментамі, а таксама фармакалагічныя лабараторыі. Самай жаданай мішэнню сталі альматаскопы ў вялікіх гарадах, але іх надта пільна ахоўваюць, таму аперацыі па іхнім знішчэнні досыць часта ператвараліся ў самагубныя рэйды.
Эль-Намір быў не з тых, хто сыпаў пахвалой, але яўна ставіўся да Элі як да выдатніка вайсковага навучання. Яна без страху збірала выбуховыя прыстасаванні, хоць дэманскі парашок тое яшчэ паскудства (гэта засведчыў выбух, які пакінуў у Эль-Наміра рубец на твары і адрэзаў частку правай рукі). У глыбіні душы Эля песціла надзею, што калі стане выдатніцай і ў падрыўной справы, то яе пашлюць выконваць заданне на тэрыторыі, якія кантралююць Варажбіты. Вось тады яна і дасць драпака! Але пакуль што нічога выразна не гаварыла, што Эль-Намір так задаволены сваімі кадэтамі, што гатовы паслаць іх на баявое заданне.
Удзень, калі яны займаліся дужаннем, коннай яздой, страявой падрыхтоўкай і спаборніцтвамі, Эля пачувалася адносна спакойна. Самае цяжкае чакала яе ўвечары. Паўстанцы жылі ў пячорах, сетка якіх сфармавалася прыродным спосабам. Іх уваходы выходзілі на паверхню на схілах горнага хрыбта. Але ніхто не заглыбляўся ў іх надта далёка. У пячорах хавалі аснашчэнне і харчы. А таксама рассцілалі спальныя скуры. Уначы сядзелі вакол вогнішчаў у вялікіх падземных галерэях, гатавалі, смажылі ўпаляванага вепручка, грэлі глінтвейн і вялі гутаркі. Вось менавіта ў такія гадзіны, на першы погляд больш сяброўскія і цёплыя, Эля была неабароненай, а таму — нервовай. Нібыта яе сакрэт штохвіліны мог выйсці наверх. Яна збольшага маўчала, каб не задавалі пытанняў, каб ёй не прыйшлося падаваць голас, які, здавалася, звінеў па-жаночы танклява (хоць іншыя лічылі, што ён