Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
Ёнатан, які ўжо ўзяў разбег і прыпусціў па завулку, спыніўся. Жабрак размаўляў як яго бацька. На хвіліну яму стала сорамна, што праз спешку ён забыўся аб сваіх прынцыпах і мэтах.
— Маеш рацыю.
Ён развязаў вяроўчыну на меху. У нос адразу ж ударыў моцны смурод.
— Рыба!
Яніс быў падпольным рыбаком. У меху ляжалі серабрыстыя лабраксы, свежыя малюскі, крэветкі, маладыя тыляпіі, ружовавокія барабулькі і яшчэ некалькі неапазнаных марскіх гадаў. Малады калека меў рацыю. Толькі пабачыўшы рыб, Ёнатан зразумеў, што трэба рабіць.
Ён зноў пабег па вуліцы, не шкадуючы расцягнутай нагі. Засталося яму пятнаццаць хвілін, і калі пашчасціць, то ён паспее. Ён запаволіў крок, толькі калі прыйшоў у памяшканне пошты.
— Дайце зайсці! — выдыхнуў ён ахоўнікам. — Хутчэй, майму гаспадару трэба перадаць тэрміновае паведамленне.
Яго завялі ў кантору сімурга. Ёнатан убачыў, як сыходзіць нейкая спадарыня з сонечным парасонам — мусіць, спадарыня Цукровы Амарыліс, — выходзячы ад дэмана з партрэтамі ўнучкаў у кашальку, яна цвіла і пахла. Сімург увагнаў ёй у спіну крыважэрны зірк. Убачыўшы Ёнатана, ён з цікаўнасцю стуліў вейкі.
— Шшшто ты тут робішшш?
Ёнатан памахаў мехам ад Яніса.
— Шшшто ў тттваім меху? — хітра прыжмурыўшыся, спытаў сімург.
Яго ноздры раздзьмухваліся, пазнаўшы пах.
— Ласунак. Калі дасі мне тое, што я хачу, то атрымаеш яго.
Ёнатан дастаў з меха залацістага вугра і паднёс, наколькі хапіла смеласці, да носа сімурга.
— Дддаййй мне яго! — шэптам загадаў стары дэман, гіпнатычна цвыркаючы, ад чаго кроў у Ёнатана застыла ў жылах.
— Спярша распавядзі, што ведаеш.
— Па шшшчырасці, вугроў я не вельмі...
— Хлусіш! Усе дэманы шалеюць ад рыбкі.
— Я не такі.
— Дык чаго слінка пацякла?
Падвойны язычок сімурга хутка выскачыў вонкі і злізаў кроплю вязкай атруты, якая цурком змяілася па вуснах.
— Ох, як ты мяне злуешшіп! Што, думаеш — самы хітры?!
— Калі не хочаш, каб я сышоў адсюль з мехам смакотак, гавары хутчэй. Дзе мне знайсці мае лекі?
— Гггаротнннік! Яны знаходзяцца ў руках значна магутнейшых за цябе сіл. Яны не задумваючыся пассссякуць цябе на кілбаскі.
— Але мусіць быць выйсце?
Сімург скасавурыўшыся на рыбку, замаўчаў і завуркатаў.
— Можа быць, — прызнаўся ён. — Але ж цябе сатруць у парашок значна раней.
— Мне пляваць. Я мушу паспрабаваць!
— Вввялікая бібліятттэка ў Ніневіі. Гэта твой адзіны шанц. Там захоўваюцца ўсе вядомыя звесткі пра свет. Там дазнаешся ўсё, што табе трэба. Усё, што турбуе тваё малое сссэрццццайка. Хоць, як па мне, шшшкаддда марнаваць час на недарэчныя лллекккі, калі можна даведацца, дзе ляжаць схаваныя ссскарбббы або як змяшаць смертаносныя атруты, якія дддасттаткова толькі ўдыхнуць.
— Як даехаць да Ніневіі?
— Гэта няпроста...
— Каліся!
Дэман, можа, і хацеў распавесці, але вочы абодвух адначасова скасавурыліся на дзверы, за якімі пачуліся галасы ахоўнікаў, што набліжаліся.
— Хутчэй, дай мне рыбку.
Ёнатан кінуў сімургу вугра, які паляцеў у паветры, бліснуўшы залацістай дугой.
Шыя сімурга зрэагавала надзіва спрытна: напялася і як бы выстраліла наперад. Рыбка вокамгненна патрапіла ў глытку. Калі дзверы адчыніліся, вугор ужо спускаўся па страваводзе, і наступная спадарыня, якая прыйшла, каб даслаць партрэты сваіх унучкаў, знайшла сімурга ў павесялелым настроі.
...А шостай вечара да парога белай вілы прыбыла калясніца. Яна прывезла з чыгуначнага вакзала прафесара Ксерксеса. Усе слугі, у сваёй новай уніформе, вышнураваліся ў дзве шарэнгі абапал чырвонага дывана, трымаючы ў руках галінкі мірту з белай квеценню.
Ёнатан згледзеў карлікавую постаць, што спускалася з калясніцы. Здзівіўся, што такі плюгавец апантаны такой моцнай і рызыкоўнай кулінарнай прагай. Шырыня прафесара перасягала вышыню. Цэлы батальён двайных падбароддзяў атачаў яго ад пуза да паголеных скроняў, паміж якіх быў заціснуты бліскучы дзіцячы тварык. 3 чутак, якія распускалі ў доме служкі, Ёнатан дазнаўся, што Ксерксес уганараваны
найвышэйшым імператарскім Знакам Пашаны за дысертацыю, якая абгрунтавана даводзіла, што малітва Мардуку падаўжае жыццё. Цяпер Ксерксес працаваў над трактатам, які навуковым шляхам даводзіў, што гнеў — заразная хвароба, якая перадаецца вірусам. Вірус атакуе нічыйныя землі, на якіх селяцца варвары, а таксама паражае анклавы з паўстанцамі. 3 гэтае прычыны варвары і паўстанцы заўжды гневаюцца на імператара. Адзіны спосаб знішчыць вірус гневу — зруйнаваць кублы паўстанцаў і пашырыць межы імперыі да межаў зямнога шара (Ксерксес у сваіх навуковых перакананнях трымаўся думкі, што ўсім нам патрэбная вайнушка, вялікая і ўсёзнішчальная).
Афіцыйны абед у гонар прафесара мусіў пачацца ў галоўнай зале на першым паверсе. Пазузу, які пад поўсцю ўсё яшчэ выглядаў бледным (Ёнатан прыбег роўна тады, калі з верхняй галоўкі гадзінніка высыпаліся апошнія пясчынкі), запаліў у каміне і зале зеленаваты агонь, які не грэў, але даваў прыгожае святло.
Усе порцыі ўжо стаялі ў кухні напагатове. Але Ёнатан ведаў, што тыя закускі, якія ён прынёс ад Яніса, пададуць прафесару Ксерксесу таемна. Яшчэ раней у офісе доктара на трэцім паверсе Ёнатан накрыў стол белым абрусам і сервіраваў яго срэбным прыборамі. Двое мужчын зайшлі туды, каб сёрбнуць аперытыву. Ёнатана прыставілі ім слугаваць. Ксерксес разваліўся ў скураным фатэлі, які заенчыў пад прафесарскай вагой. Прафесар з асалодай трушчыў рачкоў і ўмінаў за абедзве шчакі крэветак на шпажках. Ёнатан не мог адарваць вачэй ад яго шматлікіх падбароддзяў. Кожнае з іх пры гаворцы трымцела і варушылася ў сваім рытме. Прафесару было яўна па душы баяць пра самога сябе.
— Уяві сабе, Бульфус, не так даўно я вярнуўся з Малазгірта, што стаіць на поўначы ля возера Ван. Непраходныя горныя масівы, землі пад кантролем паўстанцаў і варварскіх
шаманаў. Цэлая вёска ля падножжа гор патанае ў чорнай жыжцы. Ты б бачыў гэтых нікчэмных! Ніякай пашаны да імператара. Падаткаў Мардуку не плацяць, ніякай павагі Варажбітам — дзіч і пустэча! Калі б усе грамадзяне ў імперыі сталі такімі — нам канец.
— Дык што ты зрабіў з імі?
Ксерксес, які ў гэты самы момант убачыў паднос з мідыямі, пачаў рабіць смактальныя рухі, хутка-хутка рухаючы губамі.
— Гм-м-м, твая ахмістрыня — цуд... Было надта позна — ім ужо нічога не магло дапамагчы. Я даў загад імператарскай гвардыі, каб зрабілі зачыстку паселішча. Усіх выправілі ў вялікі аздараўленчы лагер Ваал-Агрот. Там можна было выратаваць толькі малых дзяцей — мы прадалі іх у рабства.
— Мудра! Можна прапанаваць яснавяльможнаму смажаную ў масле барабульку?
— 3 прыемнасцю! Дарэчы, звесткі і вынікі, якія ты даслаў, — неверагодныя. Спадзяюся, ты нікому ні паўслова?
— Ну я ж не дурань.
— Так-так. Я дбаю пра цябе. I спадзяюся, ты не памыляешся. Ты ж не хочаш увесці мяне ў зман? I яшчэ спадзяюся, што я не зрабіў увесь гэты ўтомны шлях марна.
— Клянуся, не!
— I дзе той хлопец, пра якога ты казаў?
— Гэта ён.
Некрасептус паказаў на Ёнатана, які ўвіхаўся ў іх за спінамі. Падаваў сурвэткі, соль, кроіў белы хлеб. Ёнатан ад неспадзяванкі ўздрыгнуў. Што, няўжо ён — сапраўдная прычына нагэтулькі высокага візіту? Госць, трэба заўважыць, выглядаў здзіўленым не менш. Яго сківіцы знерухомелі проста падчас перамолвання філе барабулькі.
— Гэты хлопчык?! — Ксерксес паднёс манокль да вока. — Нешта нічога адметнага не бачу.
— Але гэта ён.
Некрасептус адамкнуў сейф і дастаў з яе пераплецены скурай нататнік, у які запісваў вынікі праверак і аналізаў Ёнатана. Навуковец стаў засяроджана той нататнік гартаць. На яго тоўстай рожцы збянтэжанасць і гнеў пачалі бесперапынна чаргавацца. Ёнатан некалі бачыў падобныя выраз твару ў Некрасептуса.
— He можа быць!
— Я таксама так спачатку думаў.
— Навукоўцы, якія даследавалі прароцтва спадарыні архіварыус, прыйшлі да адназначных высноў. Пустая і замкнутая прастора ўнутры душы знаходзіцца толькі ў аднаго з двух вялікіх мяшанцаў Схілу Дзён. Але гэты хлопец — яўна не адзін з іх.
Некрасептус роблена рассмяяўся.
— Ну, ясна — гэты недапечаны хлапчук не адзін з іх. Хаха! Кіраўнік паўстанцаў знаходзіцца недзе там у гарах, а другі — гэта яшчэ больш смяшней...
— Ціха!
— Ой, прабач, даруй! Сапраўды, я не маю ніякага права гаварыць пра таго, другога.
Некрасептус лісліва сагнуўся.
— Але ўсё роўна, тут у нас ёсць адметныя звесткі і вынікі. Таму я прыняў рашэнне гэтага хлопца грунтоўна абследаваць і зрабіць аналізы. Таму я і пісаў вам, выбітнаму даследчыку, з просьбай параіцца. Маю надзею, што мой будучы артыкул прыдбае мне месца ў першым шэрагу навукоўцаў імперыі.
Доктар Ксерксес падавіўся. Клюшні рака, якія ён вырашыў раскалоць зубамі, адпомсціліся і захраслі ў горле. Доктара задушыў моцны кашаль, ледзь адкашляўся.
— Пачэсны пасад сярод навуковай эліты? Дружа! Ты ведаеш, колькі ведаў ды інтэлекту гэта патрабуе?
Доктар Некрасептус пазмрачнеў.
— Ясна... Але ты не можаш адмаўляць важнасці гэтых звестак.
Каб падкрэсліць свае словы, ён ушчыкнуў Ёнатана за РУКУ-
— Можа, ты дашлеш свае “звесткі” ў кухню, каб ён прынёс нам яшчэ пляшачку гэтага цудоўнага віна?
Ёнатан падпарадкаваўся і спусціўся ў кухню. Калі вяртаўся з бутэлькай, то ўбачыў, што Ксерксес павесялеў.
— Марскія гады ў вашым Ніпуры — вышэйшы гатунак! — гергетаў ён ад асалоды. — Ведаеш, можа, я сапраўды змагу нешта для цябе зрабіць, даражэнькі Некрасептус. Можаш перадаць вунь тую васьміножку ў цесце?
Нешта ў перанасычаным асалодай голасе Ксерксеса спыніла Ёнатана. Замест таго каб завітаць усярэдзіну, ён прыклаў вуха да дзвярэй.
— Мая мара — быць у сталіцы шэфам паліцыі, — прызнаўся Некрасептус.
— Чаму не? Такому адданаму і сімпатычнаму службоўцу, як ты, заўжды знойдзецца вольная пасада. Але найперш мы мусім выбавіць цябе з гэтага клопату. То-бок ад твайго даследавання.
— Я прашу прабачэння, прафесар, я не меў паняцця, што ўсё так няпроста.
— Я заўжды кажу — нам не трэба даследаваць рэчы і з’явы, у якіх мы нічорта не разумеем. Надта небяспечна! У гэтым выпадку нам рызыкаваць нельга. Найлепшы спосаб даць рады гэтай сітуацыі — знішчыць яе. Твой журнал назіранняў трэба спаліць, і чым раней, тым лепей.
— А з хлопцам што?
— 3 хлопцам? 3 гэтым акурат проста. Мне падаецца, што ўвечары ён спатрэбіцца ў кухні для тваёй чароўнай ахмістрыні. Няхай! Гэта не да спеху. Пачакаем, пакуль ён памые на ноч падлогі і калі кухня будзе чыстай, ды проста дамо яму ўкол і прыкончым яго.