Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
Доктар з сільфамі адвёў яго з дэманам падалей ад непарадкаў на рынку нявольнікаў у Эрэду. Потым іх зацягнулі на вакзал імперскай чыгункі. Ёнатану па-ранейшаму было блага ад працэдуры (ён яшчэ не ведаў, што гэткае паскудства будзе вяртацца да яго кожны дзень). Галава боўталася, як паветраны шарык, і ўсе ягонае нутро поўнілася млоснай пустэчай. Яны з Пазузу падняліся ў прыватны доктарскі вагон, з густам і камфортам мэбляваны. Вагон выглядаў як сумесь алхімічнага кабінету і найноўшай медыцынскай лабараторыі. Падчас усяго падарожжа Некрасептус прасядзеў за працоўным сталом — нешта дыктаваў сам сабе і сам жа занатоўваў. Ёнатан драмаў, Пазузу аблізваў нагу і бурчаў. Сільфы, якім, відаць, адпачынак не патрабаваўся, стаялі ля дзвярэй вагона і пільнавалі палонных.
Ёнатан прачнуўся праз некалькі гадзін, калі замучаны дыхавіцай цягнік заехаў у Ніпур, горад, дзе жыў Некрасептус. Краявід з акна цешыў вока. Цяпер Ёнатан зразумеў, чаму рынак нявольнікаў знаходзіўся менавіта ў Эрэду, які ў параўнанні з Ніпурам глядзеўся беднай слабодкай. Камяніцы Ніпура стаялі атынкаваныя, а вуліцы глянцава блішчэлі парадкам. Віла доктара Некрасептуса патанала ў зелені мандарынавых і хурмавых дрэў і на першы позірк выглядала раем на зямлі.
На другі позірк высветлілася, што яна абкружаная шкляной сцяной пад электрасільфідным напружаннем (на гэтым словазлучэнні Пазузу з агідай сплюнуў).
На трэці позірк — ну так, на трэці позірк у поле зроку бесцырымонна ўлезла спадарыня Персікавы Бутон.
Дык вось. Дзверы белай вілы адчыніліся, і за імі замільгалі яшчэ адны. Але калі дзверы аддзяліліся ад вушака і пайшлі ім насустрач, Ёнатан скеміў, што гэта не дзверы, а жанчына, чые тулава, жывот і плечы сфарміравалі прастакутні абрыс.
Яна была апранутая ў белую свабодную туніку, з якой выпіналася мяккая і падобная да цеста плоць рук. Жанчына прамяніста ўсміхнулася, паказваючы неймаверна белыя і здаровыя зубы. Яе бялёсыя вейкі пырхнулі.
— Які цудоўны дзень! — вымавіла яна. — I гарачыні няма, праўда?
Ёнатан закашляўся. Яго маці ніколі не мела патрэбы ў пустых фразах пра надвор’е, каб разгаварыцца з новым госцем. Ёнатан адчуў, што страшэнна па ёй сумуе. Але разам з тым да яго прыйшла надзея — можа быць, гэтая жанчына будзе глядзець за ягоным здароўечкам? Яму патрабавалася ўся магчымая дапамога, і з досведу дачынення з маці, сваёй і чужымі, ён ведаў, што выклікаць спагаду і літасць — не надта цяжка.
— Я ахмістрыня доктарскага дому, вяду ў гэтым доме гаспадарку, — весела прадставілася жанчына. — Ад сёння я ваша начальніца.
Цудоўна, нарэшце! Ёнатан уявіў, як тая папікае Некрасептуса за нечалавечае абыходжанне і вось ужо грэе для Ёнатана ванначку з пенай, выцірае яго шорсткім ручніком, поіць цёплай какавай і кладзе спатачкі ў беласнежны ложак.
Але ў рэальнасці ў жанчыны такіх шляхетных намераў не назіралася. Яна абгледзела Пазузу і з агідай скрывілася.
— Начорта ты прыцягнуў гэтага трухляка? — з урачыстым дакорам спытала яна Некрасептуса. — Нахалеру ён мне такі?
— Ты ж заўжды казала, што табе трэба хатні дэман, Тэльма.
Доктар апусціў вочы, і Ёнатан са здзіўленнем пачуў у доктарскім голасе пакорлівыя ноткі.
— У імя веніка Астрэі! Далібог! Аб чым я думала, калі пагаджалася стаць ахмістрыняй у кастаправа-абадранца з рэгіянальнай дзюркі?!
— Тэльма, Тэльма, супакойся. Гэта часова. Пры першай магчымасці, абяцаю табе, я памяняю гэтага на больш сучасную мадэль.
Ахмістрыня ўздыхнула.
— Ну хоць хлопчыка я вазьму ў абарот. Мне заўжды не стае прыбіральшчыкаў на кухні. Ці казала я табе, малы Хасанчык памёр ад знясілення? Што творыцца з моладдзю сёння, з сучаснымі рабамі! Здыхлякі, як неданошаныя цыпяняты. He тое што раней...
— Пляваць на Хасана. Але гэтага беражы мне, прашу! Ты можаш яго браць у абарот, але памятай, ён мне патрэбны для вопытаў. Цалкам верагодна, што гэты хлопец стане маім прарывам, якога я так доўга чакаў.
— Мардук літасцівы, Бульфус! Яшчэ адна твая ідыёцкая ідэя? Мінулым разам гэта была экспедыцыя. Ты спрабаваў паслаць на нічыйныя землі групу, каб даследаваць заразныя хваробы, на якія пакутуюць тамтэйшыя варвары. Але адзіны тытул, які тады дастаў, — усеагульнага клоўна.
— Але ты ж ведаеш, мы мусім хоць неяк рухацца ў бок Вавілона? Ты ж не супраць, калі з гэтай халабуды мы пераедзем у новы раскошны дом? Ты ж не супраць сталічных прыёмаўі банкетаў, палітычнагаўплыву, бліскучай будучыні?
Персікавы Бутон уздыхнула.
— Добра-добра. Я буду з ім асцярожненька. Але шмараванне і глянцаванне падлог яшчэ нікога не забіла.
Яна сагнулася над Ёнатанам крукам. Прыжмурыўшыся, паглядзела на яго вачыма, такімі самымі выцвілымі, як вейкі.
— Божа, які выродлівы! Вушы, гляньце, нагадваюць ручкі каструлі. Ну хоць вочы ў яго больш-менш належнага колеру. Зеланавата-сіняватыя, уф, паскудства! Я заказала ў швачкі для ўсіх слуг блакітную ўніформу з залатой палоскай. Дык у яго вочы пад гэтую ўніформу. Выглядаць будзе першы клас!
Так ад моманту, калі яго нага пераступіла парог белай вілы ў Ніпуры, жыццё Ёнатана ператварылася ў пекла. Здавалася, Персікавы Бутон задалася мэтай звесці цёмныя плямы з усяго белага свету: з кубачкаў для гарбаты, з падлог, з прасцін, са скуры на сваім твары, з раскладу дня слуг і свайго ўласнага. Як загадчыца гаспадаркі галоўнага лекара-святара горада Ніпур, яна лічыла за абавязак быць нумарам адзін у барацьбе з дэпрэсіяй, гультайствам, брудам і чарнатой. Зазвычай яна песняй (і сцябаннем імяннога веніка па тварах) будзіла ўсіх слуг раніцай а палове на пятую. Згэтуль і аж да поўначы яны самі лёталі, як венікі. Ім загадвалі працаваць з усмешкай на твары, вітацца з кожным мінаком. А другой гадзіне дня, замест адпачынку пасярод пякельнай гарачыні, іх прымушалі выйсці на падворак для цімбілдынгу — патанцаваць і паспяваць у калектыве. Хто гультаяваў і нудзіўся — караўся з усёй суровасцю, бо нуда, гэтак паўтарала Персікавы Бутон, — матка ўсіх грахоў.
Нават цёмнай парой ахмістрыня ад слуг не адчаплялася. Штовечар рабіла ўсеагульны збор. Усе сядалі колам, і адзін са слуг мусіў чыстасардэчна прызнавацца, чаму ён шчаслівы працаваць у сваім калектыве, а таксама захоплена расказваць, што як трапіў на белую вілу, дык у той самы момант яго жыццё набыла сэнс.
Ахмістрыня сама была ў гуморы заўжды, нават у момант, калі накладала на слуг штрафы і пакаранні. Персікавы Бутон было не яе сапраўдным імем, а творчым псеўданімам, які ёй далі ў ніпурскай “Лізе Белых Кветак”. “Ліга Белых Кветак” мела на мэце падтрымаць уладу Варажбітаў і ператварыць гарадскія будні ў бясконцае свята аховы здароўя, весялосці
і асалоды. Бо ўсім вядома, што Цемра і Хаос безупынку робяць падкоп пад фундамент свядомасці, а жанчынам асабліва цяжка супраціўляцца гэтым варожым захадам, бо жанчыны схільныя ўпадаць у прыгнечанасць. Белыя Кветкі сіліліся давесці, што жанчыны — першародныя грамадзянкі, і пры дапамозе простых і адказных паводзін кожная хатняя гаспадыня можа зрабіць свой пасільны ўнёсак у барацьбу імперыі і зрасціць цёмныя расколіны ў грамадскай павестцы. Спадарыня Персікавы Бутон была старшынёй мясцовага філіяла “Лігі Белых Кветак”. Раз на месяц яна прымала ў сябе сябровак на лёгкі падвячорак (бясплатны буфет, шампань, ікебаны, парцалянавыя філіжанкі ў кветачкі, малакаларыйныя канапкі і піражкі, ну і гэтак далей па спісе), у гонар якога служкі мусілі цягнуць жылы дзень і ноч.
Ёнатан адчуў, што ў прысутнасці Персікавага Бутона сусвет скурчваецца, быццам яна прысабечвае да свайго агромністага цела ўсю прастору вакол сябе і пакідае яго выціснутым і запячатаным у вакуумнай запакоўцы. Ён прыгадаў, як пакой пашыраўся, калі ў яго заходзіла мама, і як у яе прысутнасці ён сам пачуваўся болып разумным і больш жыццялюбным. Ён быў расчараваны, калі зразумеў, што такія магнетычныя людзі маюць на яго вызначальны ўплыў ды могуць надаць яму імпэту, але могуць і наадварот — адняць яго. Ёнатан паабяцаў сабе, што калі ачомаецца, дык пачне развіваць сваю ўласную самастойную сілу ўздзеяння. Але пакуль такія сілы ў яго не развітыя, ён мусіць змагацца з бягучымі выклікамі.
I як быццам было мала аднаго Персікавага Бутона! Штодня Ёнатан мусіў праходзіць альматаскапічную праверку. Доктар Некрасептус хадзіў за ім па пятах. Штораніцы кіраваўся на працу са сваёй клінікі ў гарадскі храм. У кабінеце прымаў усіх грамадзян, у каго выявілі сімптомы хваробы Цёмных Плям. У каго хвароба толькі пачыналася, таму ўсё яшчэ можна было выпісаць лекі. Самае цяжкае — даць рады
хаосу, які заваёўваў душы хворых. Некрасептус выпісваў ім радкі на паперы — пацыент мусіў паўтараць іх перад люстэркам уголас.
“Я люблю сябе, я веру ў сябе, маё жыццё — каштоўная рэч і мае сэнс”.
Ад хворых патрабавалі адкінуць ад сябе думкі пра ўсё пагрозлівае, гнятлівае, займацца спортам і трушчыць свежую гародніну. Ім раілі садзіць нарцысы і заводзіць канарэек. Халасцякам раілі ажаніцца, бо шлюб абяцае радасць і прыносіць у жыццё сэнс, старым — часцей прыгадваць маладосць, бо маладосць абяцае радасць і прыносіць у жыццё сэнс. Але дзейнічала ўсё прыгаданае вышэй на адзінкі захварэлых. Большасць жа былі такія, чый стан заставаўся безнадзейны. Калі хворы выказвае глыбокую незадаволенасць сваёй сям’ёй і прызначанай яму гільдыяй, Некрасептус ужо ведаў, што перад ім — смяротна хворы. Вядома, Варажбіты зладзілі ў краіне такі ўнутраны рэжым, які мог сам рэгуляваць і прадухіляць непарадкі і хваляванні. Бо адна з асноўных прычын самых глыбокіх пакут чалавека — мулкае і даўкае пачуццё неадпаведнасці абранага для яго лёсу. 3 гэтай прычыны нельга пакідаць развіццё гэтых сімптомаў на самацёк.
Кожнае дзіця прыводзілі ў Школу красамоўства і мыслярства і там усебакова правяралі ягоную душу. Адмыслоўцы выносілі рашэнне: дзяўчынка або хлопчык далучыцца да Гільдыі Сакратароў, Механікаў, Пекараў ці да якой іншай гільдыі. Шкада, канечне, што не засталося Празорцаў, якія бачылі корань душы, аднак пры дапамозе статыстычных табліц таксама можна няблага размяркоўваць дзяцей па гільдыях. Адначасова вырашалася пытанне аб будучым шлюбе з роднаснай душой (у такіх выпадках мяшэчак залатых дынараў не быў залішні). Гэтыя гешэфты і дамовы мусілі гарантаваць, што імперыя будзе трывалай і квітнеючай. Некрасептус шчыра ганарыўся сваёй працай. Але рэчаіснасць даказвала, што няма мяжы чалавечаму смутку