Скрадальнік лекаў  Гагар Янай

Скрадальнік лекаў

Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
75.5 МБ
самым дне яго вачэй драмала нешта зусім незразумелае, ніякім чынам не залежнае ад якой пасады ці стану. I яно палохала Ніно найбольш.
Ніно падышла да Нсарадора. Яна была вымушаная пацалаваць яго пярсцёнак-пячатку, атрыбут дынастыі Ашпербошэта. Праўда, і Нсарадор, са свайго боку, быў вымушаны прыкласціся губамі да крыса яе плашча, бо Ніно пакуль што заставалася кронпрынцэсай.
“Дык захаваем гэты баланс сіл і надалей”, — падумала Ніно.
— Пачакай звонку, — загадаў Нсарадор Мімозе.
Ніно села на медыцынскі ложак. Унізе жывата змяіўся халадок. Развязаўшы касынку, Ніно адчула, як каштанавыя валасы, доўгія і ядвабныя, рассыпаліся на плячах і атулілі яе крылом апошняй абароны. Нсарадор узяў у рукі медыцынскі сакваяж і падышоў.
— Як пачуваецца Ваша Высокасць?
— Лепш чым калі.
— Калі так, дык расшпілі, калі ласка, блузку.
Яна расшпіліла гузікі і агаліла грудзі. Нсарадор прыціснуў да скуры статаскоп. Ніно ненавідзела гэтую сцюдзёную блямбу, якая шпіёніла за яе сэрцам. Але дотык пальцаў Нсарадора брыдзіў яшчэ болын. Са змрочным выразам твару Нсарадор слухаў удары яе сэрца. Ніводзін мускул не здрыгануўся на твары Ніно. Практыкаванні па чараўніцтве навучылі яе не выдаваць разгубленасці ці нямогласці, каб не трапіць у варожыя лапы. Нсарадор зазірнуў у горла, памацаў пад сківіцай шчытападобную залозу і пашнырыў па заплюшчаных павеках. Праз колькі хвілін спыніўся і зняў гумовыя пальчаткі.
— Чаму ты спыніўся, не аглядаеш мяне? — запыталася Ніно.
— Мы абое ведаем, што не трэба. У апошнія два месяцы я сачыў за табой. Такому дасведчанаму лекару, як я, не патрабуюцца аналізы, каб зразумець, што адбываецца.
Сэрца Ніно здранцвела. Яна малілася, каб Нсарадор не пачуў гэтага праз статаскоп.
— Што са мной?
— Ты дзяўчына разумная. Прыкідвацца дурненькай табе не пасуе.
3 грукатам, які прагучаў як удар судзейскага малатка, лекар-святар кінуў статаскоп на стол.
Нявыкрутка! Час раскрыць карты.
— Я паміраю?
— He ў трывіяльным сэнсе гэтага слова. Цёмныя Плямы не робяцца прычынай смерці, як мяркуе большасць людзей. Тваё сэрца працягне біцца, а мазгі працягнуць функцыянаваць.
— Дык чаго мне баяцца?
— Бо ёсць рэчы значна горшыя. Наша свядомасць нараджаецца ў той момант, калі яе заражае першародны грэх. Калі адбываецца ўразуменне сваёй смяротнасці, будучага нябыту, нявечнасці. Кожная свядомасць, якая асягне свае межы і абмежаванні, выяўляе, што яна бессэнсоўная і зыбкая. Але вера ў Мардука ратуе нас ад Прорвы, якая квапіцца на нашу душу. Калі ты капітулюеш перад Цёмнымі Плямамі, то памрэш зажыва. Жыццё ператворыцца ва ўтомную, нудотную і бязмэтную вандроўку.
Нягледзячы на агіду ў дачыненні да самога Нсарадора, Ніно выразна адчула, што сказанае Галоўным Варажбітам робіць уплыў.
— Я не пераймаюся за сваю наступную рэінкарнацыю, калі ты пра гэта, — сказала яна.
Нсарадор мякка ёй пасміхнуўся.
— Я кажу пра ГЭТАЕ жыццё. Мне будзе вельмі шкада, калі ты збаёдаеш яго. Бо, насуперак усяму, ты можаш быць шчаслівая.
— Мне не трэба шкадавання, — аскірзнулася Ніно. — Мы мусім абвясціць пра мой стан здароўя падданым імперыі?
—	He, Ваша Высокасць, абсалютна без патрэбы. 3 якое такое прычыны? Розгалас прывядзе да непарадкаў. Які народ пагодзіцца, што на яго чале стане хворая на Цёмныя Плямы імператарка?
Ніно ўпілася позіркам проста ў вочы лекару, намагаючыся не даходзіць да глыбіннага дрымотнага дна.
—	Дык, можа, гэта твой шанц. Ты зараз можаш зрынуць мяне і абвясціць дзіця, якое нарадзілася ў Саркітаі, спадкаемцам трона.
Нсарадор падышоў да акна. Кволае ззянне, якое пратачылася праз шторы, крыху расквеціла аліўна-змярцвелы колер ягонага твару.
— Я гэтага варыянту не адпрэчваю, — прамовіў ён. — Але хто дасць гарантыі, што тое дзіця будзе мець большую душу за тваю? Ты ж у курсе, што імператар ці імператарка — соль імперыі. Яны мусяць валодаць самай старадаўняй і аўтарытэтнай душой у сваім пакаленні.
— Я не адчуваю, што мая душа асабліва старадаўняя або аўтарытэтная.
Нсарадор ашчэрыў зубы.
— Песімізм. Журба. Згубнае адчуванне, нібыта ўсе хочуць прычыніць табе зло. Сапраўды — гэта ўласціва Цёмным Плямам. Яны сапраўды пануюць над табой, даражэнькая. Чаму ты думаеш, што я хачу табе нашкодзіць?
— Ты не хочаш?
— Вы, імператарская дынастыя, і мы, дынастыя Варажбітаў, — адна сям’я. У нас спляліся душы бацькі-Адмуэля і сына-Ашпербошэта. Я зычу табе найлепшага, бо ты частка мяне.
Ніно адвяла позірк ад яго вачэй і з пагардай зашпіліла блузку.
— Што ты будзеш са мной рабіць?
— Што за пытанне? — Нсарадор удаў што здзівіўся. — Я лекар. Вылекую цябе.
— Вылекуеш мяне?
— Так. Пра твой стан іншым ведаць неабавязкова. Нават твайму бацьку. Гэта будзе наш маленькі сакрэт.
Ніно адчула, што заблыталася. Нешта яна ўпусціла.
— Чаму ты хочаш вылекаваць мяне?
— Бо мая інтуіцыя кажа, што ты будзеш цудоўнай імператаркай.
Ягоная шчодрасць, безумоўна, утойвала схаваную пастку. Але якую?
— Мне давядзецца паехаць у аздараўленчы лагер?
— Не-не! Ты не сялянка з рэгіёнаў. Застанешся ў палацы.
Ён сеў на скураны фатэль за сваім пісьмовым, высечаным з цяжкіх парод дрэва сталом глыбокіх дыхтоўных адценняў, на якім адсутнічалі разьбяныя элементы. Адамкнуўшы, дастаў з шуфлядкі белы запячатаны флакон, зроблены з дзіўнага, не бачанага раней Ніно матэрыялу.
— Гэта што?
— Лекі. Вера — прымітыўная некіруемая рэч. Лекі дзейнічаюць паводле навуковых прынцыпаў. Наша імперыя кіруецца найноўшымі прагрэсіўнымі сродкамі. Лекі вернуць табе адчуванне спакою і шчасця, а таксама веданне, што ў жыцця ёсць сэнс і працяг.
— Ты хочаш, каб я гэта прымала?
— Тут дваццаць чатыры таблеткі. Па адной таблетцы ў месяц. Курс лячэння працягнецца два гады і скончыцца ў дзень твайго сямнаццацігоддзя.
— Як яно дзейнічае?
— Гэта неістотна. Скажам так, лекі раз і назаўжды прагоняць тугу, прыгнечанасць і сумненні. Ты пазбавішся пакут.
— Як я магу ведаць, што ты не хочаш мяне атруціць?
Нсарадор засмяяўся. У блакітным святле саламандраў бліснулі белыя зубы.
— Калі б я хацеў цябе атруціць, даражэнькая, то знайшоў бы прасцейшы спосаб. А зараз адкрый роцік.
Ніно ведала, што выбару няма. Калі адмовіцца глытаць таблетку, Нсарадор выдасць яе таямніцу бацьку і яна страціць шанц сесці на трон. Калі ўцячэ з палаца, дык, можа, і выратуецца ад таблеткі, але ніколі не стане імператаркай. I хто тады паклапоціцца пра імперыю? Што тады станецца з яе жыццём, якое пасля такога страціць свой адзіны сэнс? He, лепей рызыкнуць і выпіць таблетку, чым згубіць усё.
Ніно адчыніла рот і высалапіла язык.
Нсарадор даўгімі зграбнымі пальцамі дастаў з флакона таблетку. Імгненне пагуляўся з ёй на далоні і паклаў Ніно на язык.
— Глытай! — загадаў ён і працягнуў ёй кубак вады.
Ніно праглынула.
— А зараз я мушу быць пэўным, што такая вынаходлівая дзяўчына, як ты, не схавала таблетку пад языком, каб потым яе выплюнуць.
Ён наблізіўся, растуліў пальцамі яе губы і пхнуў у сярэдзіну палец. Пачаў шныпарыць: мацаць язык, дзясны і нутро шчок. У пальца быў горка-салодкі смак лакрыцы. Палец быў сухі і халаднаваты, як луска змяі. Ніно адчула, што восьвось страціць прытомнасць.
РАЗДЗЕЛ 6
РАЧНЫ ВУГАР I ПІРОГ 3 ВЯРШКАМІ
Ен павінен знайсці лекі. Хоць бокам, хоць падскокам. Ён павінен вызваліць Элю з рук выкрадальнікаў, а потым знайсці дарогу ў свой сусвет. Там, пакуль не позна, вылекаваць маму і апекавацца бацькам. Гэткія думкі неадчэпна праследавалі Ёнатана. Яны, праўда, былі цьмяныя і не мулялі штохвіліны, але круціліся ў яго галаве пагрозлівымі ценямі. Зморанасць і млосць змяшаліся да стану туману. Ёнатан пачуваўся бы безвылазна жыве ў кепскім сне, які доўжыцца тыдні і нават месяцы.
Ён дакладна не ведаў, што яго гняце і што рабіць далей. Адно ясна — патрапіў у нерат, ні ўзад ні ўперад. У яго не стае змогі вылузнуць з гэтай нявыкруткі.
...Ёнатан стаў на нацёртыя да болю калені, глянцуючы анучай кухонную падлогу доктара Некрасептуса. Галава гула. Увушшу стаяў звон, вочы вось-вось мусілі лопнуць, як пераспелыя вінаградзіны, а страўнік бурчэў марскім прыбоем. Дакладна з такім адчуваннем хлопец прачынаўся кожны божы дзень цягам апошніх трох месяцаў.
Можа быць, сёння яму адменяць праверкі і ён здолее крыху ачомацца.
Ён убачыў, як з іншага боку кухні да яго паволі падпаўзаў Пазузу, чысцячы падлогу са свайго краю і трымаючыся падалей ад нервовых кухарак, што лёталі вакол, як жару ўхапіўшы. Нагу дэмана прыкулі да кухоннай сценкі тоўстым жалезным ланцугом, і гэта яму ніколькі не падабалася. Ён корпаўся ў куце. Узлаваны, адплёўваўся.
— Далікатны і сакавіты тунец, — мармытаў пад нос дэман. — Ружовае і сакавітае філе стронгі. Тыляпіі, лянівыя і тлустыя, як індычкі. Кальмарчыкі — абліжаш пальчыкі. Маладыя касякі барабулькі, што выскокваюць з каструлькі...
— Пазузу, ты там у парадку?
— Мой рот...
Ёнатан убачыў кіслую міну на твары дэмана і рабрыны, якія выпіналіся ў яго пад шорсткай. Пазузу паварушыў крылцам.
— Вазьмі сябе ў рукі, Пазузу. Прынамсі, хоць зрабі выгляд, што працуеш, інакш ты ведаеш, як за гэта караюць.
— Як я магу працаваць, калі мой жывот бурчыць, як глотка Асмадэя?
— Я таксама галодны.
— Прабач, можа табе ўдасца схапіць там пару інжырын? Я ўпэўнены, што нікому яны не патрэбныя.
Ёнатан зірнуў на купку фіялетавага інжыру, з якога склалі на срэбным падносе зграбную піраміду, а побач паклалі нарыхтаваныя да вечаровых святкаванняў слодычы і прысмакі.
— Я думаў, дэманы ненавідзяць садавіну.
— Клянуся бегемотам, на бязрыб’і і кілбаса крэветка! Але ты маеш рацыю. Праўда, апошні раз я бачыў карпа шэсцьсот семдзесят восем гадоў назад*.
На Блізкім Усходзе — напрыклад на берагах Тыгра ў цяперашнім Іраку — дагэтуль ладзяць сакавіцкае ўрачыстае паяданне рачнога карпа. Свята вядзе свой радавод ад сумерскіх святкаванняў веснавога паўнаводдзя і нерасту.
Ёнатан ужо ведаў, што рыба ў імперыі пад забаронай. Імперыя жахалася ўсяго, што можа выскачыць з глыбінь або хоць трохі нагадвала Прорву. Нават адкрытыя прасторы, а таксама колеры шэра-сіняга адцення не віталіся. Таму вулкі ў Ніпуры былі вузкія і кароткія, як у лялечным горадзе, кватэры нашпігаваныя мэбляй і дэкаратыўнымі шэньдзікамі-брэньдзікамі, а сценкі і вопратку фарбавалі ў ружовае, белае, жоўтае і блакітнае. У першы дзень Ёнатану падалося, што віла доктара Некрасептуса прыгожая і бездакорная, нібы сышла з турыстычнай паштоўкі, але цяпер яе саладжавая расфарбоўка выклікала толькі агіду.