Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
Вавілон пах дажджом і прыгодамі. Нават ягоны смурод быў прыемней за смугу палацавага фіміяму і інтрыг. Ніно адчула, як сэрца трапечацца маладым матыльком, які выцярэбліваецца з кокана на волю. Нечаканая свабода, што пульсавала цяпер у ейных жылах, на пару з бабульчыным голасам упрошвалі, умольвалі, каб яна паслала да ліхаматары манаршы статус і рэпутацыю і дала з палаца драпака.
Але Ніно стрымалася і пакінула дзікі покліч продкаў без увагі. Яна, зрэшты, кронпрынцэса. Кожны момант яе жыцця — падрыхтоўка да будучай пасады. Яна не мае намераў так лёгка ўсё перакрэсліць.
Ніно паблукала па завулках, паміж вогнішчаў і абадраных бесхацінцаў, абследавала вірліва-гаманлівыя рынкі. Наведала абмытыя дажджом і асветленыя паходнямі крамы. Спярша не наважылася адкрыць рота, бо акцэнт гаворкі выдаў бы яе. Прыслухалася да размоў і сабрала ўсе абрыўкі пачутага. Толькі на трэцюю ноч Ніно змагла знайсці краму, дзе можна было купіць сутонлівы акуляр.
Крама выявілася невялічкім катухом у самым канцы шэрага мясных латкоў. Дзверы хаваліся за крукамі, на якіх віселі кавалкі ялавічыны. Які сутонлівы акуляр ні вазьмі, кожны — сэканд-хэнд. Паламаны, ці патрэсканы, ці парэпаны, стары, ці проста нікчэмны. У кожнага, хто не валодае чараўніцкімі здольнасцямі, гэтая крама нараджала думку пра банальны антыкварыят, такіх на кожным блышыным рынку — чортава гібель. Стары гандляр насіў завэдзганую кепку з дапатопных часоў, на яго воку была нашлёпнутая лінза ад тэлескопа, пры дапамозе якой ён правяраў прынесены на рэалізацыю тавар. Гандляр у імгненне вока сцяміў, што Ніно — патэнцыйная пакупніца, і адразу намысліў ашукаць яе. Ён так і сяк пераконваў яе набыць запэцканы, звязаны кручком абрус, запэўніваючы, нібы той — першакласны сутонлівы акуляр. Ніно сваіх умельстваў выдаваць не хацела, там вырашыла ўдаваць за тупіцу.
— I што я буду з ім рабіць? — запытала яна як добры дурань.
— Тое самае, што робяць з кожным акулярам, шаноўная паненка. Праз яго ты факусіруеш сваю душэўную моц — гэтаксама як праз лінзу зрок — ды злучаешся наўпрост з Прорвай.
— Але ж гэта незаконна, так? Кара за такое — аздараўленчы лагер або смерць.
— Правільна, дзіцятка-разумнятка, гэта табе не хухры-мухры. Таму гэты абрус будзе каштаваць табе пятнаццаць залатых дынараў. Да таго ж ён універсальны. Ты можаш выкарыстаць яго таксама ў якасці звычайнага кухоннага настольніка і падаваць на яго вячэру для мамуні і татуні.
— Але гэты акуляр, мусіць, небяспечная рэч?
— Патрапіла ў самае вока, о наймудрэйшая з дачок! Адзін раз памылішся — сілы Прорвы зробяць з нашай разумняткі катлетку. I тады крычы-лайся.
— Але ШТО гэты абрус умее рабіць?
Цярпенне гандляра пры сустрэчы з такой дурнічкай лопнула.
— Абрус сам нічога не ўмее! Сам па сабе ён кавалак тканіны. Забудзься на казкі пра дываны-самалёты і палачкі-выручалачкі. Сутонлівы акуляр сам па сябе бескарысны, у ім нічога няма. Ён толькі факусіруе тваю ўнутраную сілу, узмацняе і далучае яе да цёмных стыхій. Таму самае важнае для сапраўдных вядзьмарак — гэта трэніроўкі і практыкаванні, а не нейкі там акуляр, хай сабе і сутонлівы.
— Калі гэта так, дык чаму ў вас адны экзэмпляры даражэйшыя за іншыя?
Гандляр страціў да кліенткі ўсякі інтарэс.
— У кожнай краме ёсць тавары прэміум-класа. Гэта спаконвечны закон гандлю. Скажам так, адзін акуляр факусіруе якасней за другі.
Падчас размовы Ніно паклала вока на ракаўку, якая валялася ў шуфлядзе сярод гары танных ланцужкоў, пашчыпаных
пёрак, ланцэтаў, запарнікаў, устаўных зубоў і нават імпартных парыкоў. Але, без сумневу, ракаўка была ў краме самай магутнай рэччу. Вядомы факт — у марскіх рэчаў болын карысці для чараўніка, які хоча засяродзіцца на глыбінях.
Залацісты бурштын — нішто сабе варыянт, зубы бегемота і чэрап васьмінога — талковыя штучкі, косткі дэльфіна — слушны выбар. Але чорны бурштын з мазгоў кашалота, рэдкі і каштоўны, — верх усіх вярхоў, які можа стаць найлепшым сутонлівым акулярам. Ды ўсяго пералічанага ў гэтай убогай краме не знаходзілася. Толькі ракаўка, чыіх пераваг гандляр нават не заўважыў. Ніно патаргавалася за нітку штучных перлаў, а пасля, не прыцягваючы збыткоўнай увагі, купіла ракаўку ўсяго за два дынары. Аж да сённяшняга дня ракаўка была ейным самым удалым набыткам, моцным сутонлівым акулярам.
У старажытнай кнізе, якую яна знайшла ў бацькавай бібліятэцы, пісалася, што кожны прадмет, які мае для пэўнага чалавека асабістую каштоўнасць, можа ўжывацца ў якасці сутонлівага акуляра. Пры дапамозе акуляра, усё роўна як пры выкарыстанні музычнага інструмента, мы быццам граем на струнах сваёй душы. Калі Ніно як след засяроджвалася на сваёй ракаўцы, то магла граць, нібыта на скрыпцы, і трансліраваць праз яе запаветныя жаданні. I тады магутны, схаваны ад яе і іншых вачэй аркестр адгукаўся ёй з самых нетраў.
Калі ў дачыненні да каго-небудзь вы адчуваеце варожасць, то сутонлівы аркестрык акуляра затапляў таго чалавека струменямі музыкі, якая несла шкоду. Гэткія дзеянні — самы пашыраны тып чараўніцтва, бо гнеў, нянавісць і зайздрасць — самыя лёгкія для факусіравання пачуцці. Болып прасунутыя вядзьмаркі, ясна, маглі выклікаць абсалютна любое пачуцце, унушыць жаданне ці зрабіць нагавор. Яны маглі прымусіць скалу плакаць, матылькоў — закохвацца, вежы — лунаць у паветры, а старым людзям прыгадваць, як яны ўпершыню
пакаштавалі вішні. Чараўнік станавіўся віртуозам не дзякуючы музычнаму інструменту, а праз свае ўмельствы. Але нават самаму адоранаму музыку заўсёды патрэбны інструмент. Гукі, якія вылятаюць з флейты, ніяк не падобныя да ўзнёслай музыкі, якую вывяргае аграмадны арган. Ракаўка Ніно была такая ж карысная, як губны гармонік, маленькі і танны. Пры яе дапамозе будзе цяжка зладзіць дастаткова моцнае чараўніцтва, каб адцягнуць увагу такога спрактыкаванага лекара-святара, як Нсарадор. Але на сённяшні дзень у яе руках не было нечага лепшага і больш моцнага.
У дзверы пастукалі.
— Нін-Урмуз, ты тут? Я ўжо гадзіну шукаю цябе.
Гэта была задыханая ад пад’ёму па сходах Мімоза.
— Сонечны гадзіннік у садзе паказвае поўдзень, нам трэба ісці ў бажніцу Мардука.
— Хвілінку, Мімоза. Я пераапранаюся.
Ніно ўздыхнула і азірнулася, бы пыталася ў некага, адкуль прыйдзе збавенне. Вялікія праблемы пачаліся амаль адразу пасля пакупкі ракаўкі, то-бок два гады таму. У той перыяд яна прысвячала ночы вывучэнню чараўніцтва і магіі, а раніцай пазяхала, падчас цырымоній бессаромна вадзіла носам перад лекарамі-святарамі. Аднойчы Ніно згледзела, як Нсарадор упіўся ў яе зласліва-атрутным позіркам. Тут не магло быць двух меркаванняў: павадыр Варажбітаў шчыра брыдзіўся яе і пагарджаў ёю. Нягледзячы на сваю маладосць, Ніно скеміла і ўвесь час трымала ў галаве, што Варажбіты здольныя паставіць падножку і збэсціць ёй жыццё. Магічныя практыкі навучылі яе паважаць ворага і асцерагацца яго. Перш чым пачаць есці, яна стала абнюхваць ежу, штовечар перакульвала прасціны, каб упэўніцца, што там не схавалася змяя ці атрутная рапуха. Праўда, збольшага разлічвала на Кіра і не расставалася з ім. Яго колісь надрэсіравалі на дзікоў, але ў іх адсутнасць Кір быў не супраць упіцца зубамі ў якога-небудзь іншага звяругу.
Нягледзячы на ўсе засцярогі, выявілася, што Ніно была неспрактыкаванай у дыпламатычных выпадах.
Удар, які абрынуў на Ніно Нсарадор, прыйшоў у абгортцы падарунка. У гонар святкаванняў надыходу вясны Нсарадор абвясціў яе бацьку, што знайшоў для імператара бездакорную служанку-наложніцу. Яе клікалі Саркітая, яна была нааміткай. Колер яе скуры быў амаль што чалавечы, пад ёй адно зіхцела блякла-фіялетавая рабізна. Наамітка выглядала як стаадсоткавая жанчына, хіба прыгажосць яе была выключная, звышчалавечая. Бацька захапіўся Саркітаяй асабліва пасля таго, як высветлілася, што адна з яе бабак была жанчынай (бацька заўжды любіў мяшанак, ці, як іх называлі тут, — гібрыдаў, з горыччу падумала Ніно). Да таго ж Саркітая трымалася сціпла і стрымана, што нааміткам было неўласціва. Заўважалася, што наложніца са скуры вылузваецца, каб патрапіць імператару ў ласку. Нсарадор выдрэсіраваў яе дзеля гэтага як след.
Як некаторыя падкія да слодычаў, гэтак імператар Белшацар раздражніў свой апетыт да новай служкі-дэманіцы. Кожную вольную хвіліну патрабаваў, каб яна знаходзілася побач, і Ніно з сумам канстатавала, што нават тыя асобныя мінуткі, якія бацька раней прысвячаў ёй, цяпер выпарыліся ранішнім туманам. Усе ведалі, што Саркітая шпіёніць для Нсарадора, а таксама актыўна ўмешваецца ў дзяржаўныя справы. Ніно зразумела, што Белшацар адурманены прыгажосцю Саркітаі і забыўся на яе маму.
Ніно пачувалася прыгнечанай. А можа, гэта было пачуццё раптоўнай даросласці, якая знянацку, літаральна за лічаныя месяцы, уварвалася і зблытала ўсе карты? Ніно канчаткова ўсвядоміла, што кожны дзень свайго жыцця яна будзе вымушаная змагацца з жудаснай небяспекай сам-насам, а бацька-імператар і пальцам не кіўне, каб яе абараніць.
Пакуль яшчэ не да рэшты ўсведамляючы глыбіні ямы, у якую патрапіла, Ніно намагалася схаваць змрочныя думкі,
а свой паганы настрой маскіравала шчырай усмешкай. Але стала ясна, што бадзёрасць і ўдаваны аптымізм — не яе фішка, бо шумныя кампаніі яе пачалі гнясці. Таму большасць часу Ніно бавілася ў садах, назірала за пакрытымі шклянымі каўпакамі фантанамі. Вада пасавала яе тужліваму настрою. Прынцэса магла глядзець на фантаны гадзіны навылёт, цешыцца хараством, зменлівымі струменямі, а таксама — чаго хаваць! — дзіўнай узрушанасцю ад ведання, што з іх мусіць выскачыць, вылецець нешта змрочнае і нязнанае (і адразу напаткаць перад сабой шкло).
Паўтара года ёй здавалася, што згаслую прагу жыцця ўдаецца схаваць ад чужых вачэй. Сямейнікі імператара не абавязаныя правярацца на альматаскопе. Ёсць іншыя, больш складаныя і далікатныя працэдуры, якія патрабуюць прысутнасці вярхоўных Варажбітаў-адмыслоўцаў. У Ніно ў асабістых лекарах хадзіў Нсарадор, старшыня ўсіх медыкаў імперыі (цягам стагоддзяў Галоўны Варажбіт быў сямейным лекарам Адмуэлевай дынастыі). Калі яго і тузалі дэманы сумневу, то сваіх падазрэнняў ён ніколі не выказваў.
Аднак тры месяцы назад, прыблізна на яе пятнаццаты дзень нараджэння (так, яна змагла пратрымацца цэлых пятнаццаць гадоў!), па палацы папаўзла чутка. Шапталіся, маўляў, Саркітая нарадзіла ад імператара. Двор стаяў на вушах. Можа, дзіця ўпадабанай наложніцы заменіць кронпрынцэсу? Можа, чакаецца новы спадкаемца трону? Навіны зрабілі на Ніно гнятлівае ўражанне. Смутак расцёкся па ўсім целе, затапіў душу. Цяпер ён патрабаваў сабе ўсю яе ўвагу.