Скрадальнік лекаў  Гагар Янай

Скрадальнік лекаў

Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
75.5 МБ
парашкі, рэцэпты якіх прапаноўваў у сваіх кнігах ВаалМаркод. Напрыклад, парашок на аснове залатога пылу, які саскрэбвалі з карэньчыкаў філасофскіх кніг і дадавалі туды выразаныя з найлепшых лірычных зборнікаў радкі. Бэла выявілася прыязнай жанчынкай, значна прыемнейшай, чым падалося на першы позірк. Ёнатан зразумеў, што галоўная яе праблема — сарамлівасць. Зрэшты, ён рашыўся пасвяціць яе ў сваю таямніцу і распавёў пра нататнік Некрасептуса.
Бэла Глюк моцна зацікавілася. Яна няспешна стала вывучаць нататнік пры дапамозе лупы, нават занатавала сабе некалькі сказаў. Яна папрасіла Ёнатана пакінуць нататнік на тыдзень, каб яна змагла паказаць спадарыні архіварыус (калі тая будзе ў настроі, вядома). Калі Ёнатан вярнуўся да сакратаркі ў офіс, Бэла выглядала сур’ёзна і ўрачыста. Яна падрыхтавала цэлы стос аркушаў і чытала пытанні з іх.
— Ці ж адзін з тваіх бацькоў сябра Гільдыі Варажбітаў?
— Ды не, — са здзіўленнем адказаў Ёнатан.
— Ці ж нехта з тваіх бацькоў мае крэўныя сувязі з Прорвай?
— Ды не думаю. He!
— Цікава. У нататніку напісана, што ты гібрыд, MamaHep. Усё роўна як Гілель бэн Шахар, чыя зорка блукае паміж цемрай і святлом. Ці ты чуў калі-небудзь аб прароцтве архіварыуса? Яно кажа, што толькі той, у чыіх венах бруіцца кроў як смяротных Варажбітаў, так і Прорвы, зможа сесці на трон імперыі і стаць каралём-вызваліцелем. Насамрэч, калі я разумею, што тут напісана (але цалкам гэта можа зразумець, ясна, толькі спадарыня архіварыус), нататнік кажа, што Гілель бэн Шахар — гэта ты.
— Я?! — сківіца ў Ёнатана ад здзіўлення адскокнула. — Я думаў, Гілель жыве ў гарах і што ён — павадыр паўстанцаў.
— У год твайго нараджэння шаманы-вешчуны знайшлі дзесяцігадовага хлопца і нібыта ўбачылі ў ім пераўвасабленне магутнай “дыяментавай душы”. Гэтаму хлопцу сёння дваццаць два. Малады, а спелы. Ён верхаводзіць над паўстанцамі.
Але невядома, ці ж шаманы мелі рацыю з яго выбарам. Яны не правялі з Гілелем альматаскапічных праверак і нікому не паведамілі, як выглядае яго душа. Вось бачыш, у якія праблемы залазяць тыя, хто адмаўляецца верыць у навуку?
Ёнатан яшчэ не ачомаўся ад пачутага.
— А што, калі я Гілель?
Бэла Глюк зняла акуляры.
— Тады, залаценькі, цябе чакае шмат-шмат працы. Табе давядзецца перайначыцца.
— А што азначае тое, што ў маёй душы ёсць пустая і замкнутая камера?
— А зараз пяройдзем да горшых навін. Даведацца, штб менавіта хаваецца ў тваёй душы, — няма як. Яна — скрыня з сюрпрызам. Можа быць, ты — Гілель бэн Шахар, або, і я гэтага не выключаю, ты — яго канкурэнт.
— Канку... што?
— Другі Вялікі Мяшанец. Але ж гэта смеху варта і проста немагчыма.
— Хто ён?
— Ну-у, яго клічуць... Яго імя... гм-м-м... Ат, няважна.
Ёнатан палічыў за лепшае апошнюю фразу Бэлы з памяці сцерці.
— Я не хачу быць ні першым, ні другім.
— Добра, але ёсць немалая верагоднасць, што я ўвогуле памыляюся. Яшчэ больш шанцаў — што памыліўся той правінцыйны лекар, Некрасептус.
— Хто гэта дакладна можа сказаць?
— Тая, У Якой Усе Адказы, — урачыста прамовіла спадарыня Глюк і рукой паказала на зачыненыя дзверы за сакратарскім сталом.
РАЗДЗЕЛ 10
ПАДАРОЖЖА ПРАЗ МОРА
Ніно сядзела на невялічкай кафедры ў зале Галоўнай бажніцы Мардука і чакала пачатку цырымоніі. Яна глядзела ў высокія вокны, на якіх красаваліся каляровыя вітражы на сюжэты з гісторыі Стварэння свету. Яе позірк упіўся ў вітраж, на якім Адмуэль і яго сыны вымаўляюць першыя словы. Словы луналі ў паветры, ператвараліся ў дўшы, вярталіся з зорак у выглядзе дажджу празрыстакрылых стракоз, да якіх з кранальнай прагай людзі цягнулі рукі. Праз карціну ў залу лілося нязыркае, прыгожае святло ды макіяжам клалася на твар. Ёй захацелася паляжаць у ложку, схаваць твар сярод падушак і паплакаць. Ніно адчула сябе маленечкай, сціснутай і паўжывой, нібыта нехта працяў шпількай страказу, якая пырхала ўнутры яе, і тая скурчылася і памерла.
Мінуўся год ад моманту, як яна праглынула першую таблетку Нсарадора. Ёй цяпер шаснаццаць. Уплыў таблеткі на душу нагадваў навалу ледавіковага перыяду, які пакрысе, але няўхільна захоплівае ўсе кантыненты. Кожны раз, калі Нсарадор клаў ёй на язык чарговае белае каліўца, Ніно адчувала, як ад яе адвальваецца яшчэ адзін кавалак. Цягам года яна страціла ахвоту да ўчынкаў, якія
раней уцягвалі яе ў праблемы. Яна закінула свае сакрэтныя заняткі па чараўніцтве — тыя цяпер выглядалі нецікавымі і непатрэбнымі. Перыяды кепскага настрою зніклі. Ніно стала прыязная і ветлівая, пазбавілася самастойнага меркавання і прагі прыгодніцтва.
— Мімоза! — звярнулася Ніно да нянечкі, якая давала адпачынак свайму целу на кушэтцы паблізу. — Думаеш, я памянялася?
— Пасталела, увабралася ў пер’е, мая ты высокасць. За апошні год ты завязала са сваёй рознай бздурай. Ужо каторы месяц я не бегаю і не шукаю, дзе ты ад мяне схавалася. Ты больш не спіш на лекцыях, не крадзеш кніг з бацькоўскага кабінета, не падкідваеш чарвякоў сваім зводным братам. Зніклі сляды ад гразюкі пасля тваіх начных праходак па вуліцы.
— Жахліва!
— Ды не жахліва. 3 упартай бунтаркі ты ператвараешся ў маладую бездакорную кронпрынцэсу.
— Але я не хачу быць бездакорнай кронпрынцэсай. Хачу быць сабой.
Ніно хацелася плакаць, але нават гэтага ў яе не атрымалася — слёзы згуслі і, ператварыўшыся ў ледзяшы, адмаўляліся ліцца.
— Маё маленькае даражэнькае цыпянятка! — Мімоза палашчыла валасы дзяўчыны маршчыністай рукой. — Што не так?
— Я баюся ператварыцца ў айсберг. У мармуровую статую. Усё праз гэтую таблетку. Мне робіцца горш і горш.
— He турбуйся, залаценькая. Калі некага любіш сапраўды, то памерці не памрэш. Аб’ект любові нельга забыць, нельга стаць да яго абыякавым.
— Ты кажаш мне, каб я не баялася.
— Што ты! Проста трэба знайсці кагосьці, хто стане табе сапраўды дарагім, і з усяе змогі засяродзіцца на ім і не
адпускаць. Ён сагрэе цябе знутры. Ты захочаш чуць яго прысутнасць у сэрцы.
Ніно заглыбілася ў развагі. Каго яна любіць і кахае? Ясна, не бацьку, чужога і вечна адсутнага. Мама памерла, калі Ніно была малая. Бабулю яна не ведала. Адзіным чалавекам, што паўстаў перад унутраным позіркам, быў бялявы вершнік, які скакаў з цемры яе душы. Яна задумалася: хто гэта можа быць? Ён не выглядае як знаёмы чалавек, праўда, кагосьці нагадваў... Але каго?
Яе роздум перарваўся, калі ў залю бажніцы ўвайшлі аточаныя світай бацька з Саркітаяй. Усе сталі біць паклоны. Ніно таксама на знак пашаны да бацькі-імператара схіліла галаву. Выглядаў ён, як заўжды, велічна. У сінім плашчы, мажны мужчына з грывай чорных валасоў, у якіх прабівалася срэбная нітка. Яго густы аўтарытэтны голас дзейнічаў на манер чароўнай флейты, якая можа прымусіць мора адступіць.
Саркітая поруч з ім выглядала шчуплай. Яна крочыла па яго левую руку і трымала на руках кацяня. Звяры брыдзяцца дэманаў і дэманіц. Ніно ведала, што бацькава наложніца носіцца з катом не таму, што любіць звярка, а дзеля таго, каб давесці прысутным, маўляў, маленькая жывёла падпарадкавалася цалкам: не сіпіць і не кідаецца з енкамі. Пад яе немігатлівымі вачыма кацяня выглядала адурманеным і затарможаным. Ніно падумала: якімі ж гэта наркатычнымі рэчывамі напампаваўжывёлінку Нсарадор, каб тая зрабілася абыякавай да дэманіцы нааміткі? Белшацар з асалодай паглядзеў на Саркітаю.
— Ты бачыла, як гэтае кацяня давярае Саркітаі? — запытаўся бацька ў Ніно.
— Так, тата.
— Дарэчы, цукерка, выглядаеш ты неверагодна. У апошні час ты ператварылася ў сапраўдную жанчыну. Што нагадала мне — сёння зранку прыбыло пасольства губернатара Мараканды. Гэты ліслівец даслаў мне некалькі флакончыкаў
мускусу белых ільвіц. Ты ж ведаеш, наколькі гэта рэдкае рэчыва. Адзін я падарыў Саркітаі, ты зараз пачуеш гэты водар.
— Што ён хоча?
— Цябе, душа мая. Што за пытанне? Ён цікавіцца табой.
— Ой, тата, ты ж ведаеш, я яшчэ не гатовая.
— Нешта мне падказвае, сёлета да нас прыбудзе шмат такіх пасольстваў.
— Але...
— Лухта! У гэтых пытаннях не варта абапірацца на пачуцці. Гаворка ідзе пра важныя дзяржаўныя рашэнні.
Бацька ўзмахам рукі перапыніў гутарку. Ніно агарнула расчараванне. Бацькаву таўстаскурасць і нячуласць яна ўжо ведала.
Яна задумалася. Вось жа, калі не браць пад увагу належных ушанаванняў і знакаў увагі, якія належалі яму як імператару, ці любіла яна бацьку ад шчырага даччынага cappa? Наўрад. Хутчэй за ўсё, не. Яна заўжды хацела яго любіць і спадзявалася, што яны пазнаёмяцца бліжэй і навучацца ўзаемнай павазе. Але цяпер, ясна, надта позна. Пад уплывам таблетак Нсарадора ўсе яе пачуцці як бы сцерліся і яшчэ больш пабляклі. Яна што, так жа, як бацька, ператворыцца ў бяздушную абыякавую ўладарыню?
3 пачаткам цырымоніі думкі зніклі. Гэта была цырымонія Першага Медыцынскага Агляду для Бапу, сына Саркітаі, якому цяпер споўнілася паўгода. Бацькава наложніца аддала кацяня і забрала з рук нянькі немаўля. У залацістай з даўгім рукавом сукні Саркітая пакрочыла да алтара, прыціскаючы немаўля да грудзей. Іншыя імператарскія наложніцы стаялі са сваімі дзецьмі вакол і выціралі слёзы замілавання і зайздрасці. Слёзы маляўніча зіхцелі ў промнях каляровага святла, што лілося на іх дажджом. Прафесар Ксерксес, асабісты імператарскі педыятр, узяў немаўля ў рукі і зрабіў яму першы медыцынскі агляд. Потым падняў малое ў паветры і абвясціў пад узрушаны гоман публікі,
што ў немаўляці цалкам адсутнічаюць сімптомы эпідэміі Цёмных Плям.
Ніно бачыла, як прафесар сыпле на язычок немаўля першыя лекі. Нягледзячы на тое, што яе эмоцыі пад уздзеяннем таблетак прытупіліся, яна адчула, як унутры яе разліваецца гнеў і абурэнне. Вось нарадзілася яшчэ адна лялька, якая будзе танчыць пад дудку лялькаводаў. Нязванае немаўля, збыткоўны сын бацькі-перастарка, які ўвекавечыць бясчынствы заліхвацкай старасці і стане пагрозай яе статусу кронпрынцэсы.
“Мая дзяржава ў дрэнных руках, — падумала яна. — Да маёй імперыі паўзе катастрофа”.
Яе твар перакрывілі боль і горыч, якія не ўцяклі ад вачэй Нсарадора. Той хаваўся паміж калонамі і скляпеннямі. У чорных шатах, бліскаючы дыяментавымі завушніцамі, Нсарадор плыў, як зіхоткі цень. Наблізіўся ўшчыльную да Ніно, ажно тая адчула яго дыханне на патыліцы.
— Ты ўсё яшчэ ненавідзіш сваіх ворагаў? — прашаптаў ёй У вуха.