Скрадальнік лекаў  Гагар Янай

Скрадальнік лекаў

Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
75.5 МБ
— Брава! — сказаў Нсарадор.
— Гэта вельмі дзейсны сродак супраць уплыву вашай Прорвы. Канец усім фобіям і дэпрэсіям, агульнай млявасці і абыякавасці да жыцця. Хто будзе прымаць астрофікс, у таго
будзе не жыццё, а птушынае малако. I ў вашага Левіятана не застанецца аніводнага шанцу перашкодзіць. Душу такога чалавека ніколі не зальюць каламутныя струмені. Такі чалавек стане ўзорным і паслухмяным грамадзянінам, які будзе выконваць усе твае распараджэнні і ўстаноўкі, спадар Нсарадор.
— Ясна.
— Дык начорта ты парушыў нашы дамоўленасці і ўзяў тое, чаго мы табе яшчэ не давалі?
— Бо не ўсё ідзе як па напісанаму, Гаўрыель. Трэба было неадкладна апекавацца прынцэсай. Хто там ведае, як яна магла напартачыць? Магла ўзяць і збегчы з палаца.
— Чаму яна такая важная для цябе, дазволь запытацца? — дала голас Сара.
Нсарадор скіраваў вочы ў столь. Ніно пазнала той позірк, які Нсарадор ашчаджаў для людзей, перад якімі не трэба сыпаць перламі і дэманстраваць магутны інтэлект.
— Ну, калі вы так хочаце ведаць — мой план просты. Прынцэса зараз прымае астрофікс. Роўна праз год яе душа зробіцца бездакорнаю. I тады падчас урачыстай цырымоніі Ніно прадставяць народу. Датуль як вы завершыце распрацоўку канчатковай версіі лекаў, мы выпусцім іх на рынак, станем прадаваць яго простым грамадзянам імперыі. Да наступнага лета, да летніх фэстаў, кругом ідэальная прынцэса ператворыцца ў нацыянальны сімвал шчаслівага жыцця і душэўнага спакою, якія гарантуе астрофікс. Дык хто не захоча ўзяць лекі, які прымае сама прынцэса?
Пачуўшы планы наконт яе будучыні, Ніно нагэтулькі страціла раўнавагу, ажно незнарок перакуліла вядро, якое вісела на рыштаваннях. Яна паспрабавала яго злавіць і паслізнулася. Вядро, пляскаючыся аб жалезныя пруты, паляцела з усяе вышыні долу. Тыя, хто сядзеў у канферэнцзале, ад шуму падскочылі. Здзіўлены Гаўрыель і раз’юшаны Нсарадор пазіралі на Ніно праз шыбу. Яна боўталася ў паветры.
РАЗДЗЕЛ 12
ЭЛЕКТРАСТАНЦЫЯ Ў УРЫ
С7ля выйшла з ‘Тнязда калібры” і стала аддаляцца ад палаца. Яе далоні ад злосці сціснулася ў кулакі. Аповед Ніно ўсё яшчэ стаяў у вушах. Нарэшце таямнічая заслона пачала развейвацца. Вось жа, пасланцы Нсарадора паранілі бацьку, а потым скралі лекі, а фірма “Гіпакрыком” ад самага пачатку брала ў гэтым чынны ўдзел. Ёй як мага хутчэй трэба вярнуцца ў свой свет, каб папярэдзіць бацьку наконт намераў яго заказчыкаў. Але найперш належыць пакараць злачынцаў.
Яны з Гілелем ішлі назад да свайго сховішча ў закінутым доме ля ракі. Гілель таксама ішоў задумлівы.
— Скажы, Элляш, жанчыны ўсе такія?
— Якія такія?
— Такія — робяць моцнае ўражанне. Ніколі не сустракаў такіх людзей, як прынцэса. Апрача яе магутнай прагі праўдалюбства, яна наважылася мне даверыцца, распавесці пра злачынствы свайго Галоўнага Варажбіта, хоць яна зусім не ведала, якой можа быць мая рэакцыя.
— He ўсе жанчыны такія, не ўсе ідуць да канца, — змушана прамовіла Эля.
— Я магу зразумець, чаму Нсарадор намагаецца яе кантраляваць. Ніно — душа Вавілона. Калі яна сядзе на трон, дык
стане душой імперыі. Чалавек, які будзе трымаць яе ў кулаку, будзе трымаць у кулаку імперыю.
— Я гэта разумею, — уздыхнула Эля.
— Калі б мы толькі маглі абараніць яе!
— Ты пра што?
— Мы ніколі не зможам разладзіць сувязяў Нсарадора з іншым сусветам. Галоўны Варажбіт — не шыла з перцам. Ён абаронены з усіх бакоў, і яго не скалупнуць. Нават калі зараз распавесці людзям тое, што мы толькі што пачулі, мы нічога не зрушым. Бо ніхто не дасць нам веры. Адзінае выйсце — дзейнічаць пры дапамозе прынцэсы. Штомесяц Нсарадор прымушае яе глытаць таблеткі. Яе душа чарсцвее і камянее. Калі мы зможам збэсціць “курс лячэння”, тады Нсарадор не зможа выкарыстоўваць Ніно падчас Летняга фэсту, і яго план пойдзе сабаку пад хвост.
— Але як ты гэта зробіш?
— Трэба ў ёй нешта ўзрушыць. Разбудзіць яе знутры. Калі яе сэрца растае і адновіцца ток эмоцый, тады Нсарадор гуляцца з ёй, як лялькай, больш не зможа.
Элю раздзіралі супярэчанні. 3 аднаго боку, яна ведала — Гілель мае рацыю, з іншага — злавалася. Яна выцяла нагой камень.
— Табе трэба яе асцерагацца!
— У сэнсе?
— Мне падаецца, што табе гэтая Ніно проста спадабалася.
Гілель пастаяў падумаў.
— А табе што, не спадабалася? У цябе што, няма ані кроплі чалавечнасці?
— Да чаго тут чалавечнасць? Мне падаецца, ты зачараваўся ёй, бо яна — жанчына.
Гілель спыніўся і здзіўлена паглядзеў на Элю.
— Што з табой такое, Элляш? Ты раней гэтак не гаварыў. У тваім голасе нечакана шмат крыўды і гневу.
— Табе, напрыклад, ні разу не хацелася абараніць МЯНЕ.
— Але, далібог, табе не трэба маёй абароны!
— У гэтым і цымус! — скрывілася Эля. — Я мужчына. Мне ніякай абароны не трэба. Калі мяне выкінуць пасярод пустэльні, табе будзе на мяне пляваць. Але менавіта так паводзяць сябе мужчыны, калі сустракаюць жанчын, — ЯНЫ IX АБАРАНЯЮЦЬ! У цябе па гэтых пытаннях пакуль досведу няма, таму ты не ў курсе, што такая твая рэакцыя — абсалютна натуральная, мужчынская. Але яна — гэта яна, а наша будучая вайна — гэта наша вайна. Мы павінны сабраць палкі і пачаць вайну як мага хутчэй. Аднак Ніно табе спадабалася і ты шукаеш адчэпкі, каб быць да яе бліжэй.
Гілель разрагатаўся.
— Брава, палымяная прамова! Мне падабаецца твой запал, Элляш. Але, як ты ведаеш, нас — дробная жменька ў параўнанні з імперскім войскам. Наша перавага на сённяшні дзень — кемлівасць і партызанскія акцыі, а не вайсковая моц.
— Калі б я быў Эль-Насірам, дык я б тваю прынцэсу ўжо забіў.
— Ты здурнеў? Нам нельга яе чапаць. Ва ўсёй гэтай змове яна — ключык да развязвання праблемы.
Эля ўздыхнула. Яны ішлі ўздоўж рэчкі, чые берагі абнеслі чатырохметровым мурам з браніраванага шкла. Праз мур пусцілі электрасільфідны ток. Цяпер мур зіхцеў прывідным святлом. Уздоўж яго хадзілі ўзброеныя ахоўнікі. На даляглядзе вымалёўвалася дазорная вежа. Яе пражэктар мацаў паверхню вады. Пры цьмяным святле пражэктара Эля паглядзела на Гілеля. Толькі нядаўна, яшчэ сёння, яны былі блізкія адно да аднаго, як толькі могуць быць блізкія два чалавекі. Цяпер жа яна адчувала, што іх разлучыла і адасобіла нешта нябачнае і неадольнае, усё роўна як гэты шкляны мур уздоўж ракі.
Ёй моцна хацелася праламаць шкляную перашкоду і датыкнуцца да рачных вод. Яе падмывала распавесці Гілелю сваю таямніцу. Прызнанне не станецца складанай задачай, наадварот — прыемнай палёгкай. Ён кіне на яе той
самы позірк, якім абдорваў сілуэт прынцэсы, і забудзе сваё паўстанне. Ды што там паўстанне, забудзе ўсё на свеце! I яго агорне магутная і пяшчотная турбота за яе лёс і бяспеку.
Яна правяла рукой па валасах, якія ўжо паспелі вырасці нанова і цяпер далікатна рассыпаліся па плячах. Маскіроўкі, якімі зачаравала Элю наамітка, не здолелі заглушыць пачуццяў. Наадварот — здавалася, толькі дадалі дзяўчыне юнацкай палкасці. Яна ўсё яшчэ дзяўчына. Такая самая дзяўчына, як Ніно, калі шчыра. Яна б даказала гэта Гілелю проста там, на месцы (калі б, ясная рэч, была сябелюбнай прынцэсай).
Вярталіся яны дадому ў меланхалічным і нават панурым настроі, кожны са сваіх прычын.
Эля спадзявалася, што яны вернуцца да звыклых раскладаў, якія яна паспела палюбіць, а ўсё, што адбылося ў Вавілоне, забудзецца. Але досыць хутка Ансатаргалу атрымаў яшчэ адзін сакрэтны ліст. Зноўку ад Ніно. Прынцэсе адной сустрэчы не хапіла. Яна, бачыце, адчула, што хоча бачыць Гілеля яшчэ адзін раз. Эля злавала. Ніно нагадвала каралеўнаў школьнага класа: такія дзяўчаты, якім проста патрэбна, каб іх атачала світа паклоннікаў, каб на гэтую суперстар маліліся. Змалку Ніно пагарджала такімі пустышкамі-лядышкамі. Бо ж потым сэрца Гілеля разаб’ецца на дробныя аскепкі! Разам з тым Эля адчувала, што той мае рацыю. Калі яны хочуць прадухіліць навіслую змову, губляць з прынцэсай сувязі не варта. Эля разрывалася паміж патрэбай не страціць Гілелевага даверу і лютай варожасцю, якая штохвіліны мацнела ў дачыненні да Ніно. Паміж глыбокай верай у мэты паўстання і прагай паўстаць перад дарагім ёй чалавекам у сваім сапраўдным абліччы, жаданнем атрымаць пачуццё, якога яна годная. Ваганні дапякалі так моцна, ажно Эля не магла спаць па начах і амаль што не ела.
Тым часам яна зрабіла адзінае, чаму навучылася змалку, — запхала свае пачуцці глыбока-глыбока ўсярэдзіну.
Потым нагадала сабе, што ў яе ёсць абавязкі і што інтарэсы паўстання вышэйшыя за яе асабістае шчасце.
Падчас зімы іх візіты ў сталіцу імперыі пачасціліся. Што злавала найбольш — Ніно прагнула прысутнасці Гілеля, а той хацеў прыходзіць да Ніно. Эля ненавідзела пах, які сыходзіў падчас сезона дажджоў ад пліткі, што брукавала вуліцы горада, — цяжкі смурод мокрага сабакі.
Калі вясна прынесла з сабой водар цытрынавай і міндалевай квецені, Гілель вырашыў, што вяртацца ў горы сэнсу няма. Яны застануцца ў Вавілоне. Пачуўшы пра гэта, Эля ледзьве не званітавала. Ёй ужо рабілася млосна ад гэтых партызанска-шпіёнсжіх хованак і сакрэтных праходак па гарадскіх завуголлях і завулках. Аднак найбольш яе нудзіла ад прынцэсы. Яна сумавала па баламутным паветры на горных перавалах і конных выправах у прыцемках поплеч з Гілелем. Калі яны былі адны ў цэлым свеце. Калі аблокі вечаровага сонца праплывалі па-над імі, як караблі з аранжавымі ветразямі. Самі шэрыя, поўныя велічы, яны, здавалася, маглі перанесці цябе да самых дальніх запаветных прычалаў. Аднак барацьба самой з сабой была прайграная Эляй ад пачатку. Яна не магла пакінуць Гілеля без абароны.
Яе задачай зрабілася перасылаць паведамленні ад Гілеля да прынцэсы і назад. Цяпер яна як свае пяць пальцаў ведала суплёты ўсіх вулак, што кружлялі паміж палацам, рэчкай і Галоўнай бажніцай. У дадатак яна служыла сувязной паміж Гілелем і яго горным штабам. Гілель верыў, што зможа кіраваць паўстаннем дыстанцыйна, са сваёй хованкі, і ўсклаў на Элю ўсе камунікацыі са штабнымі афіцэрамі. У фруктовых садах адданых сялян у вавілонскіх прыгарадах яе заўжды чакаў асядланы конь. Узяўшы з Гілеля клятву не сустракацца з прынцэсай без яе, Эля імчала ў горы, прыносіла штабным афіцэрам апошнія загады павадыра. Яна заўжды хавала ад паранаідальнага Эль-Наміра стасункі, якія спляліся
паміж Гілелем і Ніно. Нягледзячы на спакусу выдаць іх таямніцу, разумела, што ў такім выпадку наступствы будуць катастрафічныя.