Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
— А гэта гігіенічна?
— Чаго ты раптам загаварыў пра чысціню?
— Ладна, саюз дык саюз.
Кавалачкам каменя з вострымі краямі, які адкалупалі са скалы, яны падрапалі пальцы і правялі цырымонію братання.
— Дэманы і людзі заўжды пхалі насы ў справы адно аднаго, — сказаў Пазузу. — Яны выкарыстоўвалі адно аднаго ў карысных мэтах, запалохвалі, катавалі. Гэта першы раз у гісторыі, калі нехта з майго народа заключае братэрскі хаўрус з прадстаўніком чалавецтва.
Ёнатану падалося, што дэман таксама расчуліўся і нават засланіў рукой пысу, каб схаваць слёзы.
— Добра, калі мы ўжо заключылі непарушны кроўны звяз, то маё — гэта тваё. Таму я ўрачыста вяртаю твайго чарвяка — жуй на здароўечка.
Тады Ёнатан ведаў, што ён мусіць сустрэць твар да твару спадарыню архіварыус. Яна захоўвае ўсе запісы і мае ўсе адказы, датычныя яго лёсу і будучых падзей.
Можа, Бэле Глюк гэтая ідэя і не прыпадзе да сэрца, але ён не адступіцца ад звышнеабходнай сустрэчы — можа быць, самай важнай у яго жыцці.
Дзверы пакоя спадарыні архіварыус былі замкнутыя знутры. Адзіны ключ знаходзіўся ў Бэлы Глюк, уторкнуты ў пучок яе шэрых валасоў на патыліцы. Адзіная магчымасць скрасці яго — падчас сну. Праблема палягала ў тым, што спадарыня Глюк амаль што ніколі не спала. Векавуха-працаголік бавілася ў офісе ад рана да рана. Толькі пасля дбайнага сачэння яны яе падпільнавалі. У спадарыні Глюк выявілася прыватнае гняздзечка. Яно месцілася пад дахам адной з бібліятэчных веж.
Невялічкі пакойчык быў па пояс усланы шматкамі старых газет і выглядаў рыхтык мышыная нара.
У цэнтры пакоя стаяла салдацкая раскладанка, і на ёй, накрываючыся газетамі як коўдрай, спала сама спадарыня Глюк. На падаконні жыла старая сіпўха* з круглай галавой, якая круцілася вакол уласнай восі, свідруючы пакой позіркам, бы пражэктарам.
Ёнатан і Пазузу вырашылі палавіць рыбкі. Яны ўзброіліся даўгой палкай, а таксама вяроўкай і сагнутым на дзевяноста градусаў цвіком. Паляванне адбывалася ў бязмесячную ночку. Адзінае святло ў пакоі спадарыні Глюк сыходзіла ад зіхоткіх вачэй старой сіпухі.
Ёнатан закінуў вуду — і нешта пацягнуў.
“Ёсць!” — шапнуў ён Пазузу. Але выявілася — на кручок патрапіў каўнер спадарыні Глюк. Тая ўздыхнула ў сне і павярнулася на іншы бок. Пасля наступнай спробы яны сцягнулі акуляры сакратаркі. Толькі пасля серыі няўдалых спроб кручок упаляваў у яе валасах ключ. Пакрысе, каб не спалохаць сіпухі, сябры сталі той ключ выцягваць. Чуйная птушка залыпала крыламі. Калі яны прыпусцілі па сходах, то пачулі роспачны крык абуджанай сакратаркі. Але дзе ты іх дагоніш!
— Спыніцеся! — пачулі сябры ззаду. — Стойце!
Стаяць яны не сталі. Задыханыя, прыбеглі да офіса. Ёнатан адамкнуў першыя дзверы і потым з трымценнем падышоў да нутраных дзвярэй.
Прыгожыя залатыя літары на шыльдзе —
“сп-ня Бальтазарская асабістыя апартаменты”
— спакушалі не менш за пазалочаныя абгорткі шакаладных цукерак.
* Драпежная птушка атрада совападобных.
Унутры гарэла святло, і сілуэт спадарыні архіварыус нахіліўся над пісьмовым сталом. Ёнатан з усяе змогі пастукаў у дзверы.
— Прашу адчыніць дзверы, спадарыня Бальтазарская! Нам трэба пагутарыць.
Аднак спадарыня архіварыус была надта занятая, каб адказаць.
— Просам прашу! He хачу замінаць, але гэта пільная справа.
Зноў ніякага адказу.
— Давай, адмыкай сам, — сказаў Пазузу. — Бо чую — сакратарка ідзе.
Ёнатан дастаў ключ. Дрыготкімі рукамі адамкнуў дзверы ў пакой. I, каб сябар не перадумаў, Пазузу штурхнуў яго ўсярэдзіну. Яны з Пазузу закашляліся.
Пакой быў зусім не такі, як чакалася. Аблытаны павуціннем і тоўстым слоем пылу, ён служыў складам для старых непатрэбных рэчаў. Вакол грувасціліся паліцы. На іх — старызна і ламачча. Чайнікі, пажаваныя моллю кнігі, каганцы і парадныя цыліндры, якія даўно выйшлі з моды. Насупраць іх, пры чорным стале, сядзела занураная ў працу спадарыня архіварыус. Ёнатан зрабіў крок у яе бок. Але ягонае тулава засланіла промень святла, які ішоў з-за спіны, таму сілуэт спадарыні архіварыус знік.
Ёнатан са здзіўленнем развярнуўся. Хлопец адразу скеміў, дзе крыніца лёгкага рыпу. Над ім на нейкай паліцы стаяў стары кінапраектар. Ён праектаваў на сценку гэтага самага пакоя кінаверсію пакоя з лепшых часоў (калі той быў ахайны і чысты). У фільме пасярод пакоя сядзеў чорна-белы сілуэт жанчыны, якая грала спадарыню архіварыус. Выглядала жанчына рыхтык зорка нямых кінастужак. Надзвычай мілы, выбелены твар у форме сэрца. Невялічкі цёмна-вішнёвы раток і прыкрытыя густымі вейкамі вочы. Вопратка ж выглядала як танны маскарадны касцюм — старамодная сукня выканаўцы паркетных танцаў, клёшы, вышытыя шалі і вузкія
чэшкі. На галаве ў жанчыны сядзеў невялічкі каптурок, расшыты перламі і брошкамі. Жанчына манерна мачала пяро ў чарніліцу і засяроджана вадзіла ім па аркушы. Потым, бы ў одуме, падымала вочы ўгору. Падпірала зграбнае падбароддзе далонню ды слепа перылася ў сценку. Нічога ў гэтым сутонлівым памяшканні, здавалася, не магло парушыць яе пластмасавага спакою.
— Яна ўвогуле не Бальтазарская, — расчаравана прамовіў Ёнатан. — Гэта нейкая акторка.
У той жа момант у пакой уварвалася Бэла. У начной сарочцы, з кавалачкамі газетнай паперы ў валасах. Калі ўбачыла, што адбылося, то горка расплакалася.
— Спадарыня Мельхіёра! — заскавытала яна. — Прабач, о святая мудрасць. Якая ганьба!
— Табе б на гэтае балаганнае прадстаўленне квіткі прадаваць, — з’едліва заўважыў Пазузу.
Бэла шморгнула носам.
— Я не вінаватая! Клянуся, гэта не я. Я толькі рабіла тое, што лічыла слушным і пільным. Я заўжды імкнулася, каб спадарыня Бальтазарская сядзела тут і адказвала на ўсе пытанні публікі. Але ведаеце, наколькі яна занятая, светач нашых вачэй? Яна мусіць займацца ўсімі душамі, якія чакаюць сваёй чаргі ў Юдолі зданяў. Яна мусіць быць адначасова ў тысячы і адным месцы. Дык нашто ёй такія нязначныя людзі, як мы? Што яе можа зацікавіць тут, у богам забытай Ніневіі, сярод гор макулатуры?
— Яна ўвогуле была тут хоць раз? — запытаўся Ёнатан.
— Так-так, клянуся, была! Яна вельмі прыязная і надзвычай зычлівая жанчынка. I такая разумная... Ах... Ты ж мая Мельхіёрачка...
— Чаму ты працягваеш дурыць нам галаву?
Бэла Глюк выцерла слёзы.
— А што мне заставалася рабіць? Гэта офіс спадарыні архіварыус, так? А я яе сакратарка, так? Я ўсё яшчэ збіраю для яе пасведчанні аб нараджэнні і смерці, рэчы, якія могуць
яе зацікавіць. Некалі яна іх пабачыць, клянуся! Я проста ўпэўненая ў гэтым. I тады яна скажа мне дзякуй ад шчырага сэрца. Аднойчы яна сюды вернецца. Далібог, абавязкова! Але пакуль што... Калі б усе даведаліся, што яе няма, мяне б звольнілі, разумееце? I куды б я тады пайшла? Я ж “панаехала”. У мяне тут, у імперыі, бачыце, ні брата ні свата.
— Ты хлусіш людзям і ўводзіш іх у зман, — сурова сказаў Ёнатан.
— Я нікому не хлусіла! Я проста спрабавала залагодзіць гэтую сітуацыю. Офіса я не закрыла, але, з іншага боку, праўда, допуску да яго не было. Калі нехта прыходзіў — такія як вы, — дык я самастойна праводзіла даследаванне і навуковы пошук, каб задаволіць адказы на іх запыты. Каб вы ведалі — я ані разочку не дала памылковага адказу. Скажу без фальшывай сціпласці, мае адказы не горшыя за адказы, якія магла б вам даць сама спадарыня Бальтазарская!
— Значыць, тут няма нікога, хто ведае больш за цябе? — запытаўся Ёнатан.
Ён адчуў у роце даўкі і кіславаты смак паразы. Амаль што два гады ён цешыўся надзеяй, што ў гэтым пакоі сядзіць тая, якая са снежных вяршынь сваёй мудрасці адгукнецца і адкажа на ўсе пытанні.
Замест таго каб даць сваім праблемам рады самому, ён змарнаваў час, чакаючы, што гэта зробіць нехта за яго. Нехта, каго там нават не было! Божа, як ён ненавідзеў сябе за дурноту і наіўнасць!
Бэла ўбачыла яго расчараванне і паклала сухенькую руку на плячо ў нязграбнай спробе суцешыць.
— Калі хочаш, можаш тут застацца і паглядзець усе яе фільмы.
Ёнатан пацепнуў плячыма.
— Навошта?
Яго не цікавілі чорна-белыя кінастужкі, недарэчныя і засвечаныя. 3 акторкай, якая бяздарна грала Бальтазарскую. Што ў іх шукаць? Усё выглядала панурым і безгустоўным.
Ісці — няма куды. Ёнатан пачуваўся прыгнечаным і змораным. Бэла з Пазузу выйшлі. У Ёнатана не засталося змогі, каб да іх далучыцца. Ён блукаў паміж паліц, марна шукаючы хоць чаго каштоўнага. Але ўсё было паколатым, парэпаным і вартым жалю. Безуважна ён запхнуў у кішэню ўпадабаную нядбаліцу, нейкую чорна-попельную скамянеласць, губчаты карал памерам з кулак, які формай нагадваў закасцянелыя мазгі нейкага звера.
Праз хвіліну ён ужо забыўся на знаходку. Сеў у хісткі фатэль і абапёр галаву на далоні. Халоднае пыльнае паветра не давала спакою. Але пакрысе на хлопца навалілася дрымота.
Фатэль муляў. Ёнатана адольвалі начныя жахі. Свядомасць вагалася паміж яваю і сном. Ён добра заснуў адно на досвітку.
Калі ўспароўся, то адчуў, што ў пакоі стаіць надзвычайная ціша. Падумаў, што кінапраектар вымкнуўся. Аднак той па-ранейшаму гарэў, а спадарыня архіварыус сядзела пры кіношным стале і пісала свае фальшывыя цыдулкі. Ёнатан выпрастаў зацёклыя часткі цела. Захацелася ўстаць, каб выключыць праектар. Акурат тады спадарыня архіварыус і падняла вочы ад стала.
Ёнатан знерухомеў. Ён мог паклясціся — спадарыня паглядзела на яго і ні на кога іншага! Яе вочы, вільготныя слівы, запоўнілі сабою цёмныя далікатныя зрэнкі і зазірнулі яму проста ў душу. Спадарыня архіварыус паднялася. Сунулася па пакоі ў ягоны бок пругкім нязмушаным крокам. Так, памылкі не было! Жанчына скіравала позірк менавіта на яго і на мігах паказала, каб падышоў.
He надта цямячы, што да чаго, Ёнатан падняўся і падышоў да экрана. Яго розум быў надта затуманены, каб ацэньваць уласную не зусім цямную рэакцыю. Нягледзячы на бязглуздыя строі, якія начапіла на сябе спадарыня архіварыус — а таксама нягледзячы на сваё неіснаванне, — жанчына мела нейкую магнетычную моц.
— Ты хто? — запытаўся без усякай надзеі на адказ Ёнатан (фільм жа быў нямы!).
Жанчына адно пасміхнулася і працягнула да яго руку. Ёнатан працягнуў насустрач сваю, проста ўнутр променя кінапраектара. На вялікае здзіўленне, ягоныя пальцы дакрануліся да ейных. Рука была цеплаватая і надзвычай прыемная на дотык і нагадвала матчыну. Ёнатан адчуў, што праз скуру нешта да яго перацякае, бы казытліва струменіцца цёплая электрычнасць.