Скрадальнік лекаў  Гагар Янай

Скрадальнік лекаў

Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
75.5 МБ
Ніно падумала пра светлавалосага хлопца, якога сустрэла ў турме, пра тую чароўную хвіліну, калі ўпершыню ўбачыла яго на гарадскім пляцы. Што з ім? Калі там не здарылася якога цуду, то ён цяпер ляжыць у страўніку кракадзіла. Пачуццё нямогласці ўзмацнілася.
— Я не хачу, каб ты рызыкаваў сабой дзеля мяне, — сказала яна Гілелю. — Ты надта важны для будучыні краіны.
— Ты памыляешся. Ты важнейшая за мяне.
— 3 якой такой нагоды?
— Ты — душа сваёй дзяржавы. Калі я дам табе застыгнуць, мы ніколі нізавошта не вернем гэтую скамянелую краіну да жыцця.
Ніно выдыхнула. Прысутнасць Гілеля ўплывала на яе, як наяўнасць магнітнага полюса Зямлі на компасную стрэлку. Яна ўзяла Гілеля за руку і адчула цяпло скуры.
— Я так баюся!
— He бойся.
Гілель асцярожна зняў вуаль, якая пакрывала дзявочы твар. Ніно не супраціўлялася. Гілель глыбока ўздыхнуў, а яго шызыя вочы расшырыліся.
— Я ведаў, што ты прыгожая, але не мог падумаць, што настолькі.
Ён працягнуў руку да яе твару і крануўся шчакі. Ніно адчула яго дотык як лёгкае электрычнае паколванне.
— Мяккая, як футра лісяняці, — сказаў ён. — Ніколі я не дакранаўся да такой пяшчоты.
He надта цямячы, што адбываецца, Ніно таксама працягнула руку, каб дакрануцца да твару юнака, і адчула прыемную на дотык шурпатасць скуры над гладкай палоскай косткі скулы.
Каб жа яна разумела выразней, што адчувае да яго. Можа, увесь гэты час яна сапраўды чакала Гілеля? Яна мройна заплюшчыла вочы.
Гілель, як чытаў думкі, наблізіў твар да ейнага. Яна адчула аблачынку цеплыні, якая сыходзіла ад хлапечых губ, што набліжаліся да ейных. Цераз цемру ўнутры яе быццам бліснула маланка, асвяціла, ажывіла, здаецца, яе душу. Але перш чым тая маланка запаліла сапраўдны пажар, за міртавым хмызам пачуўся голас Мімозы.
— Нін-Урмуз, ты дзе?
Чары рассеяліся. Ніно адплюшчыла вочы. Гілель знік, як цукар у вадзе, пакінуўшы пасля сябе шоргат лістоты і разгайданую галінку. Да Ніно па сцежцы бегла Мімоза і махала рукамі. Сівыя валасы разбэрсаныя, а па глыбокіх зморшчынах цяклі слёзы.
— Ніно, дзетухна, Ніно!
Дабегшы, нянька павалілася задыханая.
— Мімоза, адпачні! Што здарылася?
Ніно не змагла спыніць Мімозінага плачу.
— Гэта нават горш, чым ты думаеш, мая ты высокасць.
— Што здарылася?
— Твой бацька...
— Што з ім?
— Ён памёр, — плачучы выціснула з сябе Мімоза. — Гадзіну назад. Канаў у пакутах. Яго твар набрыняў і зрабіўся фіялетавы, як баклажан. Тады ён заперхаў, стаў плявацца чорнай крывёй і задыхнуўся.
— Атрута... — прамовіла Ніно, і яе твар пазмрачнеў.
— Т-с-с... ціха! He кажы такога.
— Яго атруцілі.
— Ён аддаў сваю душу на руках у Саркітаі.
— Хто б гэта мог быць?
— Якая розніца, мая прынцэса? Навошта беспадстаўна вінаваціць людзей? Замест таго каб злавацца, ты мусіш быць у жалобе. Ты цяперака сірацінка, мая маленькая гаротніца.
Ніно выбавілася з абдымкаў Мімозы.
— Я зусім не маленькая гаротніца. Я кронпрынцэса! I цяпер, паводле законаў імперыі, мушу стаць імператаркай.
— Менавіта! — пачуўся голас з-за спіны.
— Нсарадор!
— Да тваіх паслуг, Ваша Імператарская Моц. Я акурат шукаю цябе, каб выказаць свае спачуванні.
— Дзякуй-дзякуй.
Ніно адмахнулася манаршым жэстам, маўляў, знікні з вачэй. Аднак Нсарадор застаўся стаяць пасярод сцежкі з перакрыжаванымі перад сабой рукамі. Яго абрыс, чорная пляма, дрыжэў, падсвечаны ілюмінацыяй дзённага саду. Ніно падалося, што смуглы бліскучы твар Нсарадора расквеціўся злараднай усмешкай. Хоць, зразумела, асноўнай эмоцыяй Галоўнага Варажбіта было пачуццё глыбокай жалобы. За спінай у Нсарадора стаялі два абыякавыя целаахоўнікі. Ніно нават стала цікава, ці карыстаецца Нсарадор час ад часу
іхнімі сківіцамі, каб пакалоць фундук? Выдавала, ім па зубах быў нават какосавы арэх.
— Вэк адсюль, бабка! — загадаў Нсарадор Мімозе.
— Ты так з маёй нянькай не размаўляй!
Апошняга, чаго хацелася Ніно, — гэта застацца з Нсарадорам сам-насам. Аднак Мімоза напалохалася і, працятая дрыготкай, развіталася з паклонам:
— Мне трэба адпрасаваць табе ды іншым прынцам чорную вопратку. Барані Мардук, калі на пахаванні ў іх будуць брудныя вушы! А яшчэ раскласці прысмакі, якія трэба падаць на памінках...
Нсарадор моўчкі чакаў, пакуль Мімоза не знікла з вачэй. Калі тая сышла, то схапіў Ніно за руку і пацягнуў між раслін.
— Так шкада твайго бацькі!
— Праўда?
— Яго смерці прадухіліць мне не ўдалося, але, прынамсі, я парупіўся пра яго душу. Прамоўленыя ў яго прысутнасці падчас апошніх хвілін малітвы стануць абаронай і гарантыяй таго, што твой бацька народзіцца ў імператарскай дынастыі яшчэ раз.
Ніно адкрыла рот, каб выказаць сумненне.
— Як гэта зручна лічыць, што бацька зусім не памёр. А якая ж гэта палёгка для нячыстага сумлення...
Нічога не здрыганулася на твары Нсарадора. Ён аніякім чынам не паказаў, што прамыя намёкі Ніно яго абразілі. Нсарадор сарваў белую лілею і працягнуў дзяўчыне.
— Забойцу трэба матыў, — сказаў ён.
— Упэўненая, ты яго маеш.
— Твая ўпэўненасць — не доказ.
Ніно ўздыхнула. Калі ён сапраўды ўчыніў злачынства, дык, вядома ж, слядоў не пакінуў.
— Асабіста я сумняваюся ў гісторыі пра душы, якія пераўвасабляюцца і вяртаюцца на Зямлю. Бо за апошнія гады сярод вашых Варажбітаў не было аніводнага Усёвідушчага,
які здольны быў пабачыць, што за душа стаіць перад ім і якое ў яе мінулае.
— Тут ты не маеш рацыі, даражэнькая! Гэта ты павінна была зразумець, калі сачыла за мной ля басейна з кракадзіламі і бачыла, як я кажу замовы. Mae здольнасці значна большыя, чым табе здаецца.
— У сэнсе?
— Я — Усёвідушчы, якога ты шукаеш. Я магу бачыць скрытыя рухі душы чалавека, які знаходзіцца перада мной.
Ніно не паверыла аніводнаму слову. Хлусня служыла Варажбітам больш, чым чары і замовы.
— Калі так, ці ведаеш ты, у цела якога немаўляці вернецца бацька?
— Так. Калі ён народзіцца, то даведаюся.
— А ці можаш сказаць, чыя душа адрадзілася ў маім целе?
Нсарадор спыніўся, і яна апынулася перад чорнымі вачыма. Як заўжды, адчуваючы глыбокія розум і развагу, якая праменілася з іх.
— Твой бацька, прынцэса, у параўнанні з табой — нікчэмны кіраўнік. У табе жыве найвялікшая душа. Душа самога Адмуэля.
Лілея выпала з пальцаў Ніно.
— 3 якой ласкі ты мне ўсё гэта кажаш?
— Бо гэта святая праўда.
— Ты хлусіш.
— Навошта мне хлусіць?
Яна адчула ў горле камяк. Заява Нсарадора злавала і лашчыла слых адначасова. А што, калі ён мае рацыю? Але ж за нашым часам ніхто не можа быць Усёвідушчым! Ну хіба ўнутры Нсарадора пасялілася душа Ашпербошэта. Ці магчыма гэта?
— Праз два дні ўсе вавілонцы збяруцца на Летні фэст, — сказаў Нсарадор. — I мы ўручым ім найвялікшы дар, які толькі магчымы. Пасля столькіх гадоў вернем ім душу іх легендарнага бацькі ў асобе новай імператаркі.
— А што будзе з Саркітаяй і яе сынам?
— Ат, яны — пешкі на шахматнай дошцы! Немаўля Бапу не прызначаны для кіравання краінай. Я скарыстаўся сынком і мамкай, адно каб пазлаваць і нагнаць на цябе журбу.
Чык! Ніно адчула, што звесткі і падзеі размяркоўваюцца ў яе свядомасці, і знянацку ўсё выбудавалася ў зграбную канструкцыю.
— Зараз я разумею. Ты прывёў Саркітаю да бацькі, каб я зажурылася, каб маю душу раніў сум і я пусціла ў яе хваробу Цёмных Плям. Зрабіў ты гэта, каб стала мажліва пхаць у мяне лекі і гэтак падпарадкаваць табе.
— Ну ты проста востры перчык! Вялікая душа Адмуэля не магла мроіць пра лепшую абалонку для сябе.
Ніна выслабанілася з цэпкіх рук Галоўнага Варажбіта і засланілася ад яго пад галінкамі з дзікай гароднінай. Вочы б яго не бачылі! Аднак Нсарадор наблізіўся да яе, ажно прынцэса адчула, як па скуры змяіцца вусціш.
— Пра добрыя навіны я табе яшчэ не распавёў, прынцэса. Шкада, што ты не прыйшла да краўчыхі. Там цябе чакаў сюрпрыз. На мой загад яна сшыла табе адметную сукню з тканіны, якую сплялі надзеленыя розумам шаўкапрады з нічыйных зямель на беразе Жоўтага мора. Я патраціў дзежку грошай на караван і яго канвой, яны перасеклі варварскія землі і прывезлі ў імперыю тую тканіну. Выглядаць будзеш асляпляльна. Сэрца растае, і вока праслязіцца.
— Аддай тую сукню якой служанцы. Мне строі без патрэбы.
— Ты памыляешся, мая прынцэса, сукня табе трэба ў гонар радаснай урачыстасці.
— Урачыстасць радаснай не будзе. Я ў жалобе па бацьку.
— Навіна пра вяселле развее жалобу.
— Ты пра якое вяселле чаўпеш?
— Як жа я люблю тваю наіўнасць! Ты праўда не здагадваешся?
— Здагадваюся? Аб чым?
— Ты станеш маёй нявестай.
Ніно адчула ў горле такую пякучасць, быццам там захрас горкі перац. Яна закашлялася.
— А чаго мы так здзівіліся? — пракурняўкаў Нсарадор пяшчотным галаском. Чорныя матавыя зрэнкі, гэтыя вузкія шайбачкі разумнай імглы, наблізілася да яе вачэй. — Ты хіба не маеш да мяне хоць крышачку сімпатыі?
Наўрад.
— Але хто ведае, можа, у цябе няма пачуццяў ні да кога.
Ён больш не стрымліваўся, і з яго вуснаў вылецеў грэблівы смяшок.
— Тваё сэрца скамянела. Каму, як не мне, пра гэта ведаць? Ты, можа, хоць крыху прысвяціла б свайго часу, каб абдумаць магчымасць, што з усіх мужчын навокал менавіта я выклікаю ў цябе падсвядомую і магутнаю жарсць?
— Ніхалеры ты не выклікаеш!
Ніно адчула, як на лбе праступаюць кроплі поту. А што, калі ў словах Нсарадора ёсць рацыя? Але яна хутка выкінула з галавы гэтую агідную думку.
— Я цябе ненавіджу! — узрушана выгукнула яна.
— Шкада, ой шкада! Бо ты мне якраз даспадобы. Можа, пра бурапенныя пачуцці казаць не выпадае, але цярпець цябе побач у якасці жонкі я змог бы. У мяне — удалая жаніцьба, у цябе — карыснае замужжа. Падумай пра гэта. Напрыклад, адна з галоўных пераваг — я стану новым імператарам, кіраўніком імперыі.
— Толькі праз мой труп!
— Бачыце, жоначка ўжо ўхапілася ў рожкі з мужаньком. Далібог, твая душа — самы крэпкі арэшак, з якім мне даводзілася працаваць. Але ўжо хутка апошняя мая цукерачка ператворыць цябе ў памяркоўную і бездакорную жонку.
Ён дастаў з рукава белы флакончык і страсянуў змесціва. Ніно пачула, як усярэдзіне бомкнула апошняя таблетка.
Яна зрабіла намаганне выхапіць флакончык з рук, але Нсарадор спрытным рухам адхапіў руку.
— He цяперака, каханенькая! Пацярпі да заўтра.
— Поскудзь!
— Ну-ну, маё цярпенне мае межы... Ох-ох, прынцэсачка, я з трымценнем чакаю нашай цырымоніі! Бо што такое нейкая там улада над імперыяй у параўнанні з сумесным жыццём поруч з табою, мая прыгажуня! Сэрца тахкае ў захапленні і цешыцца нашым шчаслівым хвілінам наперад.