Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
— Перавяжы гэта вакол пояса, і я цябе падыму.
У прыгодніцкіх фільмах, якія глядзеў Ёнатан, такія аперацыі героі праварочвалі спрытна і элегантна. А вось наш крылаты альпініст, які залез на трэці паверх, рабіў тое цяжка
і няўклюдна. He раз падчас пад’ёму Ёнатан адчуваў, што вузел вось-вось развяжацца і ён са шторай у руках бразнецца долу.
— Ты тлусты, як пальцам пханая каўбаска! — скардзіўся зверху дэман.
Але нарэшце яму ўдалося падцягнуць Ёнатана да падаконня. Хлопец паваліўся на падлогу палаты, як мех з бульбай. На ложку ляжала занураная ў глыбокі сон жанчына. Яе цела скруцілася, а твар схаваўся ў далонях. Ёнатан убачыў, што ў мамы ўскудлаціліся валасы і яна набрала багата вагі.
— Твая мама храпе, — заўважыў дэман.
— Гэта ўсё таблеткі.
Ён баяўся груба яе разбудзіць, каб мама не закрычала, таму дастаў з падушкі пёрка і паказытаў згін рукі. Жанчына прамармытала нешта і зварухнулася, але не павярнулася на другі бок.
— Дай я! — нецярпліва ўлез Пазузу.
Перш чым Ёнатан паспеў яго спыніць, дэман укусіў жанчыну за вялікі палец нагі.
Маці ў нейкім тумане паднялася з ложка, доўгія валасы засланялі яе твар.
— Апсік, абрыдлівае камар’ё! — кволым голасам сказала яна і пачухала ўкушаны палец. Пасля лягла на спіну, і валасы рассыпаліся абапал твару веерам.
Гэта была не мама.
Ёнатан не здолеў схаваць выгуку расчаравання. Калі мама не ў палаце, дзе ж яна? Можа, з ёй здарылася нешта кепскае?
— Што будзем рабіць? — запытаў дэман.
— Пашукаем спадара Шапіру. Ён пэўна ў курсе.
Ёнатан добра ведаў дарогу да кабінета дырэктара “Ліванскіх кедраў”. 3 калідора, у якім яны хаваліся, сябры паглядалі на асветлены кабінет. На шчасце, сакратарка сышла з прыёмнага перадпакоя, і праз гіганцкі акварыум
на ўваходзе яны маглі бачыць твар дырэктара, які схіліўся над паперамі.
— Схавайся за акварыумам і пачакай мяне, — сказаў ён Пазузу.
— Чаму?
— Ён можа страціць прытомнасць. У маім свеце людзі не гатовыя бачыць дэманаў.
— Дзікуны, — абурыўся Пазузу. Аднак зрабіў так, як сказаў Ёнатан, — застаўся за акварыумам, прагавіта пазіраючы на залатых рыбак. Ёнатан прычасаўся пяцярнёю, дастаў з-за вуха сцябло вадзянога гіяцынта і смела зрабіў крок у кабінет Шапіры.
— Добры вечар, Ішаягу! — сказаў ён упэўненым голасам, які здзівіў нават яго самога.
Шапіра здзіўлена падняў галаву і заміргаў па-за шкельцамі акуляраў. Сваімі кароткімі ножкамі і ручкамі ён нагадваў тлустую і падслепаватую таксу.
Шапіра павёў носам:
— Хвілінку, я цябе ведаю...
— Ёнатан Маргуліс.
— Божа ж мой, Божа! Сынок Імануэля і Тамі. Як ты змяніўся! Ты стаў... стаў...
У Ёнатана не было жаданне слухаць, кім ён стаў. Ён усеўся насупраць Шапіры ў крэсла, на якім зазвычай сядзеў бацька.
— Я па-ранейшаму я.
— Ты адкуль такі выскачыў? Вы з сястрой зніклі два гады таму. Газеты разнеслі гэта па ўсім свеце. Вас шукалі. Казалі, што вас выкралі.
— Няважна, дзе мы былі. Галоўнае — зараз я шукаю маму.
— Тамі...
Шапіра зняў акуляры, і яго голас памякчэў.
— Нашая прыгажуня і разумнічка Тамі. У мяне было прадчуванне, што ты па яе вернешся. У вас з ёй заўжды былі
асаблівыя адносіны. Аднойчы ты парэзаў дома пальчык — а тут у яе цэлы дзень ліліся слёзкі.
Ёнатан адчуў камяк у горле і хутка зглынуў. Толькі не ставала тут расплакацца. Ён ведаў: зараз Шапіра пачне выкручваць з яго вільгаць, маніпуліраваць пачуццямі, намагаючыся ператварыць яго зноў у малога хлопчыка, каб вярнуць кантроль над сітуацыяй. Але Ёнатан вырашыў не даць сябе абязволіць.
— Дзе яна? Апошні раз, памятаецца, была тут.
— Я добра разумею тваю страту.
Шапіра працягваў свае здзекі з аголеных пачуццяў хлопца.
— Я прыйшоў сюды не гаварыць пра мае пачуцці. Я прыйшоў, каб знайсці яе.
— Ёнатанчык, — вымавіў Шапіра, — я на тваім баку.
Каб падкрэсліць словы, ён тэатральным жэстам прыціснуў далонь да кашулі крыху вышэй сэрца.
— Можа, спярша возьмеш таблетачку, супакоішся?
— He! — выгукнуў Ёнатан і адчуў, што злосць запаўняе яго. — Мне трэба факты.
Шапіра ўздыхнуў.
— Ах, гэтая сённяшняя моладзь. Гарачая і бурлівая, як лава. Замест псіхушкі я мусіў быў адкрыць калонію для непаўналетніх.
— Хопіць! Дзе мая маці?
— Мне прыкра паведаміць табе так вось, але ж ты сам напрошваешся. Такое не проста асэнсаваць. Дык вось, яе больш няма. Памерла год назад.
Ёнатана ўсяго скаланула. He можа быць! Калі б з ёй нешта здарылася, ён адчуў бы гэта фізічна. Ён убачыў, як левае вока доктара торгаецца. У яго цік. Кожнай клеткай сваіх мазгоў Ёнатан адчуваў, што загадчык клінікі не кажа яму праўды.
— Хлус!
Ён ускочыў з месца і нахіліўся да Шапіры.
Ёнатан сам не ўсведамляў, што яго ўзмужнелае і падужэлае цела ператварылася ў сур’ёзную пагрозу. Але Шапіра быў добра падрыхтаваны да такіх выпадкаў. Яго рука саслізнула пад стол і пачала там шнарыць. Краёчкам вока Ёнатан той рух заўважыў і адразу ж зразумеў памер небяспекі: гэта ж установа для разумова хворых! Ясна, што ў кабінеце загадчыка ўсталяваная трывожная кнопка. Як жа ён не падумаў пра гэта раней?!
Ёнатан даў нырца пад стол, намагаючыся адпіхнуць руку Шапіры. На жаль, рука доктара апярэдзіла ягоную і з сілай націснула на званок.
Ёнатан сцяўся. Ён чакаў пачуць аглушальную сірэну, якая магутнай хваляй пракоціцца па калідорах. Тады па іх пабягуць дзясяткі мажных санітараў, якія нацягнуць на яго ўтаймавальную кашулю і запратораць у палату. Але, на сваё здзіўленне, ніякае сірэны не пачуў. У будынку, як і раней, панавала ціша і спакой. Знерваваны Шапіра націснуў на кнопку другі раз. I яшчэ раз.
— Шукаеш гэта? — на парозе стаяў Пазузу, і ў пашчы ў яго была маленькая пластыкавая скрыня. Скрыня была разгрызеная, а з яе вытыркаліся надкусаныя драты.
Вочкі загадчыка клінікі забегалі з кута ў кут, а на лбе праступіў пот.
— Ты што са мной зрабіў? Накачаў наркотыкамі? Я зараз чую, як твой сабака размаўляе са мной!
— Я не сабака, — абразіўся Пазузу. Ён ганарліва памахаў сваімі лядашчымі крылцамі. Гэтае дзеянне зрабіла на доктара яшчэ больш гнятлівае ўражанне — ён пашарэў.
— У мяне стойкае адчуванне, што ты ведаеш больш, чым кажаш, Шапіра, — сказаў Ёнатан.
— Нічога я не ведаю, — заенчыў Шапіра.
— Што наконт музыкі, “Мелодый Чорнага Кракадзіла”? Два гады назад ты даў майму бацьку тую кружэлку. Яна стала прычынай усялякіх вычварэнняў і прыкрых падзей.
— Ты ўвогуле пра што? Я нічога такога не памятаю.
— Зноў хлусіш!
У гэты самы момант праз акно паказаліся дзве медсястры, якія рабілі свой штодзённы абход. Яны ішлі ў дальнім куце калідора і аб нечым гаманілі. Шапіра ўскочыў з крэсла ў бок прыёмнага пакоя, махаючы рукамі, намагаючыся прыцягнуць увагу. Але Пазузу выявіўся больш спрытным. Ён скочыў і з гырканнем павіс у загадчыка на пахвіне. Шапіра паваліўся на падлогу. Ён ужо гатовы быў залямантаваць, але ж Ёнатан прадбачліва запхнуў яму ў рот папяровы камяк, які выхапіў са сметніцы. Медсёстры набліжаліся. Іх галасы ўжо даносіліся праз шкляное акенца. Шапіра стаў адчайна качацца і выкручвацца. Пазузу, які не адпусціў стратэгічнага захопу паміж доктаравых ног, загыркаў, як драпежніклюдажэр.
Толькі пасля таго як сёстры пайшлі далей, Ёнатан дастаў кляп.
— Закрычыш — і табе капец.
— Ар-р-р... гр-р-р... Прыбяры з мяне свайго ратвейлера.
— Хто даў табе кружэлку “Мелодыі Чорнага Кракадзіла”?
— Злітуйцеся, не забівайце! У мяне дома жонка і дзеткі. Я нічога кепскага не хацеў. Яна проста прыйшла і дала яго мне. Сказала, што дапаможа твайму бацьку “з настроем на працу”. Прычын ёй не давяраць у мяне не было.
— Яна — гэта хто?
— Такая ўся самавітая і аўтарытэтная, выйшла з бээмвухі, таніраваныя шыбы, увесь камплект. Ты яе не бачыў, таму не ведаеш, якая яна бывае ў гневе. 3 рудымі валасамі і тварам, які нібыта створаны, каб быць мілым, але нічорта ён не мілы! Сара Ліспектар... Нават яе імя і прозвішча — сама бездакорнасць, нібыта іх сшылі ў нейкім буціку.
Ёнатан быў пэўны, што нядаўна ўжо чуў пра гэтую жанчыну.
— Хто яе паслаў?
— Прашу, цішэй! Яны раз’юшыліся — у іх жа скралі распрацоўку. Ды й бацькі твайго ўжо няма, каб абараніць Тамі... Зразумей, я не мог ім пярэчыць і супраціўляцца. Надта яны моцныя. Вельмі ўплывовыя, у іх сувязі паўсюль. Нават гэтая клініка — нібыта дзяржаўная ўстанова, але цалкам залежыць ад іх фінансавання. Калі б я адмовіўся запаўняць паперы аб смерці Тамі, яны б тузанулі за нітачкі ў міністэрстве аховы здароўя, і мяне б выкінулі з кабінета на тры-пятнаццаць.
— Але, ліха іх мацеры, хто яны такія?
Шапіра сарамліва апусціў вочы.
— Яны з фармакалагічнай фірмы, дзе працаваў твой бацька. “Гіпакрыком”.
“Гіпакрыком”, значыцца. Вялізная фірма, якая апекавалася яго сям’ёй і дбала пра ўсё неабходнае. Змалку цьмянай плямкай яе назва мільгала на краі Ёнатанавай свядомасці. Як ён зможа з такой аграмадзінай змагацца? Хацелася напоўніцу аддацца роспачы. Аднак ён адужаў адчай. Першым імем, якое разлілося па сэрцы промнямі світання пасля злавеснай ночы, было імя дзядзькі Ноаха. Доктар Hoax Зіпель, таварыш бацькі. Ён жа таксама працаваў у лабараторыях “Гіпакрыкома” і ведаў кампанію знутры. Hoax павінны ведаць, дзе знаходзіцца мама!
Ёнатан успомніў тую зімовую суботу, калі Ноаха запрасілі на абед у іх дом. Ён пастукаў у іх дзверы, трымаючы ў руцэ гаршчок з фіялетавымі першынцамі вясны. Галантна нахіліўся, каб пацалаваць маміну руку. Тамі стаяла на парозе ў фартуху і спартовых трэніках, сарамліва хіхікаючы і сілячыся схаваць распараныя рукі за спінай. Ёнатан з Эляй падазравалі, што Hoax таемна закаханы ў маму, і здзекаваліся з яго напоўніцу. Але дзядзькавы пачуцці да мамы — калі такія былі ў наяўнасці — у гэтай сітуацыі сыграюць Ёнатану на руку.
Ноч навылёт яны з Пазузу лавілі спадарожную машыну на поўдзень краіны.
Ёнатану стукнула дзевяць, калі ён упершыню пабываў у Ноаха дома. Успамін маляваў шумны цэнтр вялікага горада. Аўтобусы, шапікі, кавярні. Там выгодна разляглася зацішная алея з двума шэрагамі сікамораў абапал, на якой і стаяла камяніца Ноаха. Ёнатан памятаў, як дзядзька павёў яго на дах і з гонарам паведаміў, што яго дом — “у стылі баўгауз ды з’яўляецца помнікам архітэктуры і сведкам гістарычных падзей”. Потым дадаў, што “не можа даўмецца, як людзі селяцца ў каструбаватых і вульгарных мікрараёнах”.