Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
— Добры сабачка. Ідзі назад спаць.
Кір скруціўся ў сваім кутку, Эля зайшла ўсярэдзіну. Ёй заняло мову, калі яна ўбачыла багата аздоблены пакой Ніно. Тут можна было прабавіць усё жыццё, ухутанай персідскімі кілімамі, мяккімі і стракатымі, а таксама насценнымі дыванамі, на якіх былі вытканы сцэны палявання. Пакой поўніўся выкшталцонымі заваднымі цацкамі (Эля з пагардай узняла брыво, убачыўшы калекцыю лялек з парцалянавымі тварамі). У цэнтры памяшкання, на аграмадным ложку, абкружаным балдахінам і залітым месяцовым святлом, спала прынцэса, якая сама нагадвала адну са сваіх лялек. Апранутая ў начны халацік, які падкрэсліваў яе зграбную прыгажосць, у сне Ніно выглядала ці не самым рахманым і ціхмяным чалавекам у свеце.
Вось ты дзе, душа імперыі! Усе за цябе змагаюцца і гатовыя пакласці жыццё, каб атрымаць цябе. А ты ўся такая бестурботная і нерухомая, недаступная. Бо аніхто не можа да цябе дацягнуцца.
Ніно ўздыхнула праз сон, а Эля прыкусіла губу. Яна дастала кінжал Эль-Наміра і паднесла яго да горла прынцэсы.
Лязо кінжала было тонкае і гнуткае. Элі падалося, што тое лязо ўвабрала святло зорак, усё роўна як крывая коска цемры.
“He даставайся ж ты нікому! — падумала Эля. — Гэта слушны і справядлівы ўчынак. Я магу гэта зрабіць. Раніцай я забіла чалавека, мая рука не здрыганецца і зараз”.
Яна пабачыла ў думках цёплую кроў, што цурчыць з шыі Ніно, і яе ахінула пачуццё асалоды і палёгкі.
Аднак Эля ўсё яшчэ вагалася. Пальцы мімаволі сціснуліся вакол дзяржальна кінжала, і рука бы скамянела.
“Чаго ты чакаеш?! — роў голас усярэдзіне галавы. — Штохвіліны прынцэса можа прачнуцца! Або цябе ўбачаць ахоўнікі. Гэта твой шанц выбавіць Гілеля ад заглыблення ў вар’яцтва, а разам з ім — уратаваць імперыю”.
Аднак рука адмаўлялася падпарадкавацца. Лёгкае дыханне Ніно варушыла кончыкі валасоў, якія спускаліся ёй на шчокі. Эля адчувала, што, калі яна паспрабуе паварушыць кінжалам, усё скончыцца.
“Што са мной такое? — запытала яна саму сябе. — Я зашмат думаю. Я хіба забылася, чаму мяне вучыў Эль-Намір?”
Яна разумела — яе асабістыя пачуцці тут таксама замешаныя, і гэта яе непакоіла.
“Я не пачвара! — урэшце сказала яна сабе. — Я такога толькі дзеля самой сабе рабіць не буду! Я заўжды адмаўлялася ад сваіх жаданняў і адчувала гэта. Я ніколі не дзейнічала на карысць свайму эгаізму. Калі я заб’ю Ніно, Гілель зноў будзе мой, і толькі мой. Я раўную да прынцэсы — гэта праўда. Мне будзе лепш, калі яе не стане, але забіваць яе адно праз рэўнасць — не буду! Гэта ператворыць мяне ў крыважэрную звяругу. А што, калі паглядзець на гэта з гледзішча карысці? Нельга, каб пачуцці заблыталі мяне. Я мушу прыгадаць, што, нягледзячы на тое, што ўчынак будзе карысны мне асабіста, гэта яшчэ неабходна для паўстання. Ці так гэта?..”
Ад наплыву думак галава забалела, і Эля вырашыла падыхаць свежым паветрам і крыху ачуняць. Яна пару хвілінак пастаіць, адпачне на балконе, набярэцца адвагі, тады вернецца ў пакой завяршыць пачатае.
Эля ціхенька выйшла на балкон. Падышла да парэнчаў глянуць на начное неба над горадам, якое ўжо пакінуў месяц. За спінай пачуўся шоргат, аднак Эля не паспела павярнуцца. Магутная і цёмная постаць саскочыла з даху і атакавала яе ззаду.
Эля абаранялася ва ўсю моц сваіх здольнасцей. Праз дождж удараў, які сыпаўся на яе, яна згледзела, што нападнік — мужчына, апрануты ў чорны плашч. Яны зладзілі бліскавічны ручны бой. Эля кусалася і брыкалася, ужывала самыя брудныя прыёмчыкі, якія толькі ведала. Яна намагалася дабрацца да шыйнай артэрыі саперніка. Але нападнік выявіўся дужэйшы і вышэйшы за яе на цэлую галаву, а таксама меў падвойную перавагу ў вазе. Таму не пакідаў ёй ані найменшага шанцу. Ён выдраў з Эліных рукі кінжал і выцяў яе каменным кулаком у твар.
Эля аслепла. Перад вачыма забліскалі зорачкі. Паветра са свістам вырвалася з лёгкіх. Дзяўчыну адкінула, і яна павалілася на поручні. Аднак, на яе здзіўленне, нападнік не скарыстаўся хвілінай яе слабасці, каб скінуць дзяўчыну долу. Адно працягнуў руку і дапамог падняцца на ногі.
— Цьфу! Ты дзікі, як памыйны кот! — сказаў незнаёмец і выплюнуў выбіты чорны зуб.
Нападнік выявіўся дарослым мужчынам з серабрыстымі валасамі. Са сцёгнаў у яго звісалі столкі тлушчу, што надавал і целу выгляд камічна-геданістычны (дадатковых доказаў не патрабавалася). Ён меў і мясістыя вусны, і алеістыя чырвоныя вочы.
— Ты хто? — запыталася Эля, аддыхаўшыся.
— Той, хто хоча, каб прынцэса заставалася на бліжэйшы час у жыцці.
— Ты не выглядаеш як яе целаахоўнік.
— “Целаахоўнік”?! — ашчэрыўся мужчына, паказваючы свае гнілыя дзясны і чорныя як смала зубы. — Думаеш, які целаахоўнік здзейсніў бы для прынцэсы тое, што зараз зрабіў я?
— Адкуль ты ўзяўся?
— Хадзем са мной, і я пакажу табе.
— А спачатку ты не хочаш забіць мяне?
— 3 якой такой нагоды?!
Караван кантрабандыстаў атабарыўся ў заняпалай беднай слабодцы на ўскраіне горада. Бочкападобныя, ахінутыя брызентам кібіткі стаялі вялікім колам вакол вогнішча, якое шугала вялікім полымем. А паміж імі пасвіліся лахматыя і надзіва выдрэсіраваныя поні.
Самі, які за апошнія два гады добра падрос, нагуляў сала і цягліц ды ператварыўся ў самавітага мужчыну, panep гатаваў на агні прыпраўленую кардамонам чорную каву і разліваў яе па парцалянавых філіжанках.
— Перапрашаю, заўтра на воку ў цябе будзе “ліхтар”. Але выцягнуць з тваёй рукі нож болын далікатным спосабам не атрымалася.
— Я таксама перапрашаю за зуб, — сказала Эля.
— Мой стаматолаг і без таго ў шоку.
Эля глытнула вострай кавы. Яна па-ранейшаму была ў ступары. Дзяўчына, вядома, чула пра кантрабандыстаў, але ніколі не сустракалася твар датвару. Яна касавурыла вочы на хеўру курцоў і выпівох, фарсістых паўлінаў у стракатых лахманах, на няўрымслівых жанчын, абвешаных завушніцамі і ўпрыгожанымі колцамі ў носе, чыя далоні, ступакі і лоб стракацелі малюнкамі, зробленымі барвовай фарбай, здабытай з малюска. Ва ўсіх — смуглявая скура, вялікія і мясістыя насы, усмешка ад вуха да вуха, зіхоткія вочы і чорныя разбэрсаныя валасы. Увесь час іх сківіцы мерна працавалі.
— Як ты сачыў за палацам? — запыталася Эля.
Яе збянтэжанасць Самі забаўляла.
— Ад нас, кантрабандыстаў, нічога не схаваеш. У нас вочы і вушы — паўсюль. Мы заўжды рупімся падкупіць інфарматараў, якія частуюць нас самымі гарачымі навінамі.
— Навошта?
— Такія, як мы, мусім заўжды трымаць нос па ветры ды настаўляць вушы то ў адзін, то ў другі бок. Іначай нас бы ўжо даўно пералавілі і скармілі кракадзілам.
— Я ні разу не бачыў, як вы за намі сочыце!
— Але мы бачылі цябе. Ты памятаеш дзверы, якія адчыніліся і выратавалі цябе сёння раніцай, калі за табой гналіся жаўнеры? Так-так, гэта не выпадкова! За тымі дзвярыма стаяў я.
— Мяркую, трэба сказаць табе дзякуй. Але з якое прычыны ты не даў мне забіць прынцэсу?
— От, як недальнабачна з твайго боку.
— Калі ты сочыш за намі, то, мусіць, ведаеш — Гілель сустракаўся з прынцэсай. Калі б яны працягвалі свае стасункі, гэта б нас знішчыла.
Самі шырока пасміхнуўся (відовішча не з прыемных, трэба заўважыць):
— Асабіста я ніколі не лічыў, што жанчына можа яго знішчыць. Сапраўдны мужчына ў падобных сітуацыях мусіць даць рады. Вось спытай любога, хто сядзіць тут укруг вогнішча. Так, ён — ваш павадыр, але, далібог, дайце яму трохі асабістай прасторы! Апрача таго, прынцэса важная для нас, бо яна дапамагае аднаму нашаму сябру.
— Каму гэта?
— Хлопцу, які водзіцца з адным дэманам і робіць калатушы. Гады два таму мы сустрэлі іх, калі яны ўцяклі ад дурнога лекара-святара ў Ніпуры. Стуль гэты хлопец выбіўся ў людзі. Апошнім разам, калі я сядзеў на нейкім вавілонскім даху, то бачыў, як да яго ідуць людзі, бо ён зрабіўся тутэйшай славутасцю. Нешта накшталт прарока. Людзі клічуць
яго Танцмайстрам ценяў. Праблема палягае ў тым, што Варажбіты яго не надта любяць і не шануюць. Я выратаваў яго ад паветранага шара паліцыі. Такі кайф — я той шар узарваў, але яны хлопца ўсё роўна злавілі. Але тут умяшалася прынцэса. Mae інфарматары ў турме кажуць, што яна выратавала яго ад пакарання смерцю.
Эля з усё большай увагай слухала Самі, і ў яе кроў пачалі праточвацца адрэналінавыя мурашы.
— Як той хлопец выглядае? Гадоў чатырнаццаць, са светлымі валасамі і прыдуркаватымі ідэямі?
— У яго акурат добрая рука, а яго ідэі — нарасхват. На сёння ён — самы папулярны чалавек у горадзе.
— Яго клічуць Ёнатанам?
— У самае вока!
— Дык гэта мой брат!
— Праўда? — Самі з павагай зірнуў на Элю. — От вы сямейка!
Адрэналінавыя мурашы атакавалі Эліна сэрца, не раўнуючы кавалак хлеба.
— Ты ўпэўнены, што ён абмінуў пакаранне смерцю?
— Учора яны з дэманам мусілі стацца вячэрай кракадзілам. Mae інфарматары паведамілі мне, што паўзуны засталіся такімі галоднымі, што разгрызлі кату шчыкалатку.
— Дык дзе Ёнатан цяпер?
— Адной прынцэсе вядома. I магчыма, яна адзіная, хто можа яго выбавіць адтуль.
Эля ўдыхнула паветра на поўныя грудзі. Якое шчасце, што яна не працяла кінжалам Ніно!
— Паўстанне мусіць пачацца! — сказала яна. — Яго больш нельга адкладаць. Усе нашы легіёны гатовыя выступіць. Хутка развіднее, у нас засталося трохі больш за паўтара сутак да пачатку Летняга фэсту. Мы мусім атакаваць Пляц Вярхоўнага Бога перад Галоўнай бажніцай роўна ў той час, калі пачнецца цырымонія.
— План самагубцаў. Але з пярчынкай.
— Вы з намі?
Позірк Самі злізнуў на людзей, якія сядзелі вакол вогнішча.
— Так, мы будзем біцца з вамі поплеч. Мы ўжо гэтую тэму абмеркавалі на нашым сходзе. Мы думалі, што нам не давядзецца ўмешвацца ў паўстанне, але выявілася, мы памыляліся. У такую часіну нельга заставацца наўзбоч ад гульні. У вайне супраць Варажбітаў вам спатрэбіцца любая пара рук. Інакш давядзецца трываць гэтых п’явак да скону.
— Рады чуць.
— Мы перадамо вестку паміж караванамі кантрабандыстаў, якія перасякаюць імперыю. Спадзяемся, яны на сваіх землях зробяць усё, што змогуць зрабіць. Але ты мусіш ведаць, што вайна будзе доўгая і цяжкая. Першы бой мусіць скончыцца нашай перамогай. Генерал Арытрава перакінула ў горад вельмі вялікія сілы, і бажніца Мардука будзе абароненая не раўнуючы жалезным мурам. Mae інфарматары кажуць, што генерал уласнаручна кіруе войскамі, а яна яшчэ ніколі не зазнала ніводнай паразы.