Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
— Атрымалася?
— He. Але, як ты зараз убачыш, у іх атрымаліся іншыя рэчы, значна больш цікавыя. Навукоўцы здолелі сінтэзаваць з арганічных малекул кактусаў і грыбоў адно рэчыва, якое дазволіла паддоследным патрапляць у адметныя сусветы. Сусветы, з якіх тыя ніколі не вярнуліся. У “Гіпакрыкоме” думалі, што людзі, гэтыя паддоследныя “трусікі”, страцілі розум. Кампанія заснавала сядзібу-вар’ятню, па тэрыторыі якой швэндаліся сотні самнамбул, занураных у розныя станы свядомасці і дзіўныя сусветы, збітыя з ладу, пакутуючы на згрызоты душы і начныя жахі. Пералом настаў, калі да ўсеагульнага здзіўлення высветлілася: некаторыя людзі могуць разам “жыць” у адным сусвеце, дзяліць яго між сабой. Іншымі словамі, стала ясна, што некаторыя сусветы не ёсць
суб’ектыўнымі, асабістымі перажываннямі, а з’яўляюцца аб’ектыўнай рэчаіснасцю, яваю.
— Дзе гэтыя сусветы знаходзяцца?
— Нідзе. Паддоследныя людзі засталіся там, дзе былі, у сваіх целах — прывязаныя да ложкаў або згубленыя на паркавых сцежках вар’ятні. Аднак іх свядомасць перасялілася ў іншы сусвет. 3 цягам часу пры дапамозе даследавання сотняў (калі не тысяч) паддоследных навукоўцы Тіпакрыкома” здолелі класіфікаваць усе тыя сусветы, якія насамрэч з’яўляліся станамі свядомасці. “Цялесна” зайсці туды нельга, але ўсе яны былі наяўныя і адчувальныя на дотык не менш, чым гэтая зала.
Ёнатан падумаў пра сусвет, у якім прабавіўся апошнія два гады.
— Вавілонская імперыя была станам свядомасці?
— I так, і не. Мне падаецца, ты не ставішся сур’ёзна да свядомасці. Свядомасць не менш сапраўдная за жалезны масток, на якім ты стаіш цяперака. Матэрыя свядомасці і фізічная матэрыя — розныя частоты адной і той жа энергіі. Навукоўцы “Гіпакрыкома” зразумелі гэта. Яны шукалі спосабы перанесці целы паддоследных людзей у месцы, куды даходзіла іх свядомасць. Існуе безліч сусветаў, але даследчыкі ўскладалі асаблівыя спадзевы на адзін сусвет, чыя частата найбліжэйшая да нашага сусвету, гэтаксама як Марс — найбліжэйшая да Зямлі планета. Гэта сусвет, у які вы патрапілі з Эляй. Сусвет Вавілоніі.
— У іх атрымалася туды пратачыцца?
— Так. Але гэта было няпроста. У шасцідзясятыя гады дваццатага стагоддзя адкрылі аптымальны спосаб памяняць частату фізічнага цела. Яно мусіць знаходзіцца ў разняволеным стане і плаваць у ёмістасці, адасобленай ад усіх навакольных уплываў. Сядзіба-вар’ятня ператварылася ў падводны акварыум — тое, што ты бачыш тут. Потым, ясна, дадалі
ўсялякіх удасканаленняў і прыстасаванняў. А таксама музыку. У музыкі — магутны ўплыў на свядомасць і цела.
— Я расказваў табе, што тата атрымаў у падарунак кружэлку з запісам жахлівай музыкі і чорным кракадзілам на вокладцы?
— Мусіць, тая музыка робіць уваход у партал гладкім і хуткім. Нехта хацеў схадзіць у госці да твайго бацькі або выправіць да яго пасланца. Ці наадварот. Можа быць, яны хацелі, каб твой тата — чалавек, трэба заўважыць, упарты і звышрацыянальны — забыўся, адышоўся ад памяці і прачнуўся ўжо ў Вавілоніі.
— Мой тата ведаў пра Вавілонію?
— He факт. Ён, можа, і быў вядучым навукоўцам у Тіпакрыкоме”, але, як ты ведаеш, працаваў незалежна. Ён распрацоўваў лекі і канцэнтраваўся толькі на сваіх навуковых тэмах.
— А якое дачыненне да гэтага мае мая мама?
Hoax уздыхнуў.
— Акурат збіраюся цябе распавесці. Упершыню я сустрэў тваю маму дваццаць пяць гадоў назад, на лужку ўніверсітэцкага гарадка. Стаялі васьмідзясятыя, на ёй была міні-спадніца, на нагах — красоўкі, а таксама стракатыя вязаныя з воўны легінсы (ну такая тады была мода). Тамі лізала цытрынавае марозіва і была самым мілым стварэннем, якое я толькі бачыў у сваім жыцці. Вочы — разумныя і ззяючыя, даўгія валасы. Тамі шчыра верыла, што свет можна памяняць да лепшага і наблізіць да справядлівасці. Была яна студэнткай-лінгвісткай, выдатніцай і разумніцай. Можа, крыху крывілася ад выгляду сваіх прафесараў-сухароў, але ж — цікаўная аптымістка. Тамі пачула, што ў “Гіпакрыкоме” шукаюць паддоследных для эксперыментаў са свядомасцю. Эксперыментатары трохі нават плацілі, а яна была студэнткай незаможнай, таму вырашала ўзяць удзел.
— Чаму ты яе не спыніў?
— Тамі спыніць немажліва. Акрамя таго, тады я не ведаў усяго, што ведаю сёння. Урэшце, я быў пыхлівым студэнтам-батанам, які вагаецца, узяць спецыялізацыю па псіхафармакалогіі ці па нейрафармакалогіі, і мроіць, што некалі ў яго будзе тлустае месцейка ў гіганцкім фармакалагічным канцэрне.
— Што яны ёй зрабілі?
— Яна мне ніколі дакладна не казала. Мяркую, ёй укалолі гэты прэпарат і пакінулі плаваць у адным са сваіх акварыумаў. Аднак выявілася непрадбачанае: у тваёй мамы была празмерная чуллівасць, што перавышала адпаведныя паказнікі ўсіх іншых паддоследных у сотні разоў. У сваёй свядомасці яна здолела пратачыцца не толькі ў сусвет Вавілоніі, але яшчэ ў адно месца, пра існаванне якога тады толькі пачалі здагадвацца. Тое месца было на такой далікатнай частаце свядомасці, ажно аніхто да Тамі туды не патрапляў. Гэта не быў нейкі адасоблены сусвет, а пэўная прастора, якая знаходзіцца паміжусімі іншымі сусветамі, абвалаквае іх, злучае іх, усё роўна як жывая тканка. He маючы пад рукой належнага адпаведнага тэрміна, яму прыдумалі назву “Міжсусветныя воды”.
— Міжсусветныя воды?
— Так.
Hoax нервова скрывіўся, нібыта акрэсленне яму было не даспадобы.
— Высветлілася, у кожным іншым сусвеце ёсць або навукоўцы, або празорцы, або сакрэтныя службы, які ведаюць пра існаванне гэтага месца. У кожным сусвеце яго называюць па-рознаму. У сусвеце Вавілоніі, напрыклад, яго імянуюць “Прорвай”.
— Прорвай?
Пазузу навастрыў вушы, а яго хвост стаў тырчма.
— Прорва — не самае прыдатнае месца для тваёй мамы. Лепей туды не трапляць, — заўважыў ён.
— На жаль, гэта сапраўды выявілася дрэнным для Тамі месцам. Яна стала пакутаваць на фобіі і апакаліптычныя фантазіі, — згадзіўся Hoax. — Выявілася, што Міжсусветныя воды — тое месца, дзе выяўляюцца прарочыя здольнасці, але таксама і начныя жахі. Нават калі эксперыменты завяршыліся, твая мама была настолькі ўразлівая і ўражаная, ажно частка яе засталася знітаваная з Прорвай так, нібыта той сусвет застаўся ў ёй.
Hoax зрабіў паўзу і працягнуў:
— Тым часам яна пазнаёмілася з тваім татам, які быў маім аднагрупнікам і сябрам. Я яму трохі зайздросціў, бо ён быў адзіным маім аднакурснікам, ад якога чакалі больш, чым ад мяне. 3 іншага боку, ён быў моцна засяроджаны на навуцы, таму ў іншых сферах жыцця паводзіў сябе як дзіця. Нічога не кеміў у палітыцы і ўнутранай кухні вялікіх канцэрнаў і кампаній, такіх як “Гіпакрыком”, якія прагнуць дасягненняў і ўлады ды гатовыя раздушыць кожнага, хто пераступіць ім дарогу. Імануэль і Тамі сустрэліся на прыёме, што ладзіў “Гіпакрыком” для маладых навукоўцаў, якія уступілі ў шэрагі кампаніі. На вечарынку прывёў Тамі я сам. Імануэля яна проста зачаравала. Калі яна зайшла ў залу, то ён паклаў нейкую археалагічную акамянеласць, якую трымаў у руках, проста ў свой келіх з марціні — нейкі модны тады кактэйль. А калі Тамі падышла да яго блізка і пачала гутарку, то Імануэль тую акамянеласць дастаў з келіха і, не міргнуўшы вокам, стаў яе грызці. Гэта было каханне з першага позірку. Імануэль траціў усе сілы, каб вылекаваць Тамі ад душэўных згрызот, якія былі змрочным бокам яе ўзнёслай натхнёнасці і мудрасці. Яна была для яго цэлым сусветам. Некалькі гадоў яны здолелі жыць нармальна. Але тая катастрофа сталася для яе надта моцны ўдарам.
— Ты пра якую катастрофу? — спытаў Ёнатан.
— З’яўленне на гарызонце новай сілы. Ніхто не ведае, з якой прычыны яна з’явілася на сцэне, аднак, кажуць,
што гэта здарылася з ласкі “Ппакрыкома”. Да кампаніі нарэшце дайшло, што Міжсусветныя воды — вельмі важнае і ўрадлівае месца. Яны прынялі рашэнне даследаваць іх. Яны ўжо пачалі падазраваць, што гэтая частата будзе парталам у іншыя сусветы.
У кампаніі пастанавілі запусціць у Міжсусветныя воды цэлую атамную субмарыну. Яе аснасцілі адметнымі прыборамі. Поўным тэмпам распрацоўваліся тэхналогіі пераносу. Але стала ясна — такі эксперымент немагчыма зладзіць у тутэйшым падземным крыле. Кампанія выйшла на Паўночнае мора, ля Берынгава праліва. Падводная лодка здолела вырвацца з частаты нашага сусвету, але праз некаторы час знікла з санарных экранаў. Яна патрапіла ў Міжсусветныя воды і там узарвалася. Адзіны аскабалак, які застаўся ад яе, знаходзіцца ў адміністрацыйным офісе “Гіпакрыкома” (Ніно распавяла табе, што бачыла яго). Ядзерны выбух у тым месцы стаў прычынай жудасных падзей. Лічыцца, што ён зрабіў уплыў на ўсе наяўныя сусветы. Выбух стварыў нешта-нейкае. Згенерыраваў істоту, магутнасць і планы якой мы дагэтуль не можам ацаніць. У сусвеце Вавілоніі яго клічуць Левіятанам.
— Левіятан!
— Так, Левіятан. Ён прыйшоў у гэты свет у год твайго нараджэння, роўна чатырнаццаць гадоў назад. Яго з’яўленне сталася прычынай рэзкага пагаршэння мамінага стану. Навукоўцы ў “Гіпакрыкоме” — і я тым часам стаў адным з іх — маюць усе падставы лічыць, што Тамі падлучаная да Левіятана і можа адчуваць яго рухі проста ў сваім целе. Твая мама — прыродны медыум-праваднік, які валодае дарам прароцтва. Я памятаю, што прыйшоў адведаць вас на Фіялкавую вуліцу і заспеў, як яна сядзела ў гушкалцы, калі ты быў малым зморшчаным немаўлём. I ты быў заціснуты ў яе абдымках, а яе твар перакрывіла ад жаху. Нават яе любоў да цябе не ратавала яе ад навалы жуды.
— Што Левіятан можа ёй зрабіць?
— Мы не ведаем. Як я казаў раней, расшыфраваць, хто ён такі і якія ў яго сілы, мы не можам. Мы адно ведаем, што ў кожным сусвеце ён прымае іншае аблічча і паводзіць сябе на розны манер. Што агульнае для ўсіх абліччаў, якія прымае Левіятан, гэта тое, што ён мае магутны ўплыў на душу і затапляе яе пачуццём нікчэмнасці, марнасці і згубнасці. Левіятан — гэта свядомасць пустаты. Ён робіць так, каб душа адчула сваю канечнасць і гэтак занурылася ў прыгнечаны стан і журбу. I гэты стан робіцца прычынай таго, што людзі рэшту жыцця гібеюць у цені непазбыўнага пачуцця няўмольнай смерці.
— У Вавілоніі гэта называюць Хваробай Цёмных Плям, — сказаў Ёнатан. — Я вывучаў яе з кніг Ваала-Маркода. Там ішло пра тое, што гэта не хвароба.
— Усё залежыць, што мы разумеем пра хваробу. Слушна, у пэўным сэнсе ты маеш рацыю. Левіятан нам не хлусіць. Ён проста выстаўляе нам на вочы тыя з’явы, якія звычайна мы выціскаем са свядомасці і ад якіх пад яго ўздзеяннем не адкаснуцца, не адкараскацца. Левіятан руйнуе імунны механізм душы і ўпускае ў яе любую змрочную думку і кожную сумную падзею, якія б мы ў звычайным стане проста адпрэчылі, праігнаравалі. Пад уплывам Левіятана людзі могуць рэагаваць на навалу экстрэмальнымі ўчынкамі, дэпрэсіяй, самагубнымі думкамі і ўспышкамі гвалту. Таму Цёмныя Плямы, канешне, хвароба! Астрофікс, распрацоўцы якога твой бацька прысвяціў усё жыццё, — відавочны прагрэс у лячэнні гэтай хваробы. Астрофікс называюць “панцырам душы”, які можа загартаваць і абараніць яе ад шкоднай навалы.