Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
Яна скочыла на долю секунды назад і выхапіла меч з-пад Рыціных ног. Ногі Арытравай захісталася, яна забалансавала ў паветры і не ўтрымалася, грымнулася.
— Бачу, ты навучылася метахроніцы, — прамовіла Арытрава, спешна падымаючыся на ногі і прымаючы абарончую пазіцыю. — Няблага, няблага... Але ці зможаш ты адскочыць пасля таго, як я схаплю тваю галаву і адсяку?
Эля палічыла, што цяпер — не найлепшы момант развязваць гэтую філасофскую дылему. Але апошнія кроплі страху перад цёткай выпарыліся. Здзівіўшы і сябе, і цётку, Эля з усяе змогі зноў накінулася на саперніцу. Іх мячы з металічным звонам скрыжаваліся яшчэ раз.
— Шкада, што я не забіла твайго татуні, — выдыхнула Арытрава. — Я ж адмыслова прасіла ў іх дазвол на гэтую дадатковую аперацыю, але ж мне забаранілі. Ім усё яшчэ трэба гэты разумненькі доктар Маргуліс. Але прыйдзе дзень — і ён ім болып не спатрэбіцца. I тады... Ох я тады!
— Табе не ўдасца выйсці адсюль, не заплаціўшы, — прамовіла Эля. Яна зрабіла супраць Арытравай выпад і нават змагла падрапаць ёй пальцы.
— Ну ўсё, досыць! — гукнула цётка Рыта і грэбліва зняла жалезную рукавіцу. — Ты ж ведаеш, як я даглядаю свае далонькі.
Рыта перанесла ўсю вагу ў бок Элі, пхаючы яе з усяе змогі ў бок ахвярніка і прыціскаючы ёй да горла меч. Эля адчула, як кожная цягліца звініць і трымціць у адчайнай спробе стрэсці з сябе нападніцу.
— Скажы: “Заставайся здаровай, дарагая цётухна!” — выгукнула Рыта. — Я не забудуся перадаць прывет твайму брату, калі злаўлю яго. Ён, пэўна, будзе рады пачуць вестачку ад цябе перад тым, як я запхну яму ў кішкі той жа меч, які заб’е зараз цябе.
Эля закрычала ў роспачы. Ніхто не прыйдзе ёй на дапамогу на гэтым ахвярным пагорку. Яна разумела гэта. Ніякага цудадзейнага ратунку — ні ад Гілеля, ні ад Эль-Наміра, ні ад брата і ні ад бацькоў — ніхто сюды па яе не прыйдзе. Яе жыццё залежыць толькі ад яе. Эля сабрала ўсе свае сілы, выхапіла кінжал Эль-Наміра з бота і ўдарыла ім проста ў твар цёткі Рыты.
Агаломшаная жанчына здолела зрэагаваць. Мячом сяктак адбіла асноўны ўдар. Аднак вастрыё крывога кінжала ўторкнулася ёй проста ў левае вока.
Эля ўсё роўна як на запаволеных кадрах бачыла, як кінжал ірве брыво, раздзірае празрыстую тканку і ўваходзіць проста ў зрэнку, чыё змесціва распырскалася на шчокі.
— Ты што зрабіла, злыдня?! — быццам не верачы, прастагнала цётка. Гарачы струмень крыві пырснуў на твар Элі і асляпіў таксама яе.
РАЗДЗЕЛ 20
КРОЎ ПРОРВЫ
<5 сярэдзіны акварыума Ёнатан убачыў прыціснуты да шыбы твар Пазузу. Дэман пазіраў на яго з трывогай. Калі Hoax раскрыў карты, дэман палічыў за лепшае схавацца. А цяпер, калі дзядзька з залы сышоў, Пазузу выскачыў з хованкі, як Піліп з канапель. Ёнатан хацеў нешта сказаць дэману, але з яго рота вырвалася парачка жаласлівых бурбалак. Цяпер, калі ноздры нячысціка прыціскаліся да шыбы, пыса Пазузу выглядала надзвычай выродліва. Гэтая пачварнасць працяла Ёнатана ў самае сэрца. Вены запульсавалі адчаем. Свет пабляк, думкі заблыталіся. Ёнатан адчуў сябе як злоўленая ў акварыуме рыбка. Хлопцу падалося, маўляў, падобны да расамахі Пазузу глядзіць на яго нейкім дзіўным позіркам, бо насамрэч хоча накінуцца і раздзерці. Нават дзіўна, чаму нячысцік не зрабіў гэтага раней? Ён жа дэман з Прорвы! Сяброўства паміж імі было проста замыльваннем вачэй — прыспаць і прытупіць яго пільнасць. Цяпер, калі Ёнатан нямоглы плавае ў акварыуме, дэман вылавіць яго і згрызе мяса з костак.
— Ты як? — запытаўся Пазузу.
— Буль!
— Бо выглядаеш ты нармальна.
— Буль, буль!
— He падабаецца мне гэты акварыум.
— Буль! Што ты вярзеш!
— Дзядзька твой — гад печаны.
— Буль, ён увогуле не мой дзядзька!
— Слухай, я, напэўна, пайду і выгрызу той электрашчыт.
— Буль, буль, буль! He рабі гэтага! Гэтак ты ўключыш сігналізацыю, і яны зловяць маю маму.
На шчасце, Пазузу заўважыў заклапочанасць на твары Ёнатана.
— Добра-добра, супакойся. Мы дамо ім адысці яшчэ далей. Але час працуе супраць нас. Бо ты робішся шэры і твае вочы зацягваюцца недарэчнай плеўкай, якая ва ўсіх гэтых чалавекагалавасцікаў. Калі будзем надта доўга чакаць, то ты, барані божа, яшчэ ператворышся ў жабу!
Ёнатан паглядзеў на стрэлкі насценнага гадзінніка. Яшчэ ніколі час не цягнуўся так марудна! Кожная секунда — квіток у адзін бок да невядомых краёў. Ці зможа ён вылезці жывым з гэтай вады? Калі так, ці застанецца ён у цвярозым розуме і пры здаровай памяці?
Пазузу нервова пахаджваў па шкляным калідоры.
— Хвілінку! Чаму мы паводзім сябе як доўбні? Нам ніякага электрашчыта не трэба! Ёсць лепшая ідэя.
Ёнатан сачыў за дэманам. Той падняўся па лесвіцы на верхнюю пляцоўку над акварыумам. Ёнатан не ўбачыў, што дакладна робіць Пазузу. Яму падалося, што дэман шныпарыць па рэчах, якія ён пакінуў на краю акварыума. Шабулдых! Калі важкае цела дала нырца, то вада пайшла бурбалкамі. Дэман апынуўся ў акварыуме.
Ён даў нырца галавой уніз і стаў плыць у кірунку Ёнатана з распрастанымі перапонкамі паміж пальцамі. Ёнатан упершыню бачыў Пазузу ў вадкасці. Выдавала на тое, што дэман тут як рыба ў вадзе. Мільёны драбнюткіх бурбалак
прыляпіліся да поўсці і шчэці на вусах, якая прыцягвала кісларод на манер жабраў.
Пазузу падплыў да Ёнатана, даў нырца і стаў плаваць дагары нагамі, ягоная пыса лунала на ўзроўні твару хлопца. Трымаўся Пазузу на месцы пры дапамозе рухаў маленькіх крылаў, якія, відавочна, былі больш карысныя не як сродак паветраплавання, а сродак вадаплавання.
Дэман працягнуў руку. Ёнатан убачыў, што той трымае ў лапе сутонлівы акуляр — чорны бурштын, які толькі што выцягнуў з кішэні штаноў.
Вада напоўніла акуляр жыццём. Вадкасць яму падабалася. Бурштын пашырыўся і запульсаваў, як мініяцюрныя мазгі, заззяў вугальным бляскам.
Ёнатан адчуў моц, што сыходзіла ад бурштыну, — яна ахутвала ягоную галаву і збірала ў купку аскалёпкі раструшчаных думак. Пазузу адкрыў пашчу, і з яе вылецела вялізная бурбалка.
— Гр-р-р! — вымавіў ён.
Ёнатан зразумеў. Каб выбавіцца адсюль, трэба скарыстацца акулярам.
— Буль, — прамовіў Ёнатан. — Куды?
— Гр-р-р, — адказаў Пазузу. — Паварушы мазгамі!
— Ратуй, я тану, — падумаў Ёнатан. — He магу засяродзіцца, вакол мяне ўсё расплываецца.
Пазузу працягнуў руку і без лішніх цырымоній націснуў сваім кіпцем на шнар, які застаўся на пальцы хлопца з тых часоў, калі яны заключылі кроўны саюз.
Фізічны боль вярнуў Ёнатану кантроль над сабой і сваім целам. Ён паглядзеў Пазузу ў вочы і ўбачыў там тое самае месца, куды яны мусілі патрапіць.
— Гр-р-р, — вымавіў Пазузу, — засяродзься на мне і думай пра яго з усяе змогі.
— Буль, — сказаў Ёнатан, — я не магу. Мы патрапім у самае сэрца Прорвы і там навекі згубімся.
— Гр-р-р, — адрэагаваў Пазузу. — Хопіць вярзці лухту!
— Буль, не магу.
— Гр-р-р, можаш! Зараз жа!
...Залатая павута ў аграмадным акварыуме закалыхалася. Яна сціснулася і задрыгацела, як ашаломленая нервовая сістэма, ад якой адным рыўком адлучылі самы важны элемент, галаўныя мазгі. Куды чалавек знік? Адключаныя кончыкі залатых нітак луналі вакол галоўкамі здзіўленых змей. Усе магчымыя сірэны і сігналізацыі раздзіралі вушы. Аднак ахоўнікі, якія ляцелі ў бок падземнага крыла, былі збітыя з панталыку. Падземнае крыло аказалася пустым. Ніякага ўзломшчыка ці слядоў уварвання выяўлена не было. Адно парваная павута калыхалася ў вадзе, як рэшткі неразгаданай таямніцы.
У той жа самы час вада джакузі ў кватэры Ноаха Зіпеля бурліла і кіпела.
Здзіўленыя гумовыя качкі калыхаліся на ўзбураных хвалях, а калумбавая “Санта-Марыя” кармой прыняла дзявяты вал і другім разам у гісторыі пайшла на дно. 3 джакузі выскачылі дзве задыханыя і запыханыя галавы. Першая — чарнявая, падвышанай валасатасці, другая — бялявая і аблавухая. Пазузу выцягнуў Ёнатана вонкі на дыван і стаў націскаць на грудзіну, як бы робячы штучнае дыханне.
— Ты жывы?
Замест адказу з рота Ёнатана пырснуў вадзяны фантанчык.
— Хвала споднікам бабулькі Ліліт! Я ўжо не надта верыў, што выцягну цябе адтуль.
Ёнатан закашляўся і, каб ужо выкарыстаць усе магчымыя магчымасці, выштурхнуў ваду таксама праз нос.
— У мяне такое ўражанне, што я выпіў цэлы акварыум.
— He зусім, але палову дакладна.
Мінулася колькі імгненняў, перш чым Ёнатан цалкам ачомаўся. Тым часам Пазузу абследаваў пакой.
— Яны пакуль што не вярнуліся дахаты. Гэты афэлак, Hoax, пляцецца на сваім мотаролеры, як чарапаха. Калі ён гэтак хоча зрабіць уражанне на тваю маці, дык яму трэба прыкладаць больш намаганняў.
— Трэба схавацца. Вытры дыван! Нельга, каб яны ведалі, што мы тут.
Пакуль яны размаўлялі, да іх на паверх стаў падымацца рыпучы ліфт. У самы апошні момант яны скокнулі ў першуюлепшую хованку — прасторны гардэробны пакой. Стаіліся паміж шэрагамі плечыкаў з сарочкамі “Армані” і скурчыліся над парадным шэрагам італьянскіх туфляў. Праз шчыліну ссоўных дзвярэй бачылі, як уваходныя дзверы адчыняюцца і ў кватэру ўваходзіць мама з разбэрсанымі валасамі, апіраючыся на плячо Ноаха. Яна хісталася, як п’яная, і ўрэшце ўпала на рыпучую канапу.
— Якая доўгая-доўгая пагулянка! — вымавіла яна. — Можа быць, самая доўгая ў маім жыцці.
— Ты ж заўжды любіла танцы-шманцы, — лагодна адгукнуўся Hoax і паклаў ёй пад галаву падушку.
— Я нават не помню, як выйшла з дому.
— Гэта было сапраўды даўно.
— Ужо ранак. Якая гадзіна?
— Палова на восьмую.
— Я шмат выпіла?
— Ой, Тамі, ты выпіла больш, чым можаш сабе ўявіць.
Ён прынёс ёй ручнік выцерці валасы.
— Але нават у такім выглядзе ты самая прыгожая жанчына ў свеце.
Ён нахіліўся і палашчыў ёй ногі.
— Як міла з твайго боку. Нагадай мне, як цябе завуць?
Hoax зморшчыўся, і Ёнатан убачыў, да свайго здзіўлення, як з дзядзькавых вачэй цякуць слёзы.
— Я не хацеў, каб яны рабілі табе гэта, Тамі! Павер мне. Я ў гэтым не вінаваты.
Яна паклала руку яму на галаву.
— Хопіць, хопіць, дарагі, не плач!
Hoax схаваў твар паміж яе калень, прыціскаючы далоні да лба.
— Ты нешта згубіў? — запытала яна.
— Усё!
— He шкадуй, дзетачка, купім табе новае.
Мінуў каторы час, перш чым Hoax акрыяў і высмаркаўся.
— Ты яшчэ млявая. У тваёй галаве, пэўна, блытаніна. Табе трэба адпачыць і паспаць, каб змагла ачуняць цалкам. Ты кладзіся, а я пакуль што схаджу ў пякарню, куплю свежыя круасаны.