Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
Потым пачалася мастацкая частка. Пульхная вусатая спявачка з Сідона выводзіла трэлі магутным голасам, які ставіў пад пагрозу цэласнасць аконных шыб у блізкіх дамах. Пасля гэтага давялося вытрымаць дзіцячы хор з Люльгабада, які ціўкаў хвалебныя, прысвечаныя Мардуку гімны. Цяпер во на сцэне танцоркі з Каркеміша. У фальклорных строях
яны прадставілі пашыраную тэатральную версію, доўгую і нудную патрыятычную гісторыю старажытнай бітвы паміж Мардукам і ўладарыняй бездані Тыямат.
Ніно адчула, як яе агортвае санлівасць. Краем вока яна бачыла Нсарадора, ён стаяў за кулісамі. Галоўны Варажбіт злавіў яе позірк.
— Трохі цярпення, Ваша Імператарская Мосць! Пасля гэтага танца — твая чарга.
Хутчэй бы ўсё скончылася. Пасля дваццаць чацвёртай таблеткі, прынамсі, не будзе пакут. Новая Ніно загартуецца і будзе нячулая да болю і мулкага неспакою. Ёй так абяцалі. Яна падперла падбароддзе далонню, чакаючы, калі скончыцца крыклівая музыка. Адна з танцорак у масцы цмока, пэўна, выконвала ролю Тыямат і рабіла ў паветры піруэты. Другая — у кальчузе і з накладной барадой — наблізілася да цмока і стала ганарліва махаць драўлянай дзідай і пазалочаным кардонным шчытом — дзіва што, гэта вялікі і жахлівы бог Мардук! Ніно спытала сябе, ці ж сам той бой быў такі ж нудны? Танцорка ў ролі Мардука ўжо збіралася была закалоць ударам дзіды цмока, а цмок падрыхтаваўся пусціць свой апошні ўздых у драматычных уздрыгваннях. Але ў момант, калі танцорка падняла драўляную дзіду, паветра працяў рэзкі і востры посвіст. Танцорка падалася назад.
Здзіўленая, яна праверыла свой шчыт. У ім тырчала страла. Сапраўдная страла.
Цяпер публіку было за вушы не адцягнуць ад відовішча на сцэне. Людзі адпрэчылі яйкі ўкрутую, агуркі і кілбаскі. Іх сківіцы спынілі жаванне. Людзі сталі напружана глядзець за падзеямі.
— Паглядзі туды! — сказала нейкая маці свайго соннаму нашчадку. — Прадстаўленне паляпшаецца.
Паляпшэнні — у студыю! Спярша прыцэльным кідком у паветры прасвістала бліскучая стальная сякера. Яна абмінула пазалочаную драўляную дзіду Мардука
і ўторкнулася ў цэнтр сцэны, ля падпорак альматаскопа. Публіка ў першых шэрагах паўскоквала на ногі і палымяна загукала: “Брава! Анкор! Просім паўтарыць!”
Нават на галёрцы пачалі прачынацца.
— Які прагрэс драматычнага мастацтва! — голасам знаўцы сказаў прафесар Ксерксес, які сядзеў леваруч ад Ніно.
— У Садоме і Гаморы нанялі новага харэографа, маладога, таленавітага!
— Праўда?
— Клянуся мамкай і таткам.
Ксерксес паказаў пальцам на постаць у плашчы, якая з’явілася на адным з балконаў суседняга дома.
— Гэта ён, вунь дзе!
Але тое не быў новы харэограф. Ніно пазнала яго і ўсхвалявана падскочыла. Чалавек падняў лук і пакіраваў яго ў бок прынцэсы. Наступная страла, усё роўна як недвухсэнсоўнае пасланне, збіла цыліндр на галаве прафесара Ксерксеса і агаліла яго бліскучую лысіну. Гэта мог зрабіць толькі адзін чалавек. Гілель бэн Шахар.
Нуда бясследна растала. Праз імгненне на балконах з’явіліся яшчэ постаці, а на сцэну паліўся дождж са стрэл. Танцоркі з Каркеміша разбегліся ўроссып, пакідаючы шлейф з кавалкаў муляжных даспехаў, а таксама зброю з фарбаванай бляхі.
Гілель задзьмуў у рог — з дахаў зазмяіліся вяроўкі. У натоўп саслізнулі ўзброеныя паўстанцы і кантрабандысты, якія ўвязаліся ў бой з жаўнерамі аховы і церабілі шлях у бок сцэны. Натоўп на пляцы ўзрушана загудзеў. Людзі хапалі сваіх дзяцей у адну руку, а сандалі — у другую і беглі шукаць сховішча.
— Вам нельга ўцякаць! — закрычаў Нсарадор. — Галоўная частка прадстаўлення яшчэ не пачалася!
Але натоўп яго не слухаў. Ніно нервова засмяялася. Яна не ведала, што так лёгка ўцячы з гэтага пляца людзям не даДУЦь.
Непадалёк, на паўночны ўсход ад пляца, на даху паліцэйскага хмарачоса, за падзеямі сачыла генерал Арытрава. Шэф вавілонскай паліцыі, капітан Карджаболь, са страхам пазіраў на яе. Сёння яна, далібог, не ў найлепшай форме. Даспехі — запыленыя і завэдзганыя так, нібыта яна качалася па зямлі. Левае вока завязанае акрываўленай анучай. Арытрава ўсё яшчэ цяжка дыхала ад шпаркай хады з паўночнаўсходняга квартала. Карджаболь, каржакаваты мужчына, цяжкі, але спрытны жыгучы брунет, чые валасы выглядалі як поўсць цюленя, аздоблены медалямі за адвагу, ужо быў наслуханы, што каня генерала зарэзаў дзёрзкі паўстанец. Сюды яна прыехала на звычайным кані, якога забрала ў аднаго афіцэра. Гаротная жывёлка цяпер канала, лежачы ля ўвахода ў хмарачос, смяротна змораная галопам, які яму навязала Арытрава. У яго рэбрах зеўралі глыбокія раны ад шпор вершніцы.
— Ты ўпэўненая, што табе не трэба выклікаць сюды санітара, які перавяжа табе вока? — запытаў Карджаболь у трэці раз.
— Ты глухі ці што? Я ж сказала, гэта цяпер няважна, — адказала Арытрава глыбокім халодным голасам. — Ты выканаў усё, іпто я загадала табе ўранні?
— Так, так! Усё гатова, як ты і сказала.
Арытрава ніяк не паказала, што адказ яе задавальняе, але Карджаболь даўно звыкся да спадарыні камандзіра і не чакаў кампліментаў. Хіба яго грызла цікаўнасць — ажно ён насмеліўся пераступіць свой багавейны страх перад Арытравай.
— Дык як гэта здарылася? Ты праследавала таго гідкага паўстанца? Што ты з ім зрабіла? Пасекла на кавалачкі?
Арытрава ўздыхнула. Яна ні на грам не задаволіла цікаўнасць свайго шэфа паліцыі.
— Хто мяне знявечыў, дорага за гэта заплаціць, — адно сказала яна, і Карджаболь адчуў, што яго медалі дрыгацяць
на грудзях лісцікамі на ветры. А пра сябе падумаў, што нізавошта не хацеў бы памяняцца з чалавекам, якому Арытрава паабяцала адпомсціць.
Аднак увага Арытравай знаходзілася ў іншым месцы.
— Паўстанцы думаюць, што заспелі нас знянацку, — прамовіла яна. — Яны пакуль што не ў курсе, што я таксама падрыхтавала ім невялічкі сюрпрыз.
Са свайго месца на ўзвышэнні Ніно ўбачыла, што ўсе, хто пабег у бок завулкаў, апантаныя жахам, вяртаюцца. У паветры насіўся грымотны гук, і брукаванка Пляца Вярхоўнага Бога стала хадзіць ходырам і дыбіцца. 3 вулак, якія вядуць на пляц, выпаўзала калона прыцягнутых цягачамі танкаў — генеральскі сюрпрыз. Густы дым, які вывяргалі коміны, сцяной чорнага ліпучага смуроду ахутаў пляц. Кожны з танкаў быў удвая большы за тую махіну, якую падарваў Эль-Намір у паўночна-ўсходнім квартале. Танкі абкружылі пляц, а іх рулі накіраваліся наўпрост на людзей.
Паміж танкамі пахаджвалі ўзброеныя людзі, якія лавілі кожнага, хто хацеў з пляца ўцячы. Людзі з нявыкруткі вярталіся на месца.
Нсарадор таксама назіраў за ўсім.
— Генерал Арытрава зноў уразіла. Праўду кажуць — яна непераможная.
Ён павярнуўся да свайго атачэння:
— Працягваем цырымонію! Вядзіце прынцэсу да альматаскопа.
Шэсць маладых святароў з паголенымі галовамі падышлі да балдахіна прынцэсы.
— Хадзем з намі, Ваша Імператарская Мосць.
Яны навязалі яе папругамі да клеткі, якая вытыркалася з махіны. Сільфы паднялі Ніно над галавой. Ніно адчула, як у валасах заблытаўся прыблудны ветрык. Яе пухкая цырыманіяльная сукенка, сшытая з ядвабу разумных чарвякоў, выглядала так, нібыта яе скроілі з лапікаў зорнай
ночы. У гэтай вопратцы яна пачувалася як тыя празрыстыя на прасвет стракозы з мазаікі — першасныя душы, якія спусціліся з зорак у працягнутыя рукі Адмуэля.
Ніно заўважыла тысячы людзей, якія пазіралі на яе як зачараваныя. Унізе, сярод натоўпу, яна згледзела Гілеля і яго людзей, якія біліся з жаўнерамі. Гілель скрыжаваў свой меч адначасова з трыма вайскоўцамі ды змог іх усіх адолець. Аднак імператарскіх жаўнераў выйшла на бой у дзесяць разоў больш за паўстанцаў. Таму, нягледзячы на зацятае змаганне, яны прасунуліся наперад мала.
Гілель загадаў расцерабіць шлях, каб адбіць прынцэсу. Ніно ведала гэта. Празрыстая сцюдзёная слёзка з’явілася ў краёчку вока. Божа, Гілель! Як ёй хочацца, каб яе выбавілі, каб нехта яе аслабаніў ад яе халоднай і шэрай будучыні. Аднак прынцэса разумела, што Гілель не паспее да яе дабрацца. Ён не паспее ўзяць яе за руку і злавіць яе. Яна ўпадзе-паваліцца, паляціць, як лісцік на подыху ветру, далей і ніжэй, бясконца!
Нсарадор падняў руку, і сільфы спынілі колы альматаскопа, пакідаючы Ніно вісець паміж небам і зямлёю. Галоўны Варажбіт падняўся на трыбуну.
— Дарагія грамадзяне, сёння скончылася старая эпоха і пачалася новая. Закаціўся век страху перад сутоннем, і настае век парадку і міру.
Ён падняў руку ў паветра, чакаючы бурлівых апладысментаў, але з настрашанага натоўпу пачуліся адно кволыя воплескі. Калі рулі танкаў накіравалі на цябе, цяжка дэманстраваць сапраўдную радасць.
Нсарадор апусціў руку, ніяк не выказаўшы расчаравання.
— Дарагія вавілонцы, перад вамі цуд над цудамі, дзіва над дзівамі — ваша новая імператарка!
Гэтым разам воплескі сталі мацнейшымі. Але гонару і прыемнасці ў гэтым было мала.
“Ну што я за імператарка? — падумала Ніно. — Чаму яны любяць мяне? I як жа яны змогуць і далей любіць мяне, калі
бачаць мяне падвешанай у паветры? Усё роўна як нейкая лялька на нітачках, за якія тузае Нсарадор.
Тым жа часам Галоўны Варажбіт працягваў:
— Праз некалькі хвілін вы зможаце ўбачыць наскрозь дасканалую душу той, якая будзе кіраваць вамі наступныя дзесяцігоддзі. Гэта дасканаласць дасягаецца пры дапамозе аднаго прэпарату — астрофікса, новых лекаў. Яго вы таксама зможаце атрымаць ад сваіх участковых святароў-лекараў ужо заўтра зранку. Вам страшна пашэнціла, вавілонцы! Яшчэ пры вашым жыцці вынайдзены канчатковыя лекі, панацэя, якая ператворыць ваша жыццё ў спакойнае, трывалае і абсалютна бяспечнае!
Гэтым разам натоўп выбухнуў сапраўднай бурай воплескаў. Ніно ўбачыла, як людзі на пляцы забываюць пра танкі і цалкам засяроджваюцца на добрых вестках. Ёй хацелася біць нагамі і махаць рукамі, але яна заставалася скутай і апутанай.
Нсарадор падняў руку. Промні сонца ўвабраліся ў яго смуглую скуру — а яна нават не заззяла і не пакрылася потам.
— Зараз адбудзецца афіцыйная каранацыя прынцэсы, а адразу пасля яе адбудзецца цырымонія шлюбу. Яна выйдзе за мяне замуж! Так, я самы шчаслівы чалавек на свеце. Прынцэса ўганаравала мяне і абрала сваім мужам.
Ніно адчула, што яна не ў стане гэтага больш трываць, і заплюшчыла вочы. Ёй хацелася быць за тысячу кіламетраў ад гэтага пляца. Скакаць басанож з распушчанымі валасамі па ціхамірных гарах разам з неўтаймаванай бабуляй Астлік. Голас Нсарадора згубіўся ў скавытанні горнага ветру, а роў натоўпу ператварыўся ў ціхі шэпт. Шэпт рабіўся ўсё цішэйшым і ішоў як бы з сярэдзіны. Ёй падалося, што ён даносіцца з самых глыбінь. Яна пачула ў галаве голас. Яе нехта клікаў па імені ласкавым голасам. Нехта глядзеў на яе клапатлівымі вачыма і намагаўся падаць руку.