Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
Але тут капітан адчуў удар у грудзі. У той жа час пачуўся свіст. Капітан падумаў, што нейкі хуліган шпурнуў у яго камень, і паспрабаваў на ўсё гэта не зважаць. Ён ужо збіраўся ўдарыць юнака мячом, але застаўся сядзець у сядле скарчанелы. Вось яго галава закруцілася. Ён увачавідкі слабеў. У роце адчуўся іржавы смак крыві. Перш чым капітан паспеў зразумець, што здарылася, ён паваліўся з сядла. Працягнуўшы руку, намацаў у грудзях стралу. Праз імгненне ён памёр.
Ёнатан убачыў лучніка, які выратаваў яму жыццё. Той падбег да яго, а з ім — маленькі аддзел ваяроў кожнага роду і пароды. Сярод іх быў Самі, які ўвогуле не выглядаў як колішні Самі, але меў тыя саілыя з даўгімі вейкамі карыя вочы, у якіх нават у такую мінуту гарэў радасны агеньчык.
— Гілель! — закрычала Эля лучніку. — А ты што тут робіш?
— Мы не змаглі прабіцца з боку пляца. Зашмат жаўнераў. Адзіная дарога пратачыцца — адсюль. За мной! Хутчэй.
Яны выламалі веснічкі. Паўстанцы заняліся асобнымі святарамі, якія выказалі супраціўленне, і праз унутраныя залы пабеглі ў бок пярэдняй часткі бажніцы, якая заканчвалася сцэнай.
— Дзякуй! — выдыхнуў Ёнатан падчас бегу ў бок маладзёна, які, як высветлілася цяпер, быў павадыром паўстанцаў. — Ты мне выратаваў жыццё.
— Ды на здароўе.
— Гэта мой брат, — сказала Эля (няўжо ў яе голасе чуўся гонар?). — Я табе пра яго казала. Я шукала яго два гады.
Эля казала пра сябе як пра жанчыну, але ў гарачцы Гілель не заўважыў гэтага.
Калі атрадам ззаду зайшлі на сцэну, адчутая радасць і ўсхваляванасць у імгненне вока расталі. Ёнатан убачыў,
як па мастку, што вядзе на верхатуру альматаскопа, ідзе сам Нсарадор. Там, высока-высока, ля сістэмы аграмадных, скіраваных у яе вочы лінз і луп, ужо гайдалася Ніно, нямоглая, быццам ублытаная ў павуту мушка. Нсарадор дастаў з рукава скрадзены з бацькавай лабараторыі флакон з лекамі і выцягнуў адтуль апошнюю таблетку.
— Астрофікс! — выгукнуў ён і памахаў таблеткай перад вачыма публікі на пляцы.
Па натоўпе пракацілася хваля ўзрушанасці. Людзі з павагай схілілі галовы.
Ёнатан пачуў, як Нсарадор ціха кажа Ніно:
— Адкрый рот. Выбару ў цябе няма. Усё скончана.
Ніно паслухмяна адкрыла рот, і Нсарадор паклаў ёй на язык таблетку. Вавілонцы са стоеным дыханнем сачылі за таблеткай, якая паволі апускалася ў горла.
Гілель не дазволіў гэтаму прыкраму відовішчу працягвацца.
— На сцэну!
Група ваяроў уварвалася на сцэну і накінулася на ахоўнікаў. Ёнатан чуў, як наўкола з металічным бразгатам сутыкаюцца мячы. А таксама бачыў сваю сястру, якая білася з невядомым яму датуль націскам і спрытам. Пазузу знайшоў пукаты шчыт, які вываліўся з рук аднаго з ваяроў, і схаваўся пад ім, пакуль не міне бойка. Вонкі тырчаў толькі яго нос.
Сам Ёнатан быў трохі збіты з панталыку, намагаючыся не пацярпець ад лёзаў, які адскоквалі тут і там.
Тым жа часам яго заўважылі ўнізе. Па натоўпе прабегла хваля ўзрушанасці і радасці.
— Танцмайстар ценяў! Глядзіце, ён да нас вярнуўся! Яго не могуць забраць у нас. Няхай жыве Танцмайстар ценяў!
Ёнатан адчуў, як яго затапляе роспач. Апошніх двух гадоў усё роўна як не было. На момант яму падалося, што ўсе гэтыя людзі, якія чакаюць нечага звыш ягоных сіл, насамрэч глядзяць на спуджанага хлопчыка, які не можа дапамагчы нават
самому сабе. Але як толькі ён дакрануўся да флакона, які ляжаў у кішэні, упэўненасць да яго вярнулася. Ёнатан прыгадаў, што яму належыць зрабіць. Ён пабег да альматаскопа.
— Дапамажы мне! — закрычаў ён Гілелю.
Ён не заўважыў Нсарадора, які скіраваў на яго позірк. Твар Нсарадора ненатуральна пабялеў. Нягледзячы на навакольны вэрхал, Галоўны Варажбіт стараўся засяродзіць позірк на Ёнатане. Ніводзін са ста тысяч на пляцы не заўважыў змен на твары аднаго-адзінага ў імперыі Празорцы, унікума, які здольны бачыць корань душы, што знаходзіцца перад ім.
Кропля поту з’явілася на макаўцы Нсарадора і пакацілася па высокіх скронях, так, нібыта цела нарэшце капітулявала і дазволіла ўнутранай вадкасці пратачыцца вонкі. Адзінай, хто мог заўважыць такое, была звышчуйная Ніно. Але яна ў той момант займалася сваімі клопатамі.
Нсарадор не збіраўся страціць над цырымоніяй кантролю. Ён дастаў з рукава хустачку і працёр ёй кроплю поту.
— Зараз жа, пачынайце! — загадаў ён сільфам, і яны ўключылі прыбор. Аграмадная махіна затрэслася ад электрасільфіднага тока і тым прыхавала дрыготку, якой працяла Галоўнага Варажбіта. Зубчатыя колы закруціліся хутчэй, крышталі і лінзы скіраваліся ў бок знясіленай Ніно. Гіганцкія экраны, якія віселі на сценах навакольных дамоў, загарэліся святлом. Альматаскоп спраектаваў на іх павялічаныя да пачварных кіношных памераў карціны з душы Ніно. Дзясяткі кіношных экранаў. Эля не стрымалася і зазірнула ў гэтыя карцінкі душы прынцэсы, якія стракацелі на экране.
Яна ўбачыла чысты і строгі калейдаскоп акварэльных фарбаў, нечалавечых фантастычных адценняў. Недзе ззаду па скуры сталі бегаць мурашы. Ёнатан таксама падняў вочы і ўбачыў тое, што і сястра.
— Яшчэ не позна. Я магу ёй дапамагчы. Але трэба хутка дабрацца да яе.
— Залазь туды, я цябе прыкрыю, — сказаў Гілель.
Ёнатан пачаў караскацца ўгору, па сходах і мастках, якія вялі на верхнюю пляцоўку альматаскопа. Эля ішла паперадзе і церабіла яму дарогу наверх, а Гілель з мячом у руцэ прыкрываў са спіны. Самі са сваімі людзьмі стаяў знізу і пускаў адтуль газавыя стрэлы ў сільф. Сільфы валіліся з верхняй пляцоўкі альматаскопа і падалі на сцэну, якая калыхалася і хадзіла ходырам.
Нарэшце яны змаглі трапіць на масток, што вёў да прывязанай Ніно, якая пабялела як снег. Вейкі яе вялікіх вачэй былі падобныя на два чорныя пёркі. Выглядала, што Ніно страціла прытомнасць. Ёнатан дастаў з кішэні флакон з пунсовай вадкасцю і, нягледзячы на інстынктыўную агіду, выліў змесціва ёй у горла. Што ён нарабіў! Але тут прынцэсу прасякнула дрыготка, і яна закашлялася. 3 рота вырвалася ружаватая пена. Павешаныя вакол пляца экраны, якія ўсё яшчэ былі далучаныя да яе душы, агрэсіўна застракацелі. Струмень прыемных колераў зрабіўся каламутны, цёмны і дзікі. Вельмі хутка ў трансляцыю сталі трапляць нейкія рухомыя тулавы, якія нагадалі Ёнатану першабытнае жыццё, якое хоча вылезці на сушу з сусветнага акіяна. 3 душы Ніно чалавекападобныя гразевыя тулавы паднялі рукі ва ўмольным жэсце просьбы і малітвы да нябёсаў.
У гэтай выяве не было ані найменшай сувязі з ціхамірным і прыгожым тварам непрытомнай прынцэсы. Праз імгненне, гнятлівае і поўнае напружання, чорныя пёркі затрымцелі, і Ніно адплюшчыла вочы.
— Яна ачуньвае, — сказаў Ёнатан.
— He ведаю, што ты зрабіў, але гэта спрацавала, — сказаў Гілель.
— Як мы адсюль спусцімся? — спытала практычная Эля.
Унізе, пад імі, у бок сцэны валам валілі імператарскія жаўнеры і аблажылі яе калючай сцяной, якая ашчэрылася дзідамі і мячамі.
— Паглядзіце туды! — закрычаў Гілель.
Усе чацвёра паднялі вочы, куды паказаў Гілель. 3 верхатуры альматаскопа яны ўбачылі, што пагоркі вакол Вавілона сталі шавяліцца, як жывыя, чорныя ад ваяроў. Тысячы іх марской хваляй цяклі ў бок горада і заходзілі на пляц, уступаючы ў бой з імператарскімі войскамі і паралізуючы танкі Арытравай.
— Гэта хто? — запытала Эля. — Яны за нас?
— Яны паднялі вашы сцягі, — сказаў Ёнатан.
— Гэта не полк капітана Ісара. Іх значна больш.
— Пасланцы Тамджмаліля, — сказаў Гілель. — Ён паспеў вярнуцца з аддаленых рэгіёнаў і прывесці іх. Гэта ўсё мясцовыя бажкі і боствы.
— Ура!
Эля змагла ўбачыць у войску, якое набліжалася, высокіх тытанаў, людзей толькі напалову, у якіх з тулава тырчалі розныя дзіўныя канцавіны, якія нагадвалі ліяны трапічных плюшчоў, а таксама крылы, сківіцы дагістарычных звяроў і неймаверныя гронкі мінеральных крышталёў.
У Ніно вырваўся нейкі ўрачысты сіп.
— Астлік! — вымавіла яна. — Мая бабуля, мама маёй мамы. Яна прыйшла, каб дапамагчы нам.
— Перамога! — сказаў Гілель. — Мы перамагаем.
Ніно была ўсё яшчэ прыкутая да альматаскопа, таму аграмадныя экраны, развешаныя на пляцы, расквеціліся фарбамі з яе душы. Кожны з прысутных на пляцы мог бачыць карціну мажнай шасцірукай Астлік з грудзьмі-вулканамі, якая ляцела (у сэнсе, у паветры) на баявой калясніцы і знішчала кожнага, хто пераступаў ёй дарогу. Паколькі ў глыбінях душы Ніно можна было бачыць не толькі то, што цяперака адбывалася на полі бою, але таксама схаваныя страхі і надзеі — а ў дадатак, магчыма, і веды пра тое, што будзе потым, у будучыні, — вялікія экраны запоўніліся жудаснымі карцінамі спаленых гарадоў, натоўпамі ўцекачоў, грандыёзнымі баталіямі, што адбываліся на заснежаных перавалах і невядомых
кантынентах, парадамі перамогі, за якімі валачыліся вазы з трафеямі і палоннымі.
Шматлікі народ на пляцы глядзеў на гэтыя карціны са спалоханымі тварамі і думаў, што чакае іх у наступныя гады. Гілель таксама глядзеў туды.
— Ці мы пераможам? Ці зможам мы заснаваць лепшую імперыю?
Але Ніно толькі ўздыхнула і пацепнула плячамі. Нягледзячы на відзежы, якія вырываліся з яе душы, яна сама не ведала адказу.
— У нас усё атрымаецца, — з надзеяй сказала яна.
— Зробім усё, што ў нашай змозе, — адгукнуўся Гілель.
— Разам! — прамовіў Ёнатан. — Я таксама дапамагу.
Але ў тое самае імгненне Ніно перавяла позірк на двух маладых хлопцаў, якія стаялі поруч. Няўцямная бура пачуццяў завіравала ў ёй.
Насуперак жаданню, колы альматаскопа закруцілася зноў, і аграмадныя экраны на пляцы засвяціліся. Эля не паверыла сваім вачам.
Экраны паказалі неймаверную карціну. Плель і Ёнатан, абодва старэйшыя за сябе цяперашніх, параненыя, разбэрсаныя і неахайныя, вопытныя і апантаныя злобай ваяры, змагаюцца не на жыццё, а на смерць, качаюцца па горным схіле ў чорнай невядомай краіне.
— Што гэта такое?! — закрычала Эля на Ніно. — Клятая вядзьмарка! Зараз жа спыні гэта!
Але Ніно была не ў стане. Яна не ведала, як спыніць струмень вобразаў, які выцякаў з глыбінь яе душы, і са страхам узіралася ў экран.
Вавілонцы таксама ўбачылі ўсё. Па натоўпе пракацілася хваля спалоху.
— Гілель бэн Шахар і Танцмайстар ценяў! Глядзіце, яны б’юцца.
Эля была вымушана глядзець, як Гілель і Ёнатан качаюцца і качаюцца па доўгім схіле, пабітыя і падрапаныя,
з выдзертымі валасамі. Прага забойства ўсё ніяк іх не адпускала. Гілель стаў душыць Ёнатана, твар хлопца пасінеў. Язык высалапіўся. Зрэшты Ёнатан уваткнуў Гілелю нож у сцягно і пакроіў яго да самай косткі.