Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
— От, я надта стары для такіх кардэбалетаў, — наракаў Эль-Намір і сціраў пот з пакарабачанага носа рукой з рудымі валасамі. — Мне трэба сядзець у гарах на сваёй верандзе, каб усю працу рабілі маладыя.
— Ты сапраўды дыхаеш, як стары сабака. Але пакуль наша бярэ. Глянь на пагоркі за спінай. Ідзе капітан leap і яго батальён!
Сапраўды, на схілах паўночных грудоў паявіліся вершнікі Ісара. Яны паднялі штандары паўстання, чакаючы знаку далучыцца да бітвы.
— Арытрава будзе радая зноў сустрэцца са сваім згубленым афіцэрам, — прамовіў Эль-Намір. — Ісару няма патрэбы пускацца на партызанскія хітрыкі. Ён можа біцца з імператарскім войскам твар у твар.
— О дзе неспадзяванка для Арытравай! — адгукнулася Эля.
Але ў той жа самы момант яны абое заціхлі і наструнілі вушы. Нешта адбылося. Зямля і ўсе сумежныя дамы затрэсліся, з іх сцен пасыпалася атынкоўка і плітка. Усе не разбітыя на той момант шыбы — разбіліся.
— Што адбываецца? — запытала Эля. — Можа быць, гэта землятрус?
— He, гэта не землятрус.
3-за рага вуліцы вырушыла аграмадная махіна, якую валачыў цягач. Велічынёй з паравоз, яна рухалася на ланцугах, вывяргаючы з гіганцкага коміна чорны дым.
— Мардук літасцівы, што гэта такое?
— Тое, чаго я баяўся. Танк.
Танк быў пакрыты жалезнымі планкамі, па якіх бегла электрасільфіднае напружанне. Усе пушчаныя ў яго бок стрэлы, кулі і булавы-гранаты скочваліся, усё роўна як пясчынкі са скуры слана. Шырыня яго перасягала шырыню завулка, і ён па ходзе руху выдзіраў з коранем муры дамоў. Эля не магла не прызнаць — танк сапраўды зрабіў на яе людзей моцнае ўражанне.
— Як яны змаглі перанесці такую пачвару праз плаваючы мост? — выкрыкнула яна пытанне.
— Арытрава можа ўсё. Калі б спатрэбілася, яна б ужыла гэты танк супраць вераб’ёў.
Эля ўбачыла, як Ратыф і яшчэ адзін хлопец з яе аддзела, што стаялі на дахах прымежных дамоў, прыступілі да справы. Ратыф ускінуў на плячо ручны гранатамёт, а другі паўстанец наладаваў рулю ракетай. Ратыф скіраваў тоўстую трубу ў бок танка і націснуў на курок. Напоўненая дэманскім парашком ракета выскачыла з агнёвым шлейфам і патрапіла роўненька ў цэнтр танка. Выбухнула, ахутаўшы корпус палымяным, утвораным з сініх струменяў грыбам.
Эля выдыхнула.
— Наша ўзяла! Добра, што знішчылі.
Аднак, калі полымя аціхла, усе ўбачылі — на танку ані драпіны! Электрасільфідная абалонка засталася непашкоджаная. Вежа танка павярнулася ў бок будынка, з якога запусцілі ракету. Руля апусцілася і паднялася, усё роўна як сляпы хобат, які шныпарыць наўкола.
— Уцякайце! — закрычала Эля Ратыфу.
Той не прымусіў сябе чакаць. Разам з паплечнікам прыпусціў у бок краю даху. Яны скокнулі на бліжэйшую пальму. Прыціснуліся да яе камля, кленучы драпіны ад калючак. У самы апошні момант абсыпаліся, як пераспелыя фінікі, на балкон суседняга дома. Танк выстраліў у будынак,
на якім яны стаялі імгненне таму. Будынак у момант вока ператварыўся ў воблака куродыму і языкоў полымя.
Гэты выбух ашаламіў Элю. Але тое, што яна ўбачыла потым, ашаламіла яшчэ больш.
— Ён хоча стрэліць прамой наводкай па пагорку, дзе хаваецца батальён капітана Ісара!
— Ліха на яго!
— Ён сатрэ іх у пыл. Яго трэба спыніць.
Эля і падрыўнік паспяшаліся на вуліцу, схаваліся ў сенцах дома. Танк з натугай рушыў у іх кірунку. Цяпер ён быў ад іх на адлегласці двух дамоў.
— У мяне засталася адзіная булава-граната, — сказаў Эль-Намір. — Адзіны наш шанц — закінуць яе проста ў вадзіцельскую шчыліну танка, пад вежай. Але дзеля гэтага трэба да яго падабрацца ўсутыч.
— Трэба адцягнуць іх увагу, — сказала Эля.
За лічаныя метры перад танкам скакала генерал Арытрава, якая вяла махіну, як вядуць сабачаня на ланцужку. Са сваёй хованкі Эля бачыла ўсё выразна. Каламутная пена на зубах каня, заквэцаныя ў кроў шпоры, вялізныя рукі-лапішчы, закутыя ў жалезныя рукавіцы, якія без найменшага дрыгацення трымаюць лейцы.
— Конік не надта зычлівы, як на мой погляд.
— Адзін чорт маляваў.
— Я не здзіўлюся, калі на сняданак ён жуе людзей.
— Цалкам верагодна.
— Ты гатовы?
— Ёсць! — адказаў Эль-Намір. — Гатовы.
Эля дастала меч, пільнуючы, калі Арытрава параўняецца з іх хованкай.
У момант, калі ўбачыла, як паўз яе мінаюць пярэднія капыты каня, сабрала ўсе свае сілы і моц усіх сваіх цягліц і скочыла з месца. Яна схапіла каня генерала Арытравай за лейцы і ўваткнула меч проста ў кропку пераходу паміж сківіцай
і горлам жывёліны, у адтуліну паміж панцырнымі пласцінамі. Пакуль конь, брыкаючыся, уставаў на дыбкі і руля танка паварочвалася ў яе бок, Эля краем вока бачыла, як Эль-Намір скокнуў у бок танка і запхнуў булаву-гранату ў шчыліну пад вежай. Чакаць вынікаў яна не стала. 3 усяе змогі прыпусціла ў бок завулка і дала нырца, пачуўшы за спінай гук магутнага выбуху, які звеставаў, што падрыўнік выканаў місію і танк разляцеўся на друзачкі.
“У нас атрымалася!” — радавалася Эля.
Аднак клопаты не скончыліся, а хутчэй наадварот. Бо генерал Арытрава, да немагчымасці разгневаная, прыпусціла ў пагоню. Эля чула перарывісты хрып скрываўленага каня, які імчаў за ёй. Вершніца нецярпліва яго падсцёбвала. Калі ваярка пераканалася, што ў каня закончыліся сілы, то саскочыла са спіны паўжывой істоты. Нягледзячы на цяжар даспехаў, пабегла хутка. Эля намацала запэцканы ў конскую кроў кінжал, што вісеў на поясе. У думках узважыла, ці будзе ў яе хоць якая перавага падчас двубою з Арытравай. He, лепей пра гэта нават не думаць. Гары гарам той гонар! Ногі на плечы — і гайда! Можа, гэтак яна зморыць значна цяжэйшую за сябе Арытраву.
Падчас бегу Арытрава сцягнула з шыі лук. Той выглядаў нібыта выразаны з біўня дагістарычнага маманта. У Элі стрэльнула думка, што выглядае той лук падазрона і яго варта сцерагчыся. Арытрава нацягнула цеціву. Эля стала кружляць зігзагамі. Недарэмна: у тое самае месца, дзе яна толькі што была, смальнула маланка.
Электрычны выбух напоўніў лёгкія зімовым пахам навальніцы, спаленым дрэвам і дажджом. Лук Арытравай страляў бліскавіцамі, чый пах быў да болю знаёмы. Божа літасцівы! Той пах напоўніў іх дом у ноч, калі былі скрадзены лекі!
Але часу на развагі ў Элі не засталося. Яна згледзела выдзеўбаныя ў стромым пагорку нягеглыя сходы.
Спадзяваючыся, што да зубоў узброеная пераследніца адстане, Эля стала караскацца ўгору. Аднак крокі Арытравай толькі наблізіліся.
— Ах ты паганенькі паўстанчык! — нізкім голасам кляла Арытрава. — Ад страху, мусіць, ужо напусціў у порткі?
Яна наблізілася да Элінай спіны, і той ужо можна было адчуць рэзкі пах генеральскага поту. Эля акурат ускараскалася на вершаліну пагорка, з якога адкрываўся від на Вавілон. Над ёй ззяла блакітнае неба. У даўнія часы гэтае горнае плато служыла месцам прынясення ахвяр Мардуку. У цэнтры плато стаяў прымітыўны алтар, метр вышынёй. За ахвярнікам плато заканчвалася стромай безданню, ля падножжа якой абаранкам скруціўся Вавілон, бы нейкая свойская галодная жывёлка. Адзіны шлях спусціцца з пагорка — сходамі, па якіх яны падняліся. Гэта таксама заўважыла і зразумела генерал. Яна адклала лук і засланіла сабой дарогу назад.
— Мне ўсё падабаецца, — прамовіла яна. — Нават ахвярнік для ахвяры падрыхтаваны.
Яна расставіла ўшыркі мускулістыя ногі і павольна зняла шалом. Эля ўбачыла густую капну рудых валасоў, якія выбіліся на волю. А таксама дагледжаны, пыхлівы і добра вядомы ёй твар. Дыханне Элі перарвалася.
— Цётка Рыта?!
Дзябёлая жанчына ў панцыры з цікаўнасцю і доляй здзіўлення глянула Элі ў вочы.
Эля адчула, як цела працялі дрыжыкі гневу.
— He, гэтага не можа быць!
— Яшчэ як можа! — адгукнулася цётка.
— Цяпер я пачынаю разумець. Насамрэч ніхто не быў нашымі ні цёткай, ні дзядзькам! Ты заўжды была прыблудай. Цяпер высвятляецца, што ты ўвогуле прыбыла з іншага сусвету. Ты — памагатая Нсарадора! Яго галаварэзка. Ты скрала лекі і хацела забіць тату!
Здзіўленне на твары Арытравай ператварылася ў застыглую лютасць — яна пазнала Элю.
— Гэта праўда, мая ты салодзенькая сінічка! Мяне распаляе ўсхваляванасць! Прабач цётку, што не разгледзела цябе ў першы ж момант. Гэтая кароткая фрызура не надта табе пасуе.
— Я не твая салодзенькая сінічка! Мяне клічуць Эля.
— Вы заўжды былі косткай у горле, ты і твой брацікакрабацік. Тады амаль пераканалі свайго тату не ўключаць музыку. Балазе ён вас не паслухаў. Музыка адкрыла партал у Прорву і дапамагла мне пераскочыць у ваш свет. Гэта заўжды было для мяне цяжкай працай. Ох! Мы, ваяры, нашчадкі Нуспірата, маем цяжэйшую і больш грувасткую душу, чым нашчадкі Ашбербошэта-чараўніка. Усе гэтыя піруэты праз сусветы — не на нашы зубы. Але ў мяне ўсё ж атрымалася. Я прабралася ў лабараторыю праз вялікую чарупіну. А потым, у канцы, калі мне спатрэбілася вярнуцца дахаты, я скокнула ў ванну. У мяне было адчуванне, што HexTa трымаецца за шлейф маіх чар. Высвятляецца, гэта былі вы!
— Прыспеў табе час адказаць за свае злачынствы!
Рыта выбухнула густым смехам, які, здавалася, яна ўзбіла вялікімі пальцамі сваіх мясістых ног.
— Ты мяне прыцягваеш да крымінальнай адказнасці, сінічка?! Слухай, тут трошкі не па дзеўцы шапка. Ты да трох не паспееш далічыць, як я цябе размажу, як масла па бутэрбродзе.
— Давай праверым, цётка!
— Трэба прызнаць, твайго бацьку я ніколі не любіла. Мой зводны брат заўжды мяне раздражняў. I гэта спадчынная рыса перайшла да цябе, мая ты маленькая чароўная пляменніца.
Рыта выцягнула свой доўгі меч, і Эля спрытна схавалася за каменным ахвярнікам.
— Каб ты ведала, твае каляровыя стрынгі — тое яшчэ паскудства! — закрычала Эля.
Рыта ўзняла меч над галавой, і калі ў лязе бліснуў сонечны зайчык, яна стала выглядаць рыхтык старадаўняя багіня помсты.
— А капучына, якое ты мне запарвала, было памыямі!
— А твае падарункі смярдзелі дохлымі мышамі!
Рыта гіганцкім скачком скокнула да ахвярніка. Эля выхапіла свой кароткі меч. Калі іх зброя скрыжавалася, то з лёзаў саскочылі іскры. Эля і Рыта біліся вакол ахвярніка. Эля пакрысе адступала, адчуваючы ў спрактыкаваных руках саперніцы моц і гарт.
— Пляменніцы павінны вучыцца быць удзячнымі за падарункі, якія ад шчырага сэрца дораць ім іхнія цёткі! — выкрыкнула Арытрава.
Жудасным ударам яна выбіла меч з рук Элы. Зброя ўторкнулася ў палена, якое ляжала на зямлі. Эля ўпала. Генерал паклала ступак ёй на грудзі. Але тут Эля скарысталася метахронным прыёмам.