Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
Hoax узяў Тамі за руку і дапамог ёй падняцца ў спальню на другім паверсе. Пасля спусціўся і пшыкнуў на сябе трохі дольчэгабанай. Панюхаў сябе пад пахамі і, завагаўшыся, кінуў позірк на гардэробны пакой. Настрашаныя Ёнатан і Пазузу адхіснуліся да сценак пакойчыка. Тут не засталося дзе схавацца. Але Hoax уздыхнуў.
— Ну, далібог... Кропля поту — не злачынства.
Да радасці сяброў, ён выйшаў з кватэры і зачыніў за сабой дзверы.
Яны чулі гул крокаў, якія збягалі ўніз па сходах. Калі ўсё сціхла, сябры паспяшаліся ў спальню. Тамі ляжала на ложку пад аграмадным старым плакатам з зоркалётам “Энтэрпрайз”, які ганарліва рассякаў прасторы далёкага космасу.
Тамі глядзела ў акно.
— Што здарылася з маім кіпарысам? — запытала яна.
— Мама, ты мяне пазнаеш?
— У гэтым акне поўна галін сікамораў. Я заўжды ненавідзела сікамору. Яе галіны выглядаюць так, нібыта плятуць змову.
— Мама, гэта я, твой сын, Ёнатан. Паглядзі мне ў вочы.
— Ёнатан?
Яна стала вадзіць далонню ў паветры так, нібыта наслепа чытае шрыфт Брайля.
— Ёнатан?
— Так, гэта я. Ты не помніш?
— Ясна, помню. Я яшчэ не такая старая і дурная.
Яна палашчыла яго галаву і дробненька засмяялася.
— Які ты вырас! Валасы сталі даўгія. I гэтыя плечы. У нашай сям’і з’явіўся маленькі мужчынка.
Ёнатан хацеў, каб гэтыя ласкі працягваліся. Ён усім целам убіраў у сябе цеплыню матчыных рук. Пасля таго, што ён зазнаў у акварыуме, Ёнатан адчуў да мамы яшчэ большую пяшчотную блізкасць. Цяпер ён мог асягнуць розумам той адасоблены свет, частка душы якога цяпер знаходзілася таксама ў ім. Выявілася, што амаль тэлепатычная сувязь паміж імі за апошнія два гады не знікла, а толькі ўзмацнілася. Розніца палягала толькі ў тым, што цяпер ён не быў малым хлопчыкам, які мае патрэбу ў маме, а наадварот — мама мела патрэбу ў ім. Больш за тое — яго мацавала жалезная ўпэўненасць, што ён можа ёй дапамагчы. Але часу абдымацца не засталося.
— Ты мусіш устаць, мама! Нам трэба адсюль уцякаць зараз жа!
— Але ложак такі мяккі! Той прыязны мужчына сказаў, што прынясе ласункаў на сняданак.
— Ніякі ён не прыязны, мама. Хадзем, паспяшайся.
Яны з Пазузу ўзяліся аберуч і ўзвалілі маміна цела на сябе. Тамі па-ранейшаму не была гатовая да энергічных рухаў, таму яны выцягнулі яе на вуліцу. Згледзеўшы, як Hoax, чые рукі поўніліся шаргатлівымі пакуначкамі з паперы, крочыць у бок будынка, яны ледзьве паспелі схавацца за прыпаркаванай машынай.
У левай руцэ Hoax трымаў кардонны падносік, на якім стаялі два кубкі з кавай.
— Пакуль ён вернецца сюды, у нас максімум пяць хвілін, — прамовіў Ёнатан.
— Куды ідзём? — запыталася Тамі.
— Дахаты.
Яны працягнулі бегчы па вуліцы, падтрымліваючы Тамі, апранутую ў хатні халат Ноаха і абутую ў яго вялікія пантофлі. Людзі, якія сядзелі ў кавярнях, са здзіўленнем на іх пазіралі. Дзяўчына, якая падмятала вуліцу насупраць крамы “Торты”, сутыкнулася з Ёнатанам і паслала яму ўслед абразлівы праклён. Той абярнуўся, каб выбачыцца на бягу. Аднак, зачапіўшыся за шворку нервовага пінчэра, які адразу ж выбухнуў брэхам, ледзьве не паваліўся. Калі яны прыбылі на скрыжаванне дзвюх вялікіх вулак, дык за спінай пачулася тарахценне мотаролера.
— Направа! — скамандаваў Ёнатан. — Хутка!
— Як мы патрапім у твой дом? — закрычаў Пазузу. — Мне падавалася, што ён на ўскраіне горада.
— На цягніку!
Яны прашыліся праз групу бізнесоўцаў у адпрасаваных кашулях. Потым перабеглі дарогу, праціскаючыся паміж машын на чырвоным святле. Мотаролер Ноаха быў вымушаны стаяць, а ім услед несліся яго абрыдлівыя вокрыкі.
— Тамі, пачакай, я іду!
На іх шчасце, Тамі не звяртала на воклічы ніякай увагі.
Яны апынуліся непадалёк ад хмарачосаў, ля падножжа якіх стаяла чыгуначная станцыя. Задыханыя, дабеглі да найбліжэйшага хмарачоса. Але ахоўнік на ўваходзе загадаў спыніцца. Ён настойваў на праверцы металашукальнікам.
— Зброя? Колючыя, рэжучыя прадметы?
— Усё добра, добра ўсё... — утрапёна паўтараў Ёнатан. — Усё ў парадку, нічога няма.
Ахоўнік нарэшце прапусціў іх, і яны кінуліся праз шкляныя дзверы на эскалатар, які бег угору.
— Гэта яго спыніць, — сказаў Ёнатан.
Аднак гэта Ноаха не спыніла. Мотаролер з хуткасцю абмінуў ахоўніка і заехаў на эскалатар, скачучы з прыступкі на прыступку. Ёнатан бачыў пачырванелы раз’юшаны твар Ноаха, які ў тую хвіліну зусім не выглядаў як разняволены хіпстар.
Яны беглі паўз крамы, якія, нягледзячы на раннюю гадзіну, кішма кішэлі пакупнікамі, а мотаролер імчаў за імі, кружляючы паміж латарэйнымі і кандытарскімі кабінкамі, а таксама стойкамі прадаўцоў мабільных тэлефонаў. Нарэшце яны саскочылі з апошняй прыступкі на перон і ўбачылі свой цягнік, які чакаў на прыпынку.
— Хутчэй, у вагон! — крыкнуў Ёнатан.
Яны змаглі прапхнуцца ў салон вагона за імгненне да таго, як зачыніліся дзверы. I праводзілі позіркам мотаролер, які роспачна скакаў з прыступкі на прыступку. Потым паваліўся на падлогу перона, урэзаўся ў стойку з блінамі і гранічна безгустоўна распляскаў на ўсе чатыры бакі гарчыцу і кетчуп.
...Як ім пашанцавала, што запасны ключ па-ранейшаму ляжаў на месцы! Калі Ёнатан знайшоў яго пад кадкай з настўркамі, якія за гэты час шалёна разрасліся, то ўздыхнуў з палёгкай.
У апошнія два гады ў доме на Фіялкавай вуліцы ніхто не жыў. Ёнатан баяўся, што калі яны прыйдуць сюды, то выявіцца, што іх дом прадалі або зруйнавалі. Але дом паранейшаму стаяў на месцы. Вокны закалацілі дошкамі. Прагавітымі павоямі іпамёі зацягнулі ўсе сценкі. А сам дом ахутала адметная аўра заняпаду пакінутых без нагляду і ўжытку рэчаў.
Ключ, крыху заіржавелы, захрас у замочнай адтуліне, але ўрэшце павярнуўся. Яны зайшлі ўсярэдзіну. Ёнатан на поўныя грудзі ўдыхнуў пах заняпаду. Адчуў, як скуру
халодзіць пячорная сцюжа памяшкання, якое больш не трымала цяпло сваіх жывых жыхароў.
— Цемнавата тут, — вымавіў Пазузу.
— Электрычнасць адлучылі.
— Калі я правільна памятаю, то ў навясной шафцы на кухні ляжаць свечкі з дня нараджэння, — вымавіла Тамі.
Пагоня дзіўным чынам перамяніла яе. Ад бегу ў мамы запунсавелі шчокі. Памяць пакрысе стала да яе вяртацца.
Яны запалілі свечкі. Селі вакол кухоннага стала, галовы іх амаль датыкаліся адна да другой. Калі б у гэты момант завітаў чужы чалавек, дык, пэўна, падумаў бы, што яны тут святкуюць народзіны ці ладзяць спірытычны сеанс.
Ёнатан паспрабаваў распавесці маме толькі самае важнае, каб не заблытаць. Самым пільным на сёння клопатам заставалася Ніно. Ёнатан распавёў маме, што прынцэсу змусілі праглынуць лекі, якія для яе распрацаваў Імануэль.
— Я ёй не зайздрошчу, — сказала Тамі. — Я спрабавала патлумачыць Імануэлю, што таблеткі астрофікса мяне не лекуюць. А ён напіраў, што я ў дэпрэсіі і што гэта ўва мне прамаўляе хвароба.
— He разумею. Чаму гэта ён не разумеў, што лекі табе шкодзяць?
— He маю паняцця. Твой бацька вельмі ўпарты. Калі ў галаве захрасла нешта, то гэта і абцугамі не дастанеш.
— Тата — навуковец, — паспрабаваў абараніць бацькаў гонар Ёнатан.
— Трэба знайсці яго, калі мы хочам спытаць, што ён сабе думаў.
“Так, — падумаў Ёнатан. — Трэба як найхутчэй знайсці бацьку! Але спярша заняцца Ніно”.
— Ты думаеш, мама, ёй можна дапамагчы?
Тамі адкінулася назад, святло свечак пакінула вакол яе вачэй змрочныя колы ценю.
— Ты сапраўды хочаш ёй дапамагчы?
— Больш за ўсё на свеце!
— Але ты яе амаль што не ведаеш!
— Там, у турме, яна выратавала нас ад смерці. Без яе мы б сталі абедам кракадзілаў. Але справа не толькі ў гэтым. Ёсць, ёсць у прынцэсе нешта важнае, нешта адрознае. Я выразна бачу, як яна садзіцца на імператарскі трон і прыносіць усім сваім падданым мір і справядлівасць. Яе не проста так клічуць “душой імперыі”. Побач з ёй ажываюць мроі.
“Апрача таго, — падумаў Ёнатан, — у яе цудоўны пах і голас, ад якога па скуры мурашкі. А таксама самыя прывабныя ў свеце вочы, у сярэдзіне якіх ёсць радзімкі, як у вачах маленькай птушачкі”.
Тамі ўздыхнула.
— Відаць, яна вельмі моцна табе падабаецца.
— Пры чым тут гэта?
— Бо працэс цяжкі. У мяне ёсць імунітэт супраць лекаў. Але можа так стацца, што гэта ў выніку прынясе больш шкоды, чым карысці.
— Калі ёсць шанц на поспех — нават найменшы, — мяркую, Ніно будзе толькі “за”.
— Калі так, то хадзем у лабараторыю.
Яны спусціліся ў бацькаву лабараторыю, трымаючы ў руках свечкі.
У сутарэнні нічога не памянялася з той разбуральнай ночы два гады назад. Аскепкі шкла, разбітыя слоікі і плямы засохлых сумесяў па-ранейшаму пакрывалі падлогу. Адзіным адрозненнем быў пыл, які лёг на ўсіх паверхнях тоўстым слоем. Палахлівы павучок глянуў на Тамі, якая ў адной з шафак знайшла запакаваны шпрыц. Яна абвязала кавалак тканіны вакол левай рукі і ўваткнула іголку ў вену. Ёнатан як зачараваны глядзеў за пунсовай мамінай крывёй, якая напаўняла шпрыц. Пасля таго як шпрыц цалкам запоўніўся, Тамі пераліла гарачую вадкасць у флакон і дадала туды некалькі кропель празрыстай сумесі.
— Гэта распушчальнік. Ён не дасць крыві згуснуць, захавае яе ў вадкім стане.
— Мама, што ты робіш?
— Табе трэба актыўная абарона супраць астрофікса. Мая кроў — самае эфектыўнае антыцела, якое існуе. Цягам некалькіх гадоў мяне намагаліся апрацаваць сваімі прэпаратамі, але нічога ў іх не атрымалася.
— Але навошта? Што там такога ў тваёй крыві?
— Што ў маёй крыві?
Тамі квола засмяялася, і цёмныя колы пад яе вачыма паглыбіліся.
— Я б сказала, што ў маіх жылах струменіць Прорва. Мая кроў змяшчае Прорву, і ніякія чалавечыя лекі нічога з гэтым зрабіць не ў стане.
РАЗДЗЕЛ 21
ПАЛЁТ ДЭМАНАЎ
Прыйшла чарга падняцца на сцэну славутаму ансамблю танцоўшчыц з Каркеміша. Ніно сядзела ў ложы, пад паветкай балдахіна, які ўсталявалі адмыслова дзеля гэтага. Сярод усёй мітусні і гармідару яна страшэнна нудзілася. Да таго дзве гадзіны гучалі віншавальныя прамовы. Прафесары са Школы красамоўства і мыслярства, старшыні Вярхоўнага Кансіліуму Варажбітаў, а таксама бурмістр Вавілона падымаліся на сцэну, каб выказаць новай імператарцы пачуцці вернасці і адданасці. У сваіх узрушаных, размазаных на дзясяткі старонак прамовах прамоўцы зычылі імперыі дабрабыту і росквіту. Публіка, якая чакала на пляцы ад світанку (некаторыя нават тут начавалі), падаставала з кошыкаў ссабойкі і бутэлькі з напоямі. Цэлыя сем’і елі пад промнямі пякельнага сонца.