Скрадальнік лекаў  Гагар Янай

Скрадальнік лекаў

Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
75.5 МБ
КІНЖАЛ ЭЛЬ-НАМІРА
Ачуньвала Эля ад сільфійскай стралы доўга і пакутліва. Дзяўчыну транспартавалі ў горы. Рана крывавіла некалькі дзён. Эля губляла прытомнасць, на некаторы час ачуньвала, і ў прамежках паміж прасвятленнем і бяспамяцтвам перад ёй мільгалі твары шаманаў, якія схіляліся над ёю, а таксама цьмяны абрыс дэманіцы Агурміяны, якая не адыходзіла ад ложка і раз-пораз прымушала дзяўчыну зрабіць пару глыткоў вады. Рана на сцягне была не надта вялікая, але сільфійская атрута віравала ў крыві, паразіўшы лёгкія, пячонку і сэрца.
Нават падняўшыся на ногі, Эля адчувала, як па венах плывуць шкляныя іголкі. Аднак яна настойліва запэўнівала таварышаў, што ўжо ачомалася. I ў стане вярнуцца ў Вавілон. Яна мусіць паехаць туды як мага хутчэй, бо Гілель там адзін, як вока на лбе.
Эля асядлала шэрага каня і спусцілася з гор, падсцёбваючы яго, каб саслабеламу целу не целяпацца доўга ў сядле. Калі яна прыехала ў горад, паспяшалася ў хованку ля рэчкі. Але там нікога не знайшла. Ніякіх слядоў Гілеля. Эля западозрыла, што з ім здарылася нешта кепскае. Яна проста адчувала гэта ўсёй сваёй скурай.
Сэрца вярэдзілі благія думкі. Можа, застацца тут і пачакаць яго? Думка спакушала — Эля, прынамсі, адпачне ад падарожжа. Але — не! Яна мусіць дзейнічаць!
Ад дня выбуху на электрастанцыі колькасць імперскай варты падвоілася. Напярэдадні фэсту на вуліцы горада выпусцілі процьму ахоўнікаў. Яны патрулявалі тэрыторыю перад святочнай цырымоніяй, затрымлівалі падазроных і шукалі выбуховыя прыстасаванні. Хай там што, але ёй нельга было затрымлівацца. Эля надзела старую камізэльку і начапіла брыль, які напалову засланіў яе твар і надаваў выгляд беднай стажоркі з рэгіёнаў. Яе веданне гарадскіх завулкаў і завуголляў цяпер прыдалося. Эля прабралася да палаца. Патрапіўшы на вузкі завулак ля мура, які апаясваў вісячыя сады, яна пайшла ўздоўж яго.
Сэрца цягнула яе да вісячых садоў. Яна нутром чула — Гілель мае пільную патрэбу сустрэцца з Ніно. Эля з горыччу падумала, што ў хлопца ўзбудзіліся цяга і цікаўнасць да прынцэсы менавіта таму, што ўсё жыццё яго паслядоўна адасаблялі ад дзяўчат. Калі б Гілель рос у жаночай кампаніі, ён бы так прынцэсай не зачараваўся. Бо кожны цямны чалавек бачыць, што прынцэса ў яго ні кропелькі не закаханая. Эля ўздыхнула.
Як жа яна хацела даць свайму войску сігнал да атакі на гэты кляты горад! Горад, які заглынуў Гілеля. Толькі б Гілель развязаў ёй рукі і дазволіў дзейнічаць.
Пачуўшы галасы за мурам, яна страпянулася. Застыла і ўся ператварылася ў слых. 3 садоў даносіліся гукі бойкі, але нейкай такой дзіўнай. Каб жа глянуць, што там дзеецца! Але муры сягалі да неба. Усё, што яна атрымала, — чырвоная, як увосень, лістота пасыпалася зверху на брыль і плечукі. Эля падняла адзін з лістоў. Ён быў заплямлены крывёю.
Эля адчула, як жалезныя абцугі сціснулі ёй горла. Яна выцяла нагой мур і зрабіла намаганне на яго ўскараскацца. Мур выявіўся гладкім, без шчарбін і выламак, — яна адно
бразнулася долу з падрапанымі пальцамі. Кожная цягліца і жыла яе цела смылелі — так ёй хацелася прыйсці хлопцу на дапамогу. Што ж там дзеецца, што?!
3-за рага выйшла пара жаўнераў. Яны рабілі дзяжурны абход вакол муроў. Хоць Элю спапяляла жаданне трапіць як мага бліжэй да садоў, галавой яна зразумела — лепей з жаўнерамі не сутыкацца. Калі Эля ўжо збіралася адскочыць у нейкі завулак, каб перачакаць, то пачула, як з боку мура даносіцца ледзьве чутнае шаргаценне. Галінка гліцыніі з фіялетавымі гронкамі кветак напялася, разгайдалася і апусцілася долу, пяшчотна пакінуўшы на вулічнай брукаванцы сваю найвялікшую гронку ў выглядзе параненага чалавека.
— Гілель! — выдыхнула Эля з палёгкай, у якую мяшалася жуда. Што з ім зрабілі?!
Твар у яго быў бяскроўны і змучаны.
— Стаяць! Хто тут? — закрычаў адзін з жаўнераў. Яго напарнік падняў стрэльбу і зарадзіў яе.
Эля, не губляючы ані хвіліны, прыпусціла да Гілеля і павалакла яго ў суплёт завулкаў. Яны ляцелі як маглі хутка. Была б адна, уцякла б ад жаўнераў, чый цяжкі поступ несла рэхам між мурамі. Аднак Гілель выявіўся кволым. Яго плячо сачылася крывёй. Эля запаволіла крок і павярнулася да хлопца тварам.
— Пачакай мяне тут! — шапнула яна і запхнула яго за купу смецця.
Эля счакала, пакуль жаўнеры не завярнулі за рог і не ўбачылі яе. Тады ўжо яна прыпусціла ў іх навідавоку, завабліваючы. Яна пераскоквала праз платы, бегла пад вяроўкамі з мытай бялізнай, куляла тазы, спуджвала галубоў і жахала жанчын. Аднаго разу ёй нават падалося, што яна трапіла ў тупік, але тут перад ёй знянацку адчынілася незнаёмыя дзверы. Яна адным духам заляцела на гарышча і пераскокнула на сумежны дах. Адтуль з’ехала па вадасцёку назад
на вуліцу. Ля ракі — калі, ужо змахнуўшы пот з ілба, думала, што пазбавілася ад пераследнікаў, — яе насціглі.
За спінай — шкляны мур. Эля ведала, што ёй застаецца адно змагацца за сваё жыццё. Яна добра памятала словы Эль-Наміра. Па-першае, у нападніка заўсёды перавага. Падругое, калі ёсць некалькі ворагаў, спярша трэба ліквідаваць самага небяспечнага.
Яна крутнулася і скокнула на жаўнера, які трымаў стрэльбу. Выхапіла кароткі меч, які трымала за пазухай, і выцяла нападніка кудысьці ў грудзі. Яна бачыла, як зброя жаўнера па дузе вылятае з рук і падае на зямлю, а таксама ягоны агаломшаны выраз твару, калі яго рукі пасунуліся да скрываўленых грудзей.
Жаўнер укленчыў. Потым паваліўся тварам у пыл.
Эля застыла. Хваля агіды і млосці паднялася з глыбіні жывата. Яна верыла ў паўстанне ад шчырага сэрца і разумела, што без праліцця крыві яно не атрымаецца. Але яна забіла чалавека ўпершыню. Эля гатовай да гэтага не была. Яе здушвалі прыступы плачу. Як зачараваная, яна глядзела і глядзела на жаўнера, які ляжаў у пыле. Нават калі другі жаўнер адбег убок, схапіў зброю і стаў страляць, Эля бы здранцвела.
—	Уніз! — крыкнуў нехта за спінай і пхнуў Элю за вулічны ліхтар.
Яна сагнулася, схапіўшыся рукамі за галаву пад свістам рыкашэтаў.
Постаць знікла за будынкамі, толькі каб выскачыць зноў і накінуцца са спіны на жаўнера-стралка. Постаць усадзіла ў яго свой меч і кінула на зямлю.
—	Я, можа, паранены, але не мёртвы, — вымавіла постаць. Гэта быў Гілель.
Праз імгненне ён страціў прытомнасць у Элі на руках.
3	гэтага моманту для Элі пачалася сапраўдная вайна. Дагэтуль яна адно рыхтавала вылазкі і нават цэлыя вайсковыя
аперацыі, натхняла ваяроў дзейнічаць хітра і вынаходліва, але паўстанне стала для яе рэальнасцю толькі ў той момант, калі яна ўласнаручна забіла чалавека. Эля ніколі не забудзе выраз твару таго невядомага жаўнера. Калі ёсць імгненне, як старэюць у адначассе, — дык гэта яно. Але ў Элі не заставалася выбару. Яе жыццё, а таксама Гілелева, было ў небяспецы. Яна раскайвалася аб учынку, але яе цела працяў люты няўцямны боль упартага наканавання. Яна цяперака як ніхто іншы ведала, што жыцці яе любых людзей — крохкія і знаходзяцца ў небяспецы. У той жа самы момант ёй адкрылася ўсё выродлівае аблічча вайны.
Абломак нажа Нсарадора па-ранейшаму тырчаў з пляча Гілеля.
Эля скеміла, што не зможа ў гэтых руінах, у якіх яны хаваліся, займацца ранамі. Ёй патрэбныя лекі, бінты, сродкі дэзынфекцыі, але самае важнае — месца для адпачынку. Яна мусіць неадкладна вывезці Гілеля з горада.
Эля сяк-так дайшла да жывёльнага рынку, і там ёй удалося скрасці маладую вярблюдзіцу. На спіне ў вярблюдзіцы яны выехалі за межы Вавілона, у кірунку фермы надзейных сялян. На падлозе хацінкі для вартаўніка вінаградніку сяляне паслалі для ўцекачоў цыноўкі і сеннікі. Далі Элі місу з цёплай вадой і чыстыя бінты.
Яна зняла Гілелю кашулю і выцягнула з пляча абломак нажа. Гілель пабляднеў яшчэ болып, але з ягоных вуснаў не вырвалася аніводнай скаргі.
—	Рана загаіцца. На тваё шчасце, ніводнай важнай артэрыі ці вены не кранута. Інакш ты бы сцёк крывёю.
—	Ты зноў выратаваў мне жыццё, Элляш.
—	А ты выратаваў мяне там, ля рэчкі.
—	Выдае на тое, нам трэба трымацца бліжэй адзін да аднаго, — квола ўсміхнуўся Гілель.
— Твайму ратаванню я гатовы прысвяціць усё сваё жыццё. Праўда, ад цябе клопату па вушы.
— Я напэўна, паводзіў сябе безадказна...
Гілель распавёў Элі ўсё, што здарылася ў вісячых садах.
Калі ён ужо скончыў аповед, то наступілі прыцемкі. Сонца завісла, як залацістая мушмула* між галін фруктовага саду. Твар Элі пашарэў. Ну, вядома — ва ўсім вінаватая прынцэса!
— Калі цябе нельга аддаліць ад бед, дык, можа, можна аддаліць беды ад цябе? — сказала яна Гілелю.
— У сэнсе?
— Ды нічога асаблівага, проста выраз такі.
Сялянка прынесла ім на падносе некалькі праснакоў і сухіх фінікаў на вячэру. На невялічкім цяпельцы Эля запарыла мятнай гарбаты. Яна накрыла Гілеля коўдрай і паклала яму на ляжанку падушак.
— Каб акрыяць, трэба паспаць.
Упрошваць яго не спатрэбілася, бо ён быў млявы і кволы. Неўзабаве заснуў. Месяц ахутаў ціхмяны сад серабрыстым ядвабам. Усё ператварылася ў начны рай. Аднак Эля не магла ў ім заставацца. Яна накінула плашч на плечы, спраўдзіла, ці ляжыць у боце кінжал Эль-Наміра, і рушыла ў кірунку Вавілона.
Яе хованкі ад імперскай варты нагадвалі складаны TaHep. Але Эля вывучыла яго рухі як належыць. Гэтым разам чакаць дапамогі з боку садоў не выпадала. Ніякіх сяброўскіх галін больш не будзе. Эля мела ў арсенале вяроўку з круком на канцы, якую і шпурнула за мур. Спрытна ўскараскалася і ўжо зведанымі сцежкамі, якія маглі мяняць кірункі, пайшла праз сады. Пакуль караскалася на мур, высалапіла язык. He дзіва — працавалі ўсе цягліцы яе цела. Яна бязгучна падзякавала старадаўнім дойлідам, што аснасцілі пабудову каменнымі сфінксамі з чалавечымі галовамі, якія, у сваю чаргу, паслужылі цудоўным выступам для крука яе вяроўкі.
* Пладовае дрэва з памяранцавымі пладамі.
Старалася долу не глядзець. Часам нараджалася адчуванне, што карасканне па мурах працягнецца цэлы дзень. Але ўрэшце спрацаваныя рукі падцягнулі знямоглае цела на балкон пакоя Ніно.
Дзверы на балкон стаялі адчыненыя. Ядвабныя шторы ахіналі ўваход, злёгку гайдаліся ў начным паветры. 3 пакоя пачуўся сцішаны ўздых. Эля знерухомела. Потым схавалася, гатовая накінуцца і пляжыць кожнага, хто перасячэ ёй дарогу.
Дробныя крокі набліжаліся, і між штор выслізнуў Кір, сабака Ніно. Губы яго прыліплі да зубоў, ён ашчэрыў іклы, з яго пашчы пацякла сліна. Але ўбачыўшы Элю, сабака засцябаў хвастом і падышоў, каб палізаць рукі. Эля яму заўжды падабалася. Яна пачухала сабаку за вушкам, роўна так, як ён любіў, і злёгку паляпала па плячах.