Скрадальнік лекаў
Гагар Янай
Выдавец: Логвінаў
Памер: 408с.
Мінск 2024
— Бліскучая і дзесьці нават філасофская ідэя. Ты не думаў напісаць, скарыстаўшы свае палявыя напрацоўкі, навуковы артыкул для бібліятэкі ў Ніневіі?
Адзін камень.
— Я думаю, што гэтае месца створанае згодна з нашымі думкамі. Калі ў нас на галовах былі мяхі, ты сказаў, што да нас набліжаецца нейкі шум, чый гук падобны да шчоўкання сківіц. Як толькі мы знялі з галоў мяхі, то вакол сапраўды зашчоўкалі сківіцы.
Палова каменя.
У Ёнатана застаўся толькі адзін чобат. Кроплі з вадаспада пырскалі на той чобат і сычэлі з атрутным шыпеннем. Ёнатан паспрабаваў стаць на левую нагу і адсунуць ад страўнікавага соку правую нагу ў адной шкарпэтцы. Ён пачуваўся знямоглым, рыхтык смоўж, якога выкалупалі з ягонага доміка. Але хлопец вырашыў дадумаць-дакруціць сваю думку да канца.
— Потым я ўявіў, што мы трапім у тупік. I бац — мы ў яго трапілі! Уваходзячы, мы сказалі, што гэта ўваход у страўнік. Так яно і аказалася. I гэтак далей і да таго падобнае. Ты хіба не дапетрыў, Пазузу? Усё, чаго мы баімся і што ўяўляем у думках, адразу ж здзяйсняецца і ўвасабляецца ў рэчаіснасці!
— Разумны ты хлопец. Проста акадэмік. Я б цябе нават вылучыў на гэтую вашу прэмію, якой ты мне ўсю плешку
праеў. Як там яна называецца — бобелеўская прэмія ці як? Ну, добра, давай развітаемся перад смерцю...
Пазузу скочыў са свайго апошняга каменя, і ў гэты апошні скок перад вадаспадам завіс на паднябенным язычку, які звісаў са скляпення глыткі. Ёнатан, чый апошні камень таксама злізала возера кіслаты, скокнуў за дэманам і схапіў яго за лядашчыя курыныя крылцы, якія ўпершыню ад часу свайго з’яўлення прынеслі карысць.
— Алё, малпа! Балюча! — загаласіў дэман.
— Дык ты зразумеў? Гэты свет чытае нашы думкі! Усе дэталі ў ім ствараюцца-фарміруюцца адпаведна з нашымі ўявамі і думкамі. Мы зараз чакаем, што ўпадзём у вадаспад страўнікавых сокаў, у якіх распусцімся да стану вадкай кашы. Маўляў, мы патонем у гэтай брыдзе і знікнем навечна. Мы чакаем такога развіцця падзей, і таму яно зараз адбудзецца.
— Дык што, стаяць і чакаць, пакуль гэты зялёны вадаспад заліе мне ногі?!
Ёнатан адчуў, як яго рукі, што трымалі Пазузу за крылцы, сталі саслізгваць.
— Проста ні аб чым не думай і нічога не чакай, Пазузу! Прашу, дастань з маёй кішэні той чорны камень, ад якога фанацела прынцэса, і пакажы яго мне.
Пазузу здрыгануўся, засоўгаўся і апусціў свой шматфункцыянальны хвост у кішэню Ёнатана.
— Спяшайся, я не такі дужы, як ты.
— Ды спяшаюся я... — адгукнуўся дэман.
— Асцярожна, Пазузу! Табе нельга яго губляць, інакш нам канец.
Пазузу нарэшце дастаў з кішэні кавалак чорнага бурштыну. Дэман памахаў ім перад тварам Ёнатана, у якога ад выпарэнняў кіслаты па шчоках каціліся слёзы.
Ёнатан засяродзіў позірк на сутонлівым акуляры, добра памятаючы словы прынцэсы, што акуляр здольны звесці яго
думкі ў адзін фокус. Хлопец паспрабаваў уявіць, што замест мора булькаючай кіслаты тут разаслаўся пяшчотна-зялёны лужок, які духмяніцца рамонкамі і стакроткамі, а над кветкавым дываном пырхаюць лёгкія матылькі. Як толькі будзе жаданне, дык яны з Пазузу змогуць проста расціснуць пальцы і на той лужок паваліцца.
Але як дазнацца, ці сутонлівы акуляр спрацуе? Як даведацца, ці слушная яго тэорыя? Сумненні ўзмацніліся, і ўяўленне пастаральнага лужка паблякла.
— Пазузу! — застагнаў ён. — Я губляю фокус.
— Значыцца, самы час для смелага навуковага эксперыменту. Скачам! — Пазузу паслабіў захоп і адпусціў паднябенны язычок Прорвы. Яны залуналі ў паветры і сталі доўгадоўга валіцца ў сэрца цемры.
Праз цэлую вечнасць падзення Ёнатан адчуў пад нагамі мулкі грунт. Бах! Яны прызямліліся. Можа быць, не на зусім той мройны лужок, аднак і не ў возера кіслаты страўнікавых сокаў. Яны апынуліся ў падземнай залі, цёмнай і смярдзючай.
— Вой, мама! — сказаў Пазузу. — Я даў маху. У момант скачка ўспомніў словы ката пра тое, што нават калі мы выбавімся з лабірынта, то нас кінуць кракадзілам. Ад сваёй фантазіі не ўцячэш...
Сапраўды. За некалькі метраў ад іх разлёгся круглы басейн. Вялізныя чорныя кракадзілы ў ім з непрыхаванай радасцю лязгалі сківіцамі. Гейм овэр, так бы мовіць. Выглядалі кракадзілы галоднымі, як... кракадзілы. Іх шурпатыя спіны баразнілі ваду з хуткасцю тарпеднага катара.
— Ад аднаго страўнікавага соку да другога, — уздыхнуў дэман.
Калі адзін з паўзуноў — мусіць, самы пачварны і брыдкі — вылез з вады на невялічкі востраў, на штучным возеры ўсчаўся вэрхал. Паўзун захапіў той астравок пагрозлівым матляннем хваста і злавесным шчоўканнем сківіц. Ёнатану стала млосна, калі ён убачыў, што шэльма даўжынёй метраў
дзесяць і тоўстая, як невялікі аўтамабіль. Гэты кракадзілішча мог хутка і лёгка праглынуць цэлую групу Ёнатанаў і Пазузаў. На галаве ў кракадзіла красаваўся пазалочаны сімвал. Карона.
— Кароль кракадзілаў, — адзначыў Пазузу. — Я заўжды хацеў выйсці на пляц Кракадзіліі і сустрэць там знакамітасць каралеўскай крыві.
У галаве Ёнатан прамільгнуў забыты ўспамін. Дзе ён бачыў падобную пачвару? Кракадзіл адкрыў пашчу і зароў. Гук з нутра вывяргаўся такі, нібыта падземныя трубы разявілі свае шырачэзныя горлы. Ага, Ёнатан прыгадаў! Гэта быў кракадзіл-цмок, намаляваны на вокладцы кампакткружэлкі. Той дыск доктар Шапіра даў паслухаць ягонаму бацьку.
Прайдзісвет Шапіра падкінуў ім у дом сілы Прорвы! Але часу рабіць далейшых высноў не засталося, бо кароль кракадзілаў праслізнуў на бруху штучны астравок і паплыў да іх прамой наводкай. Пачвара зласліва адштурхоўвала з дарогі меншых кракадзільчыкаў, якія з наіўным нахабствам спадзяваліся адкусіць шматок ад яго персанальнай пайкі.
— Хутка! — загукаў Ёнатан Пазузу. — Ты гатовы?
Ім зараз давядзецца даверыцца сутонліваму акуляру, які мусіць шпарка перанесці іх адсюль. Другога шанцу не будзе. Аднак, каб паспяхова скокнуць, трэба ўжыць падманны манеўр. Ёнатан зняў з левай нагі чобат — адзіны, які ў яго застаўся, — і схапіў яго. На школьных занятках па баскетболе ён не хадзіў у снайперах, таму цяпер маліўся аб удалым кідку. Кароль кракадзілаў прыпусціў у іх бок магутна, як эсмінец. Над вадой тырчаў адно ягоны нос-перыскоп. Ёнатан быў гатовы паклясціся, што з пашчы за кракадзілам цягнуліся нітачкі сліны. Яшчэ трохі і — ага...
— Зараз! — заверашчаў Пазузу.
Ёнатан шпурнуў чобат так, каб ён праляцеў над галавой кракадзіла. Сэрца, мусіць, выскачыла вонкі і цяпер дробна
калацілася недзе ў паветры. Але кідок удаўся. Дурны як варона паўзун падмануўся. Яго велічэзная туша вылецела з вады ракетай. Ёнатан пабачыў ніжнюю частку тоўстай, абцягнутай рыхлай скурай моташна жаўтаватага адцення сківіцы. Тая шырока раскрылася, каб схапіць ахвяру. Зубы намертва сашчапіліся на гаротным чобаце.
Пакуль кракадзіл займаўся паветраным перахватам чобата, Ёнатан з Пазузу скокнулі ў ваду. Пазузу кіпцюрамі ўчапіўся за сябра і абдымаўся з чорным бурштынам, а Ёнатан хуткастрэльна галасіў:
— У сажалку медыцынскага пансіяната “Ліванскія кедры”, дзе ляжыць мая мама!
РАЗДЗЕЛ 15
ПАЦАЛУНАК I ГАЛОДНЫЯ КВЕТКІ
Ніно мусіла прайсці да краўчыхі на апошнюю прымерку сукні, якую ёй трэба надзець на цырымонію. Сукня прынцэсу брыдзіла. Ніно ўцякла ў сады і стаілася ў любімай хованцы. Прынамсі, расліны разумеюць яе. Вавілонская вярба спагадліва палашчыла плячо сваімі галінамі. Сарамлівыя амарылісы па-сяброўску кіўнулі ёй пялёсткамі. Ох, як яна зайздросціла кветкам і дрэвам! Іх ніхто не дапякае і не цягне з іх жыццёвых сокаў.
Астлік, бабуля, шчасліва жыла сярод раслін. Дарэчы, што б яна зрабіла ў гэтай сітуацыі?
Ніно сарвала атрутны абісінскі перац і сціснула яго ў кулаку. Адзін перчык пад язык — і кроў закіпіць. Яна памрэ ад гарачкі. Але, можа, лепш смерць, чым паслязаўтрашняя цырымонія?
3 таго месца, дзе яна стаяла, адкрываўся воку амаль што ўвесь горад. Вакол Галоўнай бажніцы і на Пляцы Вярхоўнага Бога ішлі апошнія падрыхтоўкі. Сільфы лёталі быццам апараныя, закручвалі апошнія ніці ва ўсталяваным дзеля прынцэсы альматаскопе. Прыбор узносіўся над пляцам, як кола агляду. Ад яго выгляду Ніно стала млосна. Вочы б яго не бачылі! Прынцэса адвярнулася.
Яна спалохана войкнула, калі ўбачыла мужчыну з закрытым тварам, які ўзнік за яе спінай, бы нейкі гіганцкі садовы плод. Цяпер мужчына спрытна караскаўся па гладкім камлі бананавай пальмы. Ніно хацела закрычаць, аднак мужчына паклаў ёй далонь на рот.
— He бойся, — сказаў ён.
— Х-х... хто тут?
— Толькі я.
Ніно паспрабавала супакоіць стук сэрца.
— Ты што тут робіш у белы дзень? Тут табе быць небяспечна.
— Прыйшоў дзеля цябе, — сказаў Гілель.
— Дзеля мяне?
— Хацеў цябе бачыць.
Недзе далёка-далёка нібыта з’явіліся аблачынкі ў смузе на далёкім гарызонце, Ніно адчула лёгкія цеплаватыя іголачкі, якія, здаецца, плаўна струменіліся па яе жылах. Гілель зняў чорны капюшон, які ахінаў галаву. Яе нанова ўразілі ягоныя рысы твару, на якія яна праз цэлы год пасля іх знаёмства не магла глядзець без унутранага трымцення.
— Няма ў нас часу, прынцэса! Цырымонія праз дзень. Нашы з табой адносіны могуць развівацца і развівацца бясконца, але калі ёсць у свеце хоць нейкі варыянт табе дапамагчы, яго трэба выпрабаваць зараз жа.
— Мабыць, ужо запозна. Здаецца, мне канец.
— He здавайся. Ты сказала, што ты ў дачыненні да мяне яшчэ можаш нешта адчуваць?
Ніно апусціла вочы долу.
— Так, я не хлусіла.
— Калі гэта так, то дай я табе дапамагу. Мне трэба бачыць твой твар.
Яе цела працяла дрыготка, і Ніно з усяе змогі нацягнула на твар вуаль.
— Гілель, табе нельга! Ты ж ведаеш, што нельга.
— Я мушу.
— Чаму гэта так важна для цябе?
— Калі я цябе не пабачу, паміж намі нічога не адбудзецца, ты хіба не разумееш? Як я змагу, не ўбачыўшы твайго твару, перадаць табе сваю цеплыню і размарозіць цябе?
Ніно адчула, што прысутнасць Гілеля затуманіла яе свядомасць. Ёй давялося абаперціся на старую аліву.
— Але ты ж ведаеш, што кажуць аб праклёне? Ты не зможаш перамагчы Нсарадора і майго бацьку, а таксама забраць уладу, калі ты... калі ў цябе...
— Зараз мы мусім ацаліць цябе.
— Калі ласка, не рабі гэтага дзеля мяне.
— Баюся, я раблю гэта дзеля сябе. За апошні год ты стала мне дарагім чалавекам. Калі я знаходжуся далёка ад цябе, то не знаходжу сабе спакою. Калі я побач з табой, то ўстурбаваны яшчэ больш. Я б хацеў усё вырашыць як мага хутчэй. Калі ты сапраўды стаіш паміж мной і маёй уладай над імперыяй, дык, можа, я той улады не варты? I лепей я пра гэта даведаюся тут і цяпер?