словы Лявон Баршчэўскі Пятро Васючэнка Міхась Тычына Баршчэўскі Л. П., Васючэнка П. В., Тычына М. А. Словы ў часе і прасторы Літаратура апошняга стагоддзя Мінск Выдавец Зміцер Колас 2015 УДК 821 (100.9)“ 19/20” ББК 85.3(2) Б26 Рэцэнзент Іван Штэйнер, доктар філалагічных навук, прафесар Баршчэўскі Л. П., Васючэнка П. В., Тычына М. А. Б26 Словы ў часе і прасторы : літаратура апошняга стагоддзя / Лявон Баршчэўскі, Пятро Васючэнка, Міхась Тычына. — Мінск : Зміцер Колас, 2015,— 394 с. ISBN 978-985-6992-77-6. Прапанаваны зборнік папулярных нарысаў самы поўны на сённяшні дзень інтэграваны выклад найважнейшых з’яў літаратуры апошніх ста гадоў, у якім беларуская літаратура разгля даецца як неад’емная частка сусветнага літаратурнага працэсу. Аўтары кнігі вядомыя ў Беларусі філолагі-літаратуразнаўцы і пісьменнікі, якія маюць вялікі досвед выкладання літаратуры ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах Беларусі і замежжа. У аснову выдання пакладзены грунтоўна перапрацаваны і дапоўнены тэкст другой часткі кнігі тых жа аўтараў, што выйшла ў 2006 г. пад назвай «Беларуская літаратура і свет. Папулярныя нарысы». Кніга ўяўляе сабою працяг раней выдадзенай кнігі «Словы ў часе: Літаратура ад рамантызму да сімвалізму і нашаніўскага адраджэння». Адрасуецца ўсім, хто цікавіцца мастацкім словам, пытаннямі беларускай і сусветнай літаратуры і культуры. УДК 821(100.9)“19/20” ББК 85.3(2) ISBN 978-985-6992-77-6. © Баршчэўскі Л. П., Васючэнка П. В., Тычына М. А., 2015 © Афармленне. Выдавец Зміцер Колас, 2015. ГІСТАРЫЧНАЯ I ЛІТАРАТУРНАЯ ПАНАРАМА XX ПАЧАТКУ XXI СТАГОДДЗЯ (уводзіны) Літаратурнае XX стагоддзе адлічвае свой час за гадзіннікам еўрапейскай гісторыі, хоць і не ўпісваецца цалкам у каляндарныя рамкі. Райнэр Марыя Рыльке, напрыклад, лічыў пачаткам новага стагоддзя восень 1907 г„ калі ў Парыжы адбылася мастацкая выстава французскага жывапісца Поля Сезана. Культурны свет адкрыў для сябе імпрэсіянізм, а ў яго абліччы новае мастацтва, якое адрознівалася ад звыклага класічнага пункту погляду на жыццё. Томас Ман, у сваю чаргу, новы адлік часу пачынаў з Першай сусветнай вайны 1914-18 гг.: «...гэта гістарычная вяха, якая пазначыла канец аднаго свету і пачатак чагосьці зусім новага». Сапраўды, XX стагоддзе менавіта пасля гэтай сусветнай катастрофы пачало асэнсоўвацца як эпоха разбуральных войнаў і рэвалюцый, што прайшла пад знакам грандыёзных сацыяльных эксперыментаў, масавых рухаў і мільёнаў людскіх трагедый. Адначасова гэта была эпоха геніяльных навуковых адкрыццяў і трыумфальнага шэсця тэхнікі. Усё, аднак, скончылася вялікім расчараваннем у магчымасцях чалавечага розуму змяніць свет і прадчуваннем глабальнага крызісу. Мастацкая літаратура ў абліччы найлепшых сваіх пісьменнікаў глыбока і ўражліва выявіла сэнс гэтых падзей ды іх адлюстраванне ў свядомасці чалавека XX ст. Але прадчуванне небывалых зменаў у свеце ўзнікла ўжо ў канцы XIX ст. Яно выяўляла трывогу, уласцівую ўсім людскім пакаленням, якім выпала жыць у «канцы стагоддзя» (fin de siecle). Як знак гэтых зменаў успрымаецца тое, што менавіта ў 1900 г. памёр Фрыдрых Ніцшэ, філасофія якога ўвасобіла «абурэнне духу супраць рацыяналізму» папярэдняга перыяду. У тым жа 1900 г. па- мёр Францішак Багушэвіч, у славутых прадмовах якога прагучаў маніфест беларускага адраджэння. I менавіта ў гэтым жа «нулявым годзе» нарадзіліся такія выбітныя прадстаўнікі сусветнай літаратуры, як Наталі Сарот, Антуан дэ Сэнт-Экзюперы, а таксама будучыя класікі новай беларускай літаратуры Кузьма Чорны, Уладзімір Дубоўка, факт, магчыма, выпадковы, але шматзначны. Завяршалася цэлая эпоха і пачыналася навейшая гісторыя. Прага навізны ва ўсіх сферах жыцця была вызначальнай. Прадчуваннем зменаў жыла сусветная літаратурная класіка XIX ст. Прароцтвамі поўнілася творчасць Фёдара Дастаеўскага, перакананага ўтым, што любыя змены небяспечныя, калі падаўляюць асобу і свабоду выбару. Яго ідэю аб тым, што, «калі Бога няма, дык усё можна», падхапіў і разгарнуў Фрыдрых Ніцшэ, філосаф, які асабліва моцна паўплываў на светапогляд людзей XX ст. («Памерлі ўсе багі»), Як, якім чынам ва ўмовах духоўнага крызісу і росквіту нявер’я ў вышэйшую сэнсоўнасць быцця «вярнуць людзям яснасць духу, прастату і веліч»? На гэта пытанне Ніцшэ даваў супярэчлівыя адказы ад суцэльнага расчаравання ў чалавеку («чалавек гэта канец») і да веры ў духоўныя магчымасці «звышчалавека». Зразумелым было толькі адно, што так жыць, як жылі ўсе папярэднія пакаленні, немагчыма: «belle epoque» («цудоўная эпоха»), як часам называлі адносна спакойнае XIX стагоддзе, завяршылася. Новыя адкрыцці, упэўненае шэсце навукі і тэхнікі, з аднаго боку, пасялялі ў душах людзей веру ў вялікія магчымасці чалавечага розуму. А з другога яны выклікалі ў найбольш чулых з іх трывогу, бо ўзровень культуры і маралі сучасніка моцна адставаў ад узроўню яго інтэлекту. Станаўленне найноўшай мастацкай літаратуры ва ўмовах супярэчлівага ўплыву рознанакіраваных сіл і тэндэнцый адбывалася паскорана і непаслядоўна, рыўкамі. Драматызм гэтага працэсу выяўляўся ў сутыкненнях і супрацьстаянні розных літаратурных напрамкаў, плыняў, школаў, стыляў. «Класічны» рэалізм XIX ст., які з лёгкай рукі Максіма Горкага называлі крытычным, атрымаў магутны стымул для свайго творчага развіцця і ўдасканалення. Абноўленае ўяўленне аб гісторыі як паслядоўнай змене грамадскіх фармацый выявілася ў стварэнні шматтомных цыклаў сацыяльных раманаў на ўзор бальзакаўскай «Чалавечай камедыі». Але ўжо Антона Чэхава і Івана Буніна сучаснікі нездарма называлі «апошнімі рэалістамі»: яны ў сваіх творах вычэрпвалі мастацкія магчымасці паказу «жыцця ў формах самога жыцця» і свядома пазбягалі напісання эпічных раманаў. Антон Чэхаў, поруч з Генрыкам Ібсенам, Юханам Стрындбергам, Бернардам Шоу, стаў творцам рэалістычнай «новай драмы» з яе ўзмоцненай цікавасцю да звычайнага жыцця «прыватнага чалавека». Дваццатае стагоддзе пазначана беспрэцэдэнтнымі зрухамі ў літаратуры і мастацтве, звязанымі найперш з узнікненнем і ўмацаваннем мадэрнізму. Яго гістарычныя і літаратурныя вытокі невыпадкова знаходзяць у дэкадансе, які з’явіўся ў другой палове XIX ст. У аснове мадэрнісцкага светаадчування ляжаць ідэі: а) прынцыповай разнастайнасці жыцця; б) надзвычайнай супярэчлівасці чалавечай натуры; в) творчай (крэатыўнай) прыроды розуму, здольнага не толькі адлюстроўваць рэчаіснасць, але і змяняць (канструяваць) яе на свой лад; г) пафаснага адмаўлення гармоніі, сіметрыі, нормы, меры як праяў традыцыйнага мыслення; д) пераасэнсавання класічнай спадчыны і стварэння новай мастацкай мовы. Асобнае месца ў літаратуры XX ст. займае так званы сацыялістычны рэалізм. Вызначальны ў яго назве не назоўнік «рэалізм», а прыметнік «сацыялістычны» (па аналогіі «сацыялістычны гуманізм», «камуністычная мараль», «буржуазны нацыяналізм»). У аснове ляжыць камуністычная (у савецкім варыянце бальшавіцкая) ідэалогія, класава-партыйны падыход да задач і мэтаў мастацкай творчасці. Цэнтральнае ў рэалізме гіаняцце «праўда» зводзіцца ў шматлікіх узорах сацрэалізму да паняццяў «праўдападабенства», «апісанне жыцця ў формах самога жыцця», «паказ рэвалюцыйнай рэчаіснасці ў развіцці». Шмат хто з сучасных даследчыкаў наогул сумняецца (і небеспадстаўна) у прыналежнасці гэтай унікальнай у гісторыі сусветнай літаратуры з’явы да катэгорый эстэтыкі. Літаратура сацыялістычнага рэалізму мае чыста гістарычнае значэнне як мастацкая з’ява перыяду «сацыяльнага эксперыментатарства» і «ўтапічнага пражэкцёрства». Апошнія дзесяцігоддзі XX ст. у сусветнай літаратуры прайшлі пад знакам постмадэрнізму. Паводле часу гэты кардынальна новы мастацкі напрамак у гісторыі літаратуры сапраўды ўзнік і сцвердзіў сябе «пасля» («post») эпохі мадэрнізму, якая завяршылася ў 1950-х гг. Аднак паводле свайго зместу постмадэрнізм дыстанцыруецца не толькі ад класікі, але і ад мадэрнізму, прэзентуючы сябе як «постсучасная літаратура» (мастацтва, культура, філасофія). Прыкметы постмадэрнізму знаходзяць як у блізкай сучаснасці, так і ў далёкай мінуўшчыне. Менавіта там пачынаюць сваё гістарычнае жыццё такія «постмадэрнісцкія» паняццівобразы, як «лабірынт», «бібліятэка», «кніга», «крыж», «кола» і інш. Адна з галоўных асаблівасцяў постмадэрнізму гэта імкненне аўтараў ахапіць як мага шырэй усю прастору сусветнай культуры і актыўна выкарыстаць вядомыя ідэі, сюжэты, вобразы, матывы, трансфармуючы апошнія ў адпаведнасці з іх задумай. Свет успрымаецца постмадэрністамі як Тэкст, які трэба ўмець чытаць і разумець. Дзеля параўнання можна прывесці вызначэнне прыхільніка класічнага рэалізму Якуба Коласа, якое выразна сведчыць аб яго знаёмстве з самымі новымі літаратурнымі напрамкамі XX ст.: «Прырода найцікавейшая кніга, якая разгорнута прад вачамі кожнага з нас. Чытаць гэту кнігу, умець адгадаць яе мнагалучныя напісы хіба ж гэта не ёсць шчасце? Адно толькі шкада, што наша жыццё несумерна малое для таго, каб начытацца гэтай кнігай». Пачатак цяперашняга, дваццаць першага, стагоддзя пакуль што не вызначыў нейкіх дамінантных тэндэнцый, якія б зрабілі рэвалюцыю ў сусветнымі прыгожым пісьменстве. Зразумела, што наша эпоха вызначаецца велізарнымі тэмпамі навуковатэхнічнага прагрэсу, асабліва ў галіне інфармацыйных тэхналогій (развіццё мабільнай сувязі і інтэрнэту), і адначасова узмацненнем пагрозы буйных узброеных канфліктаў на нацыянальнай гле6е, небяспекі тэрарызму. Нашым сучаснікам уласцівы надзвычай хуткі тэмп жыцця, імкненне да пастаянных перамен, павелічэнне цягі да спажывецтва. Паводле сцвярджэння канадскага даследчыка літаратуры і сродкаў камунікацыі, філосафа і сацыёлага Маршала Мак-Люэна (1911-1980), цяперашні свет усё больш ператвараецца ў «глабальную вёску», бо існуючая ў наш час лёгкасць усталявання кантактаў паміж людзьмі ўніфікуе апошніх, робіць шмат у чым падобнымі адно да аднаго так, як гэта бывае ў жыхароў традыцыйнай вёскі. 3 іншага боку, у людзей застаецца ўсё менш і менш часу для ўдумлівага чытання літаратурных тэкстаў. Усё гэта, без сумневу, патрабуе ад сучасных творцаў пошуку ўсё новых і новых падыходаў да мастацкага асэнсавання нашага часу і тых працэсаў, якія ў ім аб’ектыўна адбываюцца. На пачатку XXI ст. усе вядомыя раней функцыі літаратуры і мастацтва (нават рэлаксацыйна-забаўляльная) могуць падацца вычарпанымі. Мастацтва нібыта дэградуе. Але адна з яго раней непрыкметных функцый захоўваецца. Гэта функцыя пераўтварэння, культурнага абжывання Сусвету, афармлення і алітаратурвання мёртвай, аморфнай матэрыі. Магчымасці мастацтва ў гэтай сферы напраўду невычэрпныя. Увесь чалавечы свет застаецца амаль не культурызаваным, не «афілалагічаным». Мадэль свету ледзь крануты літаратурай (мастацтвам) цалік. Уздзеянне слова, тэксту, літаратуры на жыццё адбываецца праз сістэму ўніверсальных і глыбока апасродкаваных узаемасувязяў. Гэтыя сувязі абплятаюць свет і паядноўваюць слова, тэкст, цела, космас, расліны, жывёл, прадметы, мінералы, душу, розум, навуку, веру, колеры, святло, музыку і г. д. Калі зачапіць за адно звяно, адгукнецца ўвесь Сусвет. Аднак для спасціжэння гэтай сістэмы, якая прасвечвае праз знакі і сімвалы быцця, патрэбная больш дасканалая за астралогію і філасофію навука, напэўна, яшчэ не адкрытая.