Стварэнне эстэтычнай, а не тэхнагеннай сферы існавання, выпраўленне «першароднага граху» цывілізацыі можа разглядацца як задача мастацтва на XXI стагоддзе. ШЛЯХІ МАДЭРНІЗМУ Мадэрнізм не варта разглядаць як асобную плынь альбо стыль літаратуры. Мадэрнізм гэта, хутчэй, сукупнасць тэндэнцый, напрамкаў, творчых практык у сусветным мастацтве і літаратуры пачатку XX стагоддзя, якую яднае наватарскі характар і апазіцыянізм у дачыненні да звыклых напрамкаў у мастацтве (антытрадыцыяналізм). Вызначальнымі рысамі мадэрнізму ёсць таксама суб’ектывізм, ірацыяналізм, моцная схільнасць да мастацкага эксперыменту, антыэстэтызм, фармалізм. Тэрмін «мадэрнізм» паходзіць з французскае мовы («moderne» найноўшы) і зноў жа сведчыць пра наватарскі, авангардысцкі характар з’явы, але на сёння, у XXI ст„ мадэрнізм ужо мастацкая класіка, частка культурнай гісторыі цывілізацыі. Мадэрнізм інакш кажучы, нерэалістычнае мастацтва свядома адкідае літаратурную класіку з яе верай у разумнасць светабудовы. На шляхах адмаўлення быцця, якое страціла сэнс, мадэрністы сцвярджаюць сваё права на непаўторнае, індывідуальнае бачанне свету. Яны прэтэндуюць на ролю бунтаўнікоў і творцаў «цалкам новага мастацтва». У гэтым яны вельмі непадобныя паміж сабою. Адсюль такая шматлікасць асобных плыняў і школаў: імпрэсіянізм, сімвалізм, экспрэсіянізм, футурызм, дадаізм, сюррэалізм, фавізм, акмеізм, імажынізм, «плынь свядомасці», экзістэнцыялізм, «новы раман», «тэатр абсурду» і інш. Мадэрнізм адначасова далучае свайго чытача да рэальнасці, даючы яму больш дакладнае, адэкватнае яе разуменне, і адлучае, адчужае яго ад навакольнага свету, у якім пануюць стыхія, абсурд, выпадак. Адказы на выклік XX ст. у прадстаўнікоў розных мадэрнісцкіх школаў амаль супрацьлеглыя ад «чорнага песімізму» да «бязмежнага аптымізму». Мадэрнізм узнік на фоне глабальных грамадскіх катаклізмаў, войнаў і рэвалюцый. Знявераная ў традыцыйных каштоўнасцях цывілізацыя шукала новых шляхоў да самаразвіцця, ішла навобмацак, шляхам спробаў ды памылак. Мадэрнізм узнік і як вынік крызісу чалавечых ведаў. У адносна спакойным XIX ст., якое называюць яшчэ «стагоддзем пары і электрычнасці», цывілізацыя дасягнула, здаецца, верхняе мяжы сваіх ведаў. Новы ўсплёск навуковай інфармацыі пра мікрасвет і макрасвет разбурыў ілюзію ўсёведання. З’яўляюцца дзве неэўклідавыя геаметрыі, рэлятывісцкая тэорыя Альберта Эйнштэйна, генетыка і еўгеніка. Чалавек наноў спазнае самога сябе дзякуючы тэорыі псіхааналізу Зігмунда Фройда (Фрэйда), чый досвед працягнуў Карл Юнг, які вынайшаў «калектыўнае несвядомае» і архетыпы. У галіне філасофіі развіццю мадэрнізму спрыялі суб’ектывісцкія тэорыі Артура Шапэнгаўэра, Фрыдрыха Ніцшэ, Анры Бергсона, іншых мысляроў, якія ставілі інтуіцыю вышэй за логіку, спрабавалі прыўзняць заслону перад трансцэндэнтальнымі, таямнічымі асновамі чалавечага існавання. Лагічным завяршэннем карціны свету, адлюстраванай у люстэрку новай філасофіі, сталася тэорыя экзістэнцыялізму. Антытрадыцыяналізм, інтуітывізм, аўтарская суб’ектыўнасць, што ляжаць у аснове творчых шуканняў дэкадэнтаў, сугучныя эксперыментам мадэрністаў. Мадэрнізм разбегся на мноства напрамкаў і плыняў, частка з якіх абстракцыянізм, кубізм, супрэматызм, фавізм, поп-арт, оп-арт, прымітывізм атрымала сваё развіццё ў гатунках выяўленчага мастацтва і мае да літаратуры ўскоснае дачыненне. Тым не менш, феномен «Віцебскай школы» мастацтваў на пачатку XX ст., да якога спрычыніліся Юдаль Пэн, Марк Шагал, Казімір Малевіч і дзясяткі іншых мастакоў, графікаў, скулыггараў, безумоўна, паўплываў і на развіццё эксперыментальных тэндэнцый у беларускай літаратуры. Беларускі горад Віцебск, паводле збегу абставін і неспасцігальнай логікі гісторыі, раптам фактычна зрабіўся культурнай сталіцай свету, хай сабе і на непрацяглы час. Кубізм і супрэматызм, рэалізаваны ў слынных квадратах і колах Малевіча, далёкім водгуллем адгукнуліся ў літаратурных эксперыментах беларускіх пісьменнікаў канца XX пачатку XXI ст„ якія, атрымаўшы адукацыю ў мастацкіх вучэльнях і ВНУ, перанеслі эксперыменты з графікай, геаметрычнымі формамі ды візуальнымі эфектамі ў плоскасць вербальнай творчасці (Адам Глобус, Уладзімір Сіўчыкаў, Уладзімір Сцяпан, Міраслаў Шайбак, Людка Сільнова, Дзмітрый Дзмітрыеў.Мастацкая прастора іх твораў, калі прыгледзецца, насычана візуальнымі эфектамі, а апісанні інтэр’ераў, дзе адбываецца дзеянне, уражваюць халаднаватай назіральнасцю і слушнасцю ліній. Мадэрнісцкай плынню, у той ці іншай меры прыналежнай да выяўленчага мастацтва і літаратуры, з’яўляецца футурызм. Назва стылю паходзіць ад лацінскага futurum, што значыць «будучыня». Футурызм узяў пачатак у Італіі ды Францыі (1909-1911), а яго тэарэтычныя асновы былі замацаваныя ў «Маніфесце футурызму» Філіпа Тамаза Марынэці (1876-1944). Абнаўленне мастацтва футурысты бачылі ў адмове ад класічных традыцый, зліцці мастацтва і тэхнікі, апявалі горад і прамысловыя краявіды. Спадчына класічных культур была абвешчаная футурыстамі «руінамі» і «смеццем», а пафас разбуральніцтва і ачышчэння ад класічнага «друзу» паўставаў як свайго кшталту новы месіянізм. Футурызм імкліва пашыраўся ў краінах Еўропы, спалучаўся з палітычным радыкалізмам і неўзабаве пранік у Расію, дзе распаўся на некалькі плыняў. Прадстаўніком эгафутурызму лічыўся Ігар Севяранін, кубафутурызму Уладзімір Маякоўскі і Велімір Хлебнікаў. Палітычная «левізна», антытрадыцыяналізм і рэвалюцыйнасць футурызму спрыялі яго пашырэнню ў літаратурным асяроддзі савецкай Беларусі. Ідэі футурызму натхнялі сяброў літаратурнага згуртавання «Маладняк», якія прапаведавалі культурны нігілізм, апазіцыянізм у дачыненні да традыцыі, што замацавалася ў лозунгу «ў рожкі са старымі». Тэрмін «бурапена», упершыню прапанаваны паэтам Андрэем Александровічам у вершы «Новы Менск», стасуецца з паэтычным хуліганствам і эксцэнтрыкай пачынальнікаў футурызму. Імкненне расправіцца з «балотам» і «тхлом» старога жыцця, справіць «скокі на могілках», адолець праклятую мінуўшчыну пры дапамозе ачышчальнай стыхіі агню складае пафас паэзіі лідара літаратурнай суполкі «Маладняк» Міхася Чарота, аўтара паэмы «Босыя на вогнішчы», створанай не без уплыву Блока і Маякоўскага. Фармальны досвед Маякоўскага, у т. л. яго «лесвічку», засвоілі шмат якія маладыя паэты Беларусі 1920-х гг. Беларускай версіяй літаратурнага футурызму можна лічыць таксама творчасць дзеячаў «Беларускай літаратурна-мастацкай камуны» на чале з Паўлюком Шукайлам. Mae беларускую версію і літаратурны імажызм (паходзіць ад англійскага image вобраз), які ўзнік у 1910-20-х гадах у літаратурах Вялікабрытаніі і ЗША і быў прадстаўлены імёнамі паэтаў Томаса Эрнэста Х’юма, Эзры Паўнда, Эмі Лоўэл, Эдварда Камінгса ды іншых. Імажысты імкнуліся знайсці эстэтычную процівагу хаосу жыцця праз чысты вобраз, які, з’яўляючыся самамэтай мастацтва, творыцца пры дапамозе ўскладненых метафар, адмысловай рытмікі, вольнага верша. У расійскай паэзіі «сярэбранага веку» імажызм трансфармаваўся ў імажынізм, прадстаўнікамі якога былі Анатоль Марыенгоф, Вадзім Шаршаневіч, Аляксандр Кусікаў ды іншыя. Супрацоўніцтва з імажыністамі паэта Сяргея Ясеніна супадае з багемным перыядам яго творчасці, з практыкай паэтычнага хуліганства, хвалямі песімістычных, надрыўных настрояў. Імажынізм паўплываў на творчую платформу літаратурнага згуртавання «Узвышша», прадстаўнікі якога таксама імкнуліся да пашырэння вобразна-паэтычных сродкаў, «жывапісання словам». Асабліва вылучыўся ў вобразатворчасці паэт Язэп ІІушча, якога часта параўноўваюць з Ясеніным, асабліва за ягоны цыкл вершаў «Лісты да сабакі». Гэтае падабенства, звязанае з матывамі надрыву і адчаю, благіх прагнозаў, любоўю да братоў нашых меншых, толькі частковае, бо Пушча з яго падкрэсленай адданасцю беларушчыне, адмысловай паэтычнай сімволікай самабытны і самакаштоўны творца. Дадаізм, які з’явіўся ў літаратурных колах Швейцарыі, Германіі, Францыі ў другім дзесяцігоддзі XX ст„ меў істотны ўплыў на развіццё шэрагу еўрапейскіх літаратур, у тым ліку і беларускай. Назва стылю паходзіць ад французскага dada, што азначае «драўляны конік» альбо «дзіцячае лепятанне», а паводле сцвярджэнняў некаторых тэарэтыкаў дадаізму, не значыць нічога, бо слова бессэнсоўнае, а нешта значыць толькі гук. Творчай самамэтай дадаісты лічылі рэалізацыю гука, фанем з іх унутранымі рэзервамі. Дадаісты меркавалі, што кожны гук мае свой колер, тэмпературу, уласную характарыстыку. Заснавальнікам стылю лічыцца французскі паэт, жывапісец, тэарэтык мастацтва, румын з паходжання Трыстан Тцара (1896-1963). Даніну дадаізму аддалі такія сусветна вядомыя паэты, як Луі Арагон (1897-1982), Андрэ Брэтон (1896-1966), Поль Элюар (1895-1952). У Расіі лінію дадаізму працягнуў вышэйзгаданы Велімір Хлебнікаў (1885-1922), які лічыў, што яго паэзію зразумеюць толькі ў XXI ст. Але ён памыляўся, бо і ў XX ст. ён меў сваіх удзячных чытачоў і прыхільнікаў. Прыкладам, беларускі паэт Алесь Разанаў плённа скарыстаў творчы досвед Хлебнікава і іншых дадаістаў, ствараючы свае вершаказы, у якіх імкнуўся сягнуць да самых спрадвечных, фанетычных нетраў слова, каб спасцігнуць яго патаемны сэнс. Дадаісты пашырылі магчымасці гукапісу, алітарацыі, і іх досведам карысталіся беларускія паэты першай («маладнякоўцы», «узвышэнцы») і другой паловы XX ст. (Рыгор Барадулін, Алесь Разанаў, «бумбамлітаўцы»), Вяршыняй алітарацыйнай паэзіі слушна лічыцца шэдэўр Барадуліна «Матылёк» (1965), які сведчыць пра творчае засваенне ўрокаў класікі і магутны самабытны талент паэта, які са словам можа тварыць літаральна ўсё. Мадэрнізм, які сёння выглядае часткай класічнай літаратурнай спадчыны, ёсць усё ж такі з’явай дынамічнай. Імёны шмат каго з яго заснавальнікаў засталіся ў памяці нешматлікіх філолагаў, гісторыкаў літаратуры. Але творчы досвед, мастацкія азарэнні пачынальнікаў мадэрнізму плённа скарыстоўваліся і развіваліся іх больш знакамітымі спадкаемцамі. Так адбылося і са спадчынай вынаходнікаў экспрэсіянізму. Самамэтай гэтага літаратурнага напрамку яго пачынальнікі, пераважна нямецкамоўныя пісьменнікі Георг Тракль (1887-1914), Георг Кайзер (1878-1945), Эрнст Toлер (1893-1939), Райнгарт Зорге (1892-1916) ды інш., лічылі самавыяўленне творчага «я» аўтара. Адсюль такія прыкметы стылю, як выразнасць, плакатнасць, кідкасць, агрэсія формы. Яны, у трансфармаваным і ўдасканаленым выглядзе, выявіліся ў творчасці славутых майстроў сусветнай літаратуры класікаў XX стагоддзя. Гэтак, расійскі пісьменнік Леанід Андрэеў і выхадзец з Прагі Франц Кафка ўзялі ў спадчыну і ўвасобілі ў творах самыя змрочныя сацыяльныя і псіхалагічныя прагнозы экспрэсіяністаў.