• Газеты, часопісы і г.д.
  • Словы ў часе і прасторы Літаратура апошняга стагоддзя

    Словы ў часе і прасторы

    Літаратура апошняга стагоддзя

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 394с.
    Мінск 2015
    118.23 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    Невялікае колькасна згуртаванне паэтаў мадэрнісцкага кірунку вакол альманаха «Nihil», што існавала на пачатку 2000-х гадоў, вылучыла са сваіх шэрагаў такіх адметных паэтаў, як Міхась Баярын (нар. у 1978 г.) і Вальжына Морт (нарадзілася ў 1981 г.). Міхась Баярын, знаўца класічнай філалогіі, прапануе свой вобраз свету, у якім медытатыўнасць спалучаецца з асаблівага кшталту экспрэсіяй:
    зімовыя мятлікі з сёмага неба заціха ў спацелыя шыбы кроплямі леташніх крылаў наласкаваны паркет у чырвоным куце ўсё яшчэ дрогкімі капшукамі трапяткія анёлы ў нічыёй павуце бо так хутка цяпер здзяйсняе жаданні занадта сумленны свет
    але так і павінен герой пачувацца ў гульні ў тупыя нажы
    на вільготнае шкло першы голад цытрынавай коскай
    і нечакана праз гэта акно на дварэ айчына
    («Зімовыя мятлікі з сёмага неба заціха...», каля 2000)
    У сваю чаргу, Вальжына Морт, на сёння ўжо вядомая паэтка (жыве ў ЗША), лаўрэат міжнародных узнагарод, прапануе сваю парадаксальную вобразнасць, якая вынікае з надзвычайнай крохкасці самой лірычнай гераіні:
    Конскія вочы ляжалі на скрыжаваньні.
    Конскія вочы ляжалі на скрыжаваньні
    поту са снегам.
    Мне ня вусьцішна, мне проста сьпякотна да вачэй ісьці па сьнезе бяз скуры...
    (3 верша «Вогнішча з вачэй конскіх», 2001).
    МАЙСТРЫ РЭАЛІЗМУ XX СТАГОДДЗЯ
    «Класічны» рэалізм, перажыўшы сваю зорную часіну ў сярэдзіне XIX ст., у канцы гэтага стагоддзя і ў першай палове наступнага, XX ст. праходзіў новую фазу сваёй мастацкай эвалюцыі. 3 аднаго боку, ён выявіў свае эстэтычныя магчымасці ў лірычнапсіхалагічнай, імпрэсіяністычнай прозе Гі дэ Мапасана, Антона Чэхава, Івана Буніна, Максіма Гарэцкага, а з другога выліўся ў цыклы раманаў («раманы-сагі») Эміля Заля («Ругон-Макары»), Рамэна Ралана («Жан-Крыстоф»), Марціна дзю Гара («Сям’я Тыбо»), Джона Голсуарсі («Сага пра Фарсайтаў»), Тэадора Драйзера («Амерыканская трагедыя»), Томаса Мана («Будэнброкі»), Максіма Горкага («Жыццё Кліма Самгіна»), У беларускай прозе гэтае ўстойлівае імкненне да раманнага эпасу і да цыклізацыі выявілася ў творчасці Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага, Івана Мележа, Івана Шамякіна, Вячаслава Адамчыка, Івана Чыгрынава, Генрыха Далідовіча, Васіля Якавенкі.
    Ва ўсіх гэтых творах навідавоку пэўная залежнасць ад велічнай задумы «Чалавечай камедыі» Анарэ дэ Бальзака. У французаў гэтая унікальная мастацкая з’ява атрымала метафарычную назву «раманрака», у англічан «сямейная сага», у немцаў «сямейная хроніка», у расійцаў «раман-эпапея». У беларусаў агульная назва жанру адсутнічае: «Палескія аповесці» Якуба Коласа, «Камароўская хроніка» Максіма Гарэцкага, «Палеская хроніка» Івана Мележа, пенталогія Івана Чыгрынава, тэтралогія Вячаслава Адамчыка, трылогія Генрыха Далідовіча, раман-эпапея «Пакутны век» Васіля Якавенкі...
    Яднае ўсе гэтыя розныя ў мастацкіх адносінах, збольшага шматтомныя раманы грунтоўнае апісанне цэлай эпохі ў жыцці народаў, увасобленай у мностве людскіх характараў і тыпаў. Гэтаму эпаснаму жанру ўласцівы разгалінаваны сюжэт, які ахопліваеўсе сацыяльныя пласты грамадства. Пераважае ў ім традыцыйная бальзакаўска-
    талстоўская тэхніка нарацыі (аповеду), непаспешлівае, падрабязнае, нават натуралістычнае апавяданне, супрацьпастаўленае экстравагантным навацыям літаратурнага авангарду. Уражанне мастацкай цэласнасці дасягаецца з дапамогай аднаго ці некалькіх герояў, якія пераходзяць з твора ў твор і ўвасабляюць у сваім лёсе гісторыю адной сям’і.
    Драматычныя калізіі эпохі выяўляюцца ў ідэйна-маральным канфлікце пакаленняў, які паўтарае рэальную гісторыю ўзвышэння, росквіту і заняпаду роду. Час у гэтых «цыклах», «серыялах», «хроніках», «сагах» хутчэй руйнуе, чым будуе. Героі альбо працягваюць сямейныя традыцыі, альбо бунтуюць супраць заведзенага продкамі ладу існавання. «Сямейная сага» ў падтэксце змяшчае адмаўленне пафасу эпічна-гераічных сагаў, якія ўзніклі ў вусных народных паданнях. «Хроніка», наадварот, арыентуецца на старажытныя летапісы і на біблейскую традыцыю. Але і ў той і ў другой жанравай разнавіднасці прыватнае жыццё чалавека паказваецца на адным узроўні з гісторыяй грамадства.
    Джон Голсуарсі (1867-1933). У творчасці гэтага празаіка адлюстравалася драма паслявіктарыянскай Англіі, якая ў пачатку XX ст. губляла сваю былую імперскую веліч, ваенную і эканамічную магутнасць. У гэты час у грамадстве ўзрастала расчараванне ў традыцыйных ліберальна-гуманістычных каштоўнасцях і адбываўся напружаны этычны пошук адказаў на выклік эпохі. У філасофіі адкрытага празаікам «фарсайтызму» выявілася сутыкненне натуральнай патрэбы чалавека ў свабодзе з эгаізмам матэрыяльна заклапочанага прагматыка.
    Голсуарсі закончыў Оксфардскі ўніверсітэт. Яму рыхтавалі дырэктарскую пасаду ва ўправе некалькіх буйных прамысловых кампаній. Пасля непрацяглых заняткаў юрыдычнай
    практыкай ён здзейсніў кругасветнае падарожжа, а пасля цалкам аддаў сябе і свой талент мастацкай творчасці. Быў надзвычай пладавітым празаікам аўтарам некалькіх дзясяткаў раманаў, больш як дваццаці п’ес, мноства апавяданняў, двух тамоў вершаў, эсэ.
    У 1906 г. Голсуарсі апублікаваў раман «Уласнік», які адкрыў шматтомную «Сагу пра Фарсайтаў». У «Сагу» ўвайшлі таксама раманы «У пятлі» (1919) і «Здаецца ў наём» (1920). Паміж гэтымі творамі аўтар размясціў дзве інтэрмедыі: «Апошняе лета Фарсайтаў» і «Абуджэнне». Вобразы Фарсайтаў прысутнічаюць і ў трылогіі «Сучасная камедыя», якая пабудавана аналагічным спосабам і налічвае таксама тры раманы: «Белая малпа» (1924), «Сярэбраная лыжка» (1926), «Лебядзіная песня» (1928). Паміж раманамі таксама было дзве інтэрмедыі «Ідылія» і «Сустрэчы». Фарсайты з’яўляюцца і ў трылогіі «Апошняя частка», якая складаецца з раманаў «Дзяўчына чакае», «Пустыня ў квецені», «Цераз раку». Першай спробаю паказаць філасофію і псіхалогію «фарсайтызму» было апавяданне «Выратаванне Фарсайта» (1901).
    У 1932 г., за год да смерці, Голсуарсі атрымаў Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры «за высокае майстэрства аповеду, вяршыняю якога з’яўляецца “Сага пра Фарсайтаў”». У манументальным эпасе Голсуарсі жанр ісландскіх, ірландскіх, нарвежскіх сагаў прыкметна пераасэнсоўваецца. Гэта ўжо не толькі вуснае паданне, сказ, хроніка пра мінулае, уласцівасцю якога з’яўляюцца гістарычны і побытавы рэалізм, псіхалагізм, эпічная прастата, але і аповед відавочцы, напоўнены аўтабіяграфічнымі звесткамі, шчымлівым лірызмам, вострым сацыяльным крытыцызмам. У пэўнай ступені «Сага пра Фарсайтаў» уяўляе сабой тужлівае развітанне з цэлай эпохай, са спадчынай віктарыянскага стагоддзя. Задача пісьменніка, на думку Голсуарсі, «схіляцца ніцма перад жыццём». Творчы чалавек гэта пілігрым: «Да якой святыні ён ідзе на паклон? Чыё аблічча пабачыць брыдзе ён бязводнымі пустынямі, несучы крыж свайго таленту? Аблічча хараства і аблічча ісціны альбо пысу сатыра і залатога цяляці?» Гэта драматычная калізія «хараства» і «карысці», «творчасці» і «нажывы» ляжыць у аснове манументальнай задумы пісьменніка.
    Што такое «фарсайтызм» паводле сваёй сацыяльнай і псіхалагічнай прыроды? Якую пагрозу ён нясе для будучыні? Сутнасць гэтай з’явы у празмерна развітым пачуцці ўласнасці. Малады Джаліён, адзін з Фарсайтаў, дае наступнае тлумачэнне: «Фарсайты глядзяць на рэчы з практычнага гледзішча, а практычнае гледзішча грунтуецца на пачуцці ўласнасці. Усе мы так ці інакш нявольнікі ўласнасці, але тое, што называецца «Фарсайтамі», азначае безумоўнае рабства, яго хватка мёртвая і мае дачыненне да ўсяго, ці то жонка, дамы, грошы, рэпутацыі. Фарсайты ні ў што не вераць, але ўмеюць здабываць выгаду з усяго. Гэта пасярэднікі, камерсанты, слупы грамадства, кутні камень нашага жыцця з яго ўмоўнасцямі. Фарсайты выдатна прадстаўлены ў рэлігіі, у палаце абшчын іх, можа, больш, чым дзе б там ні было, пра арыстакратыю і казаць няма чаго». Фарсайтам чужыя сапраўднае, бескарыслівае каханне, чыстыя чалавечыя адносіны, варожае хараство, мастацтва, духоўнасць. На чалавека яны пазіраюць, шукаючы адказу на пытанне, колькі ён каштуе фунтаў стэрлінгаў. Усё прадаецца і ўсё купляецца. У тым выпадку, калі цану цяжка вызначыць, стрэлка на компасе іхняе маральнасці пачынае ліхаманіць». На іх баку багацце, закон, калектыўная змова, якія данамагаюць адгарадзіцца ад прывідаў свабоды...
    Польскія пісьменнікі рэалістычнай школы (Рэймант, Жаромскі, Івашкевіч). Маючы багатую пазітывісцкую традыцыю, польская літаратура знайшла новыя магчымасці мастацкага ўвасаблення найважнейшых сацыяльных і нацыянальных праблем сродкамі рэалістычнай прозы.
    Уладзіслаў Станіслаў Рэймант (1867-1925) паходзіў з сям’і вясковага арганіста, у маладосці працаваў падмайстрам у краўца, рабочым; быў акторам, збіраўся пастрыгчыся ў манахі. Шмат падарожнічаў па Еўропе, потым цалкам прысвяціў сябе заняткам літаратурай. Найбольш вядомыя яго творы раманы «Камедыянтка» (1896), «Зямля абяцаная» (1899), а найперш «Мужыкі» (чатыры тамы, 1899-1909), за які пісьменнік у 1924 г. атрымаў літаратурную Нобелеўскую прэмію. У аснове сюжэта «Мужыкоў» жыццёвыя
    перыпетыі жыхароў вёскі Ліпцы, непадалёк ад горада Ловеча, у час ад асенняга капання бульбы да наступнага летняга жніва. Рэймант выбудоўвае фабулу твора вакол любоўных прыгод галоўных герояў (Барына і Ягна), але дапаўняе яе шматлікімі пабочнымі сюжэтнымі лініямі. Такая пабудова рамана дазваляе стварыць вялікую галерэю псіхалагічных вобразаў (прадстаўнікі сем’яў Шыманаў, Мацькаў, Клэмбаў і інш.) і шырокую панараму побыту польскай вёскі на мяжы стагоддзяў. Штодзённае жыццё вяскоўцаў
    паказана ў дэталях, з веданнем справы (аўтар сам паходзіў з вёскі): чытач бачыць працу сялян на раллі і ў хаце, побытавыя абразкі сустрэч і забаў у мясцовай карчме, пазнае вясковыя традыцыі хрэсьбіны, вяселлі, памінкі... У рэалістычнай манеры паказаны канфлікты паміж вясковай грамадою і памешчыкам ды яго цівунамі. Крыніца гэтых канфліктаў зямельнае пытанне, а таксама ўзаемны недавер і асабістая непрыязь, іпто вынікае з маёмаснай няроўнасці і міжчалавечых непаразуменняў. Сяляне часта распачынаюць дробязныя спрэчкі, але, нягледзячы на гэта, у іх выяўляецца моцнае пачуццё грамады: яны адстойваюць не толькі свае эканамічныя правы, а і культурную тоеснасць, звычкі і традыцыі бацькоў і дзядоў, адвечныя маральныя прынцыпы, змагаюцца як супраць чужога ўмяшання звонку, так і супраць бунтаўнікоў у сваім коле. Індывідуальнасць у любым выпадку павінна падпарадкоўвацца прынятым нормам і правілам. Рытм жыцця вяскоўцаў рэгулюецца прыродаю і гадавым распарадкам старадаўніх хрысціянскіх святаў. У гэтым коле адбываецца нараджэнне дзяцей і адыход старых у іншы свет. Рэймант паказвае жыццё чалавека паводле канонаў рэалізму і натуралізму, але ва ўніверсальным вымярэнні. Героямі рамана рухае жаданне выжыць і прага дамінаваць над іншымі: гэты свет для іх жорсткі і бязлітасны, у ім няма месца для слабасці. Псіхалагічныя