Словы ў часе і прасторы Літаратура апошняга стагоддзя

Словы ў часе і прасторы

Літаратура апошняга стагоддзя
Выдавец: Зміцер Колас
Памер: 394с.
Мінск 2015
118.23 МБ

 

Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
Паэт адкрывае нечапанае багацце лексічных, музычных, сэнсавых магчымасцяў і дэманструе амаль у кожным новым творы ідэю вобразнай невычэрпнасці нацыянальнай прасодыі: «мы ацярушваем свой слых, адтуляем ад слепаты свой зрок, з няўцямнасці выплаўляем сваё разуменне». У Разанава заўсёды было абвостраным адчуванне навізны. «Яшчэ здольны пакутаваць, яшчэ здольны балець, яшчэ здольны памерці», яго лірычны герой чула ўспрымае драматызм зямнога існавання. Там, дзе іншыя бачаць перамогу, ён прадчувае небяспеку паражэння. Тое, што называецца прагрэсам, для яго з’яўляецца рэгрэсам. Чалавецтва знаходзіцца на чарговым раскрыжаванні дарог.
У новых вершах Разанаў усё такі ж, як і раней, вынаходлівы і дасціпны як у змесце, так і ў форме. Яго паэтычныя тэксты часам нагадваюць фрагменты старажытных манускрыптаў без пачатку і без канца, спасціжэнне сэнсу якіх вымагае напружанай працы розуму і фантазіі, здольнасці да самастойнай інтэрпрэтацыі. Любое слова, назва прадмета, з’явы поўняцца асаблівым зместам.
У далёкую мінуўшчыну, ажно ў біблійныя часы, выпраўляецца лірычны герой паэмы Алеся Разанава «Гліна» (1994), бо разумее, што «Творыцца паступова II У целе гліны Цела быцця, // А ў ім, Калі яно створыцца, Цела думкі, // А ў ім, Як яго сарцавіна, Цела святла: Драбіна, II Якая вядзе Да Бога». Рацыянальная думка паэта ў сваім імкненні да абсалютнай ісціны ідзе да канца і ўступае ў складаны суплёт з эмацыянальным успрыманнем уласнага існавання ў вялікім і загадкавым свеце нацыянальнай гісторыі і ўсечалавечай містэрыі зямнога быцця. У кнізе «У горадзе валадарыць Рагвалод» і ў паэме «Усяслаў Чарадзей» паэт аддае даніну захаплення старажытнаму Полацку, у вобразе і гісторыі якога бачыць увасабленне беларускага шляху: «Ён бесперапыннае пераўтварэнне дольнага ў «горнае», мінулага ў «градучае», ён іхнія народзіны, і таму ўсе позіркі скіроўваюцца да яго, і таму ўсе дарогі сыходзяцца ў ім, і таму ўсім крывічам і радзімічам ён, нібы ўзнагарода, родны і дарагі».
У творчай прасторы Разанава пануе лінейны час, які стралою імчыць да мэты. Той стралою, якая, паводле высновы старагрэцкага філосафа Зянона Элейскага, у кожную асобную хвілю знаходзіцца ў тым ці іншым пункце ў нерухомым стане, якую можна якраз зафіксаваць з дапамогай «лічбавага фотаапарата» версэта, вершаказу, знома, квантэмы, пункціра. Яго розум здаецца чыстым, пазбаўленым якой-кольвечы асабовасці. Аднак час у яго паэтычнай сістэме пачынае свой адлік з моманту маленства: «Там пачатак. Там выток». Гэткім чынам, эмацыйная энергія закладваецца як бы ў міжрадкоўе, у міжслоўе, у гукавую семантыку... Алесь Разанаў як гэта можна заўважыць у працэсе адстароненага ад усяго зямнога палёту шукае цэнтр, дзе канцэнтруецца звышсэнс быцця і кожнае імгненне гатова да развароту зямной восі:
Звон зазваніў: прастора займела цэнтр.
(3 «Пункціраў»)
Але, у адрозненне ад адзінага, цэласнага, мэтанакіраванага часу, прастора з яе трыма вымярэннямі на вачах распадаецца на мноства рэчаў і прадметаў, нібы наўпрост запазычаных з любой старонкі слоўніка. Імі напоўненыя вершаказы Разанава, і, бадай, няма такога слова, якое не выклікала б ва ўяўленні паэта феерверку сэнсаў, гукаў, адценняў, нюансаў. Гэта, аднак, Разанаў, а не машыны, бяздушныя механізмы, з размовы дзвюх маладзіц «выхоплівае кавалкі», а з багацця і шматстайнасці навакольнага свету «возера ў акупунктуры», «у каласах зярняты слязінкі», «за шклом вітрыны файныя кубачкі», «дол у жалезе, у срэбры траву»... Жыццёвыя рэаліі, убачаныя назіральным вокам паэта і адмысловым чынам увасобленыя ў слове, можна пералічваць да бясконцасці...
Запачаткаваная Алесем Разанавым лінія ў сучаснай беларускай паэзіі мае свой працяг. У гэтым кантэксце неабходна звярнуць увагу на верлібры Уладзіміра Арлова, Ігара Бабкова і цэлай плеяды паэтаў ужо наступных пакаленняў.
Авангардысцкіятрадыцыіўсучаснай беларускай драматургіі. Звычайная прыземленасць, грунтоўнасць і праблемнасць беларускай драмы не пазбаўляюць магчымасці існавання ў ёй лёгкіх жанраў і відовішчнай рамантыкі. Як не выключаная тут і магчымасць эксперыменту, што мае месца ў сучасным літаратурным працэсе і спрыяе стварэнню драматургічнага авангарду. Вылучаецца творчасць драматургаў «новай хвалі», звязаная з эксперыментам, перайманнем здабыткаў сучаснага заходнееўрапейскага тэатра. Эксперыментальны пачатак у беларускай драматургіі 1980-х пачатку 2000-х гг. непасрэдна звязаны з досведам еўрапейскага «тэатра абсурду» або «тэатра парадоксу». Светапогляд абсурдыстаў быў звязаны з філасофіяй экзістэнцыялізму адной з самых пашыраных тэорый XX ст. Як і экзістэнцыялісты, яны зыходзяць з хаатычнасці, разладу быцця. Найвялікшай бяссэнсіцай з’яўляецца
чалавечая смерць, аднолькавая для прадстаўнікоў соцыуму, якая ўсіх багатых і бедных, праведнікаў і зладзеяў недарэчным чынам ставіць у роўныя ўмовы. Пераглядаліся «рэквізіт» паэтыка, сродкі традыцыйнай драмы, змяняюцца яе неад’емныя першаэлементы дзеянне, характары, дыялог. Аўтараў трывожыла праблема камунікацыі, узаемаразумення паміж людзьмі. Яны з пэўным скепсісам ставіліся да мовы як сродку вырашэння чалавечых канфліктаў, трапна заўважалі, што чым больш людзі гавораць, тым менш разумеюць адно аднаго.
З’яўленне драмы абсурду ў беларускай літаратуры не проста даніна літаратурнай модзе або спроба аўтараў запоўніць пэўны жанравы прагал у драматургічным працэсе. Элементы паэтыкі абсурду прысутнічаюць у беларускай класічнай камедыяграфіі, асабліва ў п’есах «Тутэйшыя» Янкі Купалы, «Брама неўміручасці» Кандрата Крапівы, камедыях «Зацюканы апостал», «Кашмар», «Дыхайце эканомна» Андрэя Макаёнка. У п’есе не бывае «чыстага», абсалютнага абсурду. Самая дрымучая бяссэнсіца мае нейкі сэнс і можа быць трактаванай у тым або іншым аспекце. Напрыклад, абсалютна фармальныя, здавалася б, практыкаванні ў драматургіі Алеся Асташонка (1954-2004). Гэты творца найперш вядомы сваімі празаічнымі творамі і перакладамі з французскай мовы. Ён жа напісаў малапрыдатныя для пастаноўкі, але вытрыманыя ў канонах п’есы абсурду «Драматургічныя тэксты» (1997). Яны ўяўляюць сабой разгорнутыя маналогі або дыялогі падкрэслена бессэнсоўнага зместу, але, як вядома, са сваім адмысловым сэнсам. Відавочна пэўнае перайманне асноўнага матыву п’есы чаканне; гэты матыў мы знаходзім у вышэйзгаданым творы Самюэля Бэкета «У чаканні Гадо». Дыялог і чаканне нябачных герояў Асташонка адмысловыя. Яны чакаюць не звышчалавека, а таго, хто прыйдзе або, магчыма, і не прыйдзе. Чакаюць дзеля сваёй закаранелай, невынішчальнай звычкі каго-небудзь чакаць.
Насычаная сацыяльнай крытыкай п’еса драматурга з Кобрына Ігара Сідарука (нар. у 1944 г.) «Галава» (1997). Сідарук спрабаваў стварыць нешта накшталт беларускай «камедыі абсурду», хоць надаў твору не прэтэнцыёзны падзагаловак: «Казачны фарс».
Дзейныя асобы твора: Шукальнік, Бежанка, Сіротка, Галава, Шыбуршун Дурань з дзвярыма. Дзеянне п’есы адбываецца ў прасторы, «якая вельмі нагадвае сметнік». Істоты, што сабраліся тут, больш нагадваюць цудам ажыўшыя «экспанаты» сметніка, чым жывых, надзеленых характарамі людзей. Сіротка ўвесь час хоча есці, Дурань цягае за сабой дзверы, Шукальнік «шукае». Істоты, дэперсаналізаваныя да стану рэчаў, гэта нам вядома ўжо з п’есы Эжэна Ёнэска.
Пэўны сінтэз традыцыйнага і эксперыментальнага ў 1980— 90-х гг„ напэўна, найлепш удаўся драматургу Міколу Арахоўскаму (1950-1997). Гэтаксама як Марсэль Пруст, пазбаўлены паўнакроўнага жыцця з прычыны цяжкой хваробы, пачаў пісьменніцкае падарожжа «ў пошуках згубленага часу», так і Арахоўскі, спаралізаваны, ствараў п’есы уяўляў іх, «разыгрываў» сцэна за сцэнай. З’явіліся творы «Машэка» (паст. у 1989 г.), «Ку-ку» (1992), «Лабірынт» (1997).
Іншыя сучасныя драматургі-авангардысты (Андрэй Карэлін, Дзмітрый Бойка, Дыяна Балыка, Андрэй Курэйчык і інш.) у сваіх п’есах дэманструюць магчымасці ўмоўнай вобразнасці, тэатральнай фантасмагорыі, гратэску ў вырашэнні ўніверсальных псіхалагічных, маралыіых, філасофскіх праблем.
Беларускі «Бум-Бам-Літ». Дынаміка сучаснага драматургічнага працэсу забяспечваецца існаваннем авангарду, высілкамі творцаўэксперыментатараў. Аўтары, якія заснавалі літаратурны рух «БумБам-Літ», набылі вядомасць дзякуючы эпатажным «перформансам» выступленням у сучасным мастацкім жанры, які сінтэзуе сродкі літаратуры, пластыкі і тэатра. П’есы Сержа Мінскевіча, Зміцера Вішнёва, Алеся Туровіча, Ігара Ліка сведчаць пра арыентацыю аўтараў на драму абсурду і эстэтыку постмадэрнізму.
Сябры творчай суполкі «Бум-Бам-Літ» арганізаваліся вясной 1995 года і аб’явілі аб сваім існаванні гучным ударам у іржавы пакарабачаны тазік на адным з першых сваіх перформансаў. Прыхільнікі паэзіі, якая не прэтэндуе на тое, каб быць абавязкова надрукаванай, яны нарэшце ўсё ж выдалі зборнік «Тазік беларускі»,
дзе прадставілі ўзоры сваёй творчасці. Сама назва, зразумела, разлічаная наэпатаж і на сенсацыю: элементы літаратурнай гульні, тэатралізаваных спектакляў, свядомай правакацыі займаюць у бумбамлітаўцаў прыкметнае месца. Яны ахвотна пераносяць на беларускую глебу постмадэрнісцкія ідэі, формы, прыёмы. Перайманне вядомых узораў, а тое і адкрытае запазычванне ў іншых, не лічыцца нечым непрыстойным, літаратурным крыміналам, а наадварот, адным з шляхоў уваходжання ў свет мастацкай творчасці, што адпавядае постмадэрнісцкай практыцы. Запазычаная, па сутнасці, сама назва суполкі: ва Украіне на некалькі гадоў раней узнікла творчая арганізацыя «Бу-Ба-Бу», якая заявіла аб сваім існаванні шумнымі і скандальнымі маніфестамі і выступленнямі і ўжо завяршыла сваё існаванне. Свядома перайначаная з вядомага класічнага ўзору і назва выніковага зборніка: «Тазік беларускі» выяўна прэтэндуе на тое, каб стаць у адзін шэраг з «Дудкай беларускай», «Смыкам беларускім», «Скрыпкай беларускай» і г. д. Змяніўся свет, адпаведна, змянілася і музыка, за якую сёння можна лічыць і біццё ў тазік.
У гэтым літаратурным маніфесце абазначана самае галоўнае, а менавіта вяртанне сучаснай мастацкай творчасці да свайго першабытнага стану, калі нашы продкі яшчэ не валодалі членападзельнай мовай і ўсё толькі-толькі пачыналася. Вершы Віктара Жыбуля (сярод іншага, аўтара цэлай паліндрамічнай паэмы «Рогі гор»), Усевалада Гарачкі, Алеся Туровіча, вершы і кароткая проза Альгерда Бахарэвіча, Сержа Мінскевіча, Ільлі Сіна, Змітра Вішнёва якраз і нагадваюць гэта няўцямнае мармытанне чалавека, які вучыцца гаварыць, шукае назвы сваім малавыразным адчуванням і спробам мыслення.