Структура рамана моцна ўскладненая, у ёй вылучаецца некалькі планаў. Вось, да прыкладу, кампазіцыя 12-га эпізоду. Час каля пяці дня, месца дзеяння шынок Барні Кёрнана на Малой Брытанскай вуліцы. Сюжэтны шэраг: у шынку п’юць ірландскія патрыёты, тут жа з’яўляецца і Леапольд Блюм; як габрэй, ён выклікае незадаволенасць прысутных, што прыводзіць да спрэчкі і канфлікту; Блюм спешна збягае на вазку, услед яму адзін з самых заўзятых патрыётаў запускае вялікай бляшанай скрыняй. Рэальны план: падзеі і асобы «Кельцкага Адраджэння». Гамераў план: сутыкненне Уліса (Адысея) з аднавокім цыклопам Паліфемам на яго востраве. Тэма: выкрыццё «цыклапічнасці» (лішняй бязлітаснасці, фанатызму, антысемітызму). Орган цягліцы / мускулы, мастацтва палітыка, колер зялёны (ірландскі). Паводле аналагічнай схемы пабудаваны кожны з 18-ці эпізодаў рамана... Глыбокі і таленавіты пераклад «Уліса» на беларускую мову ажыццявіў Ян Максімюк, беларус з Беласточчыны; апавяданні перакладалі Ігар Бабкоў і Макс Шчур. Франц Кафка Асоба Франца Кафкі (18831924), як і асоба Райнэра Марыя Рыльке, фармавалася ва ўнікальнай гісторыка-культурнай прасторы, у адмысловай атмасферы жыцця шматковай імперыі Габсбургаў і адной з яе сталіцаў Прагі. Гэтаму гораду было наканавана зрабіцца на пэўны час культурным цэнтрам Еўропы: тут працавалі Альберт Эйнштэйн і Леангард Франк, Яраслаў Гашак і Райнэр Марыя Рыльке. Ідэнтыфікаваць нацыянальную літаратуру, да якой належыць творчасць Франца Кафкі, няпроста. Ён нарадзіўся ў Празе, у габрэйскай сям’і, роднай мовай называў чэшскую, пісаў па-нямецку. Гісторыкі літаратуры найчасцей называюць Кафку аўстрыйскім пісьменнікам. На творчым лёсе Франца Кафкі выразна адбіліся дачыненні ў сям’і. Непрыязнасць да тырана-бацькі (Эдыпаў комплекс, паводле Фройда) увасобілася ў навелах «Прысуд», «Ператварэнне», у «Лісце да бацькі» ды іншых творах. Франц Кафка вёў падвойнае жыццё: першую палову дня быў звычайным чыноўнікам, паглыбленым у свет папераў і цыркуляраў; увечары асобіўся ў сваім пакоі і гадзінамі, часам да самага ранку, аддаваўся пісьменству. Крытыкі называюць яго самым геніяльным графаманам. Творчы феномен Кафкі і ў тым, што сусветная вядомасць прыйшла да яго толькі пасля смерці. Ды і тое так сталася, адно дзякуючы шчасліваму выпадку непаслухмянасці яго сябра і распарадчыка тастаменту Макса Брода, які, насуперак волі пісьменніка, пасмяротна апублікаваў яго рукапісы, напісаў біяграфію класіка і спрыяў яго папулярызацыі. Францу Кафку належыць выказванне пра тое, што ланцугі, якімі скаванае чалавецтва, зроблены з канцылярскай паперы. Дыктат бюракратыі, улада чыноўніка над асобай з велізарнай сілай перададзеныя ў раманах «Працэс» і «Замак» (апублікаваныя пасмяротна, у 1925-27 гг.) У першым з іх пісьменнік адлюстраваў следства і суд як ірацыянальныя, звыродлівыя з’явы. Персанажу з імем Ёзэф К. прад’яўленае абвінавачанне ў нібыта здзейсненым ім злачынстве. Чым больш імкнецца персанаж даведацца пра сваю віну, тым менш інфармацыі пра яе атрымліваюць і ён, і чытач. Урэшце, невядомыя забіваюць абвінавачанага, а мы так і не разумеем, за што ён пацярпеў. Ірацыянальныя, варожыя чалавеку сілы, якія ўладараць у космасе і грамадстве, ператвараюць чалавека ў нікчэмную, безназоўную кузурку. Персанажы Кафкі губляюць не толькі сваю індывідуальнасць, але і імёны. Так адбываецца з каморнікам К. у рамане «Замак». Яго выклікаюць у правінцыю дзеля правядзення нейкай працы, але на працягу ўсяго рамана, сюжэт якога складаецца з дзіўных і няскладных падзей, К. так і не сустракае сваіх таямнічых працадаўцаў. Адзначым, што імёны шмат якіх герояў Франца Кафкі пачынаюцца на «К», што адпавядае факту ўнутранага аўтабіяграфізму, з’яўляецца адгалоскам асабіста перажытай духоўнай драмы, ад якой пакутуюць персанажы. Франц Кафка звычайна пісаў свае творы начамі. Часам сну не было наогул. А часам ява пераходзіла ў сон гэтаксама незаўважна як гэта адбывалася з насельнікамі яго твораў. Здаралася, што пэўныя рэчы мроіліся яму наяве. Гэткі самы незаўважны пераход явы ў сон у «Ператварэнні», «Вясковым лекару», «Выкрыцці махляра», «Вершніку на скрыні» і дзясятках іншых навел, абразкоў, прыпавесцяў Кафкі. Рэчаіснасць успрымаецца Кафкам і яго героямі як глыбока варожы асобнаму чалавеку, ірацыянальны і звыродлівы свет. Страх, адзінота, адчужэнне, агрэсія тыповыя для свету Кафкі эмоцыі. Герой навелы «Ператварэнне» (1916) коміваяжор Рыгор Замза аднаго разу прачынаецца ўранні і бачыць, што ператварыўся ў жамяру з цвёрдым хіцінавым панцырам і мноствам бледных ножак. Ніхто з яго сямейнікаў не дзівіцца гэтай метамарфозе. Яны ўспрымаюць новы Рыгораў стан як лішні клопат для сябе, усе (акрамя сястры) цураюцца яго і з палёгкай уздыхаюць пасля смерці чалавека-жамяры. «Ператварэнне» жудасны сон, пасля якога не прачынаюцца. Рэалістычныя дэталі, якімі напоўніцу насычана апавяданне, ствараюць эфект пераблытанасці явы і сну. У падтэксце чытаецца: «Такое можа адбыцца з кожным». Пра Франца Кафку гавораць не толькі як пра найвялікшага майстра прозы XX ст., але і як пра прарока, прадвесніка будучых катастрофаў, войнаў, канцлагераў. У навеле «У калоніі для зняволеных» (1919) ён паказвае востраў, дзе мардуюцца катаржнікі, і жахлівую машыну катаванняў: тая выдрапвае на скуры злачынцы назву яго віны, а пасля забівае яго. Садыст-афіцэр, вынаходнік агіднай машыны, стаецца яе ахвярай і трапляе пад яе зубцы. Былыя вязні паўстаюць яго катамі. Франц Кафка слушна лічыцца адным з «бацькоў» сусветнага мадэрнізму. Колькасць яго пераймальнікаў, прыхільнікаў і тлумачальнікаў бясконцая. У літаратуры набыло ўстойлівасць паняцце «кафкіянства», якім азначаецца выяўленне адчужанай, жудаснай, варожай чалавеку рэальнасці, жахлівага сну наяве. Найлепшыя апавяданні Кафкі перакладзеныя на беларускую мову Лявонам Баршчэўскім. Лірыка Барыса Пастарнака (1890-1960). Радзімай гэтага адметнага расійскага паэта была Масква; гадаваўся ён у сям’і вядомага мастака і мастацтвазнаўцы, яго маці была піяністкаю. Барыс ГІастарнак атрымаў добрую адукацыю. Пачынаў займацца філасофіяй і музыкай, потым усвядоміў сябе паэтам. Напачатку (першыя зборнікі вершаў «Блізнюк у хмарах», 1914; «Па-над бар’ерамі», 1917) адчуваў пэўную прыхільнасць і сімпатыі да футурызму, але пазней здабыў сабе асобнае месца на паэтычным небасхіле расійскай паэзіі. Барыс Пастарнак быў паэтам «таямніцы жыцця»; у сваіх лірычных творах ён імкнуўся дайсці «да глыбіннага сэнсу» быцця: тут набываюць значэнне краявіды, жывёлы, нават неадушаўлёныя прадметы («дываны, поўныя мелодый», «пяючыя дзверы»). У яго знакамітым вершы «Зноў люты. Ўзяць чарніл і плакаць...» (1912) вобраз «лютага» раскрываецца праз узаемадачыненні самых разнастайных дэталяў навакольнага свету («слата», «пралётка» з яе «клікам колаў», «лівень», «лужына») з эмацыйным станам лірычнага героя («плакаць», «наўзрыдзь», «слёзы», «крыкі»). У вершы паэт як бы стварае новыя гукі і фарбы, параўноўвае іх з гукамі і фарбамі прыроды. Над усім гэтым мара паэта пра вясну і надзвычайная музыкальнасць яго мовы: ... Як апаленыя грушы, Гракі ў азяблых дрэў з плячэй Сарвуцца ў лужыну і зрушаць Сухі адчай на дно вачэй. (Тут і далей пераклад Рыгора Барадуліна.) Мова вершаў Пастарнака, напраўду, надзвычай багатая: тут мы сустракаем элементы мовы гутарковай, мовы газет, мовы навукі, мовы трансцэндэнтальнай філасофіі... Вяршыня філасофскай лірыкі Барыса Пастарнака цыкл з 25-ці вершаў, уключаных ім у тэкст рамана «Доктар Жывага» (1955). Самы першы верш «Гампет» (1946) гэта, па сутнасці, асэнсаванне здольнасці асобы адыграць ролю ў «сусветнай драме». Мастак падаецца ў вобразе актора, які «выходзіць на падмосткі» і павінен ісці за «ходам падзей», адпавядаць «намеру ўпартаму». Пры гэтым ён адчувае непазбежнасць «шляху ў небыцці» і сваю абсалютную самоту ў свеце, дзе вакол яго адно толькі «гул» гледачоў. Характэрнымі для ўсяго цыклу «Вершаў доктара Жывагі» ёсць біблійныя паралелі і рэмінісцэнцыі. У вершы «Гамлет» выраз «чарай абміні мяне» беспасярэдне адсылае чытача да Дабравесця паводле Мацвея, да таго моманту, калі Хрыстос моліцца ў Гефсіманскім садзе перад тым, як яго гвалтам павядуць на суд першасвятароў. Як і шэкспіраўскі герой, імем якога азагалоўлены верш, актор, лірычны герой Пастарнака, уздымаецца да найвышэйшай мудрасці разумення мэты быцця: ...Даспадобы твой намер упарты, Я сыграю ролю. Маю час. Сёння іншай драмы іншы варты, I мяне ты збаў на гэты раз. Ды прадуман ход падзеяў сёння, Непазбежны шлях у небыцці. Сумны я, ўсё ў фарысействе тоне. Зжыць жыццё не поле перайсці. У гэтых радках прадбачанне Барысам Пастарнакам і свайго ўласнага лёсу, калі, асуджаны крывадушнай канторай пад назовам «Кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў СССР» за публікацыю за мяжою рамана «Доктар Жывага» (да таго ж уганараванага несавецкай, бо Нобелеўскай, прэміяй), ён будзе блізкі да самагубства і напоўніцу спазнае «подласці і злосці сілу» (радок з верша «Нобелеўская прэмія», 1959)... Творчасць Уладзіміра Маякоўскага (1893-1930). У далёкім дзяцінстве Маякоўскі здаваў іспыт у Кутаіскую гімназію. Падчас яго ён пераблытаў царкоўнаславянскае «око» («вока») і грузінскае «око» («тры фунты»), ад чаго ледзь не праваліўся. «Адгэтуль, мяркуе паэт у аўтабіяграфіі, пайшлі і мой футурызм, і мой атэізм, і мой інтэрнацыялізм». Відаць, гэта не болей, чым жарт. Але пералічаныя Маякоўскім якасці сапраўды вызначалі яго творчае аблічча як паэта-футурыста і як «песняра рэвалюцыі». Погляды паэта змяняліся на працягу яго жыцця ад адмаўлення ўсяго і ўсякага (веры, мастацтвы, маралі, кахання у паэме «Воблакаў штанах», 1915) да фанатычнай адданасці камуністычнаму рэжыму. Ён быў нязменным адно ў сваёй нянавісці да мяшчанства, усталяваных нормаў і густаў, пабытоўства. Лірычны герой ранніх вершаў Маякоўскага (1913-15 гг.) наносіць «аплявуху грамадскаму густу»; ён просіць цырульніка: «Будзьце ласкавыя, прычашыце мне вушы» («Нічога не разумеюць»); становіцца на карачкі і брэша як сабака («Вось так я зрабіўся сабакам»); крыважэрна заяўляе: «Мне падабаецца глядзець, як паміраюць дзеці» («Я»), Падобныя эскапады былі данінай футурызму авангардысцкай плыні мастацтва таго часу, вернасць якой Маякоўскі захаваў амаль да канца сваёй кар’еры. Эпатажнасць, паэтычнае зладзейства, цяга да скандалаў неад’емныя рысы футурыстаў. Паэтычныя выступы маладога Маякоўскага рэдка калі абыходзіліся без боек.