• Газеты, часопісы і г.д.
  • Словы ў часе і прасторы Літаратура апошняга стагоддзя

    Словы ў часе і прасторы

    Літаратура апошняга стагоддзя

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 394с.
    Мінск 2015
    118.23 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    Адмовіўшыся ад павярхоўна-рамантызаванага погляду на рэвалюцыю, якую маладнякоўцы разумелі як увасабленне «лірычнага праекта», узвышаўцы асэнсоўвалі яе ў сваіх творах найперш як духоўную з’яву, як вялікую працу мільёнаў людзей па паляпшэнню ўмоў свайго існавання і ачалавечванню ўласнай прыроды. У той час як іх нядаўнія калегі па пяру ўслаўлялі «планетарнае» мастацтва і «касмізм» паэтычнай фантазіі, гэтак наіўна ўяўляючы папулярную ў 1920-я гг. ідэю «сусветнай рэвалюцыі», узвышаўцы ўсур’ёз задумаліся над тым, як стварыць нацыянальнасамабытную мастацкую літаратуру, якая б выказвала запаветныя памкненні і мары народа і дапамагала яму адшукаць сваё месца сярод іншых народаў свету. 3 часам «Узвышша» ператваралася ўсё больш у адасобленае, элітарнае аб’яднанне пісьменнікаў нацыянальна-дэмакратычнай і падкрэслена эстэтычнай арыентацыі, што паслужыла празмерна ііалітызаванай, пераважна маладнякоўскай (пазней «белаппаўскай») крытыцы падставай для абвінавачванняў у адступленні ад «лініі партыі», у каставай адгароджанасці ад жыц-
    ця краіны, а пазней і ў контррэвалюцыйнасці, варожасці савецкай уладзе.
    Між тым, у творах узвышаўцаў выявіўся непасрэдны і шчыры водгук на падзеі, якія адбываліся ў краіне. Пісьменнікі востра, нават хваравіта рэагавалі на адыход ад гуманістычных лозунгаў рэвалюцыі, на ўмацаванне дыктатарскіх тэндэнцый у кіраўніцтве сацыялістычным будаўніцтвам; яны не прымалі абмежаванне творчага жыцця і запавольванне руху да развітай нацыянальнай культуры, усё болып прыкметнае згортванне «беларусізацыі». Гуманістычнымі паводле духу і высокамастацкімі ў выніку былі аповесць «Салавей» і раман «Язэп Крушынскі» Змітрака Бядулі, байкі Кандрата Крапівы, проза Кузьмы Чорнага, лірыка Уладзіміра Дубоўкі і Язэпа Пушчы, сатырычны раман Андрэя Мрыя «Запіскі Самсона Самасуя», аповесць Лукаша Калюгі «Ні госць, ні гаспадар», артыкулы Адама Бабарэкі, Фелікса Купцэвіча і Антона Адамовіча.
    БелАПІІ (Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў), які працягваў лінію «Маладняка» на стварэнне «новай пралетарскай літаратуры», у спецыяльнай заяве абвінаваціў узвышаўцаў у смяротных грахах, сярод якіх самы страшны імкненне «супрацьставіць беларускую пісьменніцкую арганізацыю партыі», і запатрабаваў «прызнання сваёй памылкі». ЦК КП(б)Б падтрымаў прэтэнзіі белаппаўцаў. У шэрагах узвышаўцаў адбыўся раскол: «меншасць» (Дубоўка, Пушча, Бабарэка, Жылка, Калюга, Ант. Адамовіч) настойвала на бескампраміснай пазіцыі, «большасць» (Крапіва, Бядуля, Лужанін, Кляшторны) угаворвала сяброў па суполцы «пакаяцца». Рэзалюцыю падпісалі, акрамя пералічанай «большасці», яшчэ Чорны, Глебка, Дарожны, Мрый, Калюга. 3 лютага 1930 г. у друку з’явілася «пастанова аб прызнанні «Узвышшам» палітычных памылак», летам 1930 г. шмат узвышаўцаў было арыштавана і выслана за межы Беларусі, астатнія імкнуліся «перабудавацца». У канцы 1931 года «Узвышша» абвясціла аб самароспуску. Спыніў сваё існаванне і аднайменны часопіс.
    Творчае спаборніцтва паміж рознымі ідэйнымі і стылявымі плынямі ператварылася ў зацятае суперніцтва і групавую ба-
    рацьбу. Маладнякоўцы, сярод якіх пасля стварэння «Узвышша», а пазней і «Полымя» (1927-32), заставалася ўсё менш сапраўдных талентаў, кампенсавалі сваю творчую недастатковасць прэтэнзіямі на адзіных прадстаўнікоў партыйнай лініі ў літаратуры. Пасля ператварэння «Маладняка» ў БелАПП у лістападзе 1928 г. гэтыя тэндэнцыі ўзмацніліся. Разгромнай крытыцы паддаваліся ўжо творы не толькі аднагодкаў, але і прызнаных класікаў, якіх папракалі ў адставанні ад хады падзей, у адступленнях ад ідэалагічнай лініі партыі. Адсюль было недалёка да намёкаў на іх нелаяльнасць да савецкай улады, якія перараслі ў прамыя палітычныя даносы і абвінавачванні. Вось некаторыя назвы артыкулаў таго часу: «Пра адну рэакцыйную аповесць», «Аб фальшы камертонаў», «Дэпешы без адраса», «Літаратурныя сектанты», «Пад пралетарскай шыльдай», «Літаратурнае балота», «Ці сапраўды «Узвышша» ёсць «узвышша»?», «Нацдэмаўшчына, замаскаваная марксісцкай фразай» і інш.
    Беларуска-габрэйскія літаратары. 3 пачатку 1920-х гадоў бальшавіцкія ідэолагі савецкай Беларусі перайшлі да тактыкі ліквідацыі традыцыйных асяродкаў габрэйскай культуры праз замену іх на новыя, звязаныя з рэвалюцыйнымі пераменамі. Зачыняліся сінагогі, падаўляліся цэнтры сіянісцкага руху, ствараліся перашкоды ў вывучэнні іўрыту, старадаўняй мовы ўсіх габрэяў свету. Прапаганда мовы ідыш а яна была абвешчана ў Беларускай ССР адной з дзяржаўных моў адбывалася адначасова з размываннем і знішчэннем таго натуральнага асяроддзя, у якім яна магла існаваць і развівацца, а менавіта габрэйскага мястэчка (ідыш: «штэтл»). Маладзейшае пакаленне габрэяў часта падтрымлівала гэтыя змены, бачачы ў страце сваіх нацыянальна-рэлігійных каранёў шанец на далучэнне да новых савецкіх эліт. Да гэтага пакалення адносіліся і некаторыя таленавітыя творцы, што пісалі на ідыш напрыклад, паэты Ізя Харык (1898-1937; нарадзіўся ў Зембіне пад Барысавам), ураджэнец Маладзечна Зэлік Аксельрод (1904-1941), Мендэль Ліфшыц (1907-1983), які паходзіў з Нестанавічаў (цяпер Акцябрскі раён Гомельскай вобласці), Генадзь Шведзік (1914-1942,
    родам з Бабруйска), народжаны ў Ракаве літаратуразнаўца і крытык Уры Фінкель (1896-1957) і інш. Усе яны так ці іначай былі звязаныя з літаратурна-мастацкім часопісам «Дэр Штэрн» («Зорка»), які выходзіў у Мінску з 1925 г. і жорстка кантраляваўся савецкай цэнзурай. Разам з тым, прыклад жыцця і творчасці паэта і драматурга Элі Савікоўскага (1893-1959; нарадзіўся ў мястэчку Палонка, непадалёк ад Баранавічаў) сведчыць, што найбольш дальнабачныя прадстаўнікі беларуска-габрэйскай інтэлігенцыі імкнуліся супрацьстаяць поўнай саветызацыі габрэйскага жыцця.
    Бадай, самай адметнай постаццю беларускай літаратуры на мове ідыш стаў Мойшэ Кульбак (нарадзіўся ў 1896 г. у Смаргоні, расстраляны савецкімі карнымі органамі ў Мінску 29 кастрычніка 1937 г.). Жыццёвыя дарогі вялі гэтую яркую асобу праз Свянцяны, Валожын. Мір, Коўна, Мінск, Вільню. У 1920-23 гг. ён жыў і працаваў у Берліне, потым вярнуўся ў Вільню (у 1927 г. быў абраны прэзідэнтам сусветнага габрэйскага ПЭН-Клуба); пазней пераехаў у Мінск, дзе і скончылася трагічна яго жыццё. Кульбак дэбютаваў у 1916 г. вершам «Зорачка», які неўзабаве зрабіўся народнай песняй. Яго лірыка, а таксама паэмы «Горад» (1919), «Каваль Ёста» (1920), «Буня і Бэра» (1931), «Чайльд-Гарольд з Дзісны» (1933), «Бойтрэ-разбойнік» (1936), нягледзячы часам на іх залішнюю ідэалагізаванасць, належаць да ўсячасных узораў ідышысцкай літаратуры. У паэме «Беларусь» (1922), напісанай у Берліне, Кульбак дэманструе асаблівую пластыку і лірызм, непаўторнае перапляценне радасці і смутку, звязанага з настальгіяй па сваёй радзіме:
    .. .Як толькі месячным святлом замгліцца лугавіна, Таемна з-над нямонскіх стром устане цень літвіна, I насустрэчу здані той, нібы русалка ў ціне, Плыве з расплеценай касой па Віліі дзяўчына. Два цені Нёман і Вялля сустрэнуцца ў сутоках, I пачынаецца гульня ў прадоннях і пратоках.
    Ён лапічыць косы дзеўчыны; яна ў абдымках млее I з ім, каханым пад вадой знікае, як лілея...
    (Пераклад Язэпа Семяжона.)
    У рамане «Зельманцы» (1931-35; беларускі пераклад Віталя Вольскага, 1960) Мойшэ Кульбак спрабуе па-мастацку асэнсаваць працэсы, якія адбываюцца з жыхарамі габрэйскай гарадской ускраіны праз новыя палітычныя і цывілізацыйныя павевы. Твор задуманы і рэалізаваны адметным чынам, у форме камедыйнага эпасу: у ім ёсць нават раздзел пад назвай «Зельманіяда». Вельмі трапна, з вялікай доляй натуралістычнасці выпісаны побыт беларускіх габрэяў спалучаецца з фантастычнымі элементамі; напрыклад, над магілай аднаго з зельманцаў верабейка шчабеча словамі чатырохрадкоўя Гайнрыха Гайнэ. Кульбак заканчвае свой твор як бы паводле канонаў сацрэалізму: менскі габрэйскі двор прымае цывілізацыйныя даброты, што нібыта прынесла савецкая ўлада, і распадаецца, але пытанне, чым усё гэта закончыцца, аўтар так ці інакш пакідае адкрытым...
    Расстралянае Адраджэнне. Літаратурнае жыццё ў канцы 1920-х і пачатку 1930-х гг. прыкметна палітызавалася, што, урэшце, скончылася трагедыяй. У 1929 г. была прынятая ўстаноўка на асуджэнне нацыянал-дэмакратызму («нацдэмаўшчыны»), а ўжо ў 1930 г. «нацдэмаў», якія быццам бы стварылі «контррэвалюцыйную, антысавецкую арганізацыю» пад вынайдзенай у ПІУ назвай «Саюз вызвалення Беларусі», арыштоўвалі, дапытвалі і высылалі за межы Беларусі. Сярод бязвінна асуджаных на высылку і творчую бяздзейнасць апынулася, паводле падлікаў гісторыкаў, каля 180-ці пісьменнікаў, вучоных, грамадскіх і дзяржаўных дзеячаў, у тым ліку Максім Гарэцкі, Жылка, Дубоўка, Пушча, Бабарэка, Ластоўскі, Лёсік і інш. У сваю чаргу, Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля былі вымушаныя пісаць пад дыктоўку адыёзнага крытыка-пагромшчыка Лукаша Бэндэ «пакаянныя лісты» ў друк, а ўсім іншым, каму пашанцавала застацца на волі, было прапанавана публічна выявіць сваё стаўленне да так званых «ворагаў народа», асудзіць не толькі дзейнасць сваіх нядаўніх паплечнікаў, але і ўласную творчасць папярэдняга перыяду.
    Пазней былі арыштаваныя альбо выклікаліся на допыты ў ГПУ (НКВД) Гартны, Краўцоў, Чарот, Дудар, Вольны, Александровіч,
    Мрый, Шашалевіч, Кляшторны, Звонак, Баранавых, Галавач, Галубок, Гурло, Калюга, Ант. Адамовіч, Купцэвіч, Дварчанін, Нёманскі, Нікановіч, Эпімах-Шыпіла, Знаёмы, Пальчэўскі, Тарашкевіч, Самойла, Родзевіч, Салагуб, Скрыган, Случанін, Пруднікаў, Таўбін, Астапенка, Улашчык, Хадыка, Хведаровіч, Шушкевіч, Цулукідзэ, Чарнушэвіч, Чарнышэвіч, Шукайла, Лужанін, Грахоўскі, Сяднёў, Хомчанка, Антон Луцкевіч, Уласаў, Адам Станкевіч, Стаповіч, Арсеннева, Сяргей Астрэйка, Лявонны, Мікуліч, Ракіта і інш. Шмат каго з іх расстралялі. Толькі за адзін дзень, 29 кастрычніка 1937 г„ у парку Чалюскінцаў былі расстраляныя Якаў Бранштэйн, Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Хацкель Дунец, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Майсей Кульбак, Валеры Маракоў, Банавентура Паўлюкавічус, Зяма Півавараў, Васіль Сташэўскі, Ізя Харык, Пятро Хатулёў, Міхась Чарот, Арон Юдэльсон. У апошніх запісах свайго «Дзённіка» Кузьма Чорны, якога арыштавалі ў лістападзе 1938 і вызвалілі, аднаго з нешматлікіх, у чэрвені 1939 г., з горыччу адзначаў: «У Беларусіасталосясемпісьменнікаўбеларускіх... Беларускай інтэлігенцыі бадай што ўжо няма... Колькі нашай інтэлігенцыі без дай прычыны гніе ў турмах і на высылцы!.. Я гіну і не магу выкарыстаць як бы трэба было свой талент». Агонія літаратуры разгортвалася на фоне «росквіту» памянёнага вышэй сацыялістычнага рэалізму, калі налева і направа пісалі творы пра індустрыялізацыю, калектывізацыю, барацьбу з кулакамі ды іншымі «ворагамі народу» і, вядома, услаўлялі «правадыра пралетарыяту» таварыша Сталіна. Беларуская версія сацыялістычнага рэалізму ў 1930-я гады не была класічнай хутчэй, яна падпарадкоўвалася канонам сервілізму. Сервілізм (ад лацінскага servilis рабалепны, прыслужніцкі) абазначае поўнае падпарадкаванне творцы патрэбам уладара, нейкай сацыяльнай групы, мецэнату або фанатычна ўспрынятай ідэі.