Кузьма Чорны (Мікалай Раманоўскі) нарадзіўся 24 чэрвеня 1900 г. у засценку Боркі на Случчыне. У 1908 г. бацькі вярнуліся ў роднае мястэчка ІДшкавічы, дзе было народнае вучылішча і дзеці маглі атрымаць адукацыю. У 1913 г. Мікалай паступіўу Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Быў высока адораны: маляваў, спяваў, іграў на розных музычных інструментах, выконваў ролю купалаўскага Пустарэвіча (з ягоным «Вось цо да!») у аматарскім спектаклі. 3 восені 1922 г. настаўнічаў у Цімкавіцкай школе. У 1923 г. стаў студэнтам філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Быў сябрам літаратурнага аб’яднання «Маладняк». ІІрацаваў у газеце «Беларуская вёска», дзе вёў літаратурную старонку. 26 траўня 1926 г. Кузьма Чорны, Уладзімір Дубоўка, Адам Бабарэка, Язэп Пушча, Кандрат Крапіва стварылі літаратурнае аб’яднанне «Узвышша». Чорны стаў яго старшынёй і галоўным рэдактарам часопіса «Узвышша». У 1931-м «Узвышша» спыніла сваё існаванне. Чорны далучыўся да Саюза беларускіх савецкіх пісьменнікаў. Кіраваў кабінетам маладога аўтара. 14 кастрычніка 1938 г. Чорнага арыштавалі, абвінаваціўшы ў тым, што ён «польскі шпіён». 8 чэрвеня 1939 г. нечакана выпусцілі на волю: «яжоўшчына» змянілася на «берыеўшчыну», і ўлада рабіла выгляд, што аднаўляецца законнасць. 3 турмы Кузьма Чорны выйшаў зусім хворы: балела сэрца, апухлі да каленяў ногі, слабеў зрок. У першыя дні вайны згарэлі рукапісы яго рамана «Судны дзень» і трылогіі «Вялікае выгнанне». Супрацоўнічаў у газеце «Раздавім фашысцкую гадзіну». На кавалак хлеба быў змушаны пісаць шмат матэрыялаў без подпісу. У канцы верасня 1944 г. вярнуўся ў Мінск, 22 лістапада 1944 г. сэрца пісьменніка спынілася. Апошні запіс у «Дзённіку» выяўляе адчай майстра слова, які не змог рэалізаваць сябе: «Божа, напішы за мяне мае раманы, хіба так маліцца, ці што?» У траўні і чэрвені 1923 г. у газеце «Савецкая Беларусь» былі надрукаваныя апавяданні «На граніцы» і «На варце», падпісаныя псеўданімам Кузьма Чорны. Так будучы класік выказваў сваю пашану да дзеда Міхала Парыбкі (па маці), па-вулічнаму Чорнага, славутага майстра-сурвэтніка, пра якога ён пазней пісаў у эсэ «Слуцкія сурвэты». Пісаў і друкаваў вершы, нарысы, допісы. Раннія спробы ў «малым жанры» тыповыя «маладнякоўскія» замалёўкі, эцюды, імпрэсіі, «вершы ў прозе». Герой, мужык-беларус, які марыў аб вольнай працы на ўласнай зямлі, нарэшце дачакаўся свайго часу. Перад ім адкрыліся далягляды «людской маладой жыццёвай радасці». Пачуццё свайго захаплення празаік перадае пры дапамозе рытмізаванай прозы, характэрнай для таго часу (дынаміка апавядання, музычнасць фразы, эмацыянальна-экспрэсіўная насычанасць слова, імпрэсіянізм малюнка). Асобныя творы нагадваюць верлібр («Срэбра жыцця»), За пачуццём бязмежнага захаплення жыццём («радасць існавання») у кожным творы Чорнага прысутнічае вялікая думка пра чалавека, які жыве надзеяй на змены. Натура ўражлівая, з безабароннай душой, чулы да чужога болю, празаік уважліва сачыў за працэсамі ачалавечвання і расчалавечвання свету. Размах пачуццяў чорнаўскага героя вялікі: адзін перажывае, бачачы пакуты малой пташкі («Восень і радасць»), а другі абыякавы да смерці жывой істоты («Буланы»), трэці ж на смерць глядзіць «па-філасофску», маўляў, «лес сякуць трэскі ляцяць» (раман «Сястра»). У сістэме вобразаў асаблівае месца займае селянін-«трапятун», які нясе ў сабе ідэю вечнага неспакою, пошуку надзейнага прыстанішча ў зменлівым свеце. Сярод іншых яго вылучае здольнасць усё вымяраць крытэрыямі чалавечнасці, чуласці і любові да бліжняга. Чорны працягваў купалаўска-коласаўскую лінію ўвагі да «маленькага чалавека», «палявых людзей», якія адчулі сябе ў цэнтры гістарычных падзей. Сваё разуменне беларускага характару ён выказаў у афарыстычных словах: «I ў цішыні буры, і ў бурах цішыня». Голасам героя, гаваркога, шумнага, мітуслівага, загаварыла нядаўна без’языкая, асуджаная каланіяльнай сістэмай да вечнага маўчання піматмільённая сялянская маса. Увагу празаіка прыцягваў і вобраз маладога беларуса, прадстаўніка новага пакалення. Калі вобраз «трапетуна» ствараўся сродкамі знешняй характарыстыкі (партрэт, дзеянне, рухі, жэсты, гаворка), то вобразы юнакоў і дзяўчат малююцца больш знутры, сродкамі апісання ўнутранага свету герояў. Схільныя да самааналізу і рэфлексіі кніжнікі і летуценнікі, самабытныя філосафы, яны выяўляюць сябе і ў актыўным дзеянні, упарта і мэтанакіравана. Малюнкі гарадскога побыту, убачаныя вачыма назіралызага студэнта Віктара Зеніча («Вечар»), цікавыя самі па сабе, але яшчэ больш цікавая яго рэакцыя на падзеі, яго развагі і высновы, якія апярэджваюць шмат якія адкрыцці, зробленыя пазней Альбэрам Камю. Героя захапляе «чалавечая сітуацыя», праблема «існавання» (тэрміны, уведзеныя экзістэнцыялістамі). У апавяданні ўпершыню прагучала славутая чорнаўская формула: «Чалавек гэта цэлы свет». Пісьменніка цікавіла праблема «жывога чалавека», якога ён супрацьстаўляў «чалавеку ў скуранцы», папулярнаму ў 1920-я гг. Яго цікавяць людзі са складаным лёсам і супярэчлівымі характарамі. Што адбываецца «на мяжы пачуццяў і думак» («Буланы»)? Як растлумачыць «чалавечыя зломы» ў псіхіцы і паводзінах («Сцены»)? Што азначае «духоўны разлад чалавека, скалечанага бурным рухам гістарычных падзей» («Парфір Кіяцкі»)? У чым сэнс жыцця («Па дарозе»)? Што такое каханне («Пачуцці»), смерць («Ноч пры дарозе»)? Які ён, новы чалавек («Хвоі гавораць», «Таварыш Сімянюк», «На пыльнай дарозе»)? У апавяданнях 20-х гг. Чорны паўстае як мастак філасофскага складу. Адсюль шматзначнасць, афарыстычнасць яго мовы. Як і іншыя ўзвышаўцы, ён агітаваў за «беларускасць», за творчую вучобу ў класікаў, за культуру творчасці, «за Менск сталічны літаратурны горад супраць Менску як былой губернскай правінцыі». Кузьма Чорны творца беларускага рамана. Маецца на ўвазе не толькі форма (эпічная канцэпцыя свету, разгорнуты сюжэт, разгалінаваная сістэма вобразаў, вялікі аб’ём), але і змест, адзначаны падзеямі нацыянальнага маштабу, непаўторна-беларускім светаадчуваннем і вобразным мысленнем. У кожным рамане павінна быць свая «ідэёвая катэгорыя», лёсаносная ў гісторыі беларусаў. У рамане «Сястра» (1927-28) гэта хрысціянская ідэя міласэрнасці. Менавіта ў вобразе Мані Ірмалевіч бачаць героі (стрыечны брат Казімір, закаханы ў яе Ваця Браніславец, былы камісар Абрам Ватасон) увасабленне духоўнага хараства і хвалюючай жаноцкасці. Аднак быць цалкам шчырымі і адкрытымі ім перашкаджае мінулае: дзіцячыя крыўды, дарослы недавер, нават варожасць, народжаная ў іх душах у грамадзянскую вайну. Ватасон разважае пра шыльды і сапраўдны іх сэнс, пра тэатральную сцэну і кулісы і схіляецца да думкі, што «нават замілаванне да ўсіх пакрыўджаных трымаецца на клопатах аб сваім уласным шчасці». Ад імя рэвалюцыі выступае і ананімны «член мясцкома», «член ці сакратар», які сімвалізуе ўладу наогул: Ваця Браніславец для яго «пасынак» і «вораг рэвалюцыі», бо адмаўляе сталінскае паняцце «чалавек-шрубка». На словы апанента: «Нашто думаць. Тут няма чаго і думаць...» Ваця іранічна пярэчыць: «Ну, яно пэўна, што так, нашто думаць. Няхай нехта другі падумае. Тут справа ясная. Для гэтага ёсць правадыры, усялякія вялікія кіраўнікі, каб думаць. А наша справа маленькая дадзена гатовая думка от табе і ўсё. He варушыся...» Вечны рух наперад мае сэнс, калі пры гэтым не забываюць пра асобнага чалавека. У рамане «Зямля» (1928) сялянскае жыццё нагадвае шыракаплынную раку, якая паволі ўваходзіць у новае рэчышча. Новае і старое, вясёлае і сумнае, высокае і нізкае ў жыцці дакалгаснай вёскі, апошняга аплоту нацыі, усё гэта разам стварае унікальную маральную атмасферу ўзаемадачыненняў паміж людзьмі. Стары Тамаш чуе душой, што дні яго злічаны, і спавядаецца перад маладым хлопцам Алесем: «Тут яно што важна? Што чалавек ад чалавека далёка, што чужым ён робіцца другому». Паняцце «зямля» асэнсоўваецца аўтарам не толькі ў сацыяльна-эканамічным плане, але і ў філасофска-паэтычным як месца, дзе здзяйсняецца велічная містэрыя народнага жыцця. У аповесці «Лявон Бушмар» (1929) Кузьма Чорны засяродзіўся на паказе тыпа беларуса-«хутаранца». У постаці Бушмара ўражвае і прываблівае прыродная моц чалавека, што ўрос каранямі глыбока ў зямлю, якая яму належыць па праву спадчыннасці і якую ён, ні пядзі, не жадае саступіць людзям, што не ведаюць яе сапраўднай цаны. Прыроднае, натуральнае, «цёмнае» («Думаць ён не прывык») бярэ верх над «здаровым розумам». Прозвішча героя (ад нямецкага Busch лясны гушчар і Mar дзіўная гісторыя) гучыць пагрозліва і шматзначна. Новае наплывае на хутар Бушмара, апошнюю цытадэль уласніка, з усіх бакоў. Чорны ў час напісання аповесці яшчэ жыў ілюзіямі, што з дапамогай «планавай гаспадаркі» і ідэі «выхавання новага чалавека» можна пазбавіцца ад «рэшткаў бушмараўшчыны», утаймаваць біялагічную стыхію людскіх інстынктаў. Вульгарызатарская крытыка папракала Чорнага ў ідэалізацыі «кулака», паэтызацыі «хутара», апяванні «ўласніцкіх інстынктаў». «Пра адну рэакцыйную аповесць», так называлася разгромная рэцэнзія Алеся Кучара. У пачатку 1930-х гг. Чорны зразумеў, што мастацкая гісторыя беларусаў «ад часоў паншчыны і да нашых дзён» патрабуе цыкла раманаў. У гэтым празаіка падтрымліваў багаты творчы досвед папярэднікаў: сам Чорны згадваў імёны Бальзака і Заля, аўтараў грандыёзных серыялаў. Чорнаўская задума вылучаецца сваёй канцэптуальнай арыгінальнасцю: на фоне традыцыйнай, грунтоўнай, падрабязнай тэхнікі нарацыі, уласцівай прозе XIX ст., раманы і аповесці Чорнага звязаныя ў адно вялікае мастацкае цэлае філасофіяй «беларускага шляху». Яны невялікія сваім аб’ёмам, інтэлектуальна насычаныя, займальныя паводле сюжэту, афарыстычныя ў сваёй мове. Тут Чорны згадвае традыцыі Дастаеўскага: цікаўнасць да росту чалавечага ў чалавеку, сэнсу гісторыі, прысутнасць будучыні ў сучаснасці, магчымасці прадбачання і папярэджання наступстваў. У рамане «Бацькаўшчына» (1931) распрацоўваецца яшчэ адна ідэя, якая займае цэнтральнае месца ў свядомасці беларусаў. Пошукі Радзімы гэта пошукі сваёй зямлі. Чорны стварыў эпічны малюнак, у цэнтры якога магутная постаць Леапольда Гушкі, селяніна-волата, здольнага, як казачны герой, сошку вырваць з раллі і закінуць за лазовы куст, узняць, ачысціць ад пустазелля, засеяць цаліну, накарміць, як пісалі яшчэ Багушэвіч і Купала, «цэлы свет». Сістэма вобразаў выяўляе ўвесь спектр поглядаў на праблему Бацькаўшчыны: стары Няміра, які паклаў усе сілы ў працы на зямлі, але так і не пабагацеў, малады Алесь Гушка, сын Леапольда, бальшавік, які свята верыць у ідэю сацыялізму, багацеі Сурвіла і Мазавецкі, якія нажылі свой «першапачатковы капітал» за кошт жорсткай эксплуатацыі і звычайнага махлярства, Эдвард Лявер, палонны немец, які раскрывае вочы Леапольду на тое, што такое Сілезія, ягоная далёкая Бацькаўшчына, аб якой ён трызніць у сне і на яве...