• Газеты, часопісы і г.д.
  • Словы ў часе і прасторы Літаратура апошняга стагоддзя

    Словы ў часе і прасторы

    Літаратура апошняга стагоддзя

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 394с.
    Мінск 2015
    118.23 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    Часам літаратары робяцца сервілістамі дзеля матэрыяльнай выгоды, але найчасцей імі кіруе інстынкт самазахавання. У 1930-я гады кожны пісьменнік у БССР, каб выжыць, мусіў аддаць даніну сервілізму. Кузьма Чорны напісаў некалькі мажорных твораў пра калектывізацыю, «каб заткнуць глоткі дурням і брахуном». Прысвячаў свае вершы Сталіну Янка Купала. Даследаван-
    не сервілісцкай літаратурнай спадчыны павучальны занятак не толькі для літаратуразнаўцаў, але і сацыёлагаў, псіхолагаў.
    3 цягам часу беларускія савецкія пісьменнікі навучыліся пісаць таленавітыя творы не дзякуючы метаду сацыялістычнага рэалізму, а насуперак яму. Праніклівы крытык у творах такога кшталту паміж радкамі прачытае тое, што насамрэч паэт меў наўме.
    Вось радкі знакамітага верша Янкі Купалы «Хлопчык і лётчык» (1935):
    Мне ўжо надакучыла дома, Ў дзіцячы хадзі адно сад, А так паглядзеў бы, вядома, На іншы парадак і лад.
    Пра які такі іншы парадак і лад марыць маленькі хлопчык? Адказы можна даць зусім розныя...
    Літаратура Заходняй Беларусі
    Пасля Рыжскага міру Заходняя Беларусь апынулася пад польскай акупацыяй. Чатырохмільённаму насельніцтву давялося ствараць сваю культуру ў варунках асіміляцыі і паланізацыі. «Праз 50 гадоў і са свечкай у Польшчы нельга будзе знайсці беларуса», заяўляў адзін з тагачасных польскіх палітыкаў. Край меў назву «Усходнія Крэсы», адкуль вынікаў сацыяльны і нацыянальны статус яго актыўных жыхароў, якія не пагаджаліся з этнічнай дыскрымінацыяй і парушэннем сваіх правоў. Заходнебеларуская літаратура была складнікам нацыянальна-вызваленчай ідэалогіі, якая выяўлялася ў змесце і форме мастацкіх твораў. Выразнікам народных настрояў у 1920-я гг. была масавая паэзія, што стваралася ананімнымі «песнярамі з народа» і набыла вялікую папулярнасць. Яе змест і пафас вызначалі песні змагання: «Нас не зломіць нядоля ліхая», «Век дваццаты, век прыгожы», «Чырвоная зорка», «Браты мае, ўжо час настаў», «Пад гоман вясёлы» і інш. Вялікае месца ў масавай паэзіі займала «астрожная лірыка» («Як вялі мяне дарожкай», «У мурах сырых на Лукішках», «Амністыі!», «Ой, Бяроза, ты, Бяроза», «Наша песня»). Ужо тут пазначаныя асноўныя ідэі, bo-
    бразы і матывы заходнебеларускай літаратуры, у якой пераважалі паэтычныя жанры.
    У пачатку 1920-х гг. творчая атмасфера ў краі стваралася і падтрымлівалася такімі літаратарамі, як Максім Гарэцкі, Францішак Аляхновіч, Уладзімір Самойла, Антон Луцкевіч, Ігнат Дварчанін, Леапольд Родзевіч, Ігнат Канчэўскі, Франук Умястоўскі, якія з розных прычынаў апынуліся за мяжою. Жылі і працавалі яны ў Вільні, якая набыла статус духоўнага цэнтра беларусаў.
    Паводле палітычнай арыентацыі, якая вызначала шмат у чым і творчыя прыхільнасці, заходнебеларускія пісьменнікі дзяліліся на некалькі плыняў. Прадстаўнікі рэвалюцыйна-вызваленчай плыні былі адначасова і змагарамі, падпольшчыкамі, сядзелі ў астрогах, пераследаваліся акупацыйнай уладаю. Яны спрабавалі апладніць сацыялістычную ідэалогію за кошт нацыянальнага пачатку, у пэўнай ступені дапамагалі членам КІІЗБ пазбягаць сектанцтва і дагматызму ў поглядах на іншыя дэмакратычныя рухі і партыі. Сярод найбольш таленавітых былі Максім Танк, Валянцін Таўлай, Міхась Васілёк, Гальяш Леўчык, Леапольд Родзевіч, Макар Краўцоў, Алесь Салагуб, Піліп Пестрак, Міхась Машара, Хведар Ілляшэвіч, Мікола Засім, Анатоль Іверс, Сяргей Новік-Пяюн і інш.
    ГІартыйная ангажаванасць часам звужала кругагляд гэтых паэтаў, а мастацкасць здавалася несумяшчальнай з грамадзянскасцю. Змагарная натура найяскравей выяўлялася ў патрыятычнай лірыцы і няўпэўнена адчувала сябе ў інтымных вершах і пейзажнай лірыцы (напрыклад, у давераснёўскай паэзіі Максіма Танка вершы любоўнага зместу амаль адсутнічаюць). Галоўнае, лічылі згаданыя паэты, гэта ідэйнасць, адданасць сябрам па падполлі, пафас змагання, паэтызацыя волі, сцвярджэнне этычнага кодэксу рэвалюцыянера, асуджэнне «адступніцтва», а таксама «мастацтва дзеля мастацтва». Свае ідэі і погляды паэты рэвалюцыйнага гарту выказвалі на старонках часопісаў «Маланка», «Родныя гоні», «Студэнцкая думка», «Маладое жыццё», альманаха «Беларуская культура», газет «Грамадзянін», «Беларускае жыццё», «Беларускі звон», «Наша будучыня», «Наіпа думка», «Незалежная думка», «Народная справа», «Наша праўда», штотыднёвіка «Бацькаўшчына», сатырычнага часопіса «Асва».
    Асобнае месца ў літаратуры Заходняй Беларусі займае нацыянальна-дэмакратычная плынь: Наталля Арсеннева, Антон Луцкевіч, Ігнат Канчэўскі, Уладзімір Самойла, Францішак Аляхновіч, Станіслаў Станкевіч і інш. Да рэлігійнай плыні належалі Казімір Сваяк, Адам Станкевіч, Станіслаў Грынкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі. Хрысціянскія дэмакраты («хадэкі») выдавалі «тоўсты» часопіс «Калосьсе». Да мары аб незалежнай Беларусі яны ішлі іншым шляхам, адрозным ад камуністычнага: спавядалі эвалюцыю, дзейнічалі ў межах закона, абапіраліся на еўрапейскія традыцыі, спадзяваліся на асветніцтва, пашырэнне вальнадумства. 3 прыходам Саветаў шмат хто з іх быў арыштаваны і загінуў у турмах ды высылках (Антон Луцкевіч, Аляксандр Уласаў, Уладзімір Самойла, Адам Станкевіч).
    Антон Луцкевіч нарадзіўся 29 студзеня 1884 г. у Шаўлях на Ковеншчыне ў сям’і збяднелага шляхціца. Вучыўся ў Мінскай класічнай гімназіі. Паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт. Адзін са стваральнікаў Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Заснавальнік, поруч з братам Іванам Луцкевічам і Аляксандрам Уласавым, «Нашай Долі» і «Наіпай Нівы», газеты «Гоман».
    Удзельнічаў у абвяшчэнні незалежнасці БНР 25 сакавіка 1918 г., пазней працяглы час узначальваў яе ўрад. Арыштоўваўся царскімі, а затым польскімі ўладамі. У Заходняй Беларусі падтрымліваў ТБШ і, да пэўнага моманту, БСРГ. У газетах «Наперад», «Беларускі звон», «Родны край» выкрываў банапартызм Сталіна. 30 верасня 1939 г. быў арыштаваны. Памёр у турме (дакладных звестак пра час смерці няма).
    У кнізе «Нашы песняры» (1918) Антон Луцкевіч (звычайна ён публікаваўся пад псеўданімам Антон Навіна) дае трапныя характарыстыкі Янку Купалу («ідэолаг беларускага Адраджэння»), Максіму Багдановічу («пясняр чыстае красы»), Цётцы («трымае
    ў адной руцэ меч, у другой пяро»), Канстанцыі Буйло («пяснярка кахання»), У кнізе «Адбітае жыццё» (1929) ён дае свой выклад кароткай гісторыі беларускай літаратуры, складзенай з творчых партрэтаў пісьменнікаў і праблемных артыкулаў, сярод якіх «Істота літаратуры і яе грамадскае жыццё», «Эвапюцыя беларускае адраджэнскае ідэалогіі і яе адбіццё ў літаратуры», «Вільня ў беларускай літаратуры», «Бунт проці Бога». Асобнай брашурай выйшлі «Пуцяводныя ідэі беларускай літаратуры» (1921) і «Галоўныя кірункі ў беларускай паэзіі» (1933).
    Францішак Аляхновіч (1883-1944), будучы аўтар мастацка-дакументальнай кнігі «У капцюрох ГПУ», нарадзіўся ў Вільні ў сям’і музыканта. Вучыўся ў Віленскай гімназіі, Драматычнай школе ў Кракаве, Школе музычнага таварыства ў Варшаве. Вандраваў па Полыпчы з тэатральнай трупай. Паставіў, разам з Ігнатам Буйніцкім, у Вільні першы беларускі спектакль (1910).
    Дырэктар і галоўны рэдактар Беларускага тэатра ў Мінску (191920). У Вільні выдаваў газету «Беларускі звон». У 1926 г. атрымаў савецкае грамадзянства, быў арыштаваны і высланы на Салаўкі. У 1933-м яго абмянялі на Браніслава Тарашкевіча, вязня польскіх астрогаў. У 1939-м, ведаючы, штб яго чакае, паўтары гады хаваўся пад маскай жабрака ад савецкіх карнікаў. У вайну выдаваў у Вільні газету «Беларускі голас». 3 сакавіка 1944 г. забіты ў сябе на кватэры
    невядомым тэрарыстам.
    Францішак Аляхновіч напісаў 17 п’ес, сам іх ставіў і сам іграў у спектаклях. Яго п’есы надзвычай сцэнічныя: тут шмат спеваў, скокаў, прыкметны элемент меладрамы. Вясёлае карнавальнае шэсце ствараюць персанажы камедыі «На Антокалі» (1905, паст. у 1917), якая нагадвае лепшыя ўзоры класікі (Мальера, Бамаршэ, Каятана Марашэўскага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Купалы). Некалькі п’ес заснавана на народных легендах («Бутрым
    Няміра», 1916; «Базылішак», 1917; «Чорт і баба», 1918). У драмах «Страхі жыцця» (паст. у 1918) і «Цені» (1920) увага акцэнтуецца на сферы падсвядомага: аўтар не хавае свайго песімізму ў поглядзе на чалавечую прыроду. У камедыі «Пан Міністар» (1923) ствараюцца вобразы беларускіх адраджэнцаў, з сімпатыяй малююцца вобразы маладых патрыётаў і высмейваецца постаць «міністра», які, выявіўшы сябе авантурыстам і дэмагогам, дыскрэдытуе беларускую справу, самую мову (сам размаўляючы на дзікім слэнгу, правобразе «трасянкі»), У аповесці «Страшны год» (1944) узнаўляе часы «ўз’яднання» Беларусі, калі за ім палявалі савецкія энкавэдзісты.
    Казімір Сваяк (Канстанцін Стаповіч; 1890-1926) нарадзіўся ў сям’і лесніка, вучыўся ў Віленскай каталіцка-духоўнай семінарыі. Набажэнства вёў па-беларуску. Адкрыў сем беларускіх школак. Незадаволены каталіцкі клір пераводзіў яго з адной парафіі ў другую. У 1922 г. знаходзіўся пад хатнім арыштам. Казімір Сваяк аўтар зборніка вершаў «Маяліра» (1924), дзённіка «Дзея маей мыслі, сэрца і волі» (апубл. у 1932), п’ес, апавяданняў. Сваё жыццё паэт асэнсоўваў як служэн-
    не найвышэйшай ісціне, як ахвяру Богу. Паводле формы яго вершы малітвы, псальмы, дыялогі з Богам: «Я глінай мяккай у руках Тваіх, Божа... II Дух мой асобны нічога не можа». Місію духоўніка Казімір Сваяк ацэньвае як асветніцтва ў імя сваёй нацыі, духоўна адзінокай, блізкай да маральнай дэградацыі. Царкоўная лексіка ў вершах суседнічае з нашаніўскай вобразнасцю. Лірычнага героя прываблівае да сябе вобраз Ісуса Хрыста як увасабленне пакутніцкага лёсу беларусаў («На гадавіны незалежнай Беларусі», «Айчыны мілай», «Божа, зжалься»).
    Кузьма Чорны
    Кузьму Чорнага, якому давялося тварыць у БССР, крытыка 1920-х гг. называла «беларускім Дастаеўскім». Аднак, каб узысці на ідэйны і мастацкі ўзровень славутага папярэдніка, трэба быць перш за ўсё беларускім пісьменнікам. «Павінны быць створаны беларускія вышэйшыя формы беларускай культуры», тлумачыў Чорны задачу, што стаяла перад беларускімі пісьменнікамі. Празаік меў на ўвазе «беларускасць вобразаў», «беларускасць моўнага накірунку», «беларускі стыль». Чорны стаў
    стваральнікам беларускай сацыяльна-псіхалагічнай і інтэлектуальна-філасофскай прозы, паказаў шырокія карціны беларускай гісторыі XX ст., стварыў каларытныя чалавечыя характары, выявіў невычэрпныя вобразныя магчымасці беларускай мовы.