У творы з першых старонак прыцягвае ўвагу адзін з галоўных яго герояў Вошчаў, які шмат чым нагадвае герояў іншых твораў Платонава. Ён з тых, хто любіць сваю працу, але яшчэ больш любіць сваю мару пра надыход царства ісціны. Ледзь не на кожнай старонцы ў той ці іншай форме выяўляецца яго «задумлівасць», якую асуджаюць іншыя героі. Сам Вошчаў, не знаходзячы адказу на пытанні, звяртаецца да жывой прыроды, да дзяцей, бо яны яшчэ не сапсаваны дарослай хлуснёю: «на паветры лепш зразумець сваю будучыню»; «маці і бацька не адчуваюць сэнсу жыцця і раззлаваны, а дзіця жыве без дакораў... Вошчаў рашыў расказаць кемліваму дзіцяці таямніцу жыцця»... I яшчэ адна чалавечая істота ў рамане не застаецца абыякавай да ўсяго, што адбываецца ў свеце. Гэта сірата Насця, якую будаўнікі «катлавана» прынялі ў калектыў, бо дзеці будучыня краіны. Многае з таго, што яна бачыць і чуе вакол сябе, насцярожвае гераіню, і яна пачынае тужыць па матчынай ласцы. Насця ўжо не верыць у рэальную магчымасць здзяйснення задуманай дарослымі справы. Нечаканая яе хвароба не столькі фізічная, колькі духоўная. Землякоп Чыклін, каму Насця давярала, пахаваў яе ў магіле, «куды не змог пранікнуць ні чарвяк, ні корань расліны, ні цяпло, ні холад і каб дзіця ніколі не непакоіў шум жыцця з паверхні зямлі». Сярод шматлікіх апавяданняў Андрэя Платонава, што сталі класікай, выключнае месца займае апавяданне «Фро» (1936). Фрося Яўстаф’ева перапоўнена адным пачуццём кахання да свайго любага, інжынера-электрыка Фёдара, які паехаў на Далёкі Усход і часам дасылаў кароткія тэлеграмы. Фрося любіць сустракаць цягнікі на станцыі, але, у адрозненне ад захаплення чыгункай і цягнікамі свайго бацькі, які і на пенсіі чакаў, калі яго паклічуць на дапамогу, таму спаў не распранаючыся, яна чакае прыезду мужа. Сяброўкі клічуць яе ў кіно, на танцы, знаёмыя мужчыны прапануюць выйсці замуж, але Фрося адмаўляецца: «Я па мужу буду сумаваць». Яна спяшае дамоў і вывучае дзіцячы фотаздымак свайго Фёдара. Ахвотна сузірае вечарамі «нябесную шчаслівую прастору», слухае «кволыя галасы нейкіх нікчэмных пташак, якія спявалі апошнія, начныя песні», «вартаўнікоў цемры, конікаў, што выдавалі свае кароткія мірныя гукі»... На пытанні выпадковага кавалера, як яе завуць, адказвала: «Фро!» А на яго здзіўленне: «Фро?.. Вы не руская? Ваш бацька рускі: Яўстаф’еў!» адказвала: «Не важна. Мяне завуць Фро!» Нейкі час Фрося пераймала захапленне мужа тэхнічнай навукай, і ёй здавалася, што мёртвыя прадметы ажываюць: яе муж «адчуваў велічыню напружання электрычнага току як асабістую страсць». Начамі яна часта тужыла, што «яна толькі жанчына і не можа адчуваць сябе мікрафарадай, паравозам, электрычнасцю, а Фёдар можа». Аднойчы Фрося паслала тэлеграму ад імя бацькі: «Выязджай першым цягніком твая жонка дачка Фрося памірае пры смерці ўскладненне дыхальных шляхоў бацька Няфёд Яўстаф’еў». Муж хутка прыехаў, хоць недзе напаўдарозе зразумеў, што гэта не так, бо добра ведаў сваю каханую. «Нагаварыўшыся, яны абдымаліся яны хацелі быць шчаслівымі неадкладна... Фрося хацела, каб у яе нарадзіліся дзеці, яна будзе іх выхоўваць, яны падрастуць і даробяць справу свайго бацькі...» Эгаізм кахання, як і любога пачуцця, лічыць аўтар апавядання, светлы, рамантычны, прывабны, і чулая Фро сваім жаночым інстынктам адчувае гэта: «Бывай, Фёдар! Ты вернешся да мяне, і я цябе дачакаюся!» Песні Уладзіміра Высоцкага (1938-1980). У пасляваенны час першапачатковае ўмацаванне неабмежаванай улады сталінскай клікі ў СССР рабіла практычна немагчымым любому творцу, які наважыўся хоць бы асцярожна пакрытыкаваць ці паставіць пад сумнеў існуючыя парадкі, не толькі апублікаваць свае творы на радзіме, але і папросту застацца сярод жывых ці, прынамсі, на свабодзе. Сітуацыя змянілася пасля 1956 года, калі новы савецкі правадыр Мікіта Хрушчоў узначаліў тую частку савецкіх уладатрымальнікаў, што хацела паквітацца са Сталіным і радыкальным сталінізмам найперш за той страх перад уласным фізічным знішчэннем, які гэтыя людзі перажывалі на працягу доўгіх гадоў. Гэты працэс спрыяў з’яўленню яркіх асоб у літаратуры і мастацтве, сярод якіх сваё месца заняў актор маскоўскіх тэатраў, паэт-бард Уладзімір Высоцкі. Яго продкі па бацькавай лініі паходзілі з беларускай Берасцейшчыны і на працягу доўгага часу жылі ў Маскве, у Мяшчанскай слабадзе. Бацька Сямён Уладзіміравіч ваяваў на франтах Другой сусветнай вайны, а пасля вайны служыў у групе савецкіх войскаў ва Усходняй Германіі, куды забраў і свайго малога сына. Пасля заканчэння школы Уладзімір Высоцкі атрымаў акторскую адукацыю, але галоўнай справай яго жыцця робяцца неафіцыйныя канцэртныя выступленні, падчас якіх ён пад гітару спявае ўласныя паэтычныя тэксты. Ён дэбютаваў у пачатку 1960-х гг. з так званымі «блатнымі» песнямі, што набылі велізарную папулярнасць у краіне, вялікая частка тагачаснага жыхарства якой паспела на ўласнай скуры паспытаць сталінскай няволі. Вядома, не трэба пераацэньваць ступені сур’ёзнасці, з якой паэт увасабляў свет хуліганаў і крымінальнікаў: сначуванне гэтым героям звычайна перапляталася з іранічным да яго стаўленнем. У другой палове шасцідзясятых паэтычны «тэатр аднаго актора» Высоцкага істотна пашырыўся: лірычнымі героямі яго песень зрабіліся геолагі, альпіністы, падводнікі, міліцыянеры, асаблівае месца занялі вобразы байцоў апошняй вайны... Адначасова паэзія Высоцкага эвалюцыянуе ў бок філасофскай, у цэнтры якой пакуты творчай асобы ад несвабоды, што пануе ў яго краіне: Рвуся з скуры, з усіх сухажылін, Каб праскочыць, паспець да пары! Атачылі мяне! Акружылі! Гоняць весела на нумары! Там з-за елак гучаць дубальтоўкі. Паляўнічы хаваецца ў цень. Там ваўкі снегам крохкім і коўзкім Скачуць, быццам жывая мішэнь... Там паляванне на ваўкоў! Там паляванне! Ату драпежнікаў, старых і шчанюкоў! Крычаць загоншчыкі, шалеюць псы ў браханні! На снезе кроў і плямы яркія сцяжкоў... (3 верша «Паляванне на ваўкоў», 1968; пераклад Міхася Булавацкага.) Гэтыя радкі былі водгукам на спробы цкавання асобы Высоцкага ў савецкай прэсе. У 1970-я гады паэт шмат раздумвае над лёсам краіны перыяду «брэжнеўскіх літаўраў», як, напрыклад, у вершы «Па крузе» (1972): Масты згарэлі, паглыбелі броды. I цесна між галоў і жыватоў. Паперакрыты выхады-ўваходы, I шлях адзін туды, куды натоўп. Па двое, як запрэжаныя коні, Што ўжо не хочуць хамутоў скідаць, Натоўп ідзе па кругавым загоне, Вялікі круг, і мэты не відаць. Цячэ, пад дождж патрапіла палітра. Гук патанае, як ні заклікай. Няма ні пахаў, колераў, ні рытмаў I кісларод з паветра пазнікаў. Чыё вар’яцтва ці чыё натхненне Кругавярчэнне тое перарве? А можа, гэта вечнае імкненне? Той самы шлях наперад з веку ў век?.. (Пераклад Міхася Булавацкага.) Трагічны лёс асобы паэта (у выніку злоўжывання алкаголем і наркотыкамі) толькі падкрэсліваў яго няздольнасць да канца прыстасавацца да задушлівай атмасферы «краіны развітога сацыялізму»... 3 выняткам некалькіх вершаў, апублікаваных у калектыўных зборніках, пры жыцці паэта яго творы афіцыйна ў СССР не публікаваліся. Г эта, аднак, з лішкам кампенсавалася тым, што падчас соцень канцэртаў яго песні запісваліся прысутнымі на іх гледачамі на магнітафонныя стужкі, а пазней шматкроць перапісваліся і масава распаўсюджваліся. 3 Беларуссю асобу Уладзіміра Высоцкага звязвала не толькі бацькава паходжанне: сярод тых, з кім яго звязвалі сяброўскія адносіны яшчэ ў 60-х гадах, былі пісьменнік Алесь Адамовіч, кінарэжысёр Віктар Тураў, у якога Высоцкі здымаўся на «Беларусьфільме» (фільмы «Я родам з дзяцінства», «Вайна пад стрэхамі»), запісваў свае песні. На беларускую мову вершы Высоцкага пераклалі Рыгор Барадулін, Міхась Булавацкі, Георгі Ліхтаровіч, Георгі Станкевіч і інш. Эмігранцкая літаратура Літаратура замежжа з’яўляецца неад’емнай часткай сучаснага беларускага як, да прыкладу, і расійскага ці польскага літаратурнага працэсу. Эміграцыя ўнесла свой каштоўны ўклад у разуменне духоўнай праблематыкі постсавецкіх краін і дапамагла вызваленню ад клішэ камуністычнай эпохі. Погляд «з другога берагу», зразумелая дыстанцыя ў дачыненні да падзей падаравалі эмігрантам магчымасць шмат што ўбачыць вачыма грамадзян свабоднага свету, шмат што пераасэнсаваць і яшчэ раз пераканацца ў магутнасці агульнага памкнення да волі і незалежнасці. Гісторыя эміграцыі і яе вяртання на Радзіму налічвае некалькі дзесяцігоддзяў ростані, пакутаў, настальгіі. Першы масавы ад’езд за межы Беларусі назіраўся ў пачатку XX ст. Матывы былі пераважна эканамічныя: «Не рассталіся б мы з нашым краем, // Каб было дзеля нас у ім хлеба», ад імя беларусаў тлумачыў у «Эмігранцкай песні» (1914) Максім Багдановіч. Тое ж імкненне выжыць ляжала ў аснове рашэння тысяч заходніх беларусаў у міжваенныя дзесяцігоддзі пакінуць родныя мясціны. «У Аргенціну плыў жывы тавар... II Хлеба, хлеба зарабіць кавалак», так апісваў гэту з’яву ў вершы «Ціха ў порце» (1935) Максім Танк. Хваля «эканамічнай эміграцыі» была ў цэлым абыякавай да нацыянальнай ідэі і не здолела вылучыць са свайго асяродку таленавітых пісьменнікаў. Пакаленні беларускіх эмігрантаў, якія пакідалі родны край пасля бальшавіцкай рэвалюцыі і Другой сусветнай вайны, мелі на ўвазе палітычныя матывы. Шмат хто выбраў развітанне з Радзімай, бо на ўласным горкім досведзе спазнаў, што такое сталінізм і як ён ставіцца да «нацдэмаў». Менавіта з гэтага асяроддзя «свядомых беларусаў» выйшла магутная кагорта таленавітых літаратараў, сярод якіх былі Вацлаў Ластоўскі, Наталля Арсеннева, Юрка Віцьбіч, Хведар Ілляшэвіч, Антон Адамовіч, Уладзімір Глыбінны, Лявон Крывічанін, Мікола Цэлеш, Уладзімір Дудзіцкі, Алесь Змагар, Янка Золак, Рыгор Крушына, Міхась Кавыль, Тодар Лебяда, Уладзімір Клішэвіч, Алесь Салавей, Масей Сяднёў, Кастусь Акула, Аўген Калубовіч, Янка Юхнавец і інш. «...Літаратура беларускага замежжа, пісаў Сяднёў, гэта, можа, адрозная, але адзіная плынь агульнай беларускай літаратуры, і яе, эмігранцкую літаратуру, трэба й разглядаць толькі ў гэтым кантэксце. Ейныя творцы жылі ў тарычэліевай, калі можна так сказаць, пусціні, у ізаляваным становіпічы, ім не хапала свайго паветра, свае атмасферы, гукаў, колераў, паху сваёй зямлі. I хоць тут поўная свабода творчасці, аднак тая творчасць здабытак таго народу, якому яна прысвечаная... Паэт-эмігрант тварыў для сябе, спавядаўся перад самім сабою, шаптаў свае вершы, як малітвы, жыў надзеяй, што гэтыя малітвы некалі будуць пачутыя, успрыня гыя...»