• Газеты, часопісы і г.д.
  • Словы ў часе і прасторы Літаратура апошняга стагоддзя

    Словы ў часе і прасторы

    Літаратура апошняга стагоддзя

    Выдавец: Зміцер Колас
    Памер: 394с.
    Мінск 2015
    118.23 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    страта. Астатнія героі жывуць у прасторы рамана так, нібы ім наканаваная сама вечнасць. Што праўда, у фрагментах фіналу пятага рамана апісваецца вяртанне Васіля Дзятла на папялішча роднай вёскі Курані, спаленай карнікамі разам з жыхарамі. Смерць і ў гэтым выпадку асэнсоўваецца як падзея калектыўнага значэння, калі гіне цэлы род. Мележ верны сваёй асаблівай цікавасці да глыбінных пластоў народнай свядомасці, далучэнне да якіх успрымаецца яго героямі як своеасаблівы абрад ініцыяцыі, далучэння асобы да родавай большасці. Падкрэслена побытавае апавяданне «пра звычайнае жыццё звычайных людзей» пад рукой майстра перарастае ў гімн народу-творцу, захавальніку беларускага духу.
    У творы пануюць стыхія народнай песеннасці і атмасфера міфалагічных уяўленняў. Яго героі на вачах уражанага чытача ствараюць міф пра сябе, увасабляюць яго ў прыказках і прымаўках, анекдотах і легендах, у самім гучанні ўсходнепалескага дыялекту. Яны пільна ўзіраюцца, услухоўваюцца ў навакольны свет, шукаючы знакаў таямнічага лёсу. Лёсавызначальнай падзеяй здаецца закаханым Васілю і Ганне тое, што ў час спаткання паміж імі прапаўзла гадзюка. У песні спяваецца пра мілага, што «паехаў у Адэсу», і ўжо блізкае мястэчка Хойнікі, куды павезлі «мілага», здаюцца дзяўчыне такім жа далёкім, як Адэса, а словы «няма яго і не будзе» і наогул успрымаюцца як судовы вырак. А нядобрых знакаў і пачварных сноў усё больш з кожнай падзеяй у вёсцы, якая шпарка ўцягваецца ў вір калектывізацыі. У жыцці чалавека занадта шмат складанага і супярэчлівага, каб не трымацца звыклых уяўленняў, старых традыцый, правераных векавой практыкай ісцін. Любы парушальнік заведзеных адвеку звычак рызыкуе быць асуджаным і адкінутым людской пагалоскай, бо яго паводзіны пагражаюць існаванню грамады, замахваюцца на самае святое. Прычым мужчыну даруецца больш, чым жанчыне. Самі жанчыны і з’яўляюцца захавальніцамі мясцовых традыцый і галоўнымі знаўцамі законаў сужыцця.
    Агульнае ўяўленне пра палешукоў выказваецца ў словах «ціхія, дзікія, у палоне забабонаў». Мележ удакладняе: сярод палешукоў, не толькі «за Гомелем», трапляюцца выдатныя майстры, «балотныя» мудрацы, свае прарокі, лекары, казачнікі, лірнікі, «філосафы
    на хутары», «паэты ў душы». Адрозніваюцца жыхары адной вёскі, тым больш адрозніваюцца жыхары балота і лесу, рэчкі і поля. Так званая аднароднасць рэгіёна на справе паварочваецца небывалай шматстайнасцю лёсаў. Палешукі (балацяне, лесавікі, палевікі) гордыя людзі у шмат кім «век жыло перакананне, што яны вышэй за іншых, што ў іх і «законы» і парадкі лепшыя, і яны самі «разумнейшыя». У кожнага ад фанабэрыстага Яўхіма Глушака да ціхманага Чарнушкі, ад упартага працаўніка Васіля Дзятла да вальналюбнай красуні Ганны Чарнушкі сваё ўяўленне аб гонары і годнасці: «Дзе-дзе, а ў іх старане, дык аж лішне гэтага пераканання ў сваёй дасканаласці. Дзе-дзе, а тут лішне ўжо любілі іншыя пахваліцца, пакрасавацца, паказаць сваю хітрасць, свой розум». Гэтая ўнікальнасць паляшуцкай натуры мае вынікам і негатыўнае і пазітыўнае: недавер да навізны, падазронасць, дробязныя хітрыкі, неразумная ўпартасць парадаксальна спалучаюцца з цярплівасцю, самавітасцю, настойлівасцю, цвёрдай воляй...
    Адчуванне сваёй годнасці ў палешукоў сфармавалася ў выніку жыцця наводдаль ад цывілізацыі, у змаганні з суровай прыродай, у якім разлічваць можна толькі на самога сябе. Мінулае жыхароў «балотнай рэспублікі», «Куранёўскай акругі» налічвае шмат стагоддзяў існавання на ўлонні некранутай прыроды. Чалавек яшчэ не нарадзіўся, а яго ўжо чакае распісаная да драбніц праграма паводзін. Вось адкуль у тэксце словы і словазлучэнні: «век», «звычай», «як заўсёды», «тысячы год назад», нават «сто тысяч год таму», «як вялося адвеку». Клопат пра гаспадарку вялікі ўладар куранёўскіх дум, які паўнаўладна распараджаецца часам, дыктуе манеру паводзін, падказвае словы, рашэнні. Досвед і веды палешукоў у адвечнай мудрасці: «калі расце лебяда, дык гэта не бяда, а калі расце званец, дык хлебу канец», «добрую траву людзі сеюць, а дрэнная сама расце», «бедная зямелька лепей за багатага мужыка», «зямля талерка: што пакладзеш, тое і возьмеш», «паміраць збірайся, а жыта сей», «хто сее, той і збірае».
    Менавіта гэтая адвечная мудрасць падказвае Васілю Дзятлу стыль паводзінаў у момант сумненняў: «як людзі», «па-людску», «як усе», «ён ужо не хлапчук які, а гаспадар». Гатовыя стандарты
    і формулы становяцца яго «філасофіяй жыцця»: «усе церпяць, цярпі і ты», «зямля гэта зямля, не дым, не сорам рэжучы яе, усё роўна, што рэжуць сэрца», «жыццё не вясёлае, бесклапотнае свята, а найбольш доўгі і клапотны будзень», «уся сіла у зямлі», «няма зямлі няма, лічы, і чалавека», «гаспадарка ето гаспадарка, аснова. Е аснова і ты е». Гэтая ж мужыцкая мудрасць падказвае герою, як быць у сітуацыі, калі трэба рабіць выбар паміж сям’ёй і каханнем: «жыць, як людзі», «трэба нечым паступацца», «пра дзело думаць трэба». Васіль прыкуты да зямлі, як Праметэй да скалы. Зямля, Радзіма апошняя пядзя, якой ён нікому не саступіць: «Кажны прыходзіць, кажны камандуе, каму ахвота! Кажны уласць над табой!» Лепшае і горшае, светлае і змрочнае дзіўна пераблыталіся ў яго натуры: сарамяжлівасць трансфармуецца ў ганарыстасць, мяккасць у цвёрдасць, пакора у бунт. «Моцны арашок!» ці то з захапленнем, ці то з асуджэннем заўважае і ацэньвае Васіля Дзятла дасведчаны і мудры Апейка.
    Нават свавольная, незалежная і рашучая Ганна Чарнушка асоба, чалавек новай эпохі, для якога свабода даражэйшая за ўсё, урэшце падпарадкоўваецца «бацькавай волі»; «сцерпіцца злюбіцца», «не любоўю ў сям’і сходзяцца, любоў уцеха не бядняцкая, не жаноцкая», «краса дзявочая не бровы, не вочы, а рукі, умельства ў працы», «не дзеўка чалавека сабе выбірае, а чалавек яе», «воля бацькі для дзеўкі божая воля», «так было са ўсімі, так будзе і з ёй», «так было заведзена, так рабілі ўсе». Праўда, яе замірэнне з уласным становішчам часовае, вымушанае. Ганна цярпліва чакае, калі яе нарачоны зразумее, што адбываецца. Дадзены ёю «карт-бланш» не выкарыстаў ніводзін з яе абраннікаў: ні Васіль, ні Яўхім, ні Башлыкоў. Ганна бунтуе супраць ананімнай «жаночай долі», звыклага правіла «на раду напісана» і ў сваім бунце нагадвае антычных гераінь. Яна гераічная натура, якая ўступіла ў бой з самім наканаваннем.
    Аддаючы належнае «вечнаму», куранёўцы, аднак, жывуць у сваім часе: трапечуцца, мітусяцца, хвалююцца, прастарэкуюць у грамадзе на ўсе тэмы, мяшаючы вялікае і дробязнае, сумнае і вясёлае. А з часам, які, вядома, не выбіраюць, куранёўцам моцна не
    пашанцавала: не паспелі разжыцца на ўласнай зямлі, адчуць подых адноснай свабоды, як ужо давялося падпарадкоўвацца чужой волісваволі. Гэтае трапятанне, у якім усё адразу, і надзея, і недавер, прага зменаў і страх перад новым, увасоблена ў паводзінах шмат каго. Вясёла-з’едлівыя рыфмаваныя рэплікі-досціпы Сарокі свайго роду абарона сваёй незалежнасці і ўразлівасці. Яна ўжо на сваім горкім досведзе спасцігла, што гатовыя фальклорныя формулы не маюць належнага эфекту, і сама, таленавіты стылізатар, прыдумляе на хаду прыказкі. Яўхім, першы хлопец на вёсцы, моцная, дзейная натура, бярэ сваё дзе нахабствам, дзе сілаю, вастрэй, чым хто ў Куранях, адчуваючы нутром, што яго лепшая пара мінулася. Шматдзетны Зайчык «ненармальна» блазнуе-весяліцца, тугадум НібытоІгнат «ненармальна» злуе-пагражае, вясковы «палітык» Андрэй Руды сыпле газетнымі штампамі, захінаючыся імі, як шчытом, ад градабою «навамоўя», Хоня жартуе і тады, калі хочацца плакаць...
    Усе героі «Палескай хронікі», паасобку і разам, удзельнічаюць кожны на свой лад, у жыццебудаўніцтве. У гэтым сэнсе яны не меншыя дзяржаўныя і нацыянальныя дзеячы, чым старшыня райвыканкама Апейка, альбо кіраўнік раёна Башлыкоў, альбо «ўсебеларускі стараста» Чарвякоў. Адкрыццём Івана Мележа з’яўляецца думка: чым больш у чалавеку чалавечага, тым большая яго ўдзельная вага ў гістарычным працэсе.
    Вячаслаў Адамчык (1933-2001). Беларуская літаратура, пачынаючы ад Коласавай «Новай зямлі», «Камароўскай хронікі» Гарэцкага, «Зямлі» Кузьмы Чорнага, «Палескай хронікі» Мележа, цягам усяго XX ст. развітвалася з традыцыйнай сялянскай цывілізацыяй. Янка Купала на пераломе 1929-30 гг. яшчэ сумняваўся: «Як сон маркотны, нежаданы, Ц Сыходзіш, вёска, з яснай явы...» У Вячаслава Адамчыка сумневаў на гэты конт ужо не заставалася. Ён быў адным
    з апошніх прадстаўнікоў класічнага перыяду еўрапейскай культуры і літаратуры, калі дамінавалі ідэя лінейнай эвалюцыі гісторыі і аптымістычная вера ў прагрэс.
    Вячаслаў Адамчык нарадзіўся ў вёсцы Варакомшчына на Наваградчыне ў сялянскай сям’і. У час вайны хадзіў у беларускую школу ў суседнюю вёску Наваельня. Пасля вайны скончыў сямігодку, працаваў, вучыўся на журфаку БДУ. На чацвёртым курсе быў выключаны з універсітэта за тое, што паслаў сваё апавяданне ў беластоцкую газету «Ніва» («не толькі падпіска, а нават чытанне яе лічылася вялікім палітычным грахом і шкодніцтвам»), Урэшце ён закончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце ў Маскве. Працаваў у рэдакцыях розных выданняў, але шмат часу аддаваў творчай працы. У 1980 г. атрымаў Літаратурнай прэмію імя I. Мележа, у 1988 г. стаў лаўрэатам Дзяржаўнай нрэміі БССР імя Якуба Коласа.
    Будучы пісьменнік выхоўваўся ў атмасферы народнай культуры, роднай мовы. Пісаць вучыўся ў класікаў. Настаўнік Лаўрын Царык, герой яго тэтралогіі, прызнаецца паэту-пачаткоўцу Міцю Корсаку («гэта ў нейкай долі я сам»): «Дастаеўскага чытаю... «Маладзік». Повесць, браце, аж дух займае. Во дзе чалавек умеў пісаць... Без яго, як без Бібліі, душу чалавечую не ведацьмеш». Кола чытання ў празаіка надзвычай шырокае аб гэтым шмат згадак у яго «Дзённіку»: «... узяў кніжку Даніэля Галеві “Жыццё Фрыдрыха Ніцшэ”...»; «Каторы ўжо дзень з алоўкам у руцэ чытаю дзённікі Льва Талстога...»; «Чытаю Марселя Пруста “У пошуках страчанага часу”...».
    Навакольны свет празаік бачыць прадметна-рэчыўна, ва ўсіх непаўторных падрабязнасцях, адценнях, зменах. Маецца на ўвазе надзвычайнае згушчэнне вобразнасці, павышаная канцэнтрацыя мастацкасці ў кожным слове і кожнай фразе. Энергетыка слова ў творах Адамчыка такая, што чытач не толькі бачыць і ўяўляе апісанае, але і адчувае водар асенняга саду, пахі ранняй вясны. Выдатнага майстра слова хвалюе адвечнае пытанне, на якое адказу няма і не можа быць: «Няўжо гэтае хараство было да цябе, пры табе і пасля цябе будзе? Ці, можа, яно ў табе адным ці для цябе аднаго?» Усё той жа сасновы лясок на даляглядзе, адно і тое самае поле