дра Салжаніцына паказваюцца вачыма апавядальніка-інтэлігента, які вяртаецца з высылкі і, прагнучы «згубіцца ў самай нутраной Расіі калі такая дзе-небудзь была, жыла», з волі выпадку робіцца ўдзельнікам падзей. Ён адзіны з усіх здолеў убачыць у вобразе сялянкі Матруны самотнай жанчыны, якая страціла блізкіх, аддала дзяржаве сваё здароўе, а ўрэшце і жыццё, і нічога не мела ўзамен, таго шуканага «праведніка», без якога не стаіць ні сяло, «ні горад, ні ўся наша зямля». Першапачатковая аўтарская назва твора, «Не стаіць сяло без праведніка», гучала шматзначна, сапраўды па-прапаведніцку, па-салжаніцынску, у адрозненне ад нейтральнай рэдактарскай «Матрунін двор». Галоўнае, што прываблівае ў вобразе Матруны, гэта яе прастата, непасрэднасць, дабрата, самаахвярнасць, здольнасць прыйсці на дапамогу бліжняму. Яна несправядліва пакрыўджаная бязлітаснай уладаю: «Была хворая, але не лічылася інвалідам; яна чвэрць веку рабіла ў калгасе, але таму што не на заводзе не належала ёй атрымліваць пенсію, а дамагацца можна было толькі за мужа, інакш кажучы, за страту кармільца...» А муж яе ў вайну згінуў без вестак, і Матруна не магла патрабаваць ад улады якой-небудзь дапамогі. Аўтар-апавядальнік не толькі не прымае навакольнага акружэння, «натоўпу», які і прыблізнага ўяўлення не мае аб праведнасці Матруны, але і асуджае яго, ствараючы калектыўны сатырычны партрэт. Сквапнасць землякоў загубіла Матруну. Спяваючы «Вечную памяць», аднавяскоўцы, будучы на добрым падпітку, блытаюць словы, у якія ўкладзены глыбокі сакральны сэнс: замест «Достойно есть» спяваюць «Достойная есть». Сама царкоўная служба малюецца пры дапамозе зніжана-здзеклівай лексікі. Жорсткая («талстоўская») праўда, выказаная ў апавяданні Аляксандра Салжаніцына, стала своеасаблівым «камертонам» для ўсёй расійскай вясковай прозы 1960-х 80-х гг. Трагічны лёс расійскай вёскі, поруч з паказам чалавека на вайне, стаў аб’ектам сумнага роздуму найлепшых расійскіх празаікаў у «эпоху застою». Вобраз расійскага селяніна, у якім своеасабліва спалучаюцца супярэчлівыя рысы нацыянальнага характару, стварыў у аповесці «Звыклая справа» (1966) Васіль Бялоў (1932-2012), народжаны на Валагодчыне ў сялянскай сям’і, аўтар шэрагу кніг прозы. У вобразе Івана Афрыканавіча Дрынава можна ўбачыць нешта агульнае з вобразам шолахаўскага дзеда Шчукара, легкадумнага блазна; талстоўскага Платона Каратаева, носьбіта філасофіі «непраціўлення ліху гвалтам»; Васіля Цёркіна, героя аднайменнай паэмы Аляксандра Твардоўскага, жыццялюбнага салдата, які з поля бітвы во- ляю аўтара перанёсся ў безвыходнасць калгаснага жыцця. У традыцыйнай, рэалістычнай, канвенцыйнай манеры пісьма Бялоў знаходзіць свой арыгінальны пункт погляду на вёску, дакладней, на тое, што ад яе засталося пасля жахлівых сацыяльных землятрусаў і эксперыментаў. Празаік дае слова сваім героям: Івану Афрыканавічу, тыповаму няўдаліцы-аўтсайдару, бесталковаму, малаініцыятыўнаму, інфантыльнаму, лішне праставатаму; яго жонцы Кацярыне, жанчыне-пакутніцы, цярплівай працаўніцы, сумленнасць якой няшчадна эксплуатуе таталітарная ўлада, маці вялікай абяздоленай сялянскай сям’і. Якая б бяда ні надарылася, што б ні адбылося, а ў Дрынава на вуснах заўсёды адна прымаўка: «Звыклая справа!» Гэтая прымаўка ацэньваецца як своеасаблівае філасофскае апраўданне бяздзейнасці, абыякавасці, расчараванасці чалавека, назаўсёды выбітага з каляіны бедамі і няшчасцямі, якія здарыліся на яго вяку з ім самім, з яго блізкімі, з усім народам. Знябожанасць Івана Афрыканавіча, яго недалужнасць, абыякавасць, як і адухоўленасць Кацярыны, яе актыўнасць і душэўнасць, ва ўмовах нівелявання і падаўлення чалавечай асобы ўспрымаюцца як раўналежныя з’явы бязрадаснага і бесперспектыўнага «вяртання на кругі свае», жыцця «з надзеяй без надзеі». Блізкі да Васіля Бялова ў сваіх поглядах на трагедыю расійскай вёскі Валянцін Распуцін (1937-2015; родам з пасёлка Вусць-Узда Іркуцкай вобласці). Вобразы распуцінскіх старых жанчын, носьбітаў векавечнай сялянскай мудрасці і хрысціянскай маралі, запамінаюцца неардынарным позіркам гэтых персанажаў на жыццё і сваім загадкавым унутраным светам. Аповесць Валянціна Распуціна «Развітанне з Мацёрай» (1976) паводле сваёй драматычнай танальнасці ды стылявой настраёвасці блізкая да тво- раў ваеннай тэматыкі. У аснову яе сюжэта пакладзеная трагедыя роднай вёскі празаіка, затопленай у часы пабудовы Брацкай ГЭС. Рэальныя падзеі сучаснасці ў аповесці «Развітанне з Мацёрай» узнятыя Распуціным да ўзроўню вобразнай сімволікі. Затапленне адной вёскі аўтар бачыць у магчымай перспектыве новага сусветнага патопу. Алесь Адамовіч у кнізе «Вайна і вёска ў сучаснай літаратуры» пісаў, што аповесць Валянціна Распуціна гэта «ўсенароднае наша развітанне з сялянскай Атлантыдай, якая паступова хаваецца (ва ўсім свеце, а не толькі ў нас) у хвалях энтээраўскага веку...» Такое маштабнае бачанне падзей натуральна выяўляецца ў непасрэднай міфалагізацыі і насычанасці прыпавесцевымі элементамі (магутны «царскі лісцвень», «падпальшчыкі», Мацёра, містычны гаспадар вострава, юродзівы Багадул, Ноеў каўчэг). Аповесць Валянціна Распуціна «Пажар» (1985) разгортвае гэтую метафару глабальнай трагедыі «аграрнай цывілізацыі» ў постіндустрыяльную, інфармацыйную эпоху, пагібелі шматпакутнай зямлі з віны людзей без сумлення, якіх пісьменнік ахрысціў з’едлівым і дакладным словам «архараўцы». Расійскі чалавек, народны характар у яго сучасным варыянце заўсёды цікавіў такога выдатнага празаіка, як Віктар Астаф’еў (1924-2001; нарадзіўся ў вёсцы Аўсянка Краснаярскага краю). У манеры пісьма Астаф’ева аб’ектыўнае выкладанне сюжэта спалучаецца з жанравымі сцэнамі, дзе гучыць сакавіты народны гу- мар, з самотнымі згадкамі самога аўтара пра мінулае, з лірычнымі адступленнямі і філасофскімі развагамі пра жыццё. У гэтым празаік працягвае слаўную традыцыю класічнага расійскага апавядання, якая досыць рэдка сустракаецца ў сучаснай здрабнелай расійскай літаратуры. Аповесць «Цар-рыба» (1976) з шэрагу астаф’еўскіх твораў, у якіх выяўленая жыццёвая патрэба пісьменніка ў тым, каб выказацца па самых набалелых праблемах. У апавядальнай інтанацыі гучыць боль чалавека, які шмат што зведаў на сваім вяку, перажыў, перадумаў; у яго шматведанні багата горычы. Галоўны герой аповесці Зіновій Ігнатавіч сапраўдны сібірак, які ведае цану ўзаемадапамогі, гаспадар, акуратны, працавіты, грунтоўны, разважлівы, самавіты. Ён выдатна ведае норавы рыбы, удачлівы і вынаходлівы. Жыхары пасёлка Чуш цэняць гэты яго дар, разумеюць, што ён у яго ад Бога, а таму і не зайздросцяць. Зайздросціць жа яму родны малодшы брат, які носіць мянушку Камандор. Ігнатавічу пашанцавала: ён падчапіў якарам самалоў, на які патрапіў вялікі і ўжо стомлены асяцёр, сапраўдная цар-рыба, авеяная мясцовымі легендамі, такая трапляецца на кручок раз у жыцці. У спаборніцтва, якое нагадвае сюжэт хемінгуэеўскага «Старога і мора», уступілі чалавек і рыба, цар прыроды і цар ракі. Рыбак пасля магутнага ўдару рыбіны аб лодку апынуўся ў ледзяной вадзе. Абое слабелі, сцякалі крывёю так неспадзявана перакрыжаваліся іх лёсы. Да самаловаў набліжаўся на маторцы Камандор, і ў гэты міг цар-рыба ачнулася і, парваўшы сваё цела ўклочча, вызвалілася ад кручкоў. Узрушаны ўбачаным і перажытым Ігнатавіч адчуў, як лёгка яму стала на душы, калі ён зразумеў прагу жывой істоты да волі і сам вызваліўся ад спажывецкіх адносін да прыроды: «Ідзі, рыба, ідзі! Пажыві колькі зможаш. Я пра цябе нікому не скажу!» У аповесці «Цар-рыба» шмат герояў. Адны з іх намаляваныя ў жорсткай рэалістычнай манеры, другія з сімпатыяй і спачуваннем. Празаік бязлітасны ў ацэнцы ўчынкаў Ігнатавіча, Камандора, якія самі выбралі свой лёс і нясуць за свой выбар поўную адказнасць. Яго ў той жа час зацікавіла постаць Акіма, маладога чалавека, які не прымае індывідуалізму і асуджае бездухоўнасць землякоў, хоць яшчэ нічога ў жыцці не зрабіў дзеля таго, каб сцвердзіць свае гуманныя ідэі. На думку аўтара, у Якіма як прадстаўніка новага пакалення ўсё яшчэ наперадзе. Наперадзе і цяжкія выпрабаванні, і біблійная скруха ад вялікага ведання жыцця, пра што яскрава сказана ў Эклезіяста, вялікім урыўкам з якога завяршаецца аповесць. Астаф’еў пераводзіць размову ў план філасофскіх разваг над адносінамі чалавека да прыроды, выступае за тое, каб сучаснікі перасталі быць фаталістамі ў поглядзе на сваё жыццё і адносіліся да ўсяго свядома, каб працэс гуманізацыі свету апярэджваў навуковатэхнічны прагрэс, а літасць распаўсюджвалася на ўсё жывое ў прыродзе, бо прырода калыска чалавека. Бурныя падзеі канца XX ст. завастрылі роздум пісьменніка над жыццём і прывялі яго да досыць песімістычных высноў, што выразна выявілася ў творах апошняга перыяду, такіх як аповесць «Сумны дэтэктыў» (1986), раман «Праклятыя і забітыя» (199394). Жорсткія інтанацыі пераважаюць у пісьменніцкім стылі гэтага перыяду, агульны каларыт апавядання і набор маляўнічых фарбаў прыкметна пазмрачнеў усё гэта сведчыла аб імкненні выдатнага мастака слова спазнаць «праўду аб прыродзе чалавечага зла». Сярод шэрагу расійскіх паэтаў, празаікаў, драматургаў, якія глыбока паказалі сучасны духоўны стан вясковай «народнай большасці» (Фёдар Дастаеўскі), такіх як Мікалай Рубцоў, Аляксандр Вампілаў, Фёдар Абрамаў, Юры Казакоў, Барыс Мажаеў, Уладзімір Дудзінцаў, Юры Кузняцоў, прыкметнае месца займае Васіль Шукшын (19291974; нарадзіўся ў вёсцы Зросткі Алтайскага краю ў сялянскай сям’і), празаік, кінадраматург, актор, рэжысёр, аўтар кніг «Сельскія жыхары» (1963), «Там, удалечыні» (1968), «Землякі» (1970), «Характары» (1973); кінасцэнарыяў «Жыве такі хлопец» (1964), «Ваш сын і брат» (1966), «Печкі-лавачкі», «Каліна чырвоная» (абодва 1973), кінарамана «Я прыйшоў даць вам волю» (1968) і іншых твораў. Шукшын у расійскай прозе быў прыхільнікам чэхаўскай традыцыі, якая вы- лучалася на фоне талстоўскай традыцыі сваёй «еўрапейскасцю», лаканізмам, лёгкасцю аповеду, імклівасцю сюжэта, апеляцыяй да падтэксту, вобразнай умоўнасцю. Няма ў прозе Шукшына празмерных этнаграфічна-побытавых замалёвак, пейзажных апісанняў, падрабязна намаляваных партрэтаў, аўтарскіх лірычных ці філасофскіх адступленняў пераважае «кінематаграфічнае» мысленне «кадрамі», «мантаж» эпізодаў, сцэнак, падзей, яскравая нагляднасць малюнка. Шукшына цікавіць не традыцыйны тып вясковага мужыка, «каранніка», які цягне на сабе груз адказнасці за ўсё на свеце, а шматлікія перыферыйныя тыпы вяскоўцаў-маргіналаў, якія вылучаюцца сваім характарам і тэмпераментам праўдашукальнікаў, задаюць не вельмі зручныя пытанні сабе і іншым, вызначаюцца сваёй цікаўнасцю да ўсяго на свеце, дасціпным розумам і парадаксальнымі паводзінамі. Наіўныя фантазёры, заўзятыя спрачальнікі, гаваруны-балбатуны, самабытныя філосафы, аматары кур’ёзаў і розыгрышаў, якія любяць уразіць незнаёмага чалавека сваёй начытанасцю, эрудыцыяй, вострым слоўцам, нават «трохпавярховай» лаянкай, хуліганскім жаргонам, урэшце, звычайнай дэмагогіяй, гэта ўлюбёныя персанажы Васіля Шукшына ^Ненаўмысны стрэл», 1964-67; «Космас, нервовая сістэма і аполак сала», 1966; «Дзівак», 1967; «Міль пардон, мадам!», 1968; «Мікраскоп», 1969; «Зрэзаў», 1970; «Упарты», 1973).