Мастацкія пошукі Томаса Мана былі рана заўважаныя і ацэненыя. Ён атрымаў «свайго Нобеля» як быццам авансам, калі яго самыя грандыёзныя творы яшчэ не былі напісаныя. Велічнасць «Доктара Фаўстуса» не толькі ў выяўленні унікальнага лёсу кампазітара-генія, але і ў адлюстраванні гістарычнага лёсу Нямеччыны, яе росквіту і заняпаду. Якім чынам вялікая нацыя, радзіма геніяльных пісьменнікаў, кампазітараў, філосафаў, стала ахвярай карычневага паморку? Трагедыю і ганьбу Нямеччыны Томас Ман, гэты палітычны выгнаннік, балюча перажываў і воддаль ад яе. ІІісьменнік, бясконца закаханы ў сваю краіну, вымушаны быў вынесці ёй і суровы прысуд. Персанаж старадаўняй нямецкай легенды доктар Фаўст, які аддаў у заклад душу д’яблу, стаў героем шэрага твораў сусветнай літаратуры, найвялікшы з якіх трагедыя «Фаўст» Ёгана Вольфганга Гётэ. Услед за літаратурнай традыцыяй Томас Ман імкнуўся паказаць Фаўста XX ст., увасобленага ў вобразе кампазітара Адрыяна Леверкюна. Ён музыкант-эксперыментатар. Яго геніяльнасць не выклікае сумневу: яна падкрэсліваецца не толькі велізарным поспехам музычных твораў Леверкюна, але і іх дакладным апісаннем. Музыка, перададзеная прозай, адна з мастацкіх навацый самога Томаса Мана. Але якая прырода такой геніяльнасці? Біёграф Леверкюна апавядае гісторыю, якая здарылася з музыкам у пару бесклапотнага юнацтва. Ён закахаўся ў прастытутку і, нягледзячы на яе перасцярогі, уступіў з ёй у сувязь. У выніку Леверкюн захварэў на пранцы, з прычыны чаго праз доўгія гады яго мозг быў пашкоджаны. Неверагодныя творчыя азарэнні, незвычайная працаздольнасць музыкі нібыта былі наступствамі гэтай хваробы. Падчас апошняй яе стадыі, перажываючы галюцынацыі, Леверкюн размаўляе з Мефістофелем, які тлумачыць яму праўдзівы чыннік яго «геніяльнасці». У гэтым матыве чытаецца падабенства з біяграфіяй не толькі легендарнага Фаўста, але і філосафа Ніцшэ, які, як падазраюць, сваімі адкрыццямі быў таксама «абавязаны» венерычнай хваробе. Хвароба Леверкюна метафара, якая стасуецца з лёсам не толькі мастака, але і ўсяго мастацтва, а таксама з гісторыяй Нямеччыны і нават усёй заходняй цывілізацыі. Томас Ман папярэджвае пра тое, што ад велічы да заняпаду ўсяго адзін крок і што часам імгненнае падзенне рыхтуецца цяжкім узыходжаннем папярэдніх стагоддзяў. «Доктар Фаўстус» не проста філасофскі раман, але і рамап-міф. На гэтае жанравае азначэнне яшчэ ў большай ступені прэтэндуе раман «Іосіф іяго браты» (1933-43). У біблійнай кнізе Быцця гісторыя Іосіфа, кінутага братамі ў калодзеж і прададзенага нявольнікам у Егіпет, займае не такое вялікае месца. Томас Ман стварае на гэтую тэму грандыёзны твор, які з цяжкасцю змяшчаецца ў двух важкіх тамах. Лёс Іосіфа пераасэнсаваны пісьменнікам як універсальная і вечна паўтаральная гісторыя пра здраду, дараванне і самаахвярнасць. Іосіф, які пакорліва і дбайна служыць фараону, дамагаецца высокага становішча ў Егіпце, выбачае братам іх віну, набліжае іх да сябе і ратуе народ Ізраіля ад голаду і галечы. Раман збудаваны на аснове архетыпаў устойлівых і вечна жывых вобразаў. Сярод іх адно з цэнтральных месцаў займае калодзеж вобраз-сімвал гісторыі цывілізацыі, дзе ёсць сваё «дно» (міфалогія), «сярэдзіна» (гісторыя) і «паверхня» (сучаснасць). Рух жа гісторыі, паводле Томаса Мана, уяўляе сабой паўтор замкнёных цыклаў, вар’іраванне адных і тых ж сюжэтаў. Шэраг твораў Томаса Мана (навелы «Дарога на могілкі», «Марыа і штукар», раман «Доктар Фаўстус») перакладзены на беларускую мову Васілём Сёмухам. Творчасць Германа Гесэ (1877-1962) Гэтага нямецкамоўнага швейцарскага пісьменніка называюць «уцекачом ад цывілізацыі», Такімі самымі ўцекачамі выяўляюць сябе і героі яго твораў. Гесэ можна таксама разглядаць і як «уцекача» ад спадчыннасці ды сямейнай традыцыі бо, нягледзячы на рэлігійнае выхаванне, ён не пажадаў стаць святаром. Зрэшты, як і яго бацькі, Гесэ захапляўся індыйскай філасофіяй і культурай. 3 еўрапейскіх мысляроў сваім кумірам ён лічыў Ёгана Вольфганга Гётэ. Напісаныя напачатку XX ст. творы (раманы «Петэр Каменцынд», 1904; «Гертруда», 1910, ды інш.) апавядаюць пра маладых герояў, якія не знайшлі сябе ў мітусні вялікіх гарадоў. Ранняй лірыцы Гесэ ўласцівыя прастата і напеўнасць. 3 гэткай самай яснасцю пісьменнік усвядоміў бесчалавечнасць і бессэнсоўнасць першай сусветнай вайны. Але і ў пасляваеннай Еўропе Гесэ расчараваўся. Яго радыкальны антыкапіталізм выліўся ў поўнае адмаўленне палітыкі, грамадства, цывілізацыі. Выйсце з цывілізацыйнага тупіку ягонаму герою бачыцца ў псіхааналізе, стараіндыйскай філасофіі («Сідхартха», 1920, бел. пераклад Арцёма Кавалеўскага, 2007; «Падарожжа ў краіну Усходу», 1932). Захапленне Усходам зноў рабілася ў той час інтэлектуальнаю модай. Супрацьвагай прагматычнаму буржуазнаму свету пісьменніку бачыцца мастацтва. Паказ стваральных мажлівасцяў творчасці стаў галоўнай тэмай рамана «Даміян» (1919). 3 асаблівай сілай процістаянне свабоднай творчасці і мярцвянай рэчаіснасці выяўлена Германам Гесэ ў рамане «Стэпавы воўк» (1927, бел. пераклад Васіля Сёмухі, 2011). Яго герой, «стэпавы воўк» Гары Галер, уяўляе сабою характэрны для твораў Гесэ тып чалавека- няўдаліцы, які перажывае роспач, бо, нягледзячы на агромністыя творчыя магчымасці, не здольны іх рэалізаваць у свеце самазадаволеных буржуа XX ст. Вызваленне для сваёй свядомасці і цела ён знаходзіць у псіхааналізе, наркотыках, танцах, эротыцы. У гэтым поўным умоўнасцяў фантасмагарычным рамане Галер робіць спробу ўцёкаў у нейкае іншае вымярэнне. Але так і застаецца не да канца зразумелым, ці гэтая спроба яму насамрэч удаецца. Свет Германа Гесэ, гэткім чынам, глыбока суб’ектыўны. Гэта спроба сканструяваць новае грамадства, якое б вырасла з нетраў мастакоўскае свядомасці і не прымала б філістарства. Адсюль вынайдзеныя пісьменнікам «новыя вымярэнні». У іх пошуках Гесэ здзяйсняе падарожжы ў часе то ў сярэднявечную мінуўшчыну (аповесць «Нарцыс і Гольдмунд», 1930), то ў будучыню. Найбольш дэталёва адзін з такіх прыдуманых светаў узноўлены ў рамане «Гульня шкляных перлаў» (1943, бел. пераклад В. Сёмухі, 1992). Дзеянне ўтапічнага твора адбываецца ў XXII ст., у час войнаў, хаосу, бессэнсоўнага баўлення часу. Жыццёвай мітусні супрацьстаіць Кастальскі Ордэн эліта інтэлектуалаў і мастакоў, занятых чыстай творчасцю. Раман уяўляе сабою жыццяпіс Ёзэфа Кнэхта, магістра ўлюбёнай у Касталіі «гульні ў шкляныя перлы», з дапамогай якой прыходзяць у рух, камбінуюцца і гарманізуюцца ўсе духоўныя каштоўнасці чалавечай культуры, дасягненні цывілізацыі. Гесэ як бы прадбачыць сучаснае мастацтва постмадэрнізму, зарыентаванае на «дэканструяванне», гульню сэнсамі. Канфлікт паміж духоўным і штодзённым жыццём дасягае нябачанай датуль вастрыні. Ёзэф Кнэхт, які дасягнуў вяршыні кастальскае іерархіі, у фінале рамана раптоўна адчувае непераадольную цягу да «сапраўднага» жыцця, у пошуках аўтэнтычнасці быцця разрывае дачыненні з Ордэнам і разам са сваім вучнем сыходзіць у горы. Ужо назаўтра пасля сваіх уцёкаў Кнэхт гіне патанае ў халодным горным возеры. Яго развагі пра жыццё нашчадкі знаходзяць таксама і ў «вершах з творчай спадчыны»; Сусвету музыку, людскія творы, Здаецца, кожны б з захапленнем слухаў, Склікаў бы ўсіх з усіх часін і пораў На свята чыстае шаноўных духаў. I дазваляем мы сябе праз тайны Магічных формул весці на арбіты Жыцця, ў якім усім кіруюць рытмы I пэўны сэнс змяненняў незвычайных. У звоне ўсіх сузор’яў шматгалосым Гучыць крыштальна сэнс над нашым лёсам, Калі ж мы з кола выпасці павінны, Дык толькі ў самы цэнтр, да сарцавіны. («Гульня шкляных перлаў», пераклад Васіля Сёмухі.) Пасля Другой сусветнай вайны папулярнасць Гесэ рэзка вырасла. Асабліва моцным было ўздзеянне яго кніг на моладзь, «хіпі», прыхільнікаў «контркультуры», што ў 1960-я гг. уздымалі бунты супраць абыватальскіх, «добрапрыстойных» асноў грамадства. Яны абвясцілі Германа Гесэ сваім духоўным правадыром, апалагетам уцёкаў ад грамадства. Для сучаснага чытача Гесэ «магістр» інтэлектуальнае прозы, у якога ёсць шмат паслядоўнікаў. Асоба і творчасць маладога Гесэ свайго часу прыцягнула ўвагу і Янкі Купалы, які, магчыма, яшчэ падчас Першай сусветнай вайны, перастварыў па-беларуску яго верш «У мгле». Проза Антуана дэ СэнтЭкзюперы (1900-1944). Экзюперы з юначых гадоў захапляўся музыкай, жывапісам, літаратурай, а звязаў свой лёс... з авіяцыяй што, зрэшты, у першай палове XX ст. выглядала заняткам рамантычным і поўным небяспекі. У сваёй творчасці ён паэтызаваў неба, авіяцыю. Экзюперы быў здатны аднолькава захапляцца творчасцю і тэхнічным канструяваннем. Самалёт у яго разуменні быў сродкам, які «дапамагае вырвацца з горада, ад рахункаводаў і пісараў, і зноўку знайсці тую праўду, якою жыве селянін». Калі ў Экзюперы, ужо вядомага на той час пісьменніка, спыталі, што для яго важнейшае, лятаць альбо пісаць, ён адказаў: «Не разумею, як гэтыя рэчы можна разглядаць паасобку. Для мяне лятаць і пісаць гэта адно і тое самае. Галоўнае дзейнічаць, галоўнае знайсці сябе. Авіятар і пісьменнік зліваюцца: абодва ў аднолькавай ступені пазнаюць свет». Мастацкая прастора твораў Экзюперы зямля і неба. Пасярэднік, які злучае дзве стыхіі твор рук чалавечых, самалёт. Кніга «Планета людзей» (1939) напісаная ў форме нязмушанае размовы аўтара з чытачом, аповеду пра тое, што было не аднойчы думана-перадумана. У пустэльні чалавек асабліва востра адчувае сваю повязь з усім чалавецтвам: кожны найменшы рух на неабсяжнай роўнядзі змушае чалавека мабілізоўваць сваю свядомасць, цешыцца з таго, што ён мае мажлівасць не толькі жыць, але і адчуваць вялікую адказнасць за сябе і за сябе гіадобных... Творы пісьменніка-лётчыка паэтычныя, а ў той самы час у цэнтры іх увагі побыт чалавека. У 1943 г. з-пад пяра Экзюперы выходзіць шмат у чым унікальны твор аповесць-казка «Маленькі прынц», вытанчаная і грацыёзная, як і яе герой. Падчас Другой сусветнай вайны на старонках яго рукапісаў пачалі ўзнікаць малюнкі хлопчыка з крыламі, які з-за хмараў са здзіўленнем глядзіць на дзіўную зямлю. Мажліва, вобраз Маленькага прынца напачатку прыйшоў да яго ў снах. Сваёй веліччу і вядомасцю пісьменнік абавязаны створанаму ім герою, Маленькаму прынцу. Казка пра касмічнага вандроўніка, які блукае паміж зораў, планет і астэроідаў і наведвае Зямлю, геніяльна проста апавядае пра лёс чалавецтва ў XX ст. Паводле сваёй лапідарнасці, сімволікі і сілы абагульнення, гэты твор магчыма параўнаць з вышэйзгаданаю аповесцю «Стары і мора» Эрнэста Хемінгуэя...