навакольнага свету: Ідзі куды пайшлі тыя да цёмнага краю па залатое руно нябыту тваю апошнюю ўзнагароду выпрастаны ідзі сярод тых на каленях тых павернутых спінамі і павергнутых ніцма ты ўратаваўся не для таго каб жыць у цябе мала часу а трэба сведчыць будзь адважны калі здраджвае розум будзь адважны па апошнім рахунку толькі гэтае лічыцца а бяссільны твой Гнеў хай будзе як мора кожнага разу як будзеш чуць голас зняважаных бітых хай не пакіне цябе сястра твая Пагарда да баязліўцаў шпегаў і катаў яны перамогуць і на тваім пахаванні з палёгкаю кінуць жменьку а караед напіша палепшаны твой жыццяпіс I не выбачай сапраўды не ў тваёй гэта ўладзе выбачаць ад імя тых каму здрадзілі на світанку (3 «Паслання пана Когіта», пераклад Андрэя Хадановіча.) Збігнеў Герберт выявіў сябе таксама як бліскучы эсэіст. У яго творах гэтага жанру, змешчаных у зб. «Варвар у садзе» (1962), «Нацюрморт з муштуком» (1993), «Лабірынт над морам» (апубл. у 2000), аўтар як бы робіць падарожжа ў часе і прасторы, асэнсоўваючы найвышэйшыя праявы чалавечага Духу, іх матэрыялізацыю ў духоўнай культуры чалавецтва. У 2009 г. у мінскім выдавецтве «Логвінаў» выйшаў па-беларуску двухтомнік выбранай паэзіі і эсэістыкі Збігнева Герберта, пераклады для якога выканалі Марына Казлоўская, Андрэй Хадановіч, Серж Мінскевіч, Тацяна Слінка, Юрась Бушлякоў, Ілона УрбановічСаўка, Марыя Мартысевіч і Марына Шода. Інтэлектуалізм у беларускай літаратуры Пачатак у кпасікаў. Спробы істотным чынам задбаць пра інтэлектуальны ўзровень беларускай літаратуры, ініцыяваныя ў розныя часы Максімам Багдановічам, Вацлавам Ластоўскім, Максімам Гарэцкім, Адамам Бабарэкам, Кузьмой Чорным, Уладзімірам Дубоўкам, Уладзімірам Жылкам, Максімам Танкам, Васілём Быкавым, Алесем Адамовічам, Міхасём Стральцовым, Алесем Разанавым, вельмі часта натыкаліся на глухое неразуменне абаронцаў этнаграфічнага побытапісальніцтва, паказу «жыцця ў формах самога жыцця». Між тым, інтэлект выяўляецца ў здольнасці хутка і лёгка набываць новыя веды і ўменні, знаходзіць выйсце з нестандартнай сітуацыі, адаптавацца да зменлівых умоў існавання. Інтэлект выяўляецца ў багацці творчай фантазіі і ў глыбіні разумення падзей. Інтэлект уменне эфектыўна вырашаць творчыя праблемы, абапіраючыся на сучасны ўзровень ведаў у розных сферах жыцця, на найлепшы досвед класікаў літаратуры і таленавітых сучаснікаў. Эстэтычнае пазнанне рэчаіснасці асаблівая форма пазнання наогул, роздуму над вечнымі праблемамі зямнога быцця, якая дапамагае выпрацаваць сістэму ведаў аб фундаментальных асновах чалавечага існавання ў свеце. Інтэлектуальны ўзровень беларускай літаратуры, несумненна, дастаткова высокі, каб натуральна ўпісацца ў інтэлектуальную прастору сусветнай літаратуры. Філасофскае напаўненне найлепшых твораў айчыннай літаратуры непаўторнае, своеасаблівае, самабытнае, і гэта трэба ўлічваць у размове аб інтэлектуалізме. «Паэзія думкі» ў беларускай літаратуры займае не меншае месца, чым «паэзія сэрца» (згодна з тэрміналогіяй Вісарыёна Бялінскага). Жанр «думаў» у класічны перыяд яе гісторыі існаваў поруч з такім жа распаўсюджаным жанрам лірычных «песень». Гэта лёгка заўважаецца ўжо ў саміх назвах шмат якіх твораў канца XIX і пачатку XX ст. Філасофская і медытацыйная лірыка, філасофскі раман («раман ідэй»), інтэлектуальная паэзія і проза займаюць належнае месца сярод іншых літаратурных жанраў. Прыкметы інтэлектуалізму выяўляюцца ў ідэйна-стылявых асаблівасцях літаратурнага твора. 3 гледзішча зместу яны заўважаюцца ў дамінантнай ролі філасофскага пачатку, які ўключае ў сябе аналіз, даследаванне, лагічную развагу, імкненне да абагульненняў, наяўнасць высноў, фармулёвак, сентэнцый, мудраслоўя. Пісьменніцкая думка адштурхоўваецца ад фактаграфіі, часцей за ўсё па парабалічнай крывой, каб неўзабаве зноў вярнуцца да жыццёвага матэрыялу. Нярэдка выкарыстоўваецца жанр прыпавесці, у якім пераважае прыпавесцевае мысленне, апускаецца ўсё побытавае, прыватнае, матэрыяльнае і вылучаецца «хімічна чысты прадукт» абстрактна-адцягненай думкі. Гэтае ўзмацненне філасофскага пачатку ў мастацкім мысленні беларускіх пісьменнікаў заўважаецца ў творчасці нашых класікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага і іх наступнікаў. Янка Купала належыць да таго тыпу творцаў, якія адкрыта звязвалі агульную філасофска-этычную праблематыку з грамадзянскімі задачамі нацыянальнай літаратуры. Уплыў ідэй еўрапейскага Асветніцтва на яго свядомасць відавочны: у публіцыстычным артыкуле «Торжышча» (1919) паэт згадвае «гуманітарныя ідэі», якія «ішлі з Захаду» і «заўсёды знаходзілі шчыры водгук на Усходзе», а ў артыкуле «Незалежная дзяржава і яе народы» (1919) ён адкрыта называе гэтыя самыя ўплывовыя ідэі: «Тыя шчыра дэмакратычныя думкі, лунаючы яснымі красамі па цэлым свеце, аб волі, роўнасці, братачнасці, бадай, найглыбей запалі і западаюць у нашы гаротныя душы і сэрцы». Ідэі свабоды, роўнасці і братэрства дасталіся Купалу ў спадчыну ад польскіх паэтаў-рамантыкаў, беларускіх пачынальнікаў, на якіх ён арыентаваўся ў сваёй творчасці. Аднак рэзанансам гэтым думкам служыць беларускі адраджэнскі рух, які шпарка набіраў паскарэнне і размах. Вобраз мужыка ў вершы «Мужык», які стаў не толькі першым публічным выступленнем паэта ў друку, але і сапраўдным літаратурным маніфестам, палітычнай і этычнай праграмай, вырастае да маштабу паэтычнага сімвала маладой нацыі, паўсталай з гістарычнага небыцця. Мужыка-беларуса Купала бачыць на фоне ўсяго свету («як ёсць гэты свет вялік») і самой гісторыі («як будзе век тут мой вялік»). Філасофскія паняцці прасторы і часу патрэбныя яму, каб дакладна ацаніць рэальнае становішча беларусаў на парозе XX ст. Ён адважна ўступае ў дыялог са светам, а на яго сапраўдныя і магчымыя кпіны, пагарду, лаянку адказвае ад імя свайго героя ўпэўненым: «Чалавек я, хоць мужык». Акрамя ўсяго, купалаўскаму мужыку ўласцівая рамантычная іронія, іронія чалавека, які ведае сабе цану: «Я буду жыць! бо я мужык!» Гэта іронія (у гегелеўскім разуменні «іронія гісторыі») яшчэ не раз нагадае пра сябе ў творчасці класіка. Купала здымае з душы свайго героя шматвекавы заклён, і той, атрымаўшы за столькі стагоддзяў маўчання магчымасць гаварыць аб набалелым, выбухае вершаваным маналогам, вельмі падобным да плыні свядомасці. Свет нешта ведае з вершаў Тараса Шаўчэнкі пра думы ўкраінца, дык няхай ён пачуе і пра «думкі-весялушкі», і пра «думы маркотныя» беларуса, галоўнага героя вершаў Купалы. У любой ролі сейбіта, касца, аратага, беззямельніка, арандатара купалаўскі герой адзначаны нястрымнай прагай выказацца. Адсюль тая свабода яго самавыяўлення, што ўражвала сучаснікаў. Напрыклад, Максіма Багдановіча захапляў сваёй небывалай раскаванасцю і лёгкасцю рытм купалаўскай лірыкі, які «падмывае», «гіпнатызуе» чытача. Стылявая экспрэсія, павышаная пачуццёвасць, свядомая гіпербалізацыя, нават афектацыя, ускладненая асацыятыўнасць, метафарычнае мысленне, кантрастнасць вобразаў, шчодрае ўжыванне наватвораў усё гэта паасобку і разам стварала рамантычную атмасферу духоўнай напоўненасці быцця беларуса. У славутай паэтычнай формуле «мужык-беларус», поруч з разуменнем сацыяльнага статусу героя, прысутнічае ўсведамленне ўласнага чалавечага і нацыянальнага «я». Збоку, вачыма іншаземца, найперш кідаюцца ў вочы яго вонкавыя атрыбуты: «пан сахі і касы», «цёмен сам, белы вус, пядзі дзве валасы». Да маштабу паэтычнага сімвала вобраз беларуса ў Купалы вырастае за кошт пастаяннага супастаўлення «мы» і «яны», «я» і «іншыя» (у філасофіі і псіхалогіі «інакшыя»). Частотны слоўнік Купалы налічвае безліч адпаведных словазлучэнняў: «гэты свет», «свет божы», «свет вялік», «усе людцы». У аснове маштабнага бачання Купалам з’яў нацыянальнага свету ляжыць гэтае вострае адчуванне прысутнасці «пабочнага», «чужога», часта «абыякавага» погляду на беларусаў: «вялікі свет», на жаль, прынцыпова не заўважае цэлы народ, які жыве ў геаграфічным цэнтры Еўропы. Менавіта таму такі шок перажывалі «Варшава панская і царская Масква», даведаўшыся, што ў беларусаў з’явіўся паэт сусветнага маштабу Янка Купала (аб гэтым сведчаць водгукі ў замежным друку на яго творы). Водгалас біблійнай гісторыі пра Майсея і яго народ чуецца ў вершы-гімне «А хто там ідзе?» Купала ці не першы ў сусветнай літаратуры адважыўся надаць вякамі абражанаму і прыніжанаму слову «мужык», нашчадак Хама, высокі сэнс. Шмат якія вершы Купалы гэта маленькія паэтычныя раманы, што змяшчаюць у сабе апавяданне пра ўсё жыццё героя ад нараджэння да скону («3 песень жыцця», «Вось тут і жыві», «Крыжы», «Сон»). Славутая ў канцы XIX і ў пачатку XX ст. «філасофія жыцця», якая звярнула ўвагу на востры канфлікт паміж асобай і грамадствам, свабодай і неабходнасцю, пачуццём і розумам, знайшла ў асобе Купалы свайго шчырага прыхільніка. Адвечныя філасофска-паэтычныя паняцці Праўды, Крыўды, Бяды, Гора, Волі, Долі ў творах паэта маюць глыбокія, «як само жыццё», карані, уласцівыя самой чалавечай прыродзе. Грамадства не павінна аддаляцца ад жывога чалавека з яго штодзённымі праблемамі. У гэтым Купала перагукаўся з Гётэ, які заклікаў дапоўніць «адзінадзяржаўе развагі хараством непасрэднага сузірання і стыхіяй жыццёвага пачуцця». Вобраз Мужыка, адухоўлены аўтарскай фантазіяй, родны брат вобраза Песняра. У вершах пра паэта і паэзію выкладаецца літаратурна-творчая праграма («Мая эпітафія», «Мая малітва», «Я не для вас...», «Я не паэта...», «Каму вас, песні?», «I вецер, і сокал, і я»). У гэтых вершах Купала ўсведамляе сябе песняром маладой нацыі беларусаў. Пазней, у вершы «Мая навука» ён ужо з гонарам за здзейсненае ў літаратуры заяўляе: «Цяпер беларускай я песні ўладар». Паэт, пясняр, гусляр, музыка ў купалаўскім разуменні адначасова «слуга і цар», бо знаходзіцца ў сілавым полі рознанакіраваных інтарэсаў грамады. У яго шмат агульнага з вобразам Музыкі з беларускіх казак («Гусляр», «Курган»), з рамантычным тыпам паэта-прарока, вядомага з твораў Байрана і Пушкіна, Міцкевіча і Лермантава («Я нясу вам дар», «Прарок»), з пакутнікам за свой прыніжаны народ, якім яго ведае свет з твораў Шаўчэнкі, Славацкага, Петэфі («Памяці Т. Шаўчэнкі»), Купалаўскі паэт апявае «свабодны дух», «далі свабоды і славы», агні «ў братніх сэрцах» («Песняру-беларусу»). Яму ўласцівыя моц духу, незвычайная мэтанакіраванасць на ідэал, безаглядныя пошукі адказаў на адвечныя («праклятыя») пытанні чалавечага існавання. У духоўнай, філасофскай лірыцы паэта, у яго вершах-малітвах, зваротах-просьбах навідавоку прарыў паэтычнай думкі ў вышэйшыя сферы быцця («Цару неба й зямлі!», «Малітва», «Мая вера», «На біблейныя матывы»). Янка Купала маштабна выявіў пачуццёвую бязмернасць свету, ірацыянальную моц нацыянальнага парыву да свабоды, магчымасці творчага засваення свету.