Прыманне свету ў яго адзінстве і шматстайнасці ўласцівае мастацкай літаратуры, якая, на думку Максіма Гарэцкага, мае выключнае значэнне ў працэсе Беларускага Адраджэння. Вось чаму празаік звяртаецца да «генералаў» Адраджэння: «Смялей гаварыце новае слова народу беларускаму! Смялей!! Менш уважайце на напасці з польскага і расійскага боку. Менш азірайцеся на іх. Смялей спраўляйце хаўтуры па тых святых мучаніках, на касцях каторых радзілася новая Беларусь, і смялей пасылайце добрыя весткі тым братам нашым, што «сярод лядоў, сярод жуды» (радкі з верша Алеся Гаруна) пакутуюць за адраджэнне». Дзеля таго каб беларусы багацелі «духоўна і фізічна», патрэбна шмат чаго, але «паміж многа іншым кніжка», «кожнага беларуса трэба здаволіць кніжкай», «каб сынок гэтага беларуса чытаў добра беларускую кніжку і, пайшоўшы ў свет, цвёрда стаяў на тым, што ён мае чалавечае права звацца беларусам, а не палякам ды не маскоўцам і што ён мае чалавечае права, права не хавацца са сваёю моваю», «каб на стале ў нас каля тоўстай кніжкі вершаў «Шляхам жыцця» (Янкі Купалы) ляжала б не цянейшая кніжка прыгожай прозы». Свае «развагі і думкі» Максім Гарэцкі завяршае словамі, якія ўспрымаюцца як яго духоўны запавет: «Скранулася Беларусь, узварухнуліся яе спрадвечныя імшары, і я з вялікай надзеяй жду беларускіх Дастаеўскіх, Ул. Салаўёвых і т. п.», «беларускага Гогаля», «беларуса усясветнага пісьменніка». Ігнат Абдзіраловіч (сапраўднае прозвішча Канчэўскі-, 1896-1923) быў паэтам, філосафам, адным з асноўных ідэолагаў «беларускага шляху». Псеўданім «Абдзіраловіч» ён выбраў невыпадкова: прозвішча героя аповесці Максіма Гарэцкага «Дзве душы» нагадвала пра сувязь яго філасофскіх ідэй з роздумам класіка пра славутую «раздвоенасць» душы беларуса. Відавочна, што гэтая аповесць стымулявала працэс інтэлектуальнага пошуку Канчэўскага. Існуе нават не надта абгрунтаваная версія аб тым, што аўтарам згаданага эсэ з’яўляецца сам Гарэцкі. Аднак жыццё і творчасць Канчэўскага выразна сведчаць аб самастойнасці і арыгінальнасці яго інтэлектуальнага пошуку. У вершах, падпісаных экзатычным псеўданімам Ганна Галубянка, выявіўся рамантычны светапогляд Ігната Канчэўскага. Сацыяльную рэвалюцыю ён разглядаў як праяву вечнага змагання з цемраю, «каб з цяжкіх кайданоў вызваліць дух чалавецтва». Разумеў ахвярнасць гэтага шляху: са старшым братам Арсенем, падпольшчыкам, быў адным з лідараў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі, не раз арыштоўваўся польскімі ўладамі, памёр прафесійная хвароба рэвалюцыянераў ад сухотаў. У артыкулах спавядаў ідэю кааператыўнага руху як спосабу тварэння новых формаў жыцця. У філасофскім эсэ «Адвечным шляхам: Даследзіны беларускага светагляду» (1921) Ігнат Абдзіраловіч-Канчэўскі асэнсоўваў стратэгію і тактыку беларускага шляху да духоўна-культурнага адраджэння, уводзячы рэаліі нацыянальнай гісторыі ў шырокі кантэкст еўрапейскай цывілізацыі. Па сутнасці, ён падводзіў рысу пад «нашаніўскім» перыядам свабоднага развіцця беларускай філасофскай думкі. У яго эсэ выявілася новая якасць нацыянальнага светаадчування: ад негатыву ў адносінах да тысячагадовай гісторыі беларусаў, дзе шмат было паразаў і мала перамог, філосаф перайшоў да пазітыву ў сцвярджэнні духоўных пераваг беларускага светапогляду і крэатыўных (творчых) магчымасцяў нацыі. Сваім філасофскім універсалізмам Абдзіраловіч блізкі да ідэй заходніх філасафаў-ідэалістаў Сёрэна Кіркегара і Артура Шапенгаўэра, якія духоўна абгрунтоўвалі пераход да новага мыслення, адэкватнага выклікам будучага. Акцэнтам на «беларускай ідэі» ён нагадваў пра пошукі сваіх сучаснікаў, філосафаў Уладзіміра Салаўёва, які ідэйна падрыхтаваў прыход расійскага сімвалізму, Мікалая Бярдзяева, які актыўна асэнсоўваў паняцце «рускай ідэі». Услед за Багушэвічам, Купалам, Коласам, Багдановічам, Гарэцкім, Ластоўскім аўтар «Адвечнага шляху» абгрунтоўваў і разгортваў думку аб асаблівым геапалітычным становішчы беларусаў у свеце і аб уплыве беларускай гісторыі на сам лад нашага мыслення, на станаўленне нацыянальнага характару і ментальнасці, на нашы ўнікальныя паводзіны ў свеце. Знаходзячыся паміж Захадам і Ус- ходам, Поўначчу і Поўднем («шлях з варагаў у грэкі»), на памежжы цывілізацый і культур, рэлігійных канфесій, беларусы вымушаны акалічнасцямі браць у скарбніцы суседніх культур не толькі дасягненні, але і недахопы, спалучаць неспалучальнае, адрознае, непадобнае. У выніку гэтага супярэчлівага ўзаемаабмену ідэямі ўзнік феномен беларускага этнасу, паводзіны якога ў свеце выклікаюць шмат пытанняў. Найвыразней, на погляд Абдзіраловіча, гэта выявілася ў жыцці і дзейнасці, у светапоглядзе і ў самім характары Францішка Скарыны: «Над зімнымі хвалямі Дзвіны я быў візантыйцам Юрым, а ў Кракаве, куды мяне пацягнула за еўрапейскаю ведай, лаціннікам Францішкам. А дапраўды, я не быў ні Юрым, ні Францішкам, а быў вольным, незалежным духам, якога вы шукаеце, духам агульначалавечым, толькі ў беларускай скуры. Шукайце ж!» У гэтым парадаксальным, нават правакацыйным, выказванні Абдзіраловіча названыя стрыжнявыя паняцці: «вольны, незалежны дух», «еўрапейская веда» і «беларускасць». Інакш кажучы, эмацыянальнае (этнічная прыналежнасць) і рацыянальнае (еўрапейскі лад мыслення), праяўляючыся поўна, шматбакова, цэласна, дае падставу быць свабодным. Філасофія свабоды, абгрунтаваная Ігнатам Абдзіраловічам, яго ідэя «тварэння жыцця» і сцвярджэнне «вольнай творчай асобы» адпавядаюць ідэалогіі нацыянальнага адраджэння і адкрываюць шлях з мінулага ў будучыню. Уладзімір Жылка (1900—1933; нар. у вёсцы Макашы, на Нясвіжчыне), паэтрамантык, выводзіў нашу літаратуру ў кола ідэй еўрапейскага інтэлектуалізму, далучаў яе да экзістэнцыйных (быційных) праблем, якімі жыла сусветная культура. Паэт быў у захапленні ад рамантычнага максімалізму патрабаванняў: «Будзь сабой дарэшты!», «Змагайся да перамогі!», «Жаданні вышэй за абставіны!», «Усё альбо нічога!» Пазнаёміўшыся ў Вільні з Ігнатам Канчэўскім і яго філасофіяй, ён увабраў у сябе адраджэнска-незалежніцкі пафас эсэ «Адвечным шляхам», што выявілася ў імкненні стварыць маштабны вобраз Беларусі. Зачытваўся творамі Фрыдрыха Шылера, Адама Міцкевіча, Міхаіла Лермантава, Персі Біша Шэлі, Генрыка Ібсена, Шарля Бадлера, Аляксандра Блока, некаторыя з гэтых твораў пераклаў на беларускую мову. Арыентацыя на еўрапейскі авангард выявілася ў павышанай экспрэсіўнасці яго стылю, прыкметнай эстэтызацыі пакутаў, цікавасці да феномену несупадзення жорсткай рэальнасці з высокімі ідэаламі, урэшце, да падсвядомага. Лірыка паэта прасякнутая рэвалюцыйна-вызваленчай ідэалогіяй. Створаны ім вобраз змагара за Беларусь мае шмат агульнага з вобразамі яго літаратурных папярэднікаў-нашаніўцаў: Беларусь, Беларусь... гэтых слоў Пойме музыку, Хто ўсёй душой Іх магутны, тужлівы іх зоў Зловіць думкай сваёю жывой... (3 верша «Беларусь», 1920) Паўсюль герой-бунтар шукае знакі змагання: у старых рукапісах, «змест якіх сцярты, ледзь знаць, ці нат другі напісан сэнс бязбожна» («Палімпсест», 1921-22), у надпісе на адшуканым прадзедавым клінку, які, «нібы закон, «Дарэшты бой!» зірнуў загадам строга» («Меч», 1924), у здані змагара-альбігойца, які глядзіць на сваіх нашчадкаў з дакорам («Апьбігоец», 1925). Адцягнена-рамантычнае ў Аляксандра Пушкіна разуменне мужнасці («Нястрымны шал ёсць у баі, ў смяротнай бітвы на краі») трансфармуецца ва Уладзіміра Жылкі ў мэтанакіраванае памкненне: Ёсць радасць у ярасці бою, Ў змаганні скрыжованых сіл, Спаткаць сваю волю з чужою, 3 гарачнасцю іншай свой пыл. Смерць у баі за вызваленне роднага краю ад прыгнёту не пужае байца: за ім ідуць сотні такіх жа смелых і адважных змагароў («Мой меч зіхціць, непераможны, востры. Змагуся сам дык сотням перадам!»). У час небяспекі ён, калі і збялее на міг («ледзь крыху аслабне рука»), то ў наступны момант выяўляе яшчэ большую рашучасць: Так досць наракаць на нядужнасць, На горкія долі свае. О думнасць! О смеласць! О мужнасць! Вам словы і песні мае! (3 верша «Хто мужны, хто смелы, хто дужы...», 1924) Паўіснаванне прыгоннага раба, які «пільнуецца нары», зусім не для яго, бо такое жыццё занадта «дробязгавае», ад яго не застаецца нават следу («Усе мы страчаныя...»). У неспрыяльных жа акалічнасцях Жылкаў герой годна прымае свой лёс як боскае наканаванне: «Ды ўмее вой адзін спакойна, II Без роспачы прыняць яго». Ён цудоўна ведае, за што і дзеля чаго змагаецца, пачуцці яго напружаныя дарэшты: Губляць жа болей немагчыма I зносіць болей немага: Народ, Свабода і Радзіма На ўсё прыйшла адна чарга. (3 верша «Наш лёс, бы кат з рукой забойнай...», 1925) Да самога сябе герой Уладзіміра Жылкі, чалавек мужны і смелы, ставіцца з філасофскім спакоем. Ён добра ведае гісторыю свайго народа і іншых народаў, цягам якой усё ўжо не аднойчы здаралася, і ў самых розных варыянтах. У адных вершах згадваецца герой антычнасці («Праметэй», 1924), у другіх малюе вобраз сціплаахвярнай жанчыны Марты, якая прыслугоўвае самому Ісусу Хрысту і незаменная ў гэтай ролі («Марта», 1923), у іншых звяртаецца да ўспамінаў пра англійскага паэта-рамантыка Персі Шэлі («Да Персі Шэлі», к. 1923). Ён свята верыць у неўміручасць душы, у наканаванне («Я грамнічная свечка прад Богам», 1924). Беларускі рух паэт успрымае і ацэньвае ў кантэксце еўрапейскай гісторыі. У паэме «Уяўленне» (1922), у якой робіцца шырокі паэтычны агляд, дзесяцігоддзе за дзесяцігоддзем, раздзел за раздзелам, пройдзенага беларусамі шляху вызвалення, перамог і паражэнняў, трывог і надзей, ствараецца маштабна ўзбуйнены вобраз новай Беларусі і самога Беларуса, у якім новае натуральна спалучаецца з традыцыйным хрысціянскім, агульнанародным: Шырокаю тропай Ў час гэты з пакус На мапу Еўропы Ўзышоў Беларус. У лірычным цыкле «Вершы аб Вільні» (1925) вобраз Беларуса прыкметна пераасэноўваецца, бо надышлі іншыя часы і шлях народа да сваёй незалежнасці ўжо не здаецца паэту такім простым, як падавалася яшчэ нядаўна, калі бурна ішоў працэс беларусізацыі. У яго ўяўленні ўзнікаюць іншыя малюнкі і гістарычныя аналогіі, а яго памяць імкнецца ў глыбіні дахрысціянскай гісторыі, якую актыўна тварылі продкі сучасных беларусаў крывічы, заснавальнікі Вільні. Мінулае нялёгка разгледзець за стракатымі рэаліямі мадэрнізаванай сучаснасці, але паэт хутка заўважае, як «ярасць жорсткая, паганская бліскае ў вочах літвіна» і як залівае вуліцы «роднага, каханага места» крывіцкі рух. Гаворка ўжо ідзе пра беларускі фундаменталізм, прыкметы якога адзначае праніклівы Жылкаў позірк: